Гарбата ці чай, чайнік ці імбрычак? або Як не стаць Бурыданавым аслом

Меркаваньні

Гарбата ці чай, чайнік ці імбрычак? або Як не стаць Бурыданавым аслом

24 лютага 2020 а 19:34

Юры Пацюпа

Не люблю папулярных тэмаў, асабліва, калі ўжо ўсе ўсё, што мелі сказаць, сказалі па два разы і зайшлі на трэці круг. Уставіць свае тры грошы – можна, але ці варта, калі вакол так шмат неаранага поля, калі ўзаранае і пасеянае табою трэба паліваць і паліваць, палоць і палоць… А тут яшчэ нігілізм тых, хто мусіў бы сеяць добрае і вечнае сярод паспалітага люду…

Яшчэ ўчора Фэйсбук трасло ад моўнай тэмы, а ўжо сёння толькі і чуваць «гарбата» – «чай», «чай» – «гарбата». Аднак і гэта мінецца. І тое, за што біліся ўчора наўрад ці ўспомняць заўтра. Такая прырода сацыяльных сетак і… чалавека. Але з-пад збітых тэмаў часамі прабіваюцца праблемы, на якія ніколі не звярнуў бы ўвагі, каб не дыскусія. Вось і ў спрэчках на «гарбатную» тэму зноў усплыла тэма начыння, у якім трэба запарваць гарбату. Не скажу, што гэта менш збітая тэма – абое рабое. Калі не сказаць горш. Але тэма да тэмы – і акрэсліваецца нешта большае, чым прыватная праблема. З «чаем» і «чайнікам» – усё неяк проста, а вось калі даходзіць справа да «гарбаты», то ўзнікаюць новыя і новыя пытанні. Пачну з уласнага досведу.

Так сталася, і пра гэта я не раз пісаў, што ўсё сваё маленства, да сямі гадоў, я жыў у дзеда, у вёсцы Дамэйкі, што ў Лідскім раёне, фактычна, – на хутары. Гэта быў падарунак лёсу, бо да сямі гадоў я практычна не чуў рускай мовы. На той час у Дамэйках бытавала слова гарбата, праўда, ужывалі гэты напой мала і не запарвалі, а… варылі, як і ячменную каву, якая карысталася значна большым попытам. І варылі найчасцей у рондлі, а пад тое яшчэ і моцна эканомілі. А потым звараная гарбата стаяла на цёплым прыпечку гэтаксама, як і кампот з сушаных яблык і груш. Зразумела, прыгатаваная такім спосабам гарбата была нясмачная. Можа, яшчэ і без цукру, добра не помню.

Калі ж прыйшла пара ісці ў школу, а найбліжэйшая школа была аж у вёсцы Крупава, за тры кіламетры, то бацькі спынілі маё «дзядзькаванне» і забралі ў мястэчка Азёры, што ў Гарадзенскім раёне. У Азёрах была іншая гаворка, і значна больш зрусіфікаваная, была руская школа, настаўнікі якой гаварылі на рускай мове з мясцовым акцэнтам і элементамі мясцовай лексікі. І вось тады ўпершыню я пачуў слова чай. Мае бацькі добра ўмелі яго запарваць, не эканомілі, і напой быў вельмі смачны, дарма што якасных сартоў тады амаль не дакупіцца было. Я адразу закахаўся ў гэты прадукт, хутка навучыўся яго гатаваць, і ўжо з юнацтва запарваў і піў адносна моцны напой, хоць мне і пагражалі самымі страшнымі вынікамі. Колькі сябе помню, а гарбатна-чайную цырымонію я нікому не давяраў і, калі прыходзілі госці, то браў яе на сябе.

