У тарашкевіцы не абыйсьціся бяз слова “Летува”

Меркаваньні

У тарашкевіцы не абыйсьціся бяз слова “Летува”

Удзельнікі папярэдняй дыскусіі наконт таго, варта ці няварта ўжываць слова Летува, слушна адзначылі важнасьць гістарычнай адукацыі і шырэйшай падачы праўдзівых зьвестак і фактаў пра супольную гісторыю беларусаў і летувісаў.

Аднак нельга так проста адмовіцца ад слова, важнага ў тарашкевіцы.

Слова, якое мае пэўную важную нагрузку, нададзеную яму перадусім дыяспарнай беларускай мовай.

Як слушна заўважыў Зьміцер Санько, слова Летува і вытворныя зь яго – не такое новае. У дыяспары яно ўжывалася  пасьлядоўна пасьля Другой сусьветнай вайны.

Напрыклад, у тэкстах Аляксандра Надсана сустракаем пераважна Летува, летувіскі, летувіс (а ў размове яшчэ жмудзін, Жмудзь). У 60-70-ыя гады мінулага стагодзьдзя ў часопісе “Божым шляхам” у многіх тэкстах ужываюцца словы “Летува”, “летувіскі” (у Часлава Сіповіча, Льва Гарошкі). Тое ж назіраем у мове беларускага друку Паўночнай Амэрыкі: у тэкстах Сяргея Хмары ўжываецца Летува ў апісаньні праекта летувіскай дзяржаўнасьці з сталіцай спачатку ў Коўне, затым у Вільні.

Газэта беларусаў ЗША “Беларус” ўжывае выключна Летува.

Гэта тлумачыцца ідэалягічнымі фактарамі: адрозьніваць Літву даўнейшую ад Летувы цяперашняй.

Такое, дарэчы, назіраецца і ў францускай мове: калі гаворыцца пра ВКЛ і даўнейшую Літву, то пішуць Lithuanie, а калі пішуць пра цяперашнюю Летуву, то ўжываюць форму Lituanie бяз h.

І гэта ня проста нюанс правапісу, як падаецца часта.

Францускія гісторыкі (напрыклад, Віржынія Шыманец) зьвяртаюць такім чынам увагу на адрозны зьмест панятку. Іх наўрад ці можна абвінаваціць у комплексе непаўнавартасьці.

А вось беларусаў, якія ўжываюць слова Летува, летувіскі чамусьці Вінцук Вячорка і Сяргей Шупа абвінавачваюць у падобным.

Суіснаваньне словаў Літва і Летува ў тарашкевіцы расстаўляе кропкі на "і", дэманструючы і храналягічную, і ідэалягічную адрознасьць гэтых паняткаў. У адрозьненьне ад наркамаўкі, у сучаснай тарашкевіцы назіраецца варыятыўнасьць, што дазваляе выказвацца сьмялей, не зважаючы на пурысцкія ганьбаваньні ці забароны.

Гэтым правапісам мы пішам Літва і ЛетуваВільня і Вільнюс, Аліта і Алітус, Нямеччына і Германія.

Прычым часам такое слоўжыванне назіраецца ў тэкстах, напісаных афіцыйным правапісам. У 2002 годзе Ніл Гілевіч у “Віры быцьця” пісаў пра “сучасную Летуву ці ранейшую Жамойцію”.

Тарашкевіца, хоць і губляе поле ўжытку, але ўсё яшчэ застаецца дэмакратычным полем: варыятыўнасьць і мажлівасьць выбіраць слова сьведчаць на карысьць гэтага. Таму ніякія барбарызмы кшталту Летува, летувіскі не нясуць небясьпекі. На маю думку, куды больш небясьпечнымі для нашай мовы зьяўляюцца бясконцыя барбарызмы-англіцызмы.

Але ня толькі дыяспарны досьвед важны тут, хоць ён з сацыялінгвістычнага пункту гледжаньня выступае аргумэнтам на карысьць жыцьцяздольнасьці слова Летува. У сучаснай тарашкевіцы (галоўным чынам Радыё Свабода і Польскага Радыё па-беларуску) словы Летува, летувіскі, летувіс да таго ж служаць своеасаблівай лякмусавай паперкай неафіцыйных летувіска-беларускіх адносінаў: словы перадусім падкрэсьліваюць павагу да суседзяў, выкарыстоўваючы іх нацыянальны назоў.

Дэбаты вакол ужываньня назвы Летува і Літва ў дачыненьні да сучаснай беларускай суседкі  насамрэч добры знак. Моўная практыка пакажа, які варыянт слова пераможа ў будучыні, але і цяпер, маючы каля 70 год ужываньня, слова Летува і вытворныя ад яго выглядаюць на сваім месцы ў досыць разнастайнай і дэмакратычнай тарашкевіцы.

Якраз праз гэта многія і выбіраюць яго.