«Чырвоная трапка», або Ці мажлівыя эстэтычныя выракі пра мову?

Рознае

«Чырвоная трапка», або Ці мажлівыя эстэтычныя выракі пра мову?

26 лютага 2020 а 18:07

Юры Пацюпа

Мой новы артыкул «Гарбата ці чай, чайнік ці імбрычак? або Як не стаць Бурыданавым аслом» нечакана для мяне самога выклікаў шмат прыхільных водгукаў. Былі і далікатныя запярэчанні, над некаторымі я яшчэ буду думаць, а некаторыя нават здзівілі. Зрэшты, у чарговую дыскусію гэта не вылілася, да чаго я і менш за ўсё імкнуўся. Але сярод станоўчых водгукаў сустрэлася і дыяметральна адваротныя рэакцыя. Адзін з маіх калег так і заявіў, што не лічыць патрэбным разбірацца ў фактах і довадах, бо, маўляў, мая ацэна слова каструля як немілагучнага для беларускага вуха на яго думку звяла ўсю аргументацыю да нуля. Вольга Мазурава, якой я шчыра ўдзячны за добрыя словы на мой адрас, некалькі разоў прасіла мяне адгукнуцца на гэтую заўвагу, што я і ўзяўся рабіць, але неяк неўпрыкмет мой каментар разросся да невялікага эсэ, таму і публікую яго тут, а не ў Фэйсбуку.

Скажу адразу, калі нехта спадзяецца, што выступаючы ў Фэйсбуку, робіць вялікі ўклад у навуку, то хай не падманвае сябе. Гэта такі фармат, у якім вышэй за прапаганду ідэяў (і то ў лепшым выпадку) падняцца нельга. Але як сродак прапаганды, у тым ліку і беларускай мовы, сацыяльныя сеткі маюць вялікую сілу. Так, гэта «каліф на гадзіну», можа, праз дзясятак гадоў, а то і праз год, пра нашы дыскусіі ніхто не ўспомніць, калі не будуць выдаленыя. І ўсё ж, «напісанае застаецца». Можна выйграць момант, а з момантам – ужо і вечнасць. Тут галоўнае не страціць большае дзеля меншага. Гэта як гульня на біржы, адны з нуля становяцца мільянерамі, другія з мільянераў – жабракамі.

Таму не прэтэндую я і на тое, што мае допісы тут, у электроннай газеце – гэта ўклад у лінгвістыку. Для гэтага ёсць іншыя выданні і іншы фармат допісаў. Але, як паэзія не зводзіцца да «чыстага мастацтва», улучаючы ў сябе і публіцыстыку, так і дыскурс пра мову не зводзіцца да навуковых часопісаў і зборнікаў канферэнцыяў (дзе спаму і трэшу часам больш, чым у тых жа газетах). Страшна падумаць, што было б, каб у газеты і папулярныя часопісы не пісаў Ян Станкевіч, Вацлаў Ластоўскі, Кузьма Чорны, Пятро Глебка, Максім Лужанін, Ян Скрыган, Фёдар Янкоўскі і інш. І грэх казаць, што іх допісы не маюць значэння для беларускай мовы. Дый для той жа лінгвістыкі. Часам мо’ большае, чым некаторыя навуковыя артыкулы іх сучаснікаў, калі тыя пісаліся «для адчапнога».

Вольга Мазурава цешыцца, што моўная тэма раскрываецца ў публіцыстыцы, «якую ўсе могуць прачытаць і абмеркаваць, а не толькі па кабінетах і канферэнцыях». А мой апанент (у гэтым выпадку і Вольжын) незадаволены, наракае: «Мне шкада, што такія пытанні абмяркоўваюцца менавіта на ўзроўні публіцыстыкі». А як яшчэ? І што ў гэтым благога?

Пры СССР можна было, а цяпер ужо нельга?

Дажыліся!

І пасля гэтага ён бядуе, што ніхто не ідзе на прэзентацыю «Гістарычнага слоўніка»? А як тады ён сабе ўяўляе дыялог з дэмасам? Напэўна так:

прафесіяналы вядуць тонкую навуковую дыскусію, у зале аншлаг, усе сядзяць і слухаюць, параскрываўшы раты, толькі, праўда, – от бяда! – нічога не разумеюць.

