“Рэспіраторная этыка”, “прывазныя выпадкі” і “кантактныя асобы”. Моўныя рэаліі пандэміі

Рознае

“Рэспіраторная этыка”, “прывазныя выпадкі” і “кантактныя асобы”. Моўныя рэаліі пандэміі

Апошнімі тыднямі, калі цябе накрываюць лавіны інфармацыі, хочацца больш маўчаць.

Гэтая інфармацыя мае сваю мову, яна навучае нас новым выразам і сэнсам.

І назіраць за гэтым працэсам цікавей, чым варажыць, каго ратуе маска – хворага ад атачэння ці атачэнне ад хворага. Ды наогул, як доўга працягнецца гэтая надзвычайная сітуацыя?

Хачу падзяліцца некалькімі назіраннямі над выразамі, якія ўвайшлі ў актыўны ўжытак.

Слова КАРАНАВІРУС, якое азначала на пачатку крыніцу інфекцыі, незаўважна сталася назвай хваробы. Цяпер мы гаворым, што нехта захварэў на каронавірус.

Заўважце, раней так не гаварылі, бо вірус быў прычынай хваробы, а хварэлі на грып, вірусную інфекцыю ці віруснае запаленне лёгкіх.

Слова ІМУНІТЭТ  падцягнулася са сферы прафесійнай лексікі ў нашую моўную паўсядзённасць:

Напружанасць імунітэту ў насельніцтва старэйшай узроставай групы.

Актыўнае імуннае рэагаванне арганізму.

Трэба быць імунным да вірусу.

Можна прабіць кожны імунітэт, нават калі чалавек імунны да вірусу.

Слова ВІРУС набыло чалавечае аблічча:

Ён выйшаў з Кітаю. І абыйшоў усю планету. Не, больш дакладна – абляцеў.

Яго назвалі біятэрарыстам. Яму нават далі мянуху “Карона”. “Карона заб’е іпэшнікаў” – дзесьці ў медыях сустрэўся такі загаловак.

Часам сустракаюцца жаргонныя канструкцыі, бліжэйшыя да сферы медыцыны, тыпу: Вірус выявіўся – вірус выпальнуў.

Можна пачуць, што ідзе “барацьба за ІВЛ у бальніцах”. Ці абрэвіятуру “ІВЛ” усе разумеюць? Можна ўжываць словы, больш лагодныя для вуха, тыпу: РЭСПІРАТАР або ЛЁГАЧНЫ ВЕНТЫЛЯТАР.

У адным шэрагу са знаёмымі словамі ЭПІДЭМІЯ і ПАНДЭМІЯ з’явілася навінка ІНФАДЭМІЯ – інфармацыйная эпідэмія.

Маім улюбёным выразам, мабыць, будзе РЭСПІРАТОРНАЯ ЭТЫКА.

Выраз азначае не толькі ўменне кашляць ці чыхаць у локаць, але і трымацца на пэўнай адлегласці ад чалавека, а ў тым ліку не пляваць на асфальт змесцівам свайго носу ці горла.

Навейшая рэспіраторная этыка вітае САМАІЗАЛЯЦЫЮ, калі самасвядомы грамадзянін КАРАНТЫВІЗУЕЦЦА САМ або са сваёй сям’ёй.

Як выявілася, прытрымлівацца рэспіраторнай этыкі – складаная справа. У шэрагу краін маласвядомых грамадзян ужо абкладаюць штрафамі і прымусова КАРАНТЫВІЗУЮЦЬ.

Пачаў актыўна ўжывацца выраз КАНТАКТНАЯ АСОБА. Ставіцца задача праверыць кантактных асобаў і выявіць кантакт першага і другога ўзроўню.

Праўда, комплекс прафілактычных мер узмацняе сістэму кантролю і шырыць у нашай свядомасці падазронасць і недавер, накладае новыя табу ў адносінах з людзьмі.

З’явіўся выраз ПРЫВАЗНЫЯ ВЫПАДКІ. Ён кідае цень на ўсё, што з-за мяжы. Хоць некаторыя спрабуюць набіраць ачкі на савецкім інтэрнацыяналізме, фальшывасць іхняй рыторыкі выдаюць вось гэтыя “прывазныя выпадкі”. Накшталт: нашы захворванні – гэта прывазныя выпадкі.

Ну, і апошняе.

Узнік выраз ПРЫЭПІДЭМІЧЫЦЦА. Гэта азначае – прыстасавацца да стану эпідэміі. Перажыўшы першы шок ад хуткага ўздыму крывой захворванняў, ад абвяшчэння эпідэміі, людзі паступова пачынаюць ПРЫЭПІДЫМІЧВАЦЦА.

А значыцца, свет не загінуў, бо будзе як тады, як у нас гавораць.