Раніцай у менскай харчовай краме я пачула дзіўную размову паміж прадавачкамі: “Ну, што, шмат шкарпэткаў падарылі?” Адна з іх акурат пачала здымаць з першай пазіцыі ля касы танныя мужчынскія шкарпэткі, пакаваць і выносіць, бо скончыўся “шкарпэткавы” ажыятаж. Другая ж адзначыла, што ў іх быў добры "састаў".
У нядзелю, 23 лютага, быў Дзень абаронцаў айчыны – наша неафіцыйнае свята мужчын, з уручэннем падарункаў.
Мыла ды шкарпэткі – сапраўдная класіка жанру. Дарыць на Дзень абаронцаў айчыны традыцыйны падарунак у выглядзе шкарпэткаў – самае тое.
Калі вы атрымалі 23 лютага такі падарунак – няма прычыны на крыўду – усё супер! Гэта і мужчынскае, і вайсковае.
Мужчыны, шкарпэткі, вайна – цесна звязаныя. Так бы мовіць – звязаныя ва ўсіх сэнсах, у тым ліку на прутках. Нагадаем, што і даўней шкарпэткі спатрэбіліся менавіта ваякам пад іхнія боты. Шкарпэткі былі даўгія, а скараціліся з ашчаднасці да вайсковых выдаткаў.
Лічыцца, што шкарпэткі ў сваім скарочаным выглядзе з’явіліся менавіта ў часы Першай сусветнай вайны.
Атрымліваецца, што жанчыны, якія купляюць мужчынам шкарпэткі 23 лютага, машынальна збіраюць іх на вайну. Мабыць, навучыліся гэтаму ад бабкі, ад маткі. Сумная канстатацыя факту. Таму і вырабнікі разважалі, з якіх матэрыялаў яны пашыюць гэтыя анучы новага часу, і які ў іх “састаў” – істотная стратэгічная рэч.
Вайны даўно няма – а якое доўгае рэха… Вайна і шкарпэткі – гэта важная беларуская культурэма, адна са складаючых нашай культурнай прасторы
Нашы шкарпэткі надалей не адыходзяць ад вайсковай тэматыкі. Адно толькі трошкі змяніўся мэсідж – мы сталі дазваляць сабе крыху пра гэта пажартаваць, бо, мабыць, стаміліся ад ідэалагізаванай ваеннай рыторыкі.
Як складаецца лёс беларускіх шкарпэткаў у мірных абставінах? Адбылася “шкарпэткавая” перазагрузка: шкарпэткі “падхапілі” тэму World of Tanks.
Але, на шчасце, не толькі вайна сядзіць у свядомасці беларусаў. Мы назіраем у вытворчасці шкарпэткаў, што вайна там займае ўсё меней месца. Крэатыўныя мадэльеры расквечваюць шкарпэткі, робяць іх каляровымі, адназначна – пацыфістычнымі.
Узгадайце: шкарпэткі раней падзяляліся на чыстыя і не, дзіравыя і не, новыя і не, звычайныя і махровыя, штодзённыя і спартовыя, здараліся і медычныя. Баваўняныя або грубыя ваўняныя. Але шкарпэткі былі выключна практычныя, стрыманыя, нават суровыя.
А што змянілася цяпер? Шмат чаго. З’явіліся сур’ёзныя і несур’ёзныя шкарпэткі. Няма вайны. Свет каляровы і вясёлы, як вашы шкарпэткі. Калі шкарпэткі цяпер і ваююць,то толькі з нудотай. Яны пырскаюць гумарам, выстрэльваюць рознымі колерамі.
Не будзем забывацца, што надышла эра жаночых шкарпэткаў, якія раней былі знакам эмансіпацыі. Мужчыны, аднак, абыякавыя да жаночых шкарпэткаў і не адорваюць імі сваіх жанчын на 8 сакавіка.
А чаму не? Тут табе і любоў, і эмансіпацыя.
Як бачым, культурны код шкарпэткаў сягае далёка за рамкі Дня абаронцаў айчыны.
