Менская гарадская легенда: горад-дух паміж дзвюх рэк

Меркаваньні

Менская гарадская легенда: горад-дух паміж дзвюх рэк

Трэцяга сакавіка Менску споўнілася 953 гады.

Сёння ён нібыта буйны цэнтр беларускай культуры. Праўда, усе запар у ім таўкуць па-расейску.

Насельніцтва ў ім ужо перацякло за 2 мільёны, а Беларусь пры гэтым адзначаецца дэмаграфічным спадам.

Тут жыве 20% жыхароў краіны, але насамрэч гэта правінцыйны горад Еўропы.

Менск – гэта горад супярэчнасцяў.

Напрыклад, скажу я сваім гасцям, што Беларусь – незалежная дзяржава, бо мы маем плошчу Незалежнасці. А яны перапытаюць: гэта месца над станцыяй метро “Плошча Леніна”?

Тое ж самае і з назвай Менску: паходзіць ад ракі Менкі, але размешчаны на Нямізе.

Гэта такі горад-дух, здольны блукаць паміж дзвюма рэчкамі.

Сёння гэты вобраз ператварыўся ў urban legend.

Але часты паўтор гэтай легенды не робіць яе больш праўдзівай.

То ці стаяў Менск на дзвюх рэках? Мо рака была адна?

Што калі атаясаміць Менку з Нямігай?

Але пра ўсё па парадку.

Як пішацца у інтэрнэце, закладзенае на рачулцы Менцы гарадзішча было першапачатковым Менскам, але пасля разбурэння горад быў перанесены на гару, дзе суседняя рэчка Няміга ўпадала ў Свіслач ды стаяў ўжо аднайменны абарончы пасад.

Перасяляючыся на Нямігу, менчукі, маўляў, прыхапілі з сабой папярэднюю назву знішчанага чужынцамі паселішча.

На гэтым месцы цяпер усталяваныя прыгожыя камяні.

Крыніца: https://minsk-old-new.com/.
Крыніца: https://www.facebook.com/

Але наколькі гіпотэза Менка > Менск падмацавана пісьмовымі крыніцамі?

Дастаткова сказаць, што ў згадцы пра бітву на Нямізе ў 1067 г. Менка наогул не фігуруе, як, дарэчы і Свіслач – немалы прыток яшчэ больш вялікай Бярэзіны.

Як вядома з позніх спісаў “Аповесці мінулых часоў”, Яраславічы “поидоша к Немизе. И Всеславъ поиде противу. И совокупившеся в бои на Немизе”.

Я не знайшла першай даты фіксацыі назвы рачулкі Менка пад Менскам у працах гісторыкаў; гіпотэза ж пра сувязь Менска з Менкай з’явілася толькі ў 1937 г. у “Малой советской энциклопедии”.

Высвятляюцца іншыя цікавыя абставіны:

гіпотэза пра перанясенне Менска з Менкі на Нямігу абапіраецца на вельмі познія рэканструкцыі, распачатыя пасля далучэння беларускіх земляў да Расейскай імперыі.

Акурат тады гісторыкі пачалі “атаясамліваць” Нямігу з тапанімічнымі аб’ектамі ў Менску або каля яго.

Мікалай Карамзін атаясаміў Нямігу з Нёманам. Мянчук Зарыян Далэнга-Хадакоўскі быў першым, хто ідэнтыфікаваў летапісную Нямігу з безназоўным раўчуком пасярод старога Менску.

Ці не першым планам, дзе адзначана рэчка Няміга, з’яўляецца “План Губернского города Минска”, выдадзены ў 1910 г.

А вось від Нямігі ў 1920 г.

Выток Нямігі дакладна не вызначаны, і сёння наогул няма гэтай рэчкі, даўжыня якой складала не болей за 5 км, а значыць, яна была карацейшая нават за Менку (7 км).

Тым не менш, пра Нямігу складаюцца легенды.

Пасля адшукання ў раёне Веласіпеднага завулку балотца, з якім атаясамілі выток Нямігі, адважныя ўдзельнікі экспедыцыі не без гумару напісалі:

“С некоторой долей уверенности и авантюризма можно утверждать, что это и есть место бывшего истока Немиги. Можно начать водить зарубежных туристов и строить агроусадьбу”.