Доўгі час я не ведаў, што гарбата і чай – гэта адзін і той самы прадукт, як еўрапейцы не ведалі, што чорная і зялёная гарбата – гэта расліна аднаго віду, проста лісты да піцця могуць мець розную ступень ферментацыі. Гарбата мне здавалася прэснай, а чай – смачным. Затое гарбата ў мяне асацыюецца з беларускай мовай, а чай – з рускай. Калі некаторыя заяўляюць, маўляў, не чулі, нават у каталіцкіх вёсках слова гарбата, то я скажу на гэта, што яны проста позна нарадзіліся. Каб я нарадзіўся на адзін-два дзясяткі гадоў пазней, або нават не трапіў на «дзядзькаванне» ў патрыярхальную вёску, то таксама не пачуў бы. Русіфікацыя ішла поўным ходам, і прадукты харчавання, праз крамы, праз этыкеткі, мянялі традыцыйныя назовы хутчэй, чым звычайныя словы. Мне пашанцавала не толькі ў тым, што я заспеў стары назоў, але яшчэ і ў тым, што стаў сведкам моўна-культурнага пералому, які неўпрыкмет перажывала беларуская традыцыя.

Была ў дзеда на хутары і вялізная трафейная, ці то нямецкая, ці то польская, пасудзіна з носікам, у якой гатавалі ваду для гарбаты. І называлася яна – імбрычак. Праўда, ваду ў імбрычку не гатавалі даўно, бо ў ім была невялікая трэшчынка. Але паводле сялянскай традыцыі шкадавалі выкінуць і трымалі на печы для захоўвання маку, кропу, кмену і іншага дробнага насення. Надта ж ладны, серабрысты, з выгнутаю, як у лебедзя, дзюбкаю быў той імбрычак, дарма што дзіравы. Доўгі час я не ведаў пра яго запраўднае прызначэнне і нават думаў, што называецца пасудзіна «вымбрычак», бо чуў ад старэйшых: «Вазьмі там у вымбрычку!» «В» на пачатку слова ўзнікала ад прыназоўніка «у», але ж я тады ў школу не хадзіў і законаў фанетыкі не знаў. Быў яшчэ адзін імбрычак, які стаяў у «шафцы» (буфеце), парцалянавы, маленькі, белы, яшчэ харашэйшы, з выхілясамі на ручцы. У ім таксама нічога не запарвалі, а захоўвалі голкі, ніткі. Потым ужо, калі правялі электрычнасць, з’явілася газавая пліта, пабіўся парцалянавы маленькі імбрычак і выкінулі серабрысты вялікі, – тады купілі алюмініевы імбрычак, каб гатаваць ваду, але гэта было пазней. А слова чайнік так і не ўвайшло ўва ўжытак у дзедавай сям’і, як і слова чай, – упершыню я пачуў яго толькі ад бацькоў.

І вось хачу запытацца цяпер, як мне, маючы такі досвед рэагаваць на тое, што слова гарбата нібыта не ўжывалася ў беларускіх вёсках? Што гарбата, калі і можа стасавацца, то толькі для зёлак? Што імбрычак – гэта ўсяго толькі пасудзіна для запарвання «чаю»? Што трэба гаварыць чайнік, а то і новае слова прыдумаць і, калі ты гаворыш гарбата, то лепш ужываць кальку з чайніка – «гарбатнік»? Мала таго, калі ты не згодзен з гэтым, то ты разбураеш… саму літаратурную мову, бо ў нарматыўных слоўніках гарбата – застарэлае слова, а імбрычак – гэта вылучна заварник. Пасля такіх патрабаванняў у мяне ўзнікае такое ўражанне, што размаўляў я, размаўляў па-беларуску, а потым прыляцелі нейкія марсіяне прыйшлі неафіты, якія не могуць вызначыцца чайнік ці гарбатнік, і пачалі вучыць мяне мовы, што, маўляў, дагэтуль я гаварыў няправільна, а цяпер яны пакажуць мне, як трэба.

Маўчаў я, маўчаў, не звяртаў увагі на зацятыя спрэчкі і «жалезныя» довады, нават сумнявацца пачаў, ці не блытаю я чаго? Ці можна абапірацца на факты аднае вёскі… Ці мала што мне падалося ў маленстве… Аж пакуль не ўзяла мяне злосць. Якой халеры! Чаму я мушу перавучвацца? Можа, не я мыляюся, а тыя, хто вучаць?

Балазе і без мяне неяк высветлілася (усё ж людзі чытаюць этымалагічныя слоўнікі), што гарбата – гэта не проста трава, а «трава-чай» (herba + tē), і што калі траву назваць гарбатаю, то куды тады падзенем нашыя зёлкі (дарэчы, у Дамэйках тое, што запарвалі, называлі зеллечка)? Аднак спакваля праблема з гарбатай / чаем неяк сама сабою ўтраслася.

