Як Беларусь да Ломжы дайшла

Гісторыя

Як Беларусь да Ломжы дайшла

10 сакавіка 2020 а 14:20

Андрэй Вашкевіч

У нашай завочнай дыскусіі мы з гісторыкам Васілём Герасімчыкам дашукаліся першых згадак “Беларусі” (Białorusi, Białejrusi, Białeyrusi) недзе ў 1814 – 1816 гг.

Раней пакуль ёсць толькі Белая Русь.

Пры чым і Белая Русь і пасля Беларусь абмяжоўваліся на пачатку XIX стагоддзя Падзвіннем і Падняпроўем да Бярэзіны.

Часовы ўрад Вялікага Княства Літоўскага летам 1812 г. звяртаўся менавіта да жыхароў Белай Русі, калі войскі Напалеона пераходзілі (яшчэ ва ўсходнім кірунку) ракавую для іх дняпроўскую Бярэзіну.

Чаму Белая Русь стала Беларуссю сказаць мы пакуль не можам. Можа акурат трагедыя Вялікай Арміі на Бярэзіне зімой 1812 года і тое, што пра гэты рэгіён стала так гучна і ў карэннай Польшчы і ва ўсёй Еўропе, і спарадзілі гэты філалагічны новатвор – “Беларусь”? Тады, выглядае, мы павінны быць удзячныя за з’яўленне “Беларусі” не толькі польскамоўным студэнтам і выкладчыкам Віленскага ўніверсітэта, але і няшчасным напалеонаўскім ваякам.

Такім чынам, адкладзем пакуль пошук Беларусі ў глыбі вякоў і глянем на яе ў геаграфічнай прасторы.

Сярод тых, хто цікавіцца гісторыяй Беларусі, ёсць такое меркаванне, што яшчэ ў XIX ст. жыхары Гродзеншчыны, заходняй Міншчыны ды заходняй Віцебшчыны ледзь не суцэльна называлі сябе літвінамі.

Праўды ў гэтым выказванні дзве – літвінамі называлі сябе найперш адукаваныя прадстаўнікі шляхты, а Літвой яшчэ нават і ў ХХ ст. гэты край называлі суседзі, найперш палешукі. Сярод грэка-каталіцкага а пасля праваслаўнага насельніцтва гэтых земляў у пераважнай большасці дамінавала саманазва “русін”.

Пра русінаў у сваіх знакамітых лекцыях пісаў Адам Міцкевіч, а ўжо Эліза Ажэшка з 1870-х гг. пачынае выкарыстоўваць тэрміны “русінскі” і “беларускі” абсалютна раўналегла. Тут можна прывесці не адзін дзясятак яе цытат.

Эліза Ажэшка.

Палкоўнік царскага генеральнага штабу Павел Баброўскі адшукаў на Гродзеншчыне 1840-х гг. не толькі “рускіх” якія гавораць на беларускай мове, але і чарнарусаў, палешукоў, бужан, падлясян рускіх, падлясян польскіх, мазураў…

А ўжо ў пачатку другой паловы XIX ст. русіны-беларусы “з’яўляюцца” ў тагачасным Царстве Польскім – у тагачаснай Аўгустоўскай, а пасля Сувалкаўскай губернях. Русінаў ваколіц Сапоцкіна і Аўгустова апісвае ў сваёй выдадзенай у Варшаве кнізе спецыяліст па лясной справе Аляксандр Палуянскі (Połujański Aleksander. Wędrówki po gubernji augustowskiéj w celu naukowym odbyte. Warszawa, 1859).

Аляксандр Палуянскі.

Палуянскі паняцця не меў пра слова “Беларусь”, але канстатаваў важнае – на самым захадзе былога Вялікага Княства Літоўскага жыве маса ўсходнеславянскага насельніцтва.

Літаральна праз пару гадоў у Пецярбургу выйшла брашура царскага афіцэра Аляксандра Рыцціха, прысвечаная, скажам так, “непалякам” Любліншчыны і Аўгустоўшчыны (Риттих Александр. Приложение к материалам, для этнографии Царства Польского, губернии: Люблинская и Августовская. СПб., 1864). Аляксандр Рыцціх быў сынам ліфляндскага немца, які прыняў праваслаўе і апантана абараняў ідэю аб’яднання ўсіх славян пад скіпетрам расійскага імператара.

