Паўліна Каржакова ў нядаўнім сваім тэксце звярнулася да небанальнай тэмы – значэння сучасных беларускіх шкарпэтак і іх ролі ў якасці падарунка на Дзень абаронца айчыны.
Мяркую, што тэма заслугоўвае разгляду яшчэ і пад іншым ракурсам.
Мужчынскія шкарпэткі насамрэч могуць многа распавесці пра грамадства, у якім мы жывём.
Мода на каляровыя шкарпэткі з маляўнічымі выявамі пашыраецца апошнія пяць год ці больш, яе хутка асядлалі беларускія вытворцы, а асартымент такіх шкарпэтак у крамах увесь час большае.
Тым не менш, колькасна яны складаюць меншасць перад традыцыйнымі чорнымі-сінімі-шэрымі шкарпэткамі. І не дзіва. Для большасці мужчын яны застаюцца непрымальнымі па многіх прычынах. Мае значэнне ўзрост і кансерватыўнасць – каляровыя шкарпэткі тут могуць падавацца занадта "крыклівымі" і недастаткова „мужнымі”.
(Ведаю гісторыю былога вайскоўца, які зладзіў свайму сыну-студэнту цэлы скандал за тое, што той набыў шкарпэткі ў кветачкі.)
Для многіх гэта немагчыма было б з-за службовай пасады – уплывае дрэс-код, і больш тонкія фактары. Нацягнуць яскравыя шкарпэткі азначае заявіць прэтэнзію на адрознасць, асабовасць, што ў працоўных калектывах з жорсткай вертыкальнай іерархіяй лёгка можа быць прачытана непасрэдным начальнікам як небяспечная праява кар'ерных амбіцый.
Зразумела, што дрэс-код – універсальная, а не беларуская рэч і парушэнне яго нават можа дапамагчы палітыку сфарміраваць харызму. Самы вядомы прыклад – канадскі прэм'ер Джасцін Труда, які стаў вядомы дзякуючы сваім розным шкарпэткам з малюнкамі. (Пры наборы яго імені ў пошукавіку, той адразу падказвае – "шкарпэткі". Ну канешне, навошта нам яшчэ быў бы патрэбны канадскі прэм'ер!)
Але Труда палітык, старшыня Ліберальнай партыі. Такія жыццёвыя клопаты невядомыя топавым беларускім чыноўнікам, ролі якіх тоесныя іх пасадам і не падразумяваюць канкурэнтнай публічнасці. Адпаведна, пытанне "Якога колеру шкарпэткі ў беларускіх міністраў?" паставіць нас у тупік. Верагодна, яны чорныя ці сінія. Магчыма, нехта наважыўся на барвовыя. Але дакладна не ў яскравы малюнак.
І ўсё гэта пры тым, што ў звычайным жыцці калегі бачаць толькі невялікую частку шкарпэтак – палоску, заціснутую паміж туфлем і краем штаніны. Калі чалавек абірае яскравы варыянт, то найчасцей гэта адзіная такая дэталь у касерватыўным у выбары колераў і фасонаў мужчынскім адзенні беларусаў.
Што звяртае ўвагу на іншую важную, чыста антрапалагічную дэталь:
шкарпэткі – гэта пераважна сфера дамашняга, інтымнага свету. Толькі ва ўмовах дома яны бываюць бачныя цалкам. На гэта часта разлічаны малюнкі на іх, якія інакш схаваны абуткам, і надпісы, якія вытворцы любяць рабіць на ступнях (уключна з прыведзеным у згаданым артыкуле “#МоваГэтаСтылёва”).
Гэтым часткова тлумачыцца іх папулярнасць у якасці падарунка на 23 лютага.
Жанчына інтуітыўна заяўляе свае правы на ролю ў сферы прыватнага мужчыны – супольнай ці не.
Маці, жонка, каханка – у залежнасці ад статуса змяняецца і прагматыка такой прэтэнзіі (хоць у апошнім выпадку шкарпэткі падаюцца найменш імаверным падарункам, з прадметаў адзення тут хутчэй падыйшоў бы “фалічны” гальштук).
Маці прэтэндуе на працяг сваёй ранейшай ролі ў жыцці выраслага сына, які цяпер вядзе асобнае жыццё і, звычайна, “належыць” іншай жанчыне.
Жонка імкнецца як мага больш рэгламентаваць сферу дамашняга, прыватнага, а таксама стыль і адзенне свайго мужа, тым самым ніколі не спыняючыся ў зацвяржэнні сваіх правоў на яго.
Плюс тая самая яскравая палоска ў публічнай сферы, як жаданне больш амбітнага і актыўнага ўдзелу ў жыцці з боку мужчыны.
Каханка (калі яна ўсё ж зробіць выбар на карысць шкарпэтак), будзе прэтэндаваць на сваю ролю і сімвалічную прысутнасць ва ўсё той жа самай сферы дамашняга жыцця, уваход куды для яе (О, Мельпамена!) прынцыпова немагчымы.
І кожная з іх купляе шкарпэткі.
Канешне, я толькі пункцірам пазначаю тут размеркаванне сацыяльных роляў і статусаў. Не забываюся таксама і чыста практычныя аспекты: шкарпэткі каштуюць танна, “заўсёды патрэбныя”, а да таго ж гэта вельмі ўдалы ўмоўны падарунак на ўмоўнае свята, бо значная колькасць мужчым мае сёння толькі ўскоснае дачыненне да службы ў войску і, падазраю, можа скептычна ставіцца да ідэі абараняць Айчыну.
Ёсць яшчэ адна чыста антрапалагічная лінія, якая дапамагае зразумець значэнне мужчынскіх шкарпэтак. Гэта апазіцыя паміж распранутым і апранутым целам, а ў нашым выпадку – нагамі. У сваю чаргу, яна – гэта прыватны варыянт апазіцыі паміж “дзікасцю” і “культурай”. З аднаго боку мы маем голыя ногі (добра, калі з пастрыжанымі пазногцямі), ці частковую аголенасць (дзюрка, з якой тырчыць палец), ці спрафанізаваную адзетасць, калі шкарпэткі ў такім стане, што лепш бы іх і не было. З іншага боку – “адамашанасць” нагі ў чыстай акуратнай шкарпэтцы.
Дарэнне мужчыне шкарпэтак – гэта інтуітыўнае жаданне падавіць той самы дзікі, непадкантрольны пачатак, звязаны з залішняй (не-хатняй) сэксуальнасцю, агрэсіяй, жаданнем прыгод.
Што да “культурнага коду шкарпэтак” згаданага Паўлінай Каржаковай, то, здаецца, ён пераважна складаецца з ўяўленняў вытворцаў пра трэндавыя тэмы, попыт на рынку і аўдыторыю патэнцыйных пакупнікоў.
Ці павінны мы радавацца таму, што нацыянальная тэматыка прыжылася на шкарпэтках?
Добрае пытанне.
Але можа так стацца, што гэта яскравая, ледзь заўважная палоска ў будзёным цёмным адзенні, якая цалкам раскрываецца, становіцца бачнай толькі дома, насамрэч дакладна адпавядае месцу і ролі беларускага ў нашым цяперашнім жыцці.