Каронавірус ды іншыя прадвеснікі апакаліпсісу

Рознае

Каронавірус ды іншыя прадвеснікі апакаліпсісу

3 сакавіка 2020 а 18:58

Андрэй Вашкевіч

Выданні, якія разглядаюцца:

Джина Колата. Грипп. В поисках смертельного вируса. Москва: АСТ, 2013. 445 с.

Дэвид Куаммен. Зараза. Как инфекции, передающиеся от животных, могут привести к смертельной глобальной эпидемии. Москва: АСТ, 2016. 688 с.

Пошасці традыцыйна ўспрымаліся як прадвесце апакаліпсісу.

Эпідэміі чумы, воспы, халеры часам знішчалі ледзь не палову насельніцтва Зямлі, кожны раз нараджаючы прароцтвы аб хуткім сконе рода людскога ды страшным божым судзе.

Дзякуючы інтэрнэту істэрыка з цяперашнім каронавірусам перайшла ўсе магчымыя межы.

6 трыльёнаў долараў, якія згубіла сусветная эканоміка – гэта зашмат для хваробы, смяротнасць ад якой крыху перавышае 2%. З іншага боку, калі б усё насельніцтва планеты захварэла цяпер, а 2% памерла, колькасць смяротных ахвяр склала б 140 мільёнаў чалавек – насельніцтва такой краіны, як Расія.

Цікава, што цяперашняя эпідэмія – гэта не першая “сутычка” чалавецтва з каронавірусам. У 2002 – 2003 гадах на так званую “атыповую пнеўманію” захварэлі больш чым 8 тысяч чалавек, з якіх памерлі каля 800. “Атыповая пнеўманія” таксама выклікалася каронавірусам, які прыводзіў да так званага Цяжкага вострага рэспіраторнага сіндрома. Усе вядомыя да 2002 года каронавірусы выклікалі толькі розныя захворванні ў жывёлаў, напрыклад, мышэй, свіней ды індыкоў.

Кітаянка есць кажана ў рэстаране. Фота: dailymail.co.uk

Сучасны каронавірус менш небяспечны ў плане смяротнасці, але куды больш заразны за той, які выклікаў “атыповую пнеўманію”. Але для вучоных няма ніякай нечаканасці ні ў самым вірусе, ні ў месцы яго з’яўлення. Больш таго – інфекцыяністы ўсяго свету пастаянна чакаюць такіх эпідэмій, называючы іх Чарговая Вялікая Бяда (ЧВБ).

Усім, хто цікавіцца праблематыкай інфекцыйных захворванняў у сучасным свеце, я б параіў дзве кнігі: “Грып” Джыны Калата, і “Зараза” Дэвіда Куамена.

Гэтыя кнігі расказваюць пра гісторыю хваробаў, іх уплыў на грамадства і сувязь з экалогіяй, таму могуць быць цікавыя многім.

Кніга Джыны Калаты прысвечана страшнай эпідэміі “гішпанкі”, якая ў 1918 – 1919 гг. забіла ад 50 да 100 мільёнаў людзей, стаўшы, мабыць, самай смяротнай эпідэміяй у гісторыі чалавецтва.

Аўтарка распавядае пра шматгадовыя пошукі вучонымі сапраўднай прычыны эпідэміі – віруса “гішпанкі”. Пошукі завершыліся толькі ў 1990-х гг., калі стала зразумелым, што “гішпанку” выклікаў вірус грыпа H1N1, які ў наш час стаў вядомы як “свіны грып”. Найбольш цікавы, на маю думку, наступны факт, на які звяртае ўвагу Джына Калата – эпідэмія, якая ў момант свайго развіцця падавалася ледзь не апакаліпсісам, была хутка выкраслена з калектыўнай памяці людзей.

Чалавецтва быццам бы саромеецца момантаў сваёй гісторыі, звязаных з чаканнем “канца свету”, і пачынае сціраць іх са сваёй калектыўнай памяці.

Але калі грамадства не памятае такога, ёсць навукоўцы, якія аднаўляюць памяць літаральна пра ўсё.

Гісторыкі могуць скласці крывую развіцця эпідэміі, а медыкі прапанаваць эфектыўны ў сучасных умовах метад тэрапіі.

А вось пра іншыя заразныя хваробы і іх навуковае вывучэнне расказваецца ў кнізе Дэвіда Куамена. У ёй ёсць раздзелы, прывечаныя ВІЧ, хваробе Лайма, “атыповай пнеўманіі” і іншым захворванням, якія перадаліся чалавеку ад жывёлаў. Кніга чытаецца часам як дэтэктыў, а часам як сага з далёкіх міфічных краёў.

І большасць гісторый, расказаных аўтарам, круцяцца вакол адной праблемы – экалогіі, узаемадзеяння чалавека і прыроды. Напрыклад, усе сёння баяцца заразіцца ад кляшчоў так званай хваробай Лайма, або лаймбарэліёзам.

