Выбары прэзідэнта БССР: Чэрвень, 1991

Гісторыя

Выбары прэзідэнта БССР: Чэрвень, 1991

28 сакавіка 2020 а 15:05

Аляксандр Кур’яновіч

Пры размовах пра падрыхтоўку ўладай зменаў у канстытуцыю мне даводзілася чуць меркаванне, што яны прадугледжваюць адыход ад прамых выбараў прэзідэнта. Маўляў, пераемнік Аляксандра Лукашэнкі будзе абірацца не ўсенародным галасаваннем, як рабілася ў папярэднія гады, а праз парламент альбо нават чарговы ўсебеларускі сход. У сувязі з гэтым можна правесці паралель з першымі і апошнімі выбарамі прэзідэнта СССР 15 сакавіка 1990 года.

Як вядома, інстытут прэзідэнта Савецкага Саюза быў уведзены праз змены ў Канстытуцыю 14 сакавіка 1990 года на нечарговым трэцім з’ездзе народных дэпутатаў СССР. Пры гэтым першы прэзідэнт абіраўся з’ездам.

З улікам расстаноўкі сіл на з’ездзе гэта было зроблена пад Гарбачова. Публічную падтрымку яму абвясціла як партыйнае кіраўніцтва саюзных рэспублік, так і тыя дэпутаты, якіх можна назваць дэмакратамі.

Так, першы сакратар ЦК Кампартыі Украіны Уладзімір Івашка заявіў, што на Пленуме ЦК КПСС была аднагалосна падтрымана кандыдатура Міхаіла Гарбачова:

«При обсуждении этого вопроса выступившие товарищи обращали внимание на тот большой вклад, который Михаил Сергеевич Горбачев внес в обновление нашего общества, нашей жизни. Являясь автором и инициатором перестройки, он и на внешнеполитической арене, и внутри страны осуществляет последовательно эту линию».

Аднак знайшліся і тыя, хто вельмі недвухсэнсоўна выказваўся супраць кандыдатуры Гарбачова. Яны меркавалі, што ў Савецкім Саюзе перабудова зайшла ў тупік, а на міжнароднай арэне некалі магутная дзяржава страчвае пазіцыі лідара. Адзін з іх, дэпутат ад Латвійскай ССР Віктар Алксніс, запатрабаваў, каб у бюлетэні для галасавання былі ўнесены прозвішчы міністра ўнутраных спраў Вадзіма Бакаціна і старшыні Савета Міністраў СССР Мікалая Рыжкова.

Найбольш эмацыянальнай і радыкальнай атрымалася прамова генерал-палкоўніка, камандуючага войскамі Прыволжска-Уральскай вайсковай акругі Альберта Макашова, які ўжо ў пастсавецкай Расіі стане вядомы сваімі антысеміцкімі выказваннямі. Па словах генерала, прэзідэнт краіны як галоўнакамандуючы не павінен быць пацыфістам альбо баптыстам, ён, сцвярджаў Макашоў, павінен быць рэалістам.

З вуснаў Макашова на адрас Гарбачова прагучала такое абвінавачванне, якое дэ факта падзяляла ўсё тагачаснае савецкае вайсковае лобі:

«А реальности создаются в мире такие, что продолжение разоружения в одностороннем порядке будет похоже на глупость или на преступление».

У канцы прамовы пад смех і апладысменты сваіх калегаў-дэпутатаў Альберт Макашоў заявіў, што той, хто хоча стаць прэзідэнтам СССР, абавязкова павінен прайсці службу ў арміі, ці хаця б перападрыхтоўку.

Усяго па кандыдатах на пасаду прэзідэнта СССР выступілі 23 дэпутаты. Далей планавался пачаць абмеркаванне вылучаных прэтэндэнтаў (кандыдатуру Мікалая Рыжкова асабіста падтрымаў вядомы доктар Валянцін Дзікуль).

Канешне, ні Бакацін (які заявіў, што «никогда еще ни в одной демократической стране никто насильно президентом не становился») ні Рыжкоў не адважыліся выступіць супраць Гарбачова і, паводле, апаратнай логікі, знялі ўласныя кандыдатуры: эліта яшчэ не паспела для сапраўднай альтэрнатывы. Фактычна гэта здарыцца праз год, калі на выбарах прэзідэнта Расіі будзе зарэгістравана ўжо пяцёра кандыдатаў, у тым ліку і Макашоў.

Шэраг народных дэпутатаў выказаліся супраць самаадводаў Бакаціна і Рыжкова: такім чынам, маўляў, нівелюецца сама галоўная ідэя дэмакратыі — альтэрнатыўнасць выбараў.

Напрыклад, механізатар саўгаса «Мётча» Барысаўскага раёна Мінскай вобласці Марыя Абрамовіч асудзіла нерашучасць Бакаціна і нагадала пра тое, што падчас выбараў яе сапернікам быў галоўны тэхнолаг завода, аднак яна ўсё роўна перамагла.

Марыя Абрамовіч (справа).