Напэўна, наступным этапам будзе вывядзенне Нямігі з калектара ды пашырэнне яе “гістарычных берагоў”.

Але ці Менка і Няміга не адна і тая ж рака?

Пры фіксацыі тапонімаў на міжнародных гандлёвых шляхах трэба заўсёды ўлічваць “фактар візіцёра”.

Вандроўнікі хаатычна змешвалі балцкае з германскім, германскае са славянскім, фанетычнае з графічным. Разбіраць гэтыя векавыя напластаванні цяжка.

Варта прыгледзецца да суседніх з Менскам абшараў, дзе ёсць шмат невялікіх рэчак з падобнай да Менкі назвай: Мена – рака, правы прыток Дзясны, на якой стаіць мястэчка Мена на Чарнігаўшчыне (цяпер – раённы цэнтр), Мень (альбо Мнень) – рэчка на Дабрыньскім паазер’і ў Польшчы, якая спалучае Скупскія азёры і ўпадае ў Віслу, там жа стаіць населены пункт Мень; вёска Мень стаіць на рэчцы Мянка ў павеце бельскім, даўней – Гродзенскай губерні, цяпер жа Падляшскага ваяводства Польшчы, яшчэ адна рэчка Меня цячэ на Мазовіі ў павеце Мінскім на захадзе ад Калушына, ля вёскі з ідэнтычнай назвай Меня, побач жа знаходзіцца горад Мінск Мазавецкі.

Можна звярнуць увагу і на назвы, фанетычна аддаленыя ад меркаванай першаснай Мені. Гэта можа быць і маленькая рэчка Мнюта на Глыбоччыне, і населены пункт Мінойты на Гарадзеншчыне. Гэта, канечне, і рэчка Міня (па-літоўску Мінія) правы і апошні прыток Нёмана ў сучаснай Літве.

Як падае Słownik geograficzny Królestwa Polskiego i innych krajów słowiańskich (1885) г., гэты гідронім мае нямецкія адпаведнікі Мінге / Мінга / Мінога ад першаснай назвы Міня, і што тыя нібыта ўжываюцца “памылкова”.

У сувязі з такім “памылковым” вымаўленнем звяртаюць на сябе ўвагу і польскі населены пункт на Мазурах Mińwy, што па-нямецку называўся Мінгфен, і Мінгосы (польск. Mingosy) – фальварак у павеце вэнгровскім паміж Калушынам і Седльцамі, і Мінгелі (польск. Mingiele) – вёска у шаўляйскім павеце, і Мінгінцы (фальварак у шауляйскім павеце), і, як не дзіўна гэта падасца гісторыкам – рэчка Бабрунга (польск. Bobrunga), што ў дэльце Нёмана ўпадае ў рэчку Мінгу, а таксама рэчка Данга (ням. Dange) ў Клайпедзе і вядомая назва паселішча на Куршскай касе з назвай Нерынга.

Усе гэтыя назвы першапачаткова не мелі спалучэння –нг-. Дарэчы, такія назвы з элементам –нг- фіксуюцца ў германскіх крыніцах ад ХІІІ ст. Як бачым, існуе цэлая група “менкаонімаў”, якія выяўляюць неўніфікаваныя варыянты, з якіх, як у дэтэктыве – Меня, яна ж Менья, яна ж Меньга, яна ж Меніга, яна ж Менька, яна ж Менка, яна ж Няміга. Праз падабенства гукаў, ётаванае вымаўленне, дробныя вакалізацыі і змену націску, а таксама праз першую пісьмовую фіксацыю, дзе ў старажытнай графічнай сістэме лацінскай мовы выкарыстоўвалася спалучэнне –ng- для запісу мяккага вымаўлення –нь-, філолагі, хоць і не без цяжкасці, убачаць у назве Няміга назву Менка.

Так што пераход Мені/Менкі ў Нямігу ў прынцыпе магчымы.

Так гэта ці не, хай канчаткова пацвердзяць/абвергнуць іншыя кампетэнтныя крытыкі. Прыхільнікаў жа менскай гарадской легенды просьба не турбавацца: іх тэорыя, як мне падаецца, заводзіць у сляпы завулак.