“Białoruś” у “Беларусь” перарабіў Каліноўскі?

Гісторыя

“Białoruś” у “Беларусь” перарабіў Каліноўскі?

Днямі на старонках Газеты ARCHE Андрэй Вашкевіч задаўся пытаннем: калі пачаў ужывацца выраз Białoruś?

У якасці пункту адліку ён прапанаваў 1824-ы год, калі гэтая назва ўзгадваецца ў выдадзенай у Вільні аповесці Яна Ходзькі “Pan Jan ze Swisłoczy, kramarz wędrujący”.

Але ўжыванне назвы Białoruś пачалося раней. Прысутнічае яна ў выдадзенай у 1823 годзе ў Магілёве кнізе “Wiadomosc statystyczna o Archi-dyeceyzi Mohilewskiey”.

Вокладка кнігі "Wiadomosc statystyczna o Archi-dyeceyzi Mohilewskiey".
Узгадка пра Беларусь за 1823 год.

Прысутнічае Białoruś (у звязцы з Літвой) і ў трэцім томе “Віленскага дзённіка” за 1822 год, у артыкуле пра стан сельскай гаспадаркі ў Расійскай імперыі ў 1814 годзе. Гэта тэкст адной з лекцый, чытанай у красавіку 1818 годзе ў Санкт-Пецярбурзе.

Узгадка пра Беларусь у выданні 1822 года.

Яшчэ раней назва Białoruś узгадваецца і на старонках польскамоўнай перыёдыкі, як тое ў выпадку аднаго з нумароў “Варшаўскай газеты” (Gazeta Warszawska) за снежань 1816 года.

Ліст з Беларусі. 28 снежня 1816 года. Gazeta Warszawska. № 104.

Згодна з гісторыкам XIX стагоддзя Іванам Грыгаровічам, гэта назва  ў такой форме пры каралі Яне Сабескім ужывалася ў дачыненні да праваслаўных іерархаў Віцебшчыны і Магілёўшчыны (першая згадка – 1675 год), а першым “епіскапам Беларускім” стаў Феадосій Васілевіч.

Было так ці не – хай высвятляюць даследчыкі.

Але бясспрэчны факт, што ў XVIII ст. на старонках польскамоўных выданняў сустраецца спалучэнне “Biała Ruś”. Напрыклад, у выданні 1793 года пад назваю “Historya Powszechna Czyli Kontynuacya Jakuba Benigna Bossueta Obiaśniaiąca Porządek, Wzrost Religii i Odmiany Państw. T. 4, cz. 1, Zawieraiąca w sobie znacznieysze przypadki, które się przytrafiły od Roku 1721. aż do Roku 1735”.

Узгадка пра Белую Русь у выданні 1793.

Магчыма, існуюць і больш раннія сведчанні ўжывання назвы “Białoruś”.

Мяне ж асабіста цікавіць іншае:

як і калі якім чынам “Białoruś” трансфармавалася ў “Беларусь”? І як яна распаўсюдзілася і замацавалася за асноўным арэалам пражывання нашага народа? А таксама калі назва “Беларусь” менавіта ў такой форме была ўжыта па-руску?

Алесь Белы. З “Хронікі Белай Русі”:

“Назва Белая Русь – унікальны помнік еўрапейскай (можна ўдакладніць: лацінскай) культуры, які ў пэўным сэнсе можна параўнаць з Домскімі саборамі ў Кёльне ці Мілане. Яе пачатак губляецца недзе ў гатычнай эпосе, а канчатковае ўдакладненне сэнсу адбылося ўжо ў перыяд мадэрна. І кожнае стагоддзе нешта змяняла ці дадавала ў яе тлумачэнне. Глыбокае веданне гісторыі назвы дазваляе крыху змякчыць праблему, якая на працягу стагоддзя стаіць перад дзеячамі беларускага нацыянальнага руху: ці магчыма ўжываць назву Белая Русь, калі яна гэтак доўга выкарыстоўвалася “вялікарускімі” шавіністамі для абгрунтавання тэзіса пра “адвечнае трыадзінства” усходніх славянаў – зразумела, пад уладай “белага рускага цара”? Высвятляецца, што гэтая назва, хаця і прыйшла звонку, пры іншым прачытанні можа засведчыць лучнасць яе гістарычнага лёсу з лёсам еўрапейскай цывілізацыі”.

Назва “Беларусь” прайшла доўгі шлях ад “Alba Ruscia” ў трактаце “Incipiunt descriptiones terrarum” з Дублінскага рукапісу 1260-х гадоў. Гэтае развіццё падрабязна прасачыў Алесь Белы ў выдатнай працы “Хроніка Белай Русі: Нарыс гісторыі адной геаграфічнай назвы”.

Упершыню Белая Русь, разам з Чорнай, трапіла на карту ў сярэдзіне XV стагоддзя, занатаваная манахам ордэна камальдулаў Фра Маўрам каля міфічнай краіны-вострава “Амазонія”, утворанай рукавамі Волгі. Відавочна, што ўяўленні пра гэты край былі смутныя і нават фантастычныя.

Rossia Biancha i Rossia Negra на карце Фра Маўра.

