Апошні дзень Кастуся Каліноўскага

Гісторыя

Апошні дзень Кастуся Каліноўскага

Устаньце, браты!

Сёння 22 сакавіка –

Дзень жалобы нашай.

(Зянон, “Дзень жалобы”, 1988)

Кастусь Каліноўскі (1838-1864).

Гэты сакавіцкі дзень мог стаць працягам падзеі, што адбылася чатыры месяцы таму, калі тысячы беларусаў удзельнічалі ва ўрачыстым пахаванні Кастуся Каліноўскага і яго паплечнікаў у Вільні. Спалучыўшы яго з адзначэннем 180-годдзя пачынальніка мадэрнай беларускай літаратуры Францішка Багушэвіча, які нарадзіўся 21 сакавіка ў Свіранах (цяпер Віленскі раён Рэспублікі Літва), гэты дзень мог зрабіцца яшчэ адным важкім штуршком для ўздыму нацыянальных пачуццяў. Але таго не здарылася.

Пандэмія парушыла планы і хіба ўпершыню за апошнія тры дзесяцігоддзі ў сталіцы колішняга Вялікага Княства Літоўскага не будзе шэсця пад бел-чырвона-белымі сцягамі.

М. Ермаловіч, Данута Бічэль і Ніна Тарэлкіна каля мемарыяльнага знака ў Вільні. Фотаздымак Міколы Таранды.

З канца 1980-х у Вільню ў лютым і сакавіку ехалі беларусы, каб ушанаваць памяць пра Кастуся Каліноўскага, аднаго з лідараў паўстання 1863-1864 гадоў у Беларусі і Літве.

У 1989 годзе з гэтай нагоды, адначасова прымеркаванай да Дня волі, у Вільні было арганізавана першае сапраўднае шэсце з бел-чырвона-белымі сцягамі і чучалам Міхаіла Мураўёва-Вешальніка, якое насіў Алесь Пушкін, пакуль тое не спалілі на Замкавай гары каля вежы Гедыміна. Як раз каля месца, дзе спачывалі косткі 20 пакараных на Лукішскай плошчы паўстанцаў.

25 сакавіка 1989 года ў Вільні. Фотаздымак Міколы Таранды.
Беларусы з пудзілам Міхаіла Мураўёва-Вешальніка падчас Дня волі ў Вільні ў 1989 годзе. Фотаздымак Міколы Таранды.

156 гадоў таму зямны шлях Кастуся Каліноўскага завяршыўся на віленскай Лукішскай плошчы, каб у далейшым ператварыцца ў вобраз заступніка народа, да якога ён звяртаўся ў сваіх перадсмяротных “Лістах з-пад шыбеніцы”. Тых некалькіх аркушыках, якія з-за кратаў вынесла цётка яго нарачонай Марысі Ямант Ядвіга Макрыцкая і пераправіла ў Парыж. У

1867 годзе гэтыя тэксты пад назваю “Да люду беларускага. Лісты з-пад шыбеніцы Канстанціна Каліноўскага” былі надрукаваныя Агатонам Гілерам.

Да люду беларускага.

Кастусь Каліноўскі быў схоплены 9 лютага (па н.ст.) 1864 года. 13 сакавіка пачаўся суд, які 14-га прысудзіў яго да расстрэлу.

Але 16 сакавіка Мураўёў на дакуменце алоўкам пазначыў “казнить повешением!”.

Каліноўскага маглі пакараць у Гродне, але 17 сакавіка Мураўёў выбраў Вільню.

Першая старонка прысуда Кастусю Каліноўскаму.

Якім было апошняе жаданне Каліноўскага, выкананае каравульным афіцэрам? Магчыма, гэта была просьба перадаць Марысі Ямант, якая ўтрымлівалася ў былым кляштары місіянераў, апошні ліст?

Ці спаў у сваю апошнюю ноч Кастусь, знаходзячыся ў камеры адначасова з двума салдатамі з ружжамі?

У любым выпадку 22 (10 па ст.ст.) сакавіка для Каліноўскага пачаўся вельмі рана, калі быў прынесены сняданак, а затым у камеру а 7 гадзіне прыйшоў ксёндз. Напярэдадні аб яго візіце генерал-лейтэнант Вяткін дамовіўся з віленскім дэканам прэлатам А. Нямекшам. Гэта была звычайная ў такім выпадку працэдура, калі святар павінен быў падрыхтаваць і суправадзіць асуджанага ў апошні шлях.

Але Кастусь Каліноўскі адмовіўся ад душпастырскай апекі.

Не таму, што ён не верыў у Бога. Якраз у Бога ён верыў. Але вера яго не абмяжоўвалася канфесіяй бацькоў. 

Помнік Кастусю Каліноўскаму ў Салечніках.

