На пачатку лютага палітызаваную публіку незвычайным перфомансам эпатаваў нязменны кіраўнік Беларускага кангрэса дэмакратычных прафсаюзаў Аляксандр Ярашук.
У Сеціве ён змясціў уласны фатаздымак са швабрай у руках.

Надпіс пад фатаздымкам («будучы прэзідэнт мые падлогі ў пад’ездзе. Навядзем парадак дома — навядзем і ў краіне!») не пакідаў сумневу, што прафсаюзны бос плануе пазмагацца за найвышэйшую пасаду ў краіне.
Трэба сказаць, што Аляксандр Ільіч не першы раз задумаў стаць народным абраннікам.
Праўда, гэты факт не ўпамінаецца ў яго афіцыйнай біяграфіі, ва ўсялякім разе, даступнай у Інтэрнэце.
Роўна трыццаць год там Ярашук вырашыў стаць дэпутатам Вярхоўнага Савета Беларускай ССР 12 склікання, выбары ў які былі прызначаны на 4 сакавіка 1990 года.
Палітычнае жыццё тады літаральна «біла крыніцай», а саракагадовы Ярашук займаў пасаду, якая павінна была стаць трамплінам у дэпутаты, — Аляксандр Ільіч займаў пасаду першага сакратара Клецкага райкома КПБ.
29 студзеня 1990 года на паседжанні Клецкай акруговай выбарчай камісіі №62 Аляксандр Ільіч быў зарэгістраваны кандыдатам у дэпутаты ад працоўнага калектыву Клецкай райаграпрамтэхнікі.
Разам з Ярашуком на дэпутацкае месца прэтэндавалі ажно шэсць чалавек. Прычым некаторыя з іх, т.зв. «чырвоныя дырэктары», былі давол моцнымі канкурэнтамі: Сяргей Сакалоўскі, дырэктар Клецкай швейнай фабрыкі, або Леанід Апанасевіч, дырэктар Клецкай райсельгасхіміі.
Выклік Ярашуку зрабіў і мясцовы першы сакратар Клецкага райкома ЛКСМБ Генадзь Блінец. Сітуацыю, калі камсамол выступіў супраць сваёй маці — кампартыі, без перабольшвання можна назваць унікальнай. Выглядае, што падчас парламенцкіх выбараў-90 яна мела месца толькі ў Клецку.
Аднак сапраўднай "цяжкай артылерыяй" стаў першы намеснік Дзяржплана БССР Рыгор Вячорка.
Ён вылучыўся ад працоўнага калектыва калгаса «Прагрэс» Клецкага раёна.
У тым, што высокапастаўлены чыноўнік пажадаў абірацца ў правінцыі, нічога дзіўнага няма. Партыйныя і гаспадарчыя бонзы пасля леташніх выбараў народных дэпутатаў СССР лічылі Мінск небяспечным. Да таго ж у Мінску ў Вярхоўны Савет вылучаўся сын Рыгора Мікалаевіча — Вінцук.
Астатнія два кандыдаты — брыгадзір муляроў мясцовага ПМК Павел Бурак і інжынер-электронік Клецкага механічнага завода Леанід Дзейка — выглядалі на гэтым фоне сціпла.
Першым са старту рвануў Блінец.

8 лютага 1990 года ў выданні Клецкага райкома КПБ і раённага Савета народных дэпутатаў «Да новых перамог» было надрукавага інтэрв’ю з галоўным камсамольцам Клецкага раёна пад назвай «Быць заўсёды з людзьмі».
У інтэрв’ю Блінец разважаў пра такія рэчы, як перадачу рэальнай улады Саветам, шматпартыйнасць і г.д.
Што да праграм Бурака, Сакалоўскага і Апанасевіча, то яны наўмысна абыходзілі вострыя палітычныя пытанні і тычыліся выключна сацыяльна-эканамічных пытанняў, напрыклад, будаўніцтва і г.д.
Такую ж тактыку ўзяў на ўзбраенне Рыгор Мікалаевіч Вячорка.

Ён не кранаў палітыку, а сфакусаваўся на праблемах меліярацыі, забеспячэння таварамі першай неабходнасці і г.д.
Бадай, самай прагрэсіўнай на той момант выглядала перадвыбарная праграма Дзейкі.
Гэты кандыдат рашуча выказаўся за суверэнітэт Беларусі ў межах абноўленай савецкай федэрацыі, за новую Канстытуцыю БССР і ўвогуле за ліквідацыю адміністрацыйна-каманднай сістэмы. Дзейка раскрытыкаваў дзяржаўную праграму «Жыллё-2000» як невыканальную і папулісцкую і заклікаў да вырашэння пытання шляхам кардынальнага пашырэння індывідуальнага будаўніцтва.
Сам Ярашук не прадставіў выбаршчыкам сваёй праграмы (праўда, яшчэ ў студзені Клецкі райком КПБ апублікаваў сваю перадвыбарчую платформу, дзе абяцаў і ліквідаваць дэфармацыі сацыялізму і вярнуцца да ленінскіх прынцыпаў дзяржаўнага будаўніцтва).

Ён паступіў хітра.
Замест праграмы газета «Да новых перамог» напярэдадні выбараў надрукавала вялікі матэрыял пад назвай «Грамадзянін, кіраўнік, чалавек». Матэрыял уяўляў сабой інтэрв’ю з жыхарамі Клецка (галоўны ўрач, выкладчык музычнай школы і інш.), якія праспявалі Ярашуку сапраўдныя панегірыкі.
Адзін з ветэранаў заявіў, што не дазволіць «усялякім франтам і суполкам» паліваць брудам кампартыю, таму абавязкова будзе галасаваць за Ярашука.
Пасля галасавання 4 сакавіка 1990 года сітуацыя была на карысць Ярашука. З 31 тыс. выбаршчыкаў, якія прынялі ўдзел у галасаванні, яго падтрымалі ажно 14 тыс. На другім месцы апынуўся Дзейка з пяццю тысячамі галасамі.
Напярэдадні другога тура выбараў, які быў прызначаны на 18 сакавіка, у інтэрв’ю «Да новых перамог» старшыня Клецкай акруговай выбарчай камісіі Валерый Бабяк прызнаўся, што з боку некаторых дэпутатаў мелі месца шантаж і нават сапраўднае шальмаванне сваіх канкурэнтаў.
Гэта сведчыць пра тое, што перадвыбарчая барацьба ў Клецкім раёне была вельмі напружанай. Аднак адпаведныя дакументы, на жаль не захаваліся.
А затым здарылася сапраўдная сенсацыя. Па выніках паўторнага галасавання народным дэпутатам БССР стаў Леанід Іванавіч Дзейка. З 30696 выбаршчыкаў яго падтрымалі 16077, што склала 52,4%. Ярашук атрымаў 13514, альбо 44%.

І дагэтуль складана ўявіць, як сціплы інжынер змог вырваць перамогу ва ўсёмагутнага першага сакратара у, здавалася б, безнадзейнай сітуацыі.
Магчыма, сам Леанід Іванавіч прачытае гэты артыкул і адкажа на гэтае пытанне.