Пасля кароткіх, але гарачых дыскусіяў было прапанавана, каб кандыдатура Гарбачова была ўнесена ў бюлетэнь для галасавання. Гэта падтрымалі 1702 народныя дэпутаты з 1824, якія ўзялі ўдзел у галасаванні.

На баку Гарбачова выступіў і будучы першы кіраўнік незалежнай Беларусі Станіслаў Шушкевіч, які прапанаваў Міхаілу Сяргеевічу арганізаваць курсы палітпадрыхтоўкі для Макашова: «Потому что генералов у нас много, а политиков мало».

Найбольш крытычна да Гарбачова паставіўся дэпутат Генрых Ігіцян, дырэктар Музея сучаснага выяўленчага мастацтва Арменіі.

Ён назваў з’езд дэпутатаў грэчаскім хорам, а самі выбары першага савецкага прэзідэнта — добра зрэжысаваным спектаклем.

Ігіцян заявіў, што ўсе ведалі: Бакацін і Рыжкоў здымуць кандыдатуры, а застанецца толькі Гарбачоў.

Галасаванне па кандыдатуры Міхаіла Гарбачова шляхам падачы спецыяльных імянных бюлетэняў прайшло ўвечары 14 сакавіка, а раніцай 15 сакавіка 1990 года Падліковая камісія ў асобе акадэміка Юрыя Асіп’яна абвясціла вынікі. З 1878 дэпутатаў, якія ўзялі ўдзел у галасаванні, 1329 аказалі давер Гарбачову. СССР набыў першага і, як выявілася неўзабаве, апошняга прэзідэнта.

Гісторыя, калі прэзідэнта хацелі абраць кулуарна, мела месца і ў Беларусі. А дакладней: на 4-й сесіі Вярхоўнага Савета БССР у чэрвені 1991 года. Гэтаму паспрыялі, прынамсі, два фактары.

Па-першае, агульная напружаная сітуацыя, звязаная з масавымі веснавымі пратэстамі, выкліканымі рэзкім падвышэннем цэнаў на спажывецкія прадукты. У канцы красавіка 1991 года лідар беларускіх камуністаў Анатоль Малафееў, адзіны з кіраўнікоў кампатый саюзных рэспублік, заклікаў Гарбачова ўвесці надзвычайнае становішча, што выклікала крытыку самога савецкага прэзідэнта і тагачаснага першага намесніка Вярхоўнага Савета БССР 12 склікання Станіслава Шушкевіча.

Анатоль Малафееў.

На ініцыятыву Малафеева таксама рэзка адрэагаваў народны дэпутат Беларусі Аляксандр Лукашэнка ў артыкуле «Диктатура: белорусский вариант?» (Народная газета, 25 чэрвеня 1991 года):

«…Другое дело, что чрезвычайное положение поможет удержаться бездарным руководителям еще некоторое время. Но ненадолго».

Па-другое, перамога Барыса Ельцына на першых выбарах прэзідэнта Расіі 12 чэрвеня 1991 года. Узнікла сітуацыя, калі Ельцын атрымаў большую палітычную легітымнасць чым Гарбачоў, бо быў абраны ўсенародна.

У Вярхоўным Савеце БССР 12 склікання склалася дэпутацкая групоўка (на чале з Іванам Каратчэнем), якая лабіравала ідэю абрання першага беларускага прэзідэнта на парламенцкай сесіі і на тэрмін паўнамоцтваў Вярхоўнага Савета гэтага склікання.

Іван Каратчэня.

Няма сумневу, рабілася гэта пад кандыдатуру старшыні Савета Міністраў Вячаслава Кебіча. Вярхоўны Савет адносна лёгка задавальняў яго просьбы і ініцыятывы: ад прызначэння членаў урада і надання апошняму дадатковых паўнамоцтваў.

Супраць абрання прэзідэнта Беларускай ССР на сесіі выказаліся шэраг народных дэпутатаў (Анатоль Лябедзька, Васіль Даўгалёў, Яўген Глушкевіч і інш.). Яны меркавалі, што гэта будзе азначаць «тихий государственный переворот» (Народная газета, 8 чэрвеня 1991 года).

Таксама адмоўную пазіцыю выказала парламенцкая апазіцыя БНФ, што трохі пазней адлюстравалася ў артыкуле яе лідара Зянона Пазьняка «Чаму наменклатура за прэзідэнта» (Народная газета, 26 чэрвеня 1991 года).

Пікет прыхільнікаў БНФ супраць увядзення пасады прэзідэнта БССР. Мінск, чэрвень 1991 г.

У выніку кулуарных выбараў прэзідэнта  не адбылося.

19 чэрвеня 1991 года артыкул 11 праекта закона «Аб прэзідэнце Беларускай ССР», паводле якога першы прэзідэнт мае быць абраным з ліку дэпутатаў Вярхоўнага Савета на тэрмін паўнамоцтваў Вярхоўнага Савета гэтага склікання, падтрымаў 141 парламентарый пры кворуме ў 173 чалавекі.

Аднак дамоклаў меч прэзідэнцтва ўжо быў занесены над Беларуссю.

Вам можа спадабацца