Лайм – гэта акруга ў амерыканскім штаце Канэктыкут. У 1970-х гг. аказалася, што ў гэтай акрузе дзяці хварэюць на хваробу суставаў у сто разоў часцей, чым у іншых амерыканскіх штатах. Навукоўцы высветлілі, што дзеці і дарослыя хварэюць, а часам становяцца нават інвалідамі, пасля ўкусаў кляшчоў, якія пераносяць барэліі – такія небяспечныя для чалавека мікраарганізмы.

Спачатку навукоўцы думалі, што прыродным рэзервуарам гэтай хваробы былі алені. Маўляў, напіўся клешч крыві ў аленя, а пасля перадаў хваробу чалавека. Выснова была простая – перабіць усіх аленяў і кляшчы прападуць.

Высветлілася, што не: кляшчы нараджаюцца не носьбітамі барэліяў, а кроў п’юць ўсяго два-тры разы ў жыцці. І вось першы раз, яшчэ на стадыі німфы, клешч напіваецца крыві ў хамякоў, якія акурат і з’яўляюцца прыродным рэзервуарам хваробы Лайма (у Беларусі гэта пераважна мышы, а таксама некаторыя птушкі).

А вось рост папуляцыі хамякоў звязаны з умяшальніцтвам чалавека ў прыроду – менш стала лісаў, соваў, пугачоў, вавёрак, стаў цяплейшы клімат – вось вам рост папуляцыі хамякоў і пасля кляшчоў.

Або прыклад з ВІЧ-інфекцыяй. ВІЧ існуе больш чым у дзесяці розных штамах, і КОЖНЫ раз ён асобна перадаваўся ад малпы да чалавека. І гэта гаворка пра хваробу, якая, скажам шчыра, перадаецца не асабліва актыўна. ВІЧ перадаўся чалавеку ад шымпанзэ недзе каля 1908 года і дзесяцігоддзі перамяшчаўся сярод насельніцтва Заходняй і Цэнтральнай Афрыкі. У сувязі з ростам гарадскіх асяродкаў (пасля Другой сусветнай вайны гарады ў Афрыцы раслі хутчэй, чым у БССР) стаў распаўсюджвацца выбухова, а міграцыі прывялі хваробу спачатку на Гаіці, а пасля ў ЗША і іншыя краіны свету.

Расказваючы пра “атыповую пнеўманію” 2003 года, Куамен, можна сказаць, пераказвае гісторыю нашумелага цяпер каронавіруса. Той, ранейшы, каронавірус з’явіўся ў кітайскай правінцыі Гуанчжоў, трапіў адтуль у Ганконг, Канаду, на Філіпіны і ў іншыя краіны. Адзін заражаны чалавек станавіўся так званым суперраспаўсюджвальнікам хваробы, заражаючы дзясяткі людзей. Ідучы па слядах віруса, вучоныя прыйшлі да высновы, што людзям вірус перадаўся ад драпежнікаў-цыветаў (тых самых, кафейнае зерне з чыіх страўнікаў прадаюць за шалёныя грошы), а яны атрымалі вірус ад аднаго са шматлікіх у Кітаі відаў кажаноў.

Цывета.

Праблема заключаецца ў тым, што ў Кітаі вялікай папулярнасцю карыстаецца так званая “дзікая ежа” – экзатычныя стравы з пацукоў, кажаноў, слімакоў ды рознай іншай дзічыны. Згатаваныя, яны ўжо не ўяўляюць пагрозы для чалавека, аднак на фермах, а ў Кітаі там часам разводзяць вельмі экзатычных жывёл, і асабліва на рынках усе гэтыя жывёлы размяшчаюцца ў экстрэмальных умовах, кантактуючы міжсобку. У такой сітуацыі вірусы лёгка змяняюцца, прыстасоўваючыся ў тым ліку да чалавека.

Няма сумневаў, што і пачатковы сучасны каронавірус паходзіць з рынку ці звярынай фермы ў ваколіцах Уханя.

На звярыным рынку ў Бірме. 

Выснову, якую можна з зрабіць з кнігі Дэвіда Куамена, я б сфармуляваў наступным чынам: людзі занадта моцна парушаюць экалогію планеты, быццам у вялізным катле перамешваючы віды жывёл і кліматычныя паясы. У гэтым катле нараджаюцца і будуць нараджацца вельмі непрыемныя і, што асабліва важна, добра адаптаваныя да чалавека хваробы. Таму Чарговая Вялікая Бяда будзе прыходзіць да людзей рэгулярна і выпрабоўваць на трываласць сацыяльныя інстытуты і здольнасць чалавецтва рацыянальна рэагаваць на самыя складаныя выклікі.

Вам можа спадабацца