Даведка, «Этымалагічны слоўнік беларускай мовы», т. 3:

Вядома, прыхільнікі чаю былі і застануцца. Яшчэ ў XIX ст. ужываліся абодва назовы. Заўважым, у той час не прасочваецца тэрытарыяльная прывязанасць назоваў, Беларусь так рэзка не дзялілася на «ўсходнюю» і «заходнюю», выбар версіі больш залежаў ад адукацыі, ад культурнай арыентацыі:

Пан узяў пісьмо чытаці,

А лакейчыку вялеў

Чаю для мяне падаці,

Штоб я костачкі прагрэў.

(Ігнат Сліўка).

Пара паночкі, пара уставаць,

З пшэннай булачкай выпіці чаёк!

Устыд вам паночкі аж да дня ляжаць,

Збірайцеся дружна едзьце у лясок.

(Вільгельм Пратасэвіч).

Казаў і наш Юдка-каваль, што і яму 100 рублёў вінен, а плаціць не хоча; а вот жа Бартак адважыўся-тыкі яму ўсе свае грошы – семсот руб. – пазычыць, узяўшы обліг на паўтары тысячы. Тагды ўжо з ганаралам часта і гарбату піў! Бывала, пехатой пойдзе да яго, а вернецца ў вялікай панскай каламажцы, а спаткаўшыся з нашым братам на дарозе, здалёку крычыць: «Эй, з дарогі!»

(Францішак Багушэвіч).

Усе такія ласкавыя, вясёлыя, блізкія, што аж міла глядзець, – радня раднёй. Зялёнка крыху сланяецца, але ходзіць, загаварвае з кожным... П’юць гарбату, смяюцца.

(Цётка).

І ў «Матэрыялах да слоўніка Гродзенскай вобласці» Т. Сцяшковіч 1972 г. бачым слова гарбата (ніколі яно не было застарэлым):

ГАРБАТА м. Чай. Што добра, то гарбата да гэтай бабкі. Мачуліна, Ваўкавыскі р-н.

Адным словам, калі з гарбатаю і чаем усё зразумела, то з імбрычкам і чайнікам дагэтуль застаецца шмат непраясненых пытанняў. «Тлумачальны слоўнік беларускай мовы» сцвярджае, нібыта імбрычак – гэта чайнік для заваркі чаю, і то разам з гарбатаю, слова кваліфікуецца як «застарэлае». На ім і базуюцца ўсе сучасныя высновы, маўляў, імбрычак – слова турэцкае і яго значэнне не пераходзіла «на тую вялікую пасудзіну для пліты». Вось у гэтым тут і штука! У гэтым і ўвесь канфлікт праблемы! Дык называлі тую «вялікую пасудзіну для пліты» імбрычкам ці не называлі?

Называлі ці не называлі, пераходзіла ці не пераходзіла – «як быць ці не быць» імбрычку? Вось у чым пытанне!

Ідэю імбрычка як пасудзіны вылучна для запарвання гарбаты і НІ Ў ЯКІМ РАЗЕ не для гатавання вады на сёння так растыражавалі, што адступіцца ад гэтага баяцца самыя адважныя, абы толькі не звінавацілі ў непісьменнасці.

Аднак жа ў самых розных славянскіх мовах, і ў польскай, і ў чэшскай, і ў сербскай няма такога размежавання.

Руская

Польская

Чэшская

Сербская

чай

herbata

čaj

чај

чайник

czajnik

imbryk

konvice

чајник

заварник

czajniczek

imbryczek

konvice

чајник

Нават у рускай мове, дзе здавалася б чайник і заварник размяжоўваюцца, насамрэч размежаванне ўяўнае, бо заварник – усяго толькі скарачэнне ад больш літаратурнага чайник для заваривания, такое самае, як Нацыяналка ад Нацыянальная бібліятэка, Чырвонка ад Чырвоная змена і г. д. Заварник – нават не зусім літаратурнае слова. Дык навошта нам калькаваць структуру суседняй мовы? Калі б у нас склаліся тыя два паняткі начыння для гарбаты незалежна і натуральна – тады зразумела, аднак гэтага няма і ніколі не было. Тут такое самае канструяванне, як і ў выпадку з чаем і гарбатай – нібыта «рознымі» відамі напояў.

