Адрэзаная галава Ігната Грынявіцкага

Меркаваньні

Адрэзаная галава Ігната Грынявіцкага

12 сакавіка 2020 а 19:15

Васіль Герасімчык

13 (1 па ст.ст.) сакавіка 1881 года ў Пецярбурзе ўраджэнец Беларусі, нарадаволец Ігнат Грынявіцкі забіў расійскага імператара Аляксандра ІІ.

Грынявіцкі, які загінуў у веку 25 гадоў, у савецкі час лічыўся мучанікам за рэвалюцыйную ідэю. У цяперашнім жа падручніку па гісторыі яму адведзены ўсяго адзін сказ.

І гэта не зважаючы на тое, што Грынявіцкі – стваральнік беларускай фракцыі падпольнай арганізацыі “Народная воля”. Той, адкуль выйшла група альманаха “Гоман”, які лічыцца “метрыкай нацыянальнай ідэі”. 

Ігнат нарадзіўся ў маёнтку Басін Свіслацкай воласці Бабруйскага ўезда Мінскай губерні (цяпер – в. Калінаўка Клічаўскага раёна Магілёўскай вобласці), дзе яго бацька Іахім Грынявіцкі працаваў эканомам. Іахім быў збяднелым шляхцічам, уладальнікам маёнтка Вялікія Грынявічы Бельскага павету Гродзенскай губерні. Род Грынявіцкіх быў добра вядомы на Беласточчыне і шэраг яго прадстаўнікоў патрапілі пад рэпрэсіі за ўдзел у паўстанні 1863-1864 гадоў. У тым ліку і адзін з выдаўцоў нелегальнага выдання на беларускай мове “Гутаркі старога дзеда”.

Ігнат Грынявіцкі ў ліку выдатнікаў скончыў Беластоцкую рэальную гімназію, дзе атрымаў мянушку “Коцік”. Далей было механічнае аддзяленне Пецярбургскага тэхналагічнага інстытута, адкуль Ігната выключылі на апошніх курсах.

Грынявіцкі марыў змяніць свет да лепшага, наблізіць надыход сацыяльнай справядлівасці і ўсталяванне лепшага грамадскага ладу. Па прыездзе ў 1875 годзе ў Пецярбург ён наведвае некалькі польскіх гурткоў, але ў іх надоўга не заставаўся. Пазней рускі народнік Леў Ціхаміраў, які ў далейшым адмовіўся ад уласных поглядаў і стаў манархістам, узгадваў:

“Палякі зацята называлі яго Грунявецкі і залічвалі да сваіх. Ён сам, аднак, называў сябе літвінам, а не палякам; па-руску гаварыў выдатна, як і па-польску, і быў цалкам рускі народнік. Афіцыйна яго, вядома, трэба лічыць палякам, таму што па веравызнанні ён быў каталік. Тым не менш Грыневіцкі быў паляк моцна "памаскалены", і вялікая частка яго студэнцкіх сяброў, з якімі ён марыў пра паселішчы "ў народзе", былі кроўна рускія ці "памаскаленыя" палякі.

Сам жа Грынявіцкі выношваў ідэю арганізацыі “баявых дружын” з удзелам сялян і нават выправіўся на радзіму для іх арганізацыі. Пасля краху гэтай ідэі ён вяртаецца ў Пецярбург і далучаецца ў 1879 годзе да “Народнай волі”.

“Народная воля” ставіла за мэту знішчэнне самадзяржаўя. Нарадавольцы верылі, што забойства цара выкліча сялянскую рэвалюцыю. Аляксандра ІІ яны называлі “вешальнікам” за разгорнутыя рэпрэсіі (толькі са жніўня 1878 па жнівень 1879 года было пакарана смерцю 14 рэвалюцыянераў).

Урэшце, 13 сакавіка 1881 года нарадавольцы забілі імператара, але рэвалюцыі тады так і не сталася.

Аднак Ігнат Грынявіцкі пра тое ўжо не даведаўся, пакінуўшы за некалькі дзён да сваёй смерці нататку:

“Аляксандр II павінен памерці. Дні яго палічаныя.