Тут як ні вядзі гутарку, а ўсё зводзіцца да фактаў і стаўлення да іх. А адкрыта ці кулуарна, навукова ці публіцыстычна – гэта пытанне трэцяе. Урэшце, калі нешта публічна прачытваецца з негатыўнай устаноўкай, то дзе гарантыя, што ў вузкім коле гэтае ж самае наагул будзе ўспрынятае? Калі факты ігнаруюцца ўсякімі спосабамі, абы знайсці зачэпку, то, выбачайце, не веру я, што без той «зачэпкі» яны б заззялі ў вачох майго апанента святлом праўды. Тое, што я напісаў, вобразна кажучы, петытам, мой апанент выставіў у загаловак, абы толькі не заўважыць таго, што яму не падабаецца…

Знайшоў мой апанент «зачэпку», і далікатна запытаўся: «Ці можна падаць фізічныя параметры немілагучнасці слова “каструля”»? Так здарылася, што не было ў мяне часу нават прачытаць ягонае пытанне, не тое, што адказаць. Дык не дачакаўся ён адказу і піша неўзабаве зноў: «Паўтараю, крытэр “мілагучнасць” зводзіць для мяне вартасць артыкула да нуля». Ягонае пытанне яму здаецца «забойчым», таму і па-пракурорску дабіваецца: «…спачатку я такі хачу атрымаць адказ на сваё пытанне». Што ж… мой апанент закрануў вельмі цікавую праблему. Але датычыць яна не лінгвістыкі, а рыторыкі. А ў больш шырокім плане – перафразую Канта – «мажлівасці эстэтычнага выраку пра мову». (Дарэчы, слова вырак я тут ужываю ў значэнні нямецкага das Urteil (рус. суждение) – такое значэнне я ўзяў з таго ж «Гістарычнага слоўніка беларускай мовы».)

Дык наконт «мілагучнасці» і яе «крытэраў». Мілагучнасць – гэта катэгорыя эстэтычная, а не лінгвістычная, хоць і датычыць мовы. Кожны, хто мае ўяўленне пра гісторыю філасофіі і метадалогію навукі ведае, што яшчэ Кант вызначыў месца эстэтычных выракаў: яны займаюць серадольнае месца паміж выракамі густу і выракамі навукі, г. зн., у адрозненне ад выракаў навукі яны не агульнаабавязковыя, але ў адрозненне ад выракаў густу не абсалютна прыватныя. Або яшчэ так, «пра густы не спрачаюцца», выракі навукі прымаюцца як дадзенасць, а пра эстэтычныя выракі можна спрачацца. Калі мой апанент патрабуе навуковых крытэраў мілагучнасці, то хай спачатку сам вызначыцца, ці лічыць ён мажлівымі такія крытэры ў межах лінгвістыкі ці не, а тады запрашае развязваць гэта на лінгвістычным полі. Як на маю думку, дык гэта эстэтычнае поле.

Ёсць словы зусім немажлівыя з гледзішча беларускай фанетыкі, прыкладам пріорбанк, нерв, а ёсць проста нязручныя, як той жа родны склон ад слова рыфма рыфм. Але ці ўсе яны могуць лічыцца немілагучнымі – не ведаю. Прыкладам, пріорбанк – немажлівае, але наўрад ці немілагучнае. А форма рыфм – лічыцца мажлівай (падаюць жа слоўнікі), але мілагучнай яе наўрад ці назавеш. Праўда, усё гэта амаль не мае дачынення да таго, што прынята называць «мілагучным«, «прыемным для слыху». Бо, як я ўжо казаў, панятак мілагучнасці адносіцца да эстэтычных, а не лінгвістычных крытэраў. Стаць прыемным ці непрыемным для слыху слова можа толькі ў кантэксце моўнай і эстэтычнай практыкі. Факты фанетыкі (але і яны не фізічныя, а псіхалагічныя) – гэта нейтральны матэрыял, з якім мае справу наша сведамасць. Прыкладам, я доўга не мог зразумець, як Аляксандр Блок, якога ўсе лічаць адным з самых «музычных» паэтаў, мог напісаць такое:

Прими, Владычица вселенной,

Сквозь кровь, сквозь муки, сквозь гроба

Последней страсти кубок пенный

От недостойного раба!

