Выбары на носе: улады запускаюць "правільныя" перадачы

Грамадзтва

Выбары на носе: улады запускаюць "правільныя" перадачы

29 сакавіка 2020 а 19:30

Аляксандр Кур’яновіч

Афіцыйнае тэлебачанне, галоўны праваднік дзяржаўнай прапаганды, даўно ўжо не абнаўляла наменклатуру сваіх грамадска-палітычных перадач. І вось на пачатку сакавіка адразу тры дзяржаўныя каналы (АНТ, БТ і СТВ) абвясцілі пра выпуск новых праграм, якія маюць асвятляць памянёную тэматыку.

Нельга сумнявацца, што такая ініцыятыўнасць стала вынікам лютаўскай сустрэчы кіраўніцтва дзяржаўных СМІ з Аляксандрам Лукашэнкам. Падчас яе той прагаворваў сталыя ўжо неад’емнымі для яго лексікона словы «фейк» і «дыпфейк», і наракаў на рост актыўнасці падрыўных СМІ ў Інтэрнеце.

Таму жаданне напярэдадні прэзідэнцкіх выбараў перахапіць ініцыятыву, ачалавечыць імідж улады і яе галоўнага прадстаўніка (дзейнага прэзідэнта) выглядае цалкам прадказальным.

І хаця вынік выбараў загадзя вядомы, тым не менш, у гэты перыяд палітызацыя грамадства дасягае максімуму, чаму ў тым ліку спрыяе інфармацыйна-прапагандысцкая мабілізацыя дзяржавы.

Бадай, самым пампезным з новых медыйных прадуктаў на сённяшні дзень з’яўляецца праграма «Двое из дворца».

Гэта было бачна ўжо па анонсе, у якім паказ будынку Палаца Незалежнасці суправаджаецца урачыстай музыкай, а на фоне яго інтэр’ераў з’яўляюцца дзве маладзенькія журналісткі (Наталля Стэльмах і Ганна Пыж).

У іх абавязкі ўваходзіць правільна гутарыць з уладай, што, безумоўна, было адобрана на самым версе.

Пэўная навізна ў гэтым праекце ёсць. Трэба прызнаць слушнай заўвагу назіральнікаў пра тэхнічныя нюансы (пастаянны рух разам з аператарам, дэталёвы паказ унутраных інтэр’ераў Палаца незалежнасці), і дадаць да гэтага даволі падрабязную дэманстрацыю працоўнага кабінета Лукашэнкі: камера факусуецца то на востра адточаных алоўках, то на фатаграфіі малодшага сына Колі.

Гэта досыць незвычайна, бо працоўны кабінет Лукашэнкі доўгі час падрабязна не здымалі. Закрытай уладзе не трэба без дай прычыны сябе афішаваць.

Але ж на носе выбары.

І шараговы глядач, перад вачыма якога мільгаюць падобныя «дробязі», па задумцы стваральнікаў праекта, павінен сем разоў падумаць, каб пакінуць у выбарчым бюлютэні нечае іншае прозвішча.

Вышэйшыя чыноўнікі ў гэтым праекце трапляюць у кадр у новай іпастасі. Доўгі час тэлевізія дэманстравала іх на прэзідэнцкіх нарадах у нязменным выглядзе: нізка-нізка схіліўшы свае галовы, яны нешта старанна запісваюць. Аказваецца, гэта звычайныя людзі са сваім характарамі і нават страхамі. Міністр унутраных спраў Караеў весела падміргнуў у камеру, а новаспечаны міністр сельскай гаспадаркі і прадуктаў харчавання Іван Крупко перахрысціўся перад уваходам у прэзідэнцкі кабінет.

Юры Караеў (злева).

На маю думку, гэта галоўная перавага «Двоих из дворца»: паглядзеўшы праграму, можна запомніць, як выглядае той ці іншы чыноўнік.

У цэлым гэты праект з’яўляецца класічным увасабленнем «мяккай сілы»: праводзіцца адпаведная лінія, але ў максімальна карэктных танах, без праклёнаў на адрас апазіцыі.

Праўда, у «Двоих из дворца» няма ніякага новага зместу, апрача знешняй абалонкі. І якім бы інтрыгоўна-загадкавымі галасамі прыгажуні-вядучыя не распачыналі сваю суботнюю праграму, гаворка ў ёй будзе весціся пра банальнасці. Што лішні раз даводзяць падводкі накшталт «утро понедельника и во дворце еще никто ничего не знает».

Ці не па гэтых прычынах на канале Youtube адключаныя каментары да гэтай праграмы?

Наступны праект, які прэтэндуе на статус грамадскага-палітычнага, стартаваў на БТ пад назвай «Правильная политика». У ім паспелі «засвяціцца» эксперты дзяржаўнага Беларускага інстытута стратэгічных даследаванняў, а таксама праўладныя палітолагі Вадзім Баравік і Аляксей Бяляеў.

Вадзім Баравік. Фота: http://www.ctv.by.

Аляксей Бяляеў. Фота: http://www.ctv.by.

Можна не сумнявацца, што праект будзе аператыўна рэагаваць на любыя рухі ўладаў. Напрыклад, першы выпуск «Правильной политики» быў прысвечаны крытыцы еўрапейскага парламента — маленькая прапагандысцкая помста за тое, што ў канцы лютага еўрапарламентарыі не пажадалі сустрэцца з прадстаўнікамі нацыянальнага сходу Беларусі. У іншым выпуску гаворка ішла пра дыпфейкі: аб чым Лукашэнка казаў на сустрэчы з дзяржаўнымі журналістамі ў лютым.

Трыяду замыкае СТВ-шны тэлефельетон «Накипело». Вядзе яго скандальна вядомы журналіст «Советской Белоруссии» Андрэй Мукавозчык, які ў сваіх калонках аплёўвае апазіцыю.

Выява: http://www.ctv.by.

Мукавозчык ставіць на прымус чайнік і пад шуганне з яго пары пачынае сваю праграму. Гэта, відаць, павінна сімвалізаваць яго шчырасць.

Трэба адзначыць асабістую пазіцыю Мукавозчыка: у сённяшніх умовах не кожны нават самы праўладны аўтар адважыцца ў падобных зневажальных танах “паласкаць” тую ці іншую канкрэтную асобу.

А ад Мукавозчыка дастаецца і Паўлу Севярынцу, і Яраславу Раманчуку, і Віктару Марціновічу. Апошнім часам пад раздачу папаў нават кіраўнік БСДГ Сяргей Чэрачэнь.

А што ў сухім астатку? Уласна інфармацыйнымі ўсе тры праграмы не з’яўляюцца. Нічога яны не даюць і для стратэгічнага развіцця дзяржаўных медыяў. Гэта чыста тэхнічныя прылады для вырашэння канкрэтнай тактычна-палітычнай задачы: пераабрання дзейнага прэзідэнта. Пра гэта сведчыць, напрыклад, працягласць праграмаў: да 15 хвілінаў (тэлефельетон Мукавозчыка доўжыцца ўвогуле пяць-сем).

Галоўны паказчык прыцягальнасці праграм, колькасць праглядаў у Інтэрнэце і сацыяльных сетках, рэкордна нізкі. Таму з вялікай доляй верагоднасці пасля прэзідэнцкіх выбараў «Двое из дворца», «Правильная политика» и «Накипело» адыдуць у нябыт.

Але карыстальнікі Інтэрнэту і сацыяльных сеткак гэта наўрад ці заўважаць.

Вам можа спадабацца