Як нам рэарганізаваць слоўнік? або Пра “адметную” і не вельмі лексіку

Рознае

Як нам рэарганізаваць слоўнік? або Пра “адметную” і не вельмі лексіку

Новае тысячагоддзе дало беларускай лексікаграфіі, прынамсі, два слоўнікі новага тыпу: “слоўнікі адметнай лексікі”. У 2003 годзе Ганна Арашонкава і Надзея Чабатар выдалі “Тлумачальны слоўнік адметнай лексікі ў творах Якуба Коласа”. У 2013 годзе з’явіўся “Словаклад: слоўнік адметнай лексікі” Алеся Каўруса.

Мэта першага слоўніка навуковая – паказаць адметнасць словаўжывання Коласа. Аўтаркам, аднак, не чужая была і, як пабочная, ідэя папаўнення слоўнікавага складу беларускай мовы. Лічыцца (а часам так і робіцца), што нейкія новавыяўленыя словы пазней уключаюцца ў агульны слоўнік. Аўтаркі мяркуюць, што сучаснай беларускай мове прыдаліся б такія народныя словы, як аблетак ‘жывёліна, якая пералетавала’, сцішны ‘вельмі ціхі’, макляк ‘мокрае палена’, паднядзеліцца ‘прыбрацца па-святочнаму’, паднядзеліць ‘надаць святочны выгляд’, паталочышча ‘вытаптанае месца’, паўзбярэжжа ‘паласа зямлі ўздоўж берага’, пярэсмыкі ‘перасячэнне многіх сцежак’, ‘мнагалюднае, неспакойнае месца’. Як па мне, аблетак і сцішны ў лексіконе агульнай мовы не патрэбны. І без паўзбярэжжа нібыта можам абысціся, раз ёсць узбярэжжа. А ўключаючы пярэсмык, варта было б не забыцца і пра іншае яго, ранейшае тэрміналагічнае значэнне: ‘перашыек’.

Мэты выдадзенага выдавецкім домам “Звязда” “Словакладу” – найперш практычныя. У анатацыі сцвярджаецца, што слоўнік можа “выкарыстоўвацца ў сярэдняй і вышэйшай школе, а таксама як даведнік для журналістаў, пісьменнікаў і рэдактараў”.

Зрэшты: а што такое “адметная лексіка”?

Хоць аўтары абедзвюх прац не даюць прамога адказу на гэты конт, іх пазіцыя выглядае суладнай. “Адметная” – гэта лексіка, не ўключаная ў слоўнікі агульнай мовы. Для яе і слова прыдумана спецыяльнае: пазаслоўнікавы.

У прадмове да “Словакладу”Алесь Каўрус адзначыў, што ў слоўніку дадзена акурат такая  лексіка. “Словаклад” – гэта, згодна з укладальнікам, “дадатак да Тлумачальнага слоўніка беларускай мовы”. Ён нават і аформлены так, што яго можна ледзь не жыўцом устаўляць у Тлумачальны слоўнік. А. Каўрус спадзяецца, што пасля публікацыі сабраных ім на працягу доўгіх гадоў не- і малавядомых слоў нейкая частка з іх стане ўжывацца. Іх выкарыстанне ў штодзённай моўнай практыцы і лексікаграфічная апрабацыя ў ягоным слоўніку – гэта шлях да фіксацыі гэтых слоў і ў аўтарытэтным агульным вялікім слоўніку, спадзяецца ўкладальнік “Словакладу”. А. Каўрус калі і не хоча “рэарганізаваць” лексічны склад літаратурнай мовы, то, прынамсі, імкнецца моцна на яго паўплываць.

Цікава: а вось лексіка, якая адлюстравана ў агульнаўжывальных слоўніках, ці ў ёй таксама ёсць адметныя словы? Ці адметныя, напрыклад, зафіксаваныя ў Тлумачальным слоўніку кабаніна, кабат, каберац, кабецін, кабечы, кабылін, кабылячы, кавал, кавенька, кавяла, кавяня, кавярзні, кагадзе, каганец, кадаўб, кадаўбец, кадук? Вы ж, несумненна, ведаеце, што такое кабецін, кабечы, кабылячы? Зрэшты... Студэнткі беларускага аддзялення філалагічнага факультэта БДУ з нагоды слова кабеціна – цалкам нармальнага сто гадоў таму ў значэннях ‘жанчына ў колькасці аднаго экзэмпляра’☺, ‘жанчына’ – былі сказалі мне, што яно ім нагадвае словы... ялавічына і свініна. І смех, і грэх!