Каб пераканацца, так гэта ці не, я найперш звярнуўся не да слоўнікаў а да жывых тэкстаў: Цёткі, Багушэвіча, а потым адкрыў Беларускі N-корпус. Як і варта было чакаць, ён выдаў цэлы шэраг прыкладаў, якія пацвярджалі маю здагадку. Вось знойдзеныя прыклады, з якіх добра відаць, што пісьменнікі пачатку XX не абмяжоўвалі тэрмін імбрычак «запарнікам», бо цяжка сабе ўявіць, каб бляшаныя і медзяныя пасудзіны, якія ставіліся на агонь, у якіх гатавалі ваду, якія ўлучалі ў адзін лагічны шэраг з прымусам, былі ўсяго толькі дробным начыннем для запарвання:

Шмат часу займае папратванне ў хаце: мыццё пасуддзя, чышчэнне гаршкоў; штосуботу мыюць падлогі ў хаце, каморы, сенцах: пасцелі на падворку ветруцца; мядзяныя імбрычкі вычысцяць, як люстэрка, хоць ты прыбірайся перад імі. Цётка «Успаміны…»;

Пакуль закіпіць вада ў бляшаным імбрычку, працягнецца дзесяць хвілін. Змітрок Бядуля «Таварыш Мінкін»;

Юзя згатавала на лучыначках імбрычак, і селі мы ўтраіх піць гарбату. Максім Гарэцкі «Віленскія камунары»;

Маці расклала агонь і між двума каменьнямі на жэрдцы павесіла імбрычак з вадой, каб заварыць гарбаты. Уладзімір Глыбінны «Вялікія дарогі»;

А муж няхай нясе рознае барахло: прымус, імбрычак і нават завівальную машыну! Андрэй Мрый «Запіскі Самсона Самасуя».

Вельмі ўсцешыў і насмяшыў Якуб Колас, які «пахуліганіў» і ў адным сказе ўжыў і чайнік і імбрычак, яўна іх утаесаміўшы:

– Дай, брат, пацалую твой імбрычак! – Янкаў нос нагадваў рыльца чайніка. Якуб Колас «На ростанях».

З’яўленне «Тлумачальнага слоўніка» ў наш час крыху сказіла сітуацыю, але старое значэнне не заняпала. Сучасныя пісьменнікі, а сярод іх і досыць аўтарытэтныя, такія, як Уладзімір Арлоў, па-ранейшаму чайнік называюць імбрычкам.

Пасьля ты памяняеш ваду ў імбрычку, напішаш пад слупком датаў на харугвачцы сваю й пойдзеш, разы тры азірнуўшыся на адвітаньне… Уладзімір Арлоў «Старыя Лівадзійскія могілкі»;

Ты ўбачыш, што нейкі мастак замаскаваў зорку намаляванай зьверху валошкай, а таксама ўбачыш бел-чырвона-белую харугвачку, дзюбаты алюміневы імбрычак са збуцьвелымі кветкамі й яшчэ чатыры валошкі - капронавыя. Уладзімір Арлоў «Старыя Лівадзійскія могілкі»;

Бычок стаяў на ўласнай кухні і чакаў, калі закіпіць вада ў імбрычку. «Дзеяслоў».

Google, вядома ж, направа і налева выдае растыражаваныя павучанні, нібыта імбрычак, гэта – заварник. Але з-пад гэтых завалаў таксама прабіваюцца прыклады больш шырокага значэння слова, як у даўнейшых аўтараў, так і ў сучасных:

Рыжагаловы, тэлефаністы на трыножках, на прыпячку, гатаваў гарбату ў алюмінявым імбрычку. «Маладняк» (1928, № 6);

Радзей спатыкаліся шыльды, на якіх кульбакамі і збруяй сведчылі аб сабе рымары, самаварамі ды імбрычкамі – бляхары, гадзіннікамі і пярсцёнкамі – ювеліры. Юрка Віцьбіч «Лшоно Габоо Бійрушалайм»;

Спадзяюся набыць электрычны імбрык. Вольга Васілёнак (Мэйв Бінчы Вечаровы кляс);

Малады чалавек збянтэжана глядзеў на пліту. Масла на патэльні прыгарала, імбрычак закіпеў і пляваўся кіпнем. Кацярына Мядзведзева «Лекі ад кахання».

