Мары пра космас і рэальнасць манархіі

Рознае

Мары пра космас і рэальнасць манархіі

21 сакавіка 2020 а 12:01

Андрэй Вашкевіч

20 сакавіка ў Маскве пахавалі памерлую на 85 годзе жыцця Валянціну Гагарыну, удаву Юрыя Гагарына.

У апошнія гады яна жыла адна, з 80-гадовым папугаем ара, якога завёў яшчэ яе муж.

Чалавек яна была зусім не публічны. Валянціна Гагарына хаця і не давала інтэрв’ю, але ў 1981 годзе напісала кнігу пра Юрыя Гагарына "108 хвілін і ўсё жыццё".

Пасля апекавалася музеем Гагарына ў Зорным гарадку, амаль не выходзіла на людзі і не наведвала ўрачыстыя мерапрыемствы.

У халодную пару года Валянціна Іванаўна развешвала кармушкі ля свайго дома, дзе карміліся птушкі.

Смерць удавы няхай сабе і самага першага, але даўно памерлага касманаўта, засталася амаль незаўважанай ні ў Расіі, ні ў ва ўсім свеце.

Асабліва на фоне ўсіх падзеяў, якія апошнія тыдні трасуць свет, які раптам аказаўся такім маленькім, быццам глядзіш на яго з ілюмінатара касмічнага карабля.

Куды больш гучнай аказалася місія іншай звязанай з космасам Валянціны – Церашковай, якая ад імя ўсіх жыхароў Расіі выступіла за абнуленне прэзідэнцкіх тэрмінаў Уладзіміра Пуціна.

І палёт у космас Юрыя Гагарына ў 1961-м і палёт Валянціны Церашковай у 1963-м былі цэлую эпоху таму назад.

Светам кіравалі даўно адышоўшыя ў гісторыю Хрушчоў, Кенэдзі, Мао, а той, каго першая жанчына-касманаўт цяпер папрасіла заставацца прэзідэнтам у Расіі бясконцую колькасць разоў, яшчэ вучыўся ў школе, у малодшых і сярэдніх класах.

Рывок чалавека за межы Зямлі быў сапраўдным дзівам для ўсяго свету, а асабліва зважаючы на краіну, якая яго ажыццявіла. СССР з калгаснікамі ў ватоўках і зусім небагатымі гараджанамі сам, здаецца, здзівіўся свайму нечаканаму поспеху.

Гэта быў дзіўны час, калі СССР запусціў чалавека ў космас, а на зямлі дзясяткамі руйнаваў святыні, калі палітыкі бясконца гаварылі пра мір, а ўзрывалі самыя магутныя атамныя бомбы, калі асвойвалі цаліну і стралялі ў галодных рабочых.

Але космас, а разам з імі Гагарын, Церашкова і іншыя касманаўты былі сімвалам надзеі – маўляў, і праўда ёсць надзея, ёсць мэта. Чалавецтва некалі аб’яднаецца, каб вырвацца з Зямлі, каб існаваць шырэй і даўжэй, можа, нават, вечна. Пра гэта гаварылі і героі кніжак братоў Стругацкіх, Івана Яфрэмава ды Кіра Булычова.

Нездарма гэтая мара людзей у ватоўках так зачапіла амерыканцаў, што Кенэдзі паабяцаў, што грамадзянін ЗША высадзіцца на Месяцы да канца 1960-х гг.

А потым Савецкі Саюз не змог выйграць тэхналагічнага спаборніцтва з ЗША за палёт чалавека на Месяц, пачалі гінуць касманаўты, як савецкія, так і амерыканскія, усё больш відавочным станавілася, што космас – гэта ўсяго толькі новае поле бітвы супердзяржаваў.

Цяпер касмічныя надзеі чалавецтва накіраваныя ў бок Ілана Маска ды яго суперкрутой прыватнай кампаніі. Але, відавочна, што няпростая сітуацыя ў свеце змусіць і яго пасунуць у часе самыя смелыя ініцыятывы.

Шкада, што расійскі “Роскосмас” апошнім часам фігуруе ў СМІ галоўным чынам як аб’ект скандалаў і насмешак – то зарплата ў яго кіраўніка ў два разы большая чым у шэфа НАСА, то поп, які асвячае пускі, мае званне "духоўніка “Роскосмас”, то “Роскосмас” бярэцца за распрацоўку квантавага рухавіка, які існуе толькі ў фантастычных фільмах.

А тут яшчэ і Валянціна Церашкова, лётчык-касманаўт, генерал-маёр авіяцыі, кавалер дзясяткаў самых розных узнагарод, фактычна аб’явіла пра ўвядзенне ў краіне манархіі.

Нейкі суцэльны трагіфарс, быццам і не было тых светлых мараў.

Ініцыятыва Церашковай нагадала нам, што ў Расіі касманаўтыка цесна звязана з палітыкай.

Спадзяюся, што так будзе не заўсёды.

Вам можа спадабацца