Другі радок проста немажліва вымавіць. Аж пакуль мне не дайшло, дык жа тут гаворыцца пра «кубок пенный»! І немілагучнасць стала мілагучнасцю. І ўсё ж, адному гэта можа падабацца, а другому – не. Для аднога гэта гукапіс, а для другога – маластраўны радок. Але і тое і другое ўзнікла не на пустым месцы.

Дык вось, ніякіх крытэраў мілагучнасці я не буду выкладаць – яны або ёсць у слоўніках у артыкуле "эўфанія", або трэба пісаць асобнае даследаванне, што таксама не ўваходзіць у мае заданні. У слоўніках эўфанія разглядаецца як катэгорыя паэтыкі, а не лінгвістыкі, г.зн. адносіцца да эстэтычных крытэраў. Магу парэкамендаваць артыкул Уладзімера Дубоўкі, «Некаторыя прыватныя выпадкі мілагучнасці нашае мовы» (1927). Але і гэты артыкул таксама, хоць і абапіраецца на лінгвістычны матэрыял, цалкам ляжыць у абсягах паэтыкі і рыторыкі. Таму Дубоўкавы рэкамендацыі, у адрозненне ад правапісных нормаў, маюць рэкамендацыйны характар, якім і належыць быць эстэтычным выракам.

Яшчэ нядаўна ў суполцы «Толькі пра мову» я высмеяў аднаго каментатара, які апеляваў да нібыта «ўніверсальнага« (Sic!) «закону мілагучнасці». Няма такога закону! Асабліва закону мовы. А вось апеляцыяў да мілагучнасці як эстэтычнага крытэру ці крытэру густу – колькі хочаш. Калі мой апанент патрабуе ад мяне «крытэраў», то ці сам збліжаецца з сваёй процілегласцю (тым каментатарам) ці мяне падступна штурхае ў абдымкі саматужных тэорыяў. Хутчэй апошняе. Парадокс у тым, што як толькі я вазьмуся шукаць крытэры мілагучнасці на полі лінгвістыкі, а лінгвістыка перадусім навука, то я адразу пакіну поле навуковасці. Гэтага і чакае, паціраючы рукі, мой апанент. Але затое ў мяне ёсць поўнае права быць суб’ектыўным, мець тыя ці іншыя асацыяцыі, якія для іншых неабавязковыя. Як казаў Тэртуліан, «веру, бо абсурдна», г. зн. не ў імя абсурду веру, а таму што, каб не было абсурдна, то не верыў бы, а ведаў.

Хто дзе і калі забараняў эстэтычныя выракі? Хто забараняў выракі густу? З якіх гэта часоў яны сталі нечым непрыстойным? І, нарэшце, адкуль мой апанент узяў, што сваю ацэну я выкарыстоўваю як довад, а не проста дзялюся ўражаннямі?

Вось якраз на полі ўражанняў і асацыяцыяў, а не крытэраў і можна знайсці тлумачэнне, а не довады, чаму тое ці іншае слова здаецца нам немілагучным. Калі высмейваюць трасянку, то часта ўспамінаюць вымаўленне рускага слова тряпка як трапка. Чаму яно падаецца немілагучным? Не падаецца ж нам такім прыслоўе трапна. Відаць, таму, што трапка апрыёры ўспрымаецца як чужое, а ў беларускай фанетычнай абалонцы, як пэўны гібрыд, бастард. Не гучанне брыдкае, а трасянка, аднак у суб’ектыўным успрыняцці прычына і вынік мяняюцца месцамі, і здаецца, што брыдкае якраз гучанне. Гэтаксама слова чаму, вымаўленае з рускім акцэнтам – чяму, здаецца нам такім жа брыдкім, як і трапка. Толькі ўжо не грубым, а мляўка-саладжавым. Мабыць, мой суб’ектыўны досвед такі, што каструля апрыёры ўспрымаецца як трасянка. Тут, калі прааналізаваць, мабыць, таксама прычына і вынік мяняюцца месцамі.