«А што мне паесьці?» – спытае ён перад абедам, пасьля чаго здыме накрыўкі ўсіх рондляў, што стаяць на пліце, і нават суне свой нос у імбрычак. Люда Асіпенка «Мужыкі» (НН, 23.07.2004).

Далей я звярнуўся да народных гаворак і ў тых жа «Матэрыялах да слоўніка Гродзенскай вобласці» Т. Сцяшковіч сустрэў знаёмае мне значэнне:

ІМБРЫЧАК м. Чайнік. Пастаў імбрычак на пліту, няхай закіпіць. Алянішчаўка Шчуч.

Калі ў каго яшчэ і маглі ўзнікнуць сумневы што да тлумачальнай часткі, то з самога прыкладу ўжо добра відаць: на пліту ставяць пасудзіну, каб гатаваць ваду, а не запарваць лісце.

Сярод непублікаваных дыялектных матэрыялаў Я. Карскага, дасыланых яму карэспандэнтамі з розных канцоў Беларусі, таксама сустракаем імбрычак у значэнні ‘чайнік’:

«Назв. домашней утвари: стуолъ, ла́ва, зэ́даль (скамейка), табаре́тъ (табуретъ), кріе́сло (въ смысле – стулъ), луошко (кровать), кана́па (диванъ), ша́фа (шкафъ), ку́фаръ (сундукъ (а дѣти <!> говорятъ – ку́харъ) <…> скварада́, патэльня, видэльцы (вилки) <…> имбричакъ (чайникъ) <…> апаўня (сковорода) <…>». Мястэчка Любча Навагрудскага пав. Мінскай губ., аўтар – настаўнік І. Каўцэвіч (СПФ АРАН. – Ф. 197. – Оп. 2. – Д. 107. – Л. 60 об.).

Якія яшчэ трэба довады, што імбрычак – гэта чайнік у самых розных яго праявах? І даўней ён быў пашыраны практычна на ўсіх этнічна беларускіх землях. Нават у матэрыялах П. Растаргуева («Запіскі аддзелу гуманітарных навук», 1928, кн. 2, т. 1), якія чаплялі самыя ўсходнія абсягі Беларусі сустракаем:

брічік – чайник.

Ды што там казаць, абодва акадэмічныя выданні – «Беларуска-рускі слоўнік» і «Руска-беларускі слоўнік», якія з’явіліся раней за «Тлумачальны слоўніка», падаюць імбрычак як проста ‘чайнік’, хоць і застарэлае. Чаму ж такая жывучая прымха пра заварник?

І яшчэ адна маленькая акалічнасць, у корпусе беларускай мовы я не знайшоў ніводнага выпадку ўжывання слова імбрык. У сеціве ёсць, а ў корпусе няма – толькі імбрычак. Прызнаюся, у мяне быў пэўны недавер да гэтага варыянту слова, у нас таксама не гаварылі імбрык, а толькі імбрычак. Значыць, і тут досвед, інтуіцыя не падвялі, імбрык – не зусім традыцыйная версія. Але не падумайце, што я супраць яе. Ян Станкевіч у сваім слоўніку імбрык падае як асноўнае слова, а імбрычак як памяншальнае, час ад часу імбрык ужываецца ў літаратуры. Урэшце, калі мы зрабілі выбар, то не так ужо істотна – імбрык ці імбрычак.

Казус з імбрычкам збольшага паўтарыў казус з мядніцай, калі пад уплывам аўтарытэту «Тлумачальнага слоўніка» нават прафесіяналы свята верылі, быццам мядніца – гэта вылучна Медны таз. Аднак у ходзе дыскусіі, якая разгарнулася ў ліпені мінулага году на аж у дзвюх суполках Фэйсбука: Толькі пра мову і Роднае слова, высветлілася, што на большай частцы Беларусі – ад Лідчыны да Случчыны, ад Случчыны да Камянеччыны мядніцай ці місай называюць вялікую пасудзіну з загнутымі берагамі незалежна ад матэрыялу, з якога яна зробленая.