Зафіксаваныя ў слоўніку кабаніна, кабат, каберац, кавал, кавенька, кавяла, кавяня, кавярзні, кагадзе, каганец, кадаўб, кадаўбец, кадук, відаць, адметныя. Баюся, значэння некаторых з іх мы можам не ўспомніць.  

Атрымліваецца, што адметных якасцяў лексікі, прыведзенай у агульных слоўніках, слоўнікі “адметнай” лексікі не прызнаюць, ігнаруюць іх. То ўзнікае пэўная праблема. Ствараецца стэрэатып: “адметнае” – гэта нібы толькі тое, чаго няма ў агульным слоўніку. Зробленыя слоўнікі “адметнай” лексікі акадэмічных супрацоўніц і А. Каўруса – гэта слоўнікі, дыферэнцыяльныя датычна лексікі літаратурнай мовы.

Але адметная лексіка – гэта не толькі лексіка, адсутная ў агульным слоўніку! У агульнаўжывальных слоўніках таксама поўна такой лексікі.

Не вельмі пажаданы і іншы стэрэатып, які часам ствараецца на нашых вачах. Маўляў, не зафіксаваныя ў слоўніках агульнай мовы невядомыя ці малавядомыя словы абавязкова “лепшыя” за зафіксаваныя. Чым? А чым хочаце. Яны, напрыклад, пазбаўлены рускага уплыву, яны арыгінальныя, свежыя, вобразныя.

У рамках ужо выкарыстанага для спробы слоўнікавага фрагмента “ка – кадэ” ў слоўніку лексікі Коласа дадзены сем слоў: кабдзюр ‘кіпцюр’, каберац, каваляваць перан. ‘настойлівай працай дамагацца чаго-небудзь’, кадр ‘кадры’, кадрыль ‘мітусня’, кадуб ‘кадзь’, кадубок ‘шкатулка’. Пры гэтым два словы, каберац і кадуб, фактычна супадаюць з пададзенымі ў Тлумачальным слоўніку словамі. Кабдзюр – гэта фанетычны дыялектызм. Каваляваць – гэта прыдуманы Коласам паэтычны аказіяналізм для характарыстыкі мудрагельскага ўжывання ў мове маладнякоўскай паэзіі. Кадрыль як ‘мітусня’ – гэта, ясна, пераноснае значэнне вядомага слова. Коласу яно спатрэбілася; мы, калі захочам выказацца неяк асабліва прыгожа, таксама нібыта можам так сказаць. Але, шчыра, я не ўпэўнены, што скажам  (бо ўжо слаба ведаем, што за звер гэтая кадрыль)...

У рамках фрагмента “ка – кадэ” ў слоўніку Каўруса дадзены тры словы, з іх толькі адно (кавалёк ‘конік’) можам назваць арыгінальным, свежым ці вобразным. Але фактычна яно мае абмежаваныя шанцы для рэактывавання. Яго патэнцыяльная ячэйка – найменне заалагічнага віду Tettigoniidae – у беларускай мове ужо даўно занята словам конік.

То быў выпадковы дэфіцыт на свежыя словы ў фрагменце “ка – кадэ” слоўніка Каўруса. У фрагменце “назадор – напярэсціжкі” ў слоўніку іх многа больш: назадор ‘насуперак, наперакор’, назаўсёдны ‘які з’явіўся назаўсёды’, назаўтрае / назаўтрага, наземіцца ‘апускацца на зямлю’, назова ‘назва’, назолісты ‘назойлівы’, наймя ‘назва’, накіравальны ‘які вызначае кірунак’, налецце ‘наступны год’, налюднець ‘стаць такім, як усе людзі’, намызнік ‘наморднік’, напавідку ‘навідавоку’, нападарожны ‘сказаны на дарогу’, нападнік / нападчык / нападоўца, напіс, напіты ‘п’яны’, напіцаваць ‘напакаваць’, наплыўны ‘які наплыў’, напрацаваны ‘які напрацаваўся’, напрыканцы, напярэсціжкі ‘напярэймы’.

