Кніга пра нашае сёння, якое так і не стала рэальнасцю

Рознае

Кніга пра нашае сёння, якое так і не стала рэальнасцю

15 сакавіка 2020 а 22:11

Андрэй Вашкевіч

Падлеткі другой паловы 90-х гг. мінулага стагоддзя з трапятаннем чакалі не толькі 1 студзеня 2000 года, калі павінна было пачацца новае таямнічае тысячагоддзе (хаця яно насамрэч пачалося толькі 1 студзеня 2001 года).

Была яшчэ адна дата – 29 жніўня 1997 года.

Менавіта ў гэты дзень кампутарны інтэлект “Скайнэт” павінен быў зразумець, што можа існаваць без людзей і нанесці ядзерны ўдар па чалавецтву, забіваючы некалькі мільярдаў людзей.

Жнівеньскі апакаліпсіс 1997 года, праўда, існаваў толькі ў адной з серый галівудскага блакбастэра “Тэрмінатар” (1991 года выхаду на экраны), але карцінкі з палаючымі гарадамі прымушалі некаторых людзей амаль усур’ёз чакаць гэты дзень.

Галівудскі канец света так і не надышоў, але аўтару гэтых радкоў дасюль помніцца, якое ўражанне аказаў на яго яшчэ адзін мастацкі твор пра недалёкую будучыню – кніга, якая, як і “Тэрмінатар ІІ”, таксама з’явілася ў 1991 годзе.

Гэта была фантастычная антыўтопія “Вайна 2020 года”, што выйшла з пад пяра Ральфа Пітэрса.

Былы вайсковы разведчык Ральф Пітэрс з’яўляецца ў медыйных колах Амерыкі даволі вядомай і скандальнай асобай. У свой час ён рашуча падтрымаў атаку ЗША на Ірак, а пра вайну ў Афганістане заявіў:

“Нам (амерыканцам – А.В.) трэба было разграміць ворагаў і пайсці. Калі б тое было неабходна, мы маглі б вярнуцца пазней для іншай карнай місіі…”

Адным словам такі тыповы амерыканскі “ястраб” з талентам пісьменніка сярэдняй рукі, перакананы, што ЗША павінны ўплываць на падзеі ва ўсім свеце.

“Вайна 2020 года” – даволі вялікая кніга.

Яе дзеянне расцягнута больш чым на два дзесяцігоддзі і адбываецца па ўсім свеце.

Галоўны герой кнігі – амерыканскі афіцэр Джон Тэйлар, але на яе старонках прысутнічаюць і савецкія грамадзяне, і мексіканцы, і нават японцы.

Дзеянне рамана пачынаецца ў канцы 1990-х гг., калі Амерыка на прасторах дэградаванай, заражанай смяротнай хваробай Афрыкі змагаецца з магутнай Паўднёваафрыканскай рэспублікай (ПАР). Далей дзеянне рамана пераносіцца на мяжу Мексікі і ЗША, дзе магутныя хвалі эмігрантаў ды сацыяльныя беспарадкі на поўдні штатаў пагражаюць поўнай анархіяй.

Але ключавыя падзеі рамана адбываюцца на поўдні СССР, дзе Японія рукамі ісламскіх краін вядзе рашучы наступ на галодны і халодны Савецкі Саюз.

СССР на хвалі агульнага раззбраення адмовіўся ад атамнай зброі і цяпер амаль безабаронны перад ворагам, які не баіцца выкарыстоўваць ні хімічныя бомбы, ні самыя найноўшыя распрацоўкі радыёхвалевай зброі, якая робіць людзей фізічна здаровымі ідыётамі.

Апісанні страшных карцін недалёкай будучыні, усялякія там атамныя ўдары па Прэторыі ды Ізраілі, эпідэміі ды бунты мне ў свой час было чытаць куды цікавей, чым “Вайну і мір” Льва Талстога.

Што паробіш, у кожнага часу свая “Вайна і мір”.

З прагнозаў Ральфа Пітэрса пра 2020 год, на першы погляд, не спраўдзілася амаль нічога.

СССР знік ужо ў год выдання гэтай кнігі, Японія і ПАР не адыгрываюць амаль ніякай ролі ў глабальнай сусветнай палітыцы, Амерыка і Расія па-ранейшаму працягваюць мерацца мускуламі.

Але існуе меркаванне, што падобныя да “Вайны 2020 года” кнігі-антыўтопіі пішуцца не таму, каб даць дакладны прагноз будучыні, а для таго, каб спужаць і адмабілізаваць грамадства, бо ўлады акурат хочуць зменшыць верагоднасць самага негатыўнага сцэнару развіцця падзей.

На нешта падобнае, дарэчы, намякалі і ў дачыненні да напісанай у канцы 2000-х гг. і вельмі папулярнай аповесці Фёдара Крашаніннікава “Пасля Расіі”, прысвечанай трагічнаму распаду нашай усходняй суседкі ў недалёкай будучыні.

Ды і самае галоўнае, здаецца, амерыканскі аўтар адгадаў – свет становіцца ўсё менш стабільным і ўсё менш прадказальным.

Таму калі каму патрапіць у рукі “Вайна 2020 года” – можаце пачытаць, гэта даволі таленавіты мастацкі твор і ўсё адно кніга пра нашае сёння, хаця яно і не стала рэальнасцю.

Вам можа спадабацца