Тады пад Белай Руссю разумелі землі Наўгародскай рэспублікі, пасля захопу якой у 1472 годзе назва часам стала ўжывацца ў дачыненні да Маскоўскага царства, а ў часы Лівонскай вайны замацавалася за Полаччынай, якую ўжо з новай назвай вярнуў у склад Вялікага Княства Літоўскага Стэфан Баторый. Нездарма ж Мацей Стрыйкоўскі, па трапнай заўвазе Алеся Белага, ужыў правобраз наймення сучасных беларусаў – “Bielarussacy Litewscy”.

У XVII стагоддзі назва “Белая Русь” часам стала выкарыстоўвацца не толькі ў дачыненні да тэрыторыі цяперашняй Усходняй Беларусі, але і распаўсюджвалася на большую частку пражывання беларусаў. Тое засведчыў і нямецкі картограф Іаган Баптыст Гоман, які ў 1719 годзе выпусціў атлас для школьнікаў. Адна з карт у ім аддадзена федэратыўнай Рэчы Паспалітай, у якую ўваходзіла Вялікае Княства Літоўскае (Мagnus Ducatus Litvania). У межах княства вылучалася і “Белая Русь” (Russia Alba) з межамі, якія шмат у чым падобныя да нашых сённяшніх.

Фрагмент карты Баптыста Гомана.

Аднак на пачатку ХІХ стагоддзя Białoruś у пісьмовых крыніцах працягвала ўжывацца ў дачыненні да Усходняй Беларусі. Яна з’яўлялася на старонках прац гадаванцаў Віленскага ўніверсітэта, што адзначыў яшчэ журналіст Сяргей Дубавец. Толькі ён у якасці прыкладу спасылаўся на выданні 1830-х гадоў.

Аднак віленскія студэнты ўжывалі назву Białoruś яшчэ раней. Напрыклад, у 1819 годзе ў “Дзённіку Віленскім” з’явілася апісанне падарожжа па частцы Вількамірскага павету, Курляндыі, Інфлянтаў і Беларусі. Прычым у рэдактарскай назве матэрыяла прысутнічала “Białeyrusi”, а ў самім аўтарскім тэксце – Białoruś. Тэкст, хутчэй за ўсё, належаў ураджэнцу Віленскага павета Юзафу Сянкоўскаму, які ў далейшым стаў вядомым усходазнаўцам, паліглотам і заснавальнікам першага рускага “тоўстага часопіса” “Бібліятэка для чытання”.

Białoruś з "Дзённіка Віленскага".

У 1840-1850-я гады колькасць ужыванняў назвы Białoruś непараўнальна ўзрастае, чаму пасадзейнічалі творы Яна Баршчэўскага і Вінцэнта Дуніна-Марцінкевіча.

Аднак найбольш істотны крок быў зроблены ўжо напярэдадні і ў час паўстання 1863-1864 гадоў, калі назва Białoruś трансфармавалася ў Беларусь (Белорусь). Гэта засведчыў выдадзены Кастусём Каліноўскім 11 чэрвеня 1863 года па-беларуску “Прыказ ад ронду Польскаго над цэлым краем Літоўскім і Белорускім да народу зямлі Літоўской і Белоруской”.

Прыказ ад ронду Польскаго над цэлым краем Літоўскім і Белорускім да народу зямлі Літоўской і Белоруской.

Гэтая ж назва, только па-руску (“Белорусь”, а не “Белоруссия”) занатавана ў знакамітым паўстанцкім паролі.

Паўстанцкі пароль.

Падчас паўстання “Беларусь” канчаткова замацоўваецца не толькі за ўсходняй яе часткай, але ўвогуле за тэрыторыяй пражывання беларусаў як носьбітаў беларускай мовы.

Гэтаму пасадзейнічала навуковая спрэчка, якая разгарнулася вакол выдадзенай у 1863 годзе карты Родэрыха фон Эркерта, на якой пазнаюцца амаль дакладныя межы сучаснай Рэспублікі Беларусь. Так адзін з заснавальнікаў заходнерусізму Восіп Каяловіч у гэты час пісаў:

“Я разумею пад Беларуссю значна больш таго, што звычайна называюць гэтым імем, разумею ўсю тую краіну, дзе народ гаворыць па-беларуску, г.зн. і частку Віленскай, і большую частку Гродзенскай губерні”.

Фрагмент карты з этнаграфічнага атласа Заходнярускіх губерняў і суседніх абласцей (1863).

Гэтую справу працягнуў Францішак Багушэвіч, каб праз яго назва “Беларусь” набыла канчатковую форму на старонках “Нашай нівы”. Упершыню ж на карце назва “Беларусь”, мабыць, з’яўляецца толькі ў 1918 годзе.

Карта Беларускай Народнай рэспублікі.

На рускай жа мове “Беларусь” узгадваецца ў 1919 годзе ў выдадзенай у Берліне брашуры Цвікевіча “Беларусь. Политический очерк”.

“Беларусь” у ХІХ стагоддзі ператвараецца ў сапраўдны рамантычны праект. Зараджаецца беларускі рух, які ўяўляе Беларусь без асаблівай сувязі з Рэччу Паспалітай, так бы мовіць, з чыстага, белага аркуша.

Такім чынам, выраз “Беларусь” прайшоў доўгі шлях, каб з цьмянага геаграфічнага тэрміна ператварыцца ў лозунг палітычнага вызвалення. І давяршыў гэтую справу Кастусь Каліноўскі.

Вам можа спадабацца