Дэмакратыя ў часе каранавірусу

Меркаваньні

Дэмакратыя ў часе каранавірусу

3 красавіка 2020 а 09:48

Уладзіслаў Гарбацкі

Палітычная навука – гэта не астралёгія, не хірамантыя, што часта стараюцца зрабіць зь яе абывацелі ці аўтарытарныя ідэолягі. Яна не  не акрэсьлівае дакладна будучыні, хоць, безумоўна, пэўныя прагнозы дзякуючы ёй можна зрабіць.

Палітычная навука ня лечыць ад каранавірусу, але яна здаўна і шмат рэфлексуе наконт дзеяньня дэмакратыі ў надзвычайных умовах: вайны, гуманітарнай катастрофы ці любой іншай маштабнай крызы.

У часе каранавірусу ў сьвеце і ў прыватнасьці ў Эўропе зноў актывізаваўся іншы вірус – вірус аўтарытарызму. У старых і новых дэмакратыях загаварылі пра моцную ўладу. Варта паглядзець на Вугоршчыну, Польшчу ці нават Францыю, дзе прэзыдэнт Эмануэль. Макрон заклікае жыць, як пры ваенным становішчы. Ва ўсёй Эўропе пераносяцца выбары, абмяжоўваецца свабода перамяшчэньня ўнутры краіны і паміж краінамі ЭЗ, узмацняецца праблема расізму і ксэнафобіі. Па-за ЭЗ, у Вялікабрытаніі і асабліва ў ЗША, на фоне каранавірусу адкрылася старая рана – сацыяльная безабароннасьць вялікай часткі грамадзтва, якая ня можа атрымаць паўнавартага мэдычнага абслугоўваньня.

Тое, што адбываецца цягам апошніх месяцаў, цалкам упісваецца ў лёгіку надзвычайнага стану, калі дэмакратыя звычайна прайграе, мінімізуецца. Аднак ёсьць і прыклады ўдалага супрацьстаяньня аўтарытарнай тэндэнцыі. Дэмакратыя ў Швэцыі, Тайвані, Паўднёвая Карэі, Сынгапуры ці Японіі дэманструе цьвярозыя, непанічныя паводзіны ва ўмовах пандэміі, не прыбягае да абмежаваньня свабоды, задзейнічваюць прынцыпы салідарнасьці. Пры дапамозе сацыяльнай дзяржавы тут удаецца утрымліваць сытуацыю пад кантролем.

Цяпер эфэктыўнасьць дэмакратыі варта ацэньваць праз сацыяльны патэнцыял дзяржавы і яе гатоўнасьць абараніць, як і належыць пры дэмакратыі, усе слаі грамадзтва, а ня толькі багатых і прывілеяваных, як у ЗША.

Крытэр сапраўднай дэмакратыі цяпер – як дзяржава спраўляецца з мэдычным абслугоўваньнем сваіх грамадзянаў падчас пандэміі.

Гэта ня першае выпрабаваньне для дэмакратыі. У XX ст. яны сутыкаліся з падобнай крызай падчас і пасьля абедзьвюх сусьветных войнаў.

Спачатку дэмакратыі прайгравалі, але паступова бралі верх. Хвалі пашырэньня дэмакратыі ў сьвеце за апошнія стагодзьдзі якраз ілюструюць гэтую тэндэнцыю.

Зрэшты, у палітычнай навуцы можна знайсьці ідэі, якія можна прыстасаваць да бягучага момаанту. Цікавы і малавядомы ў нас францускі мысьляр Алексіс дэ Таквіль 185 год таму назад у сваёй вядомай кнізе “Дэмакратыя ў Амэрыцы” (другі том, 1835) апісваў, што можа быць з дэмакратыяй, калі яна сутыкаецца з вайной ці іншай маштабнай пагрозай свайму існаваньню. Нароўні з вайной ён адносіў да рызыкаў дэмакратыі любыя маштабныя крызы.

Ужо тады ён падкрэсьліваў маруднасьць дзеяньня дэмакратыі і проста яе негатовасьць да вялікай крызы, да вайны. Таквіль пісаў, што

“дэмакратыя нагэтулькі захопленая дабрабытам сваіх грамадзянаў, што ў мірны час губляе інтарэс да абароннай і вайсковай справы. […]. Усе ейныя інтарэсы скіраваныя на прамысловасьць і гандаль”.

А таму ў сытуацыі крызы, вайны, эпідэміі яна не адразу дае бой. Тым ня менш, А. дэ Таквіль бачыў у дэмакратыі моцны патэнцыял, які яна паступова запускае ў дзеяньне -- “дзякуючы сваёй адданасьці свабодзе дэмакратыя заўсёды перамагае”. Калі прыгадаць іншыя пазьнейшыя падобныя сытуацыі – напрыклад, мабілізацыю дэмакратыяў падчас Другой сусьветнай вайны і вядомыя прамовы Чэрчыля, то меркаваньне дэ Таквіля становіцца амаль прароцтвам.

Назіраючы за функцыянаваньнем дэмакратыі ва ўжо ўзгаданых вышэй Тайвані, Японіі, Паўднёвай Карэі, Сынгапуры ці Швэцыі ва ўмовах пандэміі, я не сумняюся, што сучасныя дэмакратыі дадуць рады нечуванаму выкліку, задзейнічаўшы для гэтага свой патэнцыял любові да свабоды, пра які пісаў А. дэ Таквіль.

Вам можа спадабацца