Беларусь vs Белоруссия. Меркаванне расійскага блогера-філолага

Гісторыя

Беларусь vs Белоруссия. Меркаванне расійскага блогера-філолага

Пэўны час таму аўтар гэтых радкоў адкрыў для сябе той факт, што ютуб запоўнены відэаролікамі на тэму, як правільна  па-расійску – “Беларусь” або “Белоруссия”. Большасць з іх маюць выразны публіцыстычны змест, аднак некаторыя вельмі цікавыя ў навуковым сэнсе. Асабліва прыйшоўся даспадобы ролік расійскага блогера-філолага, які хаваецца пад мянушкай “Микитко сын Алексеев”. Гэты малады яшчэ чалавек запісаў ужо не адзін дзясятак ролікаў, прысвечаных гісторыі і розным рэгіянальным асаблівасцям расійскай мовы. Яны, трэба сказаць, вельмі прафесійныя і аб’ектыўныя. Сярод іншых ён запісаў і больш чым саракамінутны маналог, прысвечаны гісторыі і моўным асаблівасцям словаў Белоруссия і Беларусь.

Паводле расійскага блогера “Белоруссия” – гэта слова, якое з’явілася ў расійскай мове ў XVIII стагоддзі ў часы паўстання Расійскай Імперыі, калі да афіцыйнага тэрміна Расія (грэчаскае тлумачэнне слова Русь) дадаліся Беларусія, Маларосія, Новаросія. Пры гэтым Беларусь спачатку таксама фігуравала як “Белороссия”. Гэта тыповы філалагічны новатвор, паходжанне якога, аднак, добра зразумелае. Груба кажучы, расійскі афіцыйны дыскурс спрычыніўся да распаўсюду гэтага “класіцыстычнага” тэрміна, падобна як расійскія СМІ распаўсюджвалі ў свой час Наваросію.

А вось з Беларуссю складаней. Знайсці нават першую згадку гэтага слова вельмі няпроста і блогер мяркуе наступнае: назва “Беларусь” спачатку паўстала і існавала як польскае “Białoruś”, а пасля перакачавала ў расійскую мову як “Белорусь”, і беларускую мову як “Беларусь” (гучанне гэтага слова ў адпаведнасці з правіламі беларускай фанетыкі).

Калі гэта адбылося – пытанне вельмі няпростае. Блогер адшукаў найбольш старую згадку слова “Białoruś” у польскамоўнай кнізе Станіслава Плятэра “Геаграфія усходняй часткі Еўропы…” надрукаванай у 1825 годзе.

Крыху пакапаўшыся ў сеціве, аўтар гэтых радкоў знайшоў толькі адну згадку пра Беларусь, старэйшую за згаданую блогерам. Гэта выдадзеная ў 1824 годзе ў Вільні аповесць Яна Ходзькі “Pan Jan ze Swisłoczy, kramarz wędrujący”з цытатай:

“У дзень святых апосталаў Пятра і Паўла распачынаецца штогод слаўны на ўсю Беларусь кірмаш у мястэчку Бешанковічы”.

Ну а пасля гэтых першых згадак “Беларусь” ужо перавандроўвае ў назвы польскамоўных кніг. Тут і “Шляхціц Завальня або Беларусь у фантастычных апавяданнях” Яна Баршчэўскага і “Беларусь. Некалькі словаў пра паэзію простага люду…” Аляксандра Рыпінскага (абедзве надрукаваныя ў пачатку 1840-х гг.), і запісаны следчымі па-руску пароль паўстанцаў “Люблю Белорусь” (1864 г.), і “Беларусь як зерне ў гарэху” Францішка Багушэвіча (1891 год, і ўжо па-беларуску).

Ну а далейшую гісторыю мы ведаем.

Не магу сказаць, наколькі на карысць тэорыі расійскага блогера можа паслужыць наступны факт, але слова Беларусь (Białoruś) у польскай мове нават у пачатку ХХ ст. часам скланялася ў адпаведнасці з правіламі польскай мовы. Не Białorusi як кажуць палякі цяпер, а Białejrusi, бо ў польскай мове скланяюцца абедзве часткі складага слова. Ці можа гэты быць доказам паўстання слова “Беларусь” менавіта ў польскамоўным асяроддзі?

Цікава, наколькі гэтае меркаванне расійскага блогера мае пад сабой падставы. Добра было б прачытаць, што думаюць на гэты конт беларускія філолагі і гісторыкі-спецыялісты па гэтай тэме. Ці сапраўды ўласна тэрмін Беларусь (Białoruś) згадваецца ў польскамоўнай літаратуры і крыніцах толькі ў пачатку ХІХ ст. Магчыма вядомыя больш старыя згадкі? Давайце высветлім, калі ж упершыню Беларусь згадваецца не як Русія Альба, Белая Русь, Белоруссия, а менавіта Беларусь.

Вам можа спадабацца