Мне ці каму іншаму давядзецца нанесці страшэнны апошні ўдар, які гулка раздасца па ўсёй Расіі і рэхам адгукнецца ў самых аддаленых кутках яе, – гэта пакажа недалёкае будучае.

Ён памрэ, а разам з ім памром і мы, яго ворагі, яго забойцы.

Гэта неабходна для справы волі, бо тым самым значна пахіснецца тое, што хітрыя людзі клічуць кіраваннем – манархічным, неабмежаваным, а мы – дэспатызмам...

Што будзе далей?

Ці шмат яшчэ ахвяр запатрабуе наша няшчасная, але дарагая радзіма ад сваіх сыноў для свайго вызвалення? Я баюся... мяне, асуджанага, які стаіць адной нагой у магіле, палохае думка, што наперадзе шмат яшчэ дарагіх ахвяр забярэ барацьба, а яшчэ больш апошняя смяротная сутычка з дэспатызмам, якая, я перакананы ў тым, не асабліва далёкая і якая залье крывёй палі і нівы нашай радзімы, бо – на жаль! – гісторыя паказвае, што велічнае дрэва волі патрабуе чалавечых ахвяр.

Мне не давядзецца ўдзельнічаць у апошняй барацьбе. Лёс асудзіў мяне на раннюю згубу, і я не ўбачу перамогі, не буду жыць ніводнага дня, ні гадзіны ў светлы час урачыстасці, але лічу, што сваёй смерцю зраблю ўсё, што павінен быў зрабіць, і большага ад мяне ніхто, ніхто на свеце патрабаваць не можа.

Справа рэвалюцыйнай партыі – запаліць назапашаны ўжо гаручы матэрыял, кінуць запалку ў порах і затым прыняць усе меры да таго, каб узніклы рух скончыўся перамогай, а не павальным збіваннем лепшых людзей краіны.

люты 1881 г.

Ігнат Грынявіцкі”

Ігнат Грынявіцкі быў смяротна паранены падчас замаху на цара Аляксандра ІІ,  і так і не назваў свайго імя.

Каб вызначыць асобу “невядомага”, быў зроблены фотаздымак, да якога прыкладалася наступнае апісанне:

Дастаўлены цалкам у непрытомным стане… На лобе і на твары шмат крывавых ранак, абодва павекі пабітыя з кровазліццём пад злучальную абалонку… правае вока неадчувальнае да святла… Правая галёнка пакрытая дваццаццю ранамі… Косці правай галёнкі раздробленыя ў сярэдняй і ніжняй частках, прычым раны буйных памераў ад 1 да 2 ½ сантыметра, з кровападцёкам. На тыльнай паверхні правай ступні каля случэння пальцаў з плюснявымі касцямі заўважаецца папярочная рана памерам на 7 сантыметраў, якая пранікае ў суставы. Верхняя частка левай галёнкі пакрытая ранамі скуры… Усяго на целе звыш пяцідзесяці ранаў… Дыханне павярхоўнае. Пульсу няма.

Адрэзаную галаву Ігната Грынявіцкага змясцілі ў слоік са спіртам і выставілі ў холе пецярбургскай камендатуры паліцыі.

Ці захаваўся гэты слоік і дзе ён сёння? Ці не варта было б яго знайсці і вярнуць на радзіму, каб перапахаваць, як тое ўжо зроблена з парэшткамі Магдалены Радзівіл і Змітрака Бядулі?

Мяркую, што тое было б лягчэй зрабіць, чым вярнуць матэрыяльныя каштоўнасці, вывезеныя з Беларусі падчас эвакуацыі ў чэрвені 1941 года, аб чым у лютым гаварыў Ігар Марзалюк.

Ды і ці б былі супраць таго расійскія ўлады? Бо адна справа – крыж Еўфрасінні Полацкай, другая – слоік з некалькімі літрамі спірта 140-гадовай вытрымкі ды галавою царазабойцы.

Вам можа спадабацца