А 9 гадзіне раніцы Каліноўскага ў суправаджэнні канвоя з ліку жандармаў, казакоў і салдат вывелі з Дамініканскага кляштара. Горад здрыгануўся ад гукаў вайсковых трубаў і барабанаў. Пачатак жудаснага відовішча пабачыў паплечнік Кастуся – Юзаф Каліноўскі, які ў гэты момант укленчыў і звярнуўся да Багародзіцы, каб яна “ўзяла пад сваю апеку душу Канстанціна”.

У далейшым Юзафа таксама схопяць і асудзяць на смерць. Але прысуд зменяць. Пасля 10-гадовай катаргі ён стане манахам ордэна кармелітаў пад імем Рафала, і нават будзе кананізаваны каталіцкай царквой.

Пакуль Юзаф стаяў на каленях у бацькоўскай кватэры па вуліцы Дамініканскай і маліўся, Кастуся пасадзілі на спецыяльную турэмную карэту, якую ў народзе называлі “калясніцай”. Грукат барабанаў не спыняўся ні на хвіліну, прымушаючы тысячы цікаўных віленчукоў і ваколічны люд, які прыехаў на кірмаш, рухацца да Лукішскай плошчы. Каго будуць караць, натоўп яшчэ не ведаў. Але ўжо пайшлі пагалоскі, што на смерць вядуць “круля Літвы”.

На Плошчы Лукішскай снягамі цярушыць,

Вецер бясшумна канае ў змроку.

Я бачу, як ціха з далін Беларусі

Ідзе Каліноўскі ўпэўненым крокам.

(Алесь Барскі, “Каліноўскі”, 1966)

Перад Лукішскім пляцам “калясніца” спынілася і далей Каліноўскі ў акружэнні вайскоўцаў і жандараў рушыў самастойна. Ён узняўся на эшафот шыбеніцы, стаўшы да тае тварам. Побач стаялі віленскі паліцмайстар Саранчоў і прафесійны кат.

Паветра напоўнілася цішынёю, таму што Саранчоў пачаў зачытваць канфірмацыю (прысуд): “Дваранін Вікенцій Канстанцін Каліноўскі…” Але нечакана ва ўвесь голас асуджаны на смерць выкрыкнуў: “У нас няма дваран, усе роўныя!”. Саранчоў, збіты з панталыку, пасля невялікай паўзы працягнуў чытанне. Але Каліноўскі працягваў каментаваць амаль кожны сказ, аглядаючы сваім позіркам натоўп. Нарэшце, Саранчоў не вытрымаў і папрасіў яго замаўчаць. Адзін са сведкаў пакарання, сакратар Міхаіла Мураўёва Аляксандр Масолаў так ахарактарызаваў пачутае:

“З самых апошніх воклічаў Каліноўскага было бачна, што ён не толькі быў польскім мяцежнікам, але дзіця ўсясветнай сацыяльнай рэвалюцыі”.

Гэты сказ царская цэнзура прыбрала з выдадзеных праз 20 гадоў успамінаў.

Затым кат надзеў на Каліноўскага спецыяльную смяротную кашулю, падвёў да шыбеніцы. Кастусь падняўся на невялічкую лаўку. Яму на шыю накінулі пятлю. А затым кат выбіў лаўку з-пад ног 26-гадовага дыктатара паўстання.

Помнік Кастусю Каліноўскаму ў Свіслачы.

Пакаранне Кастуся Каліноўскага адбылося ў 10.30.

Апісваючы яго, рускі пісьменнік Усевалад Крэстоўскі адзначыў:

“Ён ведаў заранёў куды ідзе і што яго чакае… Ці не таму і памёр ён з такой цвёрдасцю і спакоем, як могуць паміраць толькі глыбока ўпэўненыя людзі…”.

Цела Кастуся Каліноўскага кінулі ў вырыты на Лукішскай плошчы дол, побач з якім былі пастаўлены салдаты. Уначы цела адкапалі і перавезлі на віленскую Замкавую гару, дзе знаходзілася цытадэль.

Ён стаў апошнім з пахаваных на невялічкім пляцы 20 паўстанцаў. Пазней на гэтым месцы будзе разбітае поле для кракету для рускіх афіцэраў.

Прайшло 153 гады. Апошні стаў першым. Парэшткі Кастуся Каліноўскага паказаліся падчас спаўзання Замкавай гары ў 2017 годзе, адкрыўшы пахаванне двух дзясяткаў паўстанцаў 1863-1864 гадоў. У лістападзе 2019 года яны былі ўрачыста перапахаваныя ў Вільні на могілках Росы.

“О, Беларусь! Ці чуеш ты, ці чуеш?..

Твой лепшы сын распяты за цябе.

Няўжо ў грудзёх тваіх начуе

Яго вялікіх дум разбег?”

(Валеры Маракоў, “Чуеш, Беларусь?”, 1928)

Вам можа спадабацца