Пералічым некалькі культурных кампанентаў масавай свядомасці, што выяўляюць нашыя шкарпэткі.
Напрыклад, культурна маркіраванымі з’яўляюцца зубр, бусел, куфаль з півам і, вядома, дранікі.
Не абыходзяцца шкарпэткі і без нацыянальнага арнамента. Ён паслядоўна прынтуецца на шкарпэтках айчыннай вытворчасці. Таму ў гэтых адносінах шкарпэткі набліжаюцца да славутай “вышыванкі”. Больш за тое, на іх паяўляецца яшчэ адзін беларускі сімваль – валошка.
Культурэмай стала і беларуская мова. Прычым менавіта ў скарочанай (табуіраванай?) форме “мова”. Яна ўключае як пазітыўныя канатацыі – “Мова – гэта стылёва”, так і пагрозлівыя – “На мове гаворыш? А калі запытаюся?”.
Устойлівай беларускай культурэмай з’яўляецца літара “Ў”, некалькі саступае ёй у папулярнасці беларуская літара “І”.
Узрадуемся факту, што беларуская мова нарэшце становіцца аб’ектам сімвалізацыі ў нашай свядомасці! Не літару ж “яць” ці цвёрды знак мы бачым на нашых шкарпэтках! Апошняе, напэўна, выглядала б, як свядомасная інтэрвенцыя і сустрэла б незадаволеную рэакцыю грамадства.
А яшчэ шкарпэткі гавораць пра неабыякавасць беларусаў да “шляхецкай” тэмы. Сустрэліся во, шкарпэткі з лілеяй, што таксама можна ўспрымаць як пэўную мясцовую культурэму. Гэтую дынаміку пацвярджаюць і іншыя сінанімічныя надпісы/выявы на шкарпэтках.
Беларускія шкарпэткі, дарэчы, вельмі якасныя – ад тых элегантных даўгіх чорных, што застаюцца знакам мужчынскай бездакорнасці, да экстравагатных на ўсе густы.
А яшчэ ў нас прадаюцца выключна добрыя лыжныя тэрмашкарпэткі! Хто ж з нас не ведае пра культурэму “раўнінныя лыжы” ці “біятлон”…
Не трэба здзіўляцца і таму, што беларускія шкарпэткі адлюстроўваюць мясцовую культуру стаўлення да алкаголю і да сэксу.
У нашыя часы больш істотна паказаць голую нагу, чым шкарпэткі. І, вядома, што на тое існуюць спецыяльныя нізкія шкарпэткі – так званыя ступачкі інвізібл. Гэта замежнае вынаходніцтва, што ўдала знайшло сваю рэалізацыю ў беларускім кантэксце. А вось шкарпэткі-прэзерваціў я пабачыла ўпершыню тут у нас, і не здзіўлюся, што яго вынайшлі мясцовыя крэаціўшчыкі.
“Кандасок” ў прэзент любімаму мужчыну на Дзень абаронцаў айчыны – гэта ж столькі культурных кантэкстаў!
Каб злагодзіць сэксуальны акцэнт у беларускіх шкарпэтках, прывядзём два сімвалы цярпення і любові на іх – гэта знак радыеактыўнасці/Чарнобыльскай трагедыі і сусветна вядомы сімвал палаючага сэрца Езуса з вокам. Апошняя перапрацаваная на маладзёвы тату-густ. Але як не прыгадаць тут санэт Шэкспіра: “У сэрца з вокам тайная дамова…”, калі вока пільна сочыць за тым, што так дорага сэрцу.
Беларускія вытворцы шкарпэткава-панчошных вырабаў не замыкаюцца толькі ў нацыянальных межах. Яны ўжо арыентуюцца на пакупнікоў з краін-суседзяў, напрыклад, украінцаў.
Вось як беларускія шкарпэткі перажываюць свае нетрывіяльныя трансфармацыі. Яны сталі нечаканымі носьбітамі культурнай інфармацыі і адлюстроўваюць станаўленне новых культурных кодаў нашага грамадства.