Мядніца.

І толькі ў савецкія часы, пераважна ў грамадскіх лазнях, з’явілася бляшаная пасудзіна з ручкамі, якую беларусы пагадзіліся называць тазікам.

У адрозненне ад «Тлумачальнага слоўніка» энцыклапедыя «Этнаграфія Беларусі» больш адэкватна тлумачыла слова мядніца:

МЯДНІЦА медная або гліняная пасудзіна накшталт міскі ёмістасцю 8–12 л для ўмывання і мыцця посуду.

Слова мядніца як пасудзіна і мера сыпучых рэчываў у старабеларускай мове трапляецца рэгулярна, але вось Антон Брыль вылучыў не проста асобнае слова, а цікавае спалучэнне сярэбраная мядніца ў адным з актаў віленскага гродскага суду канца XVI ст. (тастаменце Лаўрына Ратомскага), выдадзеных у 1871 г. (т. 8):

…тые долги мои тымъ особомъ тояжъ малжонка моя поплатити и тую наливку и мѣдницу серебреные у тое Артемовое до рукъ своихъ отыскати маетъ.

Гэта значыць, што ўжо ў XVI ст. найменне мядніца не прывязвалася да матэрыялу, з якога яна выраблялася. Як бывае чырвонае ці сіняе чарніла, так можа быць і серабраная, гліняная, паліваная ці алюмініевая мядніца.

А яшчэ ў «Слоўніку мовы “Нашай Нівы”» ўспамінаецца нейкая «зялёная грышпановая» мядніца. Там замест раскрыцця значэння слова грышпановы стаіць пытальнік. Я доўга разбіраўся з гэтым казусам. Выявілася, што сам выраз – гэта цытата ў артыкуле Вацлава Ластоўскага, і выраз не з кантэксту 1913 г., а з дакумента 1652 г., дзе гаворка ідзе пра глінянае начынне. І тут, як бачым, мядніца не медзяная. Карэктна аформленая цытата выглядае так:

У рэестры гэтым запісана вось якое глінянае начынне: «…мядніца зялёная, грышпановая з залацістымі краямі адна…». Вацлаў Ластоўскі (Наша Ніва, 1913, 8 сак.)

Што да прыметніка грышпановы, то паходзіць ён ад слова грышпан ‘адмена самшыту’, мабыць, маецца на ўвазе цёмна-зялёны колер. У кожным разе, медзь не зялёнага колеру. Такой разнаякаснай, а не толькі медзяной, мядніца застаецца і ў мове сучасных аўтараў, як адпаведнік да рускага таз:

На прыпечку, побач зь сінім змылкам, ляжалі мокрыя шматы й стаяла шэрая мядніца з вадой. Кастусь Акула «Гараватка»;

Старэйшая нявестка, худая і хмурная, чорная, нібы цыганка, Аўдоля моўчкі стаяла ля палаючай печы, малодшая, тоўсценькая, зграбная Ганя – каля стала, рэзала ў вялізную місу, лічы, мядніцу, кіслыя гуркі. У мядніцы з палову было старога салёнага расолу. Генрых Далідовіч «Гаспадар-Камень»;

Раксана пазваніла невялікім цёмна-жоўтым званочкам – у белую хату амаль адразу шпарка ўвайшла маладая пакаёўка з крышталёвым збанам вады i шкляной мядніцай ды з беленькім льняным ручніком на плечуку. Генрых Далідовіч «Кліч роднага звона»;

Агледзела яна ўсё, пакруціла галавою, закасала рукавы сіняй спартыўнай кашулі, адшукала анучу, наліла ў мядніцу гарачай вады і ўзялася наводзіць парадак. Сяргей Грахоўскі «Ружовы ветразь»;

Фогель выйшаў на вуліцу. Маладзенькая дзяўчына ў вылінялай цеснаватай сукеначцы прынесла мядніцу, гарлач і вялікі ручнік з махрамі. Алесь Наварыч. «Літоўскі воўк»;

Жанкі пастаялі крыху, пагаманілі і, падхапіўшы мядніцу з гарою пакроенага мяса, пайшлі ў бок турбазы. Вінцэсь Мудроў «Ведзьма»;

На шыі ў суседкі вісела нізка зашчэпак, а да правага клуба была прыціснута алюмініевая мядніца. Вінцэсь Мудроў «Ведзьма»;

Толькі ж… мальцы… каб ён толькі не вішчэў… – падавала голас бабця Мар’яна, якая мыла гарачай вадой эмаліраваную мядніцу. Вінцэсь Мудроў «Восеньскія вакацыі».