Апрача немілагучнасці як такой ёсць эстэтычнае непрыняцце тых ці іншых слоў, выкліканае тымі ці іншымі семантычнымі асацыяцыямі. Асацыяцыі не ўзнікаюць, калі слова ўжываецца даўно і рэгулярна, не выклікае ж у рускіх благіх асацыяцыяў рускае как. Але паспрабуйце пазбыцца такіх асацыяцыяў у беларускім кантэксце, калі чуеце габрэйскае імя Сроль або польскае слова choinka. Цікава, што ў польскай аўдыторыі сказаная мною фраза хваёвы лес мела аналагічную асацыяцыю і выклікала ў школьнікаў бурны смех. Адным словам, я рады за тых, у каго слова каструля не выклікае нічога адмоўнага. А вось я не магу пазбыцца такога пачуцця. І не думаю, што гэта мяне дыскрэдытуе. Некалі А. Падлужны іранізаваў з слова распавесці (якое я, дарэчы, таксама не прымаю як украінізм): раз павесці, два павесціраз павёў, тры павёў… А. Каўрус не пагадзіўся з такім успрыняццем. І ўсё ж, я не думаю, што Падлужны не меў права на ўласныя асацыяцыі толькі таму, што ён лінгвісты. Можна падумаць, які жах! Запляміў мундзір каламбурам! Гэта ж не навуковы довад!

Пачытаўшы майго апанента можна падумаць, што «ісціны» навуковец нават калі абмяркоўвае надвор’е ці салаты за сталом, сыпле аднымі навуковымі формуламі. І нават калі чхне ў час прастуды, то з рота ў яго вылятаюць адны толькі формулы. Насамрэч, калі навуковец выказвае свае густы ці робіць эстэтычныя выракі, то гэта не значыць, што ён у гэты момант здраджвае навуцы. Важна, каб выракі былі да месца і не прэтэндавалі на тое, чым яны не ёсць. Мабыць, у строга навуковых тэкстах выракі густу і нават эстэтычныя выракі непажаданыя, але хто можа гарантаваць, што яны туды не трапляюць? Гэта ж «чалавечае, занадта чалавечае». Я ведаю паэта і літаратуразнаўцу, які не любіць слова менавіта, стараецца ўжываць якраз, а мой апанент расказваў мне, што адзін ягоны калега не любіць слова існы. І што тут паробіш?

Расейскі паэт і гісторык М. Карамзін з нагоды байкі І. Дзмітрыева пісаў у 1783 г.:

«Имя пичужечка для меня отменно приятно потому, что я слыхал его в чистом поле от добрых поселян. Оно возбуждает в душе нашей две любезные идеи: о свободе и сельской простоте. К тону басни твоей нельзя прибрать лучшего слова. Птичка почти всегда напоминает клетку, следственно неволю». «То, что не сообщает нам дурной идеи, не есть низко. Один мужик говорит пичужечка и парень: первое приятно, второе отвратительно. При первом слове воображаю красный летний день, зеленое дерево на цветущем лугу, птичье гнездо, порхающую малиновку или пеночку и покойного селянина, который с тихим удовольствием смотрит на природу и говорит: Вот гнездо! вот пичужечка! При втором слове является моим мыслям дебелый мужик, который чешется неблагопристойным образом или утирает рукавом мокрые усы свои, говоря: ай парень! что за квас! Надобно признаться, что тут нет ничего интересного для души нашей!» 

Сёння можна колькі хочаш іранізаваць з гэтага эпізоду, але наколькі была б бяднейшая гісторыя рускай мовы і літаратуры без яго.

Ці ўспомнім хрэстаматыйны тэкст Максіма Танка:

З легендаў i казак былых пакаленняў,

З калосся цяжкога жытоў і пшанiц,

З сузор’яў i сонечных цёплых праменняў,

З грымучага ззяння бурлiвых крынiц.

