“Наўпроставы”: недарэчны наватвор нядаўняга часу

Рознае

“Наўпроставы”: недарэчны наватвор нядаўняга часу

Не так даўно ізноў узнялася дыскусія наконт апраўданасці ўжывання слоў “прамы”/”прама” ды “напрамак”. Даволі працяглы ўжо час назіраем пажаданні ўнікаць гэтых выразаў, бо ў іх бачаць русізмы/украінізмы. Да таго ж варыянты з “прамы” былі замацаваныя ў слоўніках познесавецкага часу, а значэнні “просты” і “проста” ў значэнні кірунку або месца падаваліся ў іх усё радзей.

Ускоснае наступства гэтых пажаданняў можна бачыць у адносна нядаўнім з'яўленні слова “наўпроставы” (ад “наўпрост”).

Слова “наўпрост” – вытворнае ад “проста” ў значэнні кірунку, гэтак жа, як словы “налева” ды “направа”. Які? Левы, правы, просты. Дзе? Злева (леваруч), справа (праваруч), проста/наўпрост. Куды? Налева, направа, наўпрост.

Прыслоўе “наўпрост” (рас. “прямиком”, “напрямик”) мае варыянты “напрост”, “напрасткі”. Параўнайце сінонімы з іншым коранем: “нацянькі”, “цянькамі”.

Як адзначае Юрась Пацюпа, словаўтварэнне ад гэтых прыслоўяў месца немагчымае і не існуе: не можа быць ані “наўпроставы”, ані “напрастковы”, ані “нацяньковы”. “Наўпроставы” – штучна створанае слова, якое гучыць гэтак жа недарэчна, як “налевавы” ці “направавы” (або рас. “прямиковый”, “напрямиковый”).

Выпадкі ўжывання выразу “наўпроставы”, зафіксаваныя ў Беларускім N-корпусе.

Дадатковы фактар з’яўлення наватвору “наўпроставы” – існаванне значэння “просты” як “нескладаны”. Аднак варта зацеміць, што і слова “правы” мае значэнні, не звязаныя з кірункам, што не замінае нам карыстацца ім. У французскай мове, як вядома, адно слова droite можа азначаць і правы бок, і просты.

А найбліжэйшы нам прыклад – польская мова, у якой, гэтак жа, як і ў нас, словы prosto/prosty азначаюць і кірунак, і нескладанасць. Палякам іх  (разам са словамі wprost (наўпрост) ды bezpośredni (непасрэдны) цалкам дастаткова, каб ясна выражаць свае думкі.

Нашы мовазнаўцы, распрацоўваючы лінгвістычную тэрміналогію сто гадоў таму назад, таксама не баяліся неадназначнасці. Так, рас. “прямая речь” адпавядае “простая мова”.

У тых жа выпадках, калі значэнне пераноснае або стыль больш кніжны, маем словы “непасрэдны”, “непасрэдна”: “непасрэдная сувязь”, “непасрэдны начальнік”. Гэтыя сінонімы пасуюць амаль заўсёды, калі ўжыць “просты”, “проста” не выпадае з прычыны сапраўды рэальнай неадназначнасці.

Калі не хочаце называць спасылку (direct link) ані “прамой”, ані “простай”, можаце сказаць “непасрэдная спасылка”.

Гэта цалкам адпавядае слоўнікаваму перакладу “прямой” у адпаведных значэннях. Аналагічна:

  • прямые переговорынепасрэдныя перамовы;

  • прямой поезд (маршрут)непасрэдны цягнік (маршрут жа можна назваць і простым, як лінію, дарогу);

  • прямое влияниенепасрэдны ўплыў;
  • прямой контакт непасрэдны кантакт.

I гэтак далей. (Ва ўсіх гэтых выпадках у сучаснай польскай мове адпаведна ўжываецца “bezpośredni”, што якраз ілюструе натуральнасць такога ўжывання.)

Гіпатэтычны аргумент пра “грувасткасць” слова “непасрэдны” не можа быць прыняты ў выпадках, калі замест яго ўжываюць “наўпроставы”, бо “наўпроставы”, апрача таго, што штучнае, дык яшчэ і не менш доўгае.

Для іншых жа значэнняў слова “прямой” актуальныя афіцыйныя слоўнікі і зараз даюць шэраг дадатковых варыянтаў:

  • прямой вызовяўны (адкрыты) выклік;

  • прямой ответ адкрыты (шчыры) адказ;
  • прямой человекпраўдзівы (адкрыты) чалавек;
  • прямая выгодабясспрэчная выгада.

Гэта нарматыўныя варыянты перакладу.

Выраз “прамы эфір” (а таксама трансляцыя, стрым, уключэнне) паціху выцясняецца больш натуральным “жывы эфір” (адпаведна, прыслоўе – “ужывую”). Гэтак не толькі па-ангельску (live), але і на большасці славянскіх моў: пол. transmisja na żywo, чэш. živé vysílání, серб. пренос уживо, баўг. предаване на живо.

Падсумоўваючы, варта сказаць, што праблема неадназначнасці слова “просты” з’яўляецца надуманай і вынікае, бадай, з расейскацэнтрычнага погляду на мову. А замяняць меркаваны русізм “прамы” на няўклюдны наватвор замест таго, каб ўжываць тыя ці іншыя ўласна беларускія адпаведнікі – проста недарэчна.

Вам можа спадабацца