Аляксандр Рыцціх.

Рыцціх ужыў тэрмін “беларусы” ў дачыненні да русінаў Аўгустоўшчыны:

“это племя было как будто позабыто, среди его окружающих, а между тем оно живет и уступая поле шаг за шагом, успело однакож, сохранить доныне, не только свой язык, но и свою Греко-Униатскую религию” (с. 16).

Аўтар брашуры дашукаўся слядоў “белорусского наречия” нават каля Ломжы, глыбока ў польскім этнаграфічным абшары.

Такім вось чынам, адзін даследчык ці не ўпершыню канстатаваў існаванне на захад ад Нёману вялікага “русінскага” абшару, а другі, пакуль толькі “навукова” прышчапіў да гэтай супольнасці тэрмін “беларусы”. Больш чым праз трыццаць гадоў сюды прыехаў Яўхім Карскі, каб удакладніць тут межы рассялення “белорусского племени”.

Так Беларусь, паступова паглынаючы “русінаў”, дабралася амаль што да Ломжы.

Безумоўна, Беларусь перасоўвалася на захад не разам з плынямі насельніцва – “русіны” Гродзеншчны і Аўгустоўшчыны жылі на сваіх месцах ужо шмат стагоддзяў. Яна перасоўвалася найперш у свядомасці інтэлігентаў, як палякаў, так і расійцаў і новаспечаных беларускіх адраджэнцаў.

Удала сфармулявала змест гэтага працэса сяброўка Элізы Ажэшкі Марыя Канапніцкая, якая ў 1888 годзе ў лісце да Т.Ленартовіча пісала пасля наведвання Гродна:

“Тое, што народзіцца там калісьці сярод люду, не будзе гэта Польшча і Літва, але Беларусь. Рысы, што сфармавала гісторыя, часам і няволяй будуць разбураны: рысы этнаграфічныя застануцца”.

Размова тут не толькі пра этнаграфію, а пра нараджэнне сучаснага нацыяналізму, якому парадаксальным чынам дапамаглі атрымаць сваё імя ўніверсітэцкія прафесары ды афіцэры генштаба, палякі ды расійцы.

Апошнім або адным з апошніх, хто хацеў “адсунуць” Беларусь калі не да Бярэзіны, то, прынамсі, да мяжы Гродзеншчыны і Міншчыны, быў Юзаф Пілсудскі. У сваіх федэрацыйных планах любая беларуская аўтаномія планавалася ім толькі на тых землях, якія, у канчатковым выніку, так і не сталі Польшчай па выніках савецка-польскай вайны.

Яшчэ ў 1918 годзе Белая Русь і Беларусь суіснавалі ў польскіх улётках.

Пілсудскі быў дастаткова тонкім дыпламатам, у сваім звароце да жыхароў былога Вялікага Княства Літоўскага вясной 1919 г. не згадаўшы ні літоўцаў ні беларусаў ні якога іншага народу.

Але, выглядае, што маршалак думаў занадта архаічнымі катэгорыямі, бо хацеў адрадзіць нешта патрыярхальнае, чаго не існавала ўжо фізічна, а яго апаненты “нарадоўцы” захацелі пабудаваць мадэрную польскую нацыю, што таксама было абсалютна немагчыма ні на беларускіх ні на ўкраінскіх землях…

Бальшавікі, у сваю чаргу, рашуча ўзяліся за вырашэнне беларускага пытання, перахапіўшы тут ініцыятыву ў апанентаў разам з самым тэрмінам Беларусь. Не спалі ў шапку ні беларускія дзеячы ні беларускае грамадства, якое ўжо пачало ўсведамляць сваю еднасць. Пры чым паняцце “Заходняя Беларусь” распаўсюдзілася і на польскую ў этнічным сэнсе Сувальшчыну і на мяшаную Віленшчыну і на Палессе. 

Восенню 1939 года, істотна скурчыўшыся, гэтая  “Заходняя Беларусь”  стала часткай БССР.

Вам можа спадабацца