"Цішотка": унёсак Эдуарда Лімонава ў беларускую мову

Меркаваньні

"Цішотка": унёсак Эдуарда Лімонава ў беларускую мову

Пабачыўшы загаловак, чытач можа здзівіцца: Лімонаў?

Расейскі эпатажны пісьменнік і палітык з радыкальнымі, нацыяналістычнымі і неабальшавіцкімі, ідэямі?

Што мае ён супольнага з беларускай мовай, навошта ўвогуле пра яго пісаць?

А ёсць чаму.

Бо гэта менавіта ён увёў слова "тишотка" ў расейскую мову. Без "тишотки" Лімонава не было б і нашай "цішоткі".

Эміграваўшы ў 1974 з СССР, Эдуард Савенка (будучы пісьменнік Лімонаў) пасяліўся ў Нью-Ёрку, стаў працаваць у газеце "Новое русское слово" і ўліўся ў расейскую эмігранцкую грамаду. Там ён пражыў да 1980 і паспеў дэбютаваць у літаратуры з раманам "Это я — Эдичка", які прынёс яму пэўную вядомасць.

У гэтым правакацыйным творы і сустракаецца слова "тишотка".

Лімонаў увогуле любіў уводзіць у сваю мову англіцызмы усялякія "вэлфэр", "модэл-эйдженси", "траблмэйкер", "оранджус" і шмат іншых.

Частка з такіх слоў ужываецца ў Лімонава толькі раз, іншыя рэгулярна.

Слова "тишотка" ён палюбіў. Яно ёсць і ў другім рамане "История его слуги", і ў чарговых творах.

Пры гэтым Лімонаў "эксперыментуе": у яго бывае і "тишорт", і "ти-шерт". Але найчасцей усё ж "тишотка" варыянт, які не адпавядае правілам англа-расейскай транскрыпцыі ("шот" адпавядала б "shot", як, напрыклад, у выпадку малой меры для алкагольных напояў: "выпіў шот віскі"), затое дзякуючы суфіксу -к- "рыфмуецца" з "рубашка" ды "футболка".

Вярнуўшыся ў 90-я ў Расею, пісьменнік-палітык працягваў ужываць гэтае слова з лексікону расейскай дыяспары Нью-Ёрка 70-х.

У новую эпоху яно атрымала даволі абмежаванае распаўсюджанне ў расейскай мове; гэта, аднак, парадаксальным чынам дапамагло яму "зрабіць кар'еру" ў мове беларускай.

Наша тагачасная моладзь, заклапочаная тым, каб беларуская мова была не толькі "моднай", але і мела "адметную" лексіку  гэта значыць такую, што не супадае з "фонавай" мовай мыслення, то-бок расейскай з энтузіязмам падхапіла рэдкае расейскае слэнгавае слоўца, якое выглядае як "англіцызм", а не русізм.

Дарма, што выглядае толькі на першы і вельмі прыблізны погляд: усё ж, калі б яно бралася непасрэдна з ангельскай, то ў ім было б цвёрдае "т", а яго змякчэнне сведчыць менавіта пра тое, што бралі з расейскага "ти..."

Мала кім ужыванае і каму вядомае ў Расеі, яно падыйшло на ролю альтэрнатывы "футболцы" (хаця па-нашаму ж можна сказаць і проста "кашуля" ці "кашулька").

Ясна, што пашыраючы "цішотку" як модны слэнг, нашы актывісты "абынеякпаруску" наўрад ці парупіліся падумаць пра лёс і паходжанне гэтага слова.

А большасць тых, хто зараз яго ўжывае або бачыць ва ўжытку, сустрэлі яго ўпершыню ў мове такіх жа беларускамоўных, а не ў Лімонава ці іншых носьбітаў расейскага слэнгу.

Цяжка, аднак, уявіць больш кур'ёзны і ў нейкай ступені сімвалічны прыклад таго, як, дбаючы пра "адметнасць" (непадобнасць да расейскай) беларускай лексікі, нашы моўныя рупліўцы пашыраюць спадчыну расейскага неабальшавіка.

Бегучы бяздумна нібыта "далей ад расейшчыны", але пры гэтым думаючы расейскацэнтрычна, можна не прыбегчы нікуды. Або кудысьці не туды...