З птушынага шчэбету, шуму дубровы,

I з гора, i з радасцi, i з усяго

Таго, што лягло назаўсёды ў аснову

Святынi народа, бяссмерця яго, –

Ты выткана, дзiўная родная мова.

Гэта навуковы довад? Не. Яго можна выкарыстоўваць у дыскурсе пра мову? Так, можна. Дык у чым праблема?

Эстэтычныя выракі, калі гэта не ultima ratio, не «апошні довад», мажлівыя ў публіцыстычным і навукова-папулярным дыскурсе. Як на чырвоную анучу зазвычай рэагуюць тады, калі выказваюцца негатыўныя асацыяцыі, але чамусьці ніхто не лічыць заганным, калі выказваецца замілаванне словам. Хоць яны не больш «навуковыя», чым негатыўныя асацыяцыі. А як замілаваных, так і негатыўных выказванняў па літаратуры можна назбіраць нямала, нават напісаць асобнае даследаванне пра суб’ектыўныя ўспрыняцці слоў. Так, я ведаў, што мне могуць зрабіць і зробяць закід на гэты конт, аднак мне важна было падзяліцца гэтым уражаннем. І я сведама зрабіў гэта. Яно маё, але я перакананы, што не толькі маё, і шмат хто пагодзіцца. Таму і палічыў важным.

Што такое публікацыя пра мову ў папулярным выданні? Гэта не публікацыя ў матэрыялах канферэнцыі. Гэта не толькі выклад навукова абгрунтаванай інфармацыі і «жалезных» аргументаў, але яшчэ і займальная форма, часам агітацыя і прапаганда, часам эмоцыі, часам выкладанне прыватнага досведу. Безумоўна не ўсё з гэтага навуковае, але не-навуковае – не значыць анты-навуковае. Так, гэта старая спрэчка філасофіі і рыторыкі, распачатая яшчэ Сакратам: дзе і ў якой меры карэктная рыторыка ў даводжванні праўды? Ці маральна ўжываць вобразныя сродкі, каб схіліць адрасата на свой бок? Магу сказаць адно, я ніколі не звяртаюся да прыёмаў эрыстыкі, г. зв. «чорнай рыторыкі». А вось мой апанент, які педалюе маё трэцяраднае выказванне, але ігнаруе факты маўлення і цэлы шэраг нарматыўных і дыялектных слоўнікаў, наўрад ці сумленна спрачаецца. Зрэшты, гэтае педаляванне таксама зводзіць да нуля ягоную аргументацыю ўжо ў маіх вачох. Таму я і не стаў яму нічога даводзіць.

Пад канец хачу запытацца: а ці можна «навукова» ўсталяваць ці скасаваць тое ці іншае слова? І што можа даць навуковае абгрунтаванне «правільнасці» ці «няправільнасці» слова? Вось я не раз навукова і папулярна даводзіў, што слова заўзець зробленае з парушэннем якіх толькі можна законаў мовы, і што з таго? У гэтым выпадку куды большага поспеху можна дабіцца смехам, чым навуковымі довадамі. Або і тым і другім разам. Аднак і гэтага не даволі пакуль не будзе прапанаваная альтэрнатыва. Магу навукова давесці, што і ў слове будучыня парушаныя законы беларускага словаўтварэння, што раней існавала цалкам карэктнае слова будучына. Але ці будзе гэта імпульсам для перагляду нормы? Затое смех служыць кансервантам для народных гаворак, адна вёска смяецца з другой, а ў выніку абедзве гаворкі не змешваюцца.

Паміж навуковым дыскурсам і публіцыстычным ёсць пэўная розніца не толькі ў сродках, але і ў мэтах. Першы пазнае, але не спрабуе сцвердзіць вынікі пазнання, другі пазнае (ці перадае пазнанае іншымі) і спрабуе пры гэтым сцвердзіць вынікі. Другі мусіць грунтавацца на першым, але першы без другога застаецца «рэччу ў сабе», як галава без рук.

Вам можа спадабацца