Асабліва хачу звярнуць увагу на выраз з Генрыха Далідовіча: вялізная міса, лічы, мядніца. Значыць, фактычна, мядніца і ёсць вялікая міса. Як толькі міса дасягае пэўных памераў – яна становіцца мядніцай. Так было і ў роднай мне гаворцы вёскі Дамэйкі – слова міса магло выкарыстоўвацца як сінонім да слова мядніца. Таму нават тыя рэгіёны, якія абмяжоўваліся тэрмінам міса, не ўступаюць у канфлікт з асноўным арэалам мядніцы. І нават калі да іх дадаецца тазік як пасудзіна з ручкамі – яшчэ няма канфлікту слоў. Канфлікт узнікае тады, калі мядніцу цалкам заступае тазік – тут ужо пачынаюцца радыкальныя змены ў структуры значэнняў.

Гэтая даўнейшая гісторыя з мядніцай мне ўспомнілася, калі я зацікавіўся лёсам слова імбрычак. Выходзіць, у «Тлумачальным слоўніку беларускай мовы» каторы раз узапар фальсіфікуюцца моўныя факты? Значэнні слоў падганяюцца пад загадзя падрыхтаваную схему?

У прынцыпе, тут няма асаблівай навіны, амаль сорак гадоў таму ў зборніку «Вобраз-83» у артыкуле «Ад малой радзімы да вялікай» Пётра Садоўскі паказаў, што «лексічныя адзінкі з тыпова беларускага моўнага ландшафту выцясняюцца на моўную перыферыю, набываюць статус нізкастылёвых элементаў» праз «не заўсёды дапушчальны прыём пры ілюстраванні слоў з паметай “абл.”, “разм.”». Такім спосабам адбываецца «выроўніванне беларускай лексікі і стылістыкі пад рускую».

Таму для мяне нічога дзіўнага не было і ў тым, што мядніца пазначаецца як «абласное», а імбрычак – як «застарэлае». Асабіста для мяне новым тут было хіба тое, што факты фальсіфікуюцца не толькі праз стылёвыя пазнакі, але і праз стварэнне пэўных семантычных «гета», куды заганяюцца непажаданыя словы. Адкуль яны ўжо нібыта не маюць шанцаў выбрацца. Аднак жа – неяк выбраліся. І гэта цешыць. Я тут нават не пераймаюся пытаннем, дзеля чаго тое «гета» рабілася. Дзеля той «планавай русіфікацыі» нашай мовы? Ці каб хоць так, праз маргіналізацыю, уратаваць «безнадзейныя» моўныя адзінкі? Пакінем гэтае пытанне для гісторыкаў, а самыя лепш падумаем пра будучыну. Якое тут практычнае выйсце?

Выйсці мне бачацца тры:

1) упарта пільнавацца слоўнікаў;

2) даверыцца жывой практыцы;

3) знайсці рацыянальны механізм адбору.

Аднак слоўнікі могуць быць недакладныя і супярэчлівыя (унутры слоўніка таксама трэба рабіць выбар), а стыхія, калі ёю не кіраваць, у нашай сітуацыі прывядзе да такой русіфікацыі ці самаволі (а хутчэй да таго і другога), што лепш не спрабаваць. Сяргей Запрудскі, які ўпікае «папулярнае», як ён кажа, мовазнаўства ў тэндэнцыйнасці (сам пры гэтым пішучы ў скандальна-палемічным ключы) нічога яснага не прапанаваў апрача слыннага прынцыпу «кто как хаціт, тот так і гаварыт». Канфлікт у выбары сродкаў яму бачыцца, як канфлікт паміж усходам і захадам, русіцызмамі і паланізмамі.