Некаторыя з гэтых слоў – народныя, ужытыя ў мастацкіх творах: назадор, назаўтрае / назаўтрага, назолісты, налецце, налюднець, напавідку, нападнік / нападчык, напіты, напіцаваць, напярэсціжкі. Некаторыя з іх маглі б рабіць наша маўленне багацейшым, больш нязмушаным, “свойскім”. Можам гэтыя словы рэкамендаваць, але не можам сказаць, што яны абавязковыя. Ёсць рызыка, што некаторыя з іх будуць незразумелымі.

Іншыя ўяўляюць сабой літаратурна-пісьменніцкія мадыфікацыі ў духу народнай словатворчасці агульнавядомых слоў: назаўсёдны, нападарожны, напрацаваны.

Яшчэ частка слоў уяўляюць сабой рэшткі лексікі літаратурнай мовы першай паловы ХХ стагоддзя:  назова ‘назва’, наймя ‘назва’, напіс ‘надпіс’. Ужывайце іх, калі вам чамусьці захочацца стылізаваць ваша маўленне пад архаіку.

Тры словы ўяўляюць сабой ўласна пісьменніцкія або проста наватворы: наземіцца (Дубоўка), намызнік (Брыль), нападоўца. Намызнік – акэй, можа, яно нам зможа дапамагчы лепш зразумець каранавірус?! ☺. Але слова наземіцца наўрад нам спатрэбіцца.

Накіравальны – наватвор апошніх гадоў, ужываць яго неабавязкова. Слова наплыўны магло б быць у слоўніку, але не трапіла ў яго. Можа, укладальнікам здавалася, што прыметнік ад такога назоўніка не будзе патрэбен? Напрыканцы – неалагізм апошніх дзесяцігоддзяў, запазычанне з украінскай, якое ўспрымаецца як уласнае слова.

У суме з пералічаных слоў выглядаюць на патрэбныя назадор, назаўтрае / назаўтрага, налюднець, нападнік, напіты, напярэсціжкі, на(па)дарожны), напрыканцы. Гэта, прызнаюся, цесна звязана з маім колам чытання і маімі асабістымі ўпадабаннямі. Лёсікаўскае назадор ведаю даўно ад колішняга чытання Лёсіка. Назаўтрае / назаўтрага і напярэсціжкі ведаю і з народнага (слоўнікі), і з літаратурнага ўжывання. Налюднець (хутчэй вылюднець: вылюднела дзеўка ‘вырасла; зрабілася дарослай, сэксапільнай’) мне добра знаёмае па народнай мове. Напіты можа выкарыстоўвацца як пэўны жартоўны эўфемізм для п’яны. На(па)дарожны, нападнік / нападчык добра імітуюць народнае, вельмі свабоднае, словаўтварэнне. Аднак я не даклярую, што буду ўсе гэтыя словы ўжываць неадменна (хіба толькі нападнік і вылюднець). Іншым людзям маглі б спадабацца іншыя словы.

Праблема адметных “пазаслоўнікавых” слоў у тым, што яны аказаліся за бортам нарматыўнай беларускай мовы. Сярод іх могуць быць старыя, колісь ужываныя, але потым адкінутыя. Ёсць незаўважаныя. Ёсць новыя, якія “спазніліся”. Многія “ячэйкі”, дзе яны маглі б прытуліцца, ужо заняты, часам вельмі даўно, іншымі словамі, якія мы добра ведаем і актыўна ўжываем. Прыгажосць, спрадвечнасць, нейкая асаблівая сістэмнасць ці лагічнасць пераважнай большасці “пазаслоўнікавых” слоў часта зусім не маюць значэння для развязання спрэчкі пра тое, прыдатныя яны для ўжывання ў сучаснай мове ці не. Часам “не вельмі добрыя” словы ўпісваюцца ў новую сітуацыю, а “зусім добрыя” – не. У жыцці мовы бывае так, як і ў звычайным жыцці.    

...Усё напісанае вышэй – гэта “заўвагі на палях” да слоўніка мовы твораў Цішкі Гартнага, які цяпер задумваю. Лексіка твораў Гартнага выключна адметная, у ёй ёсць абдум, адзнанне, адлюднены, гарчыць, дасэніць, дашуклівы, загнюшаны, занедаволіцца, засуцэльваць, індывідуальнік, калектыўшчык, падфальшывены, пазакалгаснік, правід, скрадлівасць, спынка, уразены,  чырвонагвяздны, шурпаціць і сотні ці тысячы іншых цікавых слоў. Добра было б іх сабраць і ўкласці...

Але не назаву такую працу слоўнікам “адметнай” лексікі. Проста не ведаю добра, што гэта такое...