Паспалітае ўяўленне пра выбар сродкаў беларускай мовы як перацягванне каната паміж рускім берагам і польскім занадта спрошчанае і ў практычным плане тупіковае. Да якой мовы бліжэйшая беларуская, да рускай ці да польскай? Гэтае пытанне хоцькі-няхоцькі ўзнікае рэгулярна. Мой адказ: да абедзвюх па рознаму. Рэч у тым, што ў працэсе свайго станаўлення беларуская мова мела не толькі роднасныя, але і хаўрусныя дачыненні. З аднаго боку, яна сапраўды шмат у чым блізкая да рускай, з іншага боку, станаўленне нашай мовы адбывалася ў адной культурнай прасторы з польскай, украінскай і літоўскай, куды руская не мела доступу. А ў выніку – з рускай мовай у нас супадаюць базавыя элементы, з польскай – культурныя, а з украінскай – і базавыя і культурныя. «Блізкасць» і «аддаленасць» па-рознаму праяўляецца ў розных пластох лексікі і граматыкі, таму вымераць іх у прынцыпе немажліва, тут параўноўваюцца несувымерныя рэчы.

У выпадку з кухонным начыннем мы маем справу з культурным пластам, досыць глянуць на дзве табліцы, каб у гэтым упэўніцца. І тыя, хто галосіць, што мядніца, рондаль, імбрычак і гарбата – паланізмы, хай зірне ў першую табліцу, а што ён будзе рабіць з кубкам, шклянкаю, сподкам, відэльцам і ўсім астатнім? Таксама запіша ў паланізмы і пачне выкараняць? Ці гляне іншымі вачыма і ўбачыць тут не зусім паланізмы, а то і зусім не паланізмы, а лексіку супольную для балтыйска-чарнаморскага моўнага хаўрусу?

Устойлівая версія

Польская

Беларуская

Руская

dzban

збан

кувшин

kubek

кубак

кружка

szklanka

шклянка

стакан

kieliszek

кілішак

рюмка

butelka

бутэлька

бутылка

spodek

сподак

блюдце

łyżka

лыжка

ложка

widelec

відэлец

вилка

tarka

тарка

тёрка

szafa

шафа

шкаф

krzesło

крэсла

стул

ławka

лаўка

скамья

Рухомая версія

Польская

Беларуская

Руская

patelnia

патэльня

сковорода

rondel

рондаль

кастрюля

imbryk

імбрычак

чайник

miednica

мядніца

таз

Тры чвэрці найпапулярнейшых «кухонных» слоў (калі што – знайдзіце больш ужывальныя) выразна супадаюць з польскімі і выразна адрозніваюцца ад рускіх. І толькі невялікая жменька праяўляе лабільнасць, але і тут на кожную «рускую» версію ёсць нашмат больш архаічная «польская», а насамрэч не польская, а супольная з польскай. Дык ці варта ўтвараць эклектыку дзеля астатняй чвэрці? Да патэльні ёсць сапраўды больш архаічнае беларускае слова скаварада, а яшчэ паніва, тут шматстайнасць не зашкодзіць, імбрычак мае пару чайнік не толькі ў беларускай, але і ў польскай мове, таз, тазік – гэта, фактычна, зусім іншая пасудзіна. Застаецца каструля, якое не надта мілагучнае для беларускага вуха. Дык ці варта дзеля яе ламаць сістэму цэлай лексічнай групы? І ці варта стаяць, не раўнуючы як той Бурыданаў асёл, паміж двума стагамі сена?

Маючы ідэю балтыйскай-чарнаморскай культурнай супольнасці, мы маем механізм (але не панацэю!) для адбору традыцыйных моўных сродкаў. Мне скажуць: «А як жа слоўнікі?! Ты што, не паважаеш слоўнікі?!» Дык на іх я і спасылаюся. Але пра слоўнікі мы пагаворым іншым разам. І што значыць «не паважаеш»? Карл Попер лічыў, што спрэчка – знак павагі. Калі мы не хочам з чалавекам спрачацца, то значыць, не паважаем яго, ігнаруем. Або наадварот, ствараем сабе куміра і не паважаем ужо сябе. Гэта не еўрапейская традыцыя бяздумна аддавацца на волю настаўніка «гуру». Amicus Plato, sed magis amica veritas – вялікі Платон, але праўда большая за яго. Гэтым правілам не адно стагоддзе жывілася еўрапейская думка, еўрапейская навука.

Вам можа спадабацца