Невытлумачальныя трыццатыя

Гісторыя

Невытлумачальныя трыццатыя

Так склалася, што паводле навуковых абавязкаў многа сутыкаюся з 1930-мі гадамі. Гісторыя літаратурнай мовы і гісторыя мовазнаўства. Гэта невясёлая, а часткова і трагічная матэрыя. Між тым і ў трыццатыя ў кагосьці выбліскваў энтузіязм, адбываўся навуковы рост, будавалася кар’ера, шчымела сэрца ад кахання. Аднак уласцівыя гэтаму часу ідэалагічны і псіхалагічны гвалт, палітычны і фізічны тэрор, крывасведчанні і судовая сваволя пераацэнцы падлягаць не могуць. Спадзяюся, страшная спадчына трыццатых болей ніколі не паўторыцца. Хочацца ведаць пра яе “толькі з кніжак”...

Але тое, чаго мы не памацалі ўласнымі рукамі, хоцькі-няхоцькі можа быць для нас недастаткова ўцямным.

Некалі пісьменнік-эмігрант Масей Сяднёў падзяліўся ўспамінам пра тое, што драматычныя падзеі 1930 года вакол Коласа і Купалы маладых пісьменнікаў таго часу “натхнялі” (здаецца, такое слова было ўжыта). Мэтры апублікавалі тады “пакаянныя лісты”, а Купала ўчыніў спробу самагубства (пра самагубства Сяднёў мог і не ведаць).

Дарослыя людзі публічна адракліся часткі сваёй біяграфіі, думаў я ў 90-я... Чым тут можна натхняцца?

“Купала выракся буржуазных ідэалаў нашаніўства і нацдэмакратызму, ён вырас, будзе цяпер разам з намі будаваць новы свет. Нам патрэбны такія лідары”. Так маглі думаць бязвусыя пісьменнікі пачатку 1930-х. І што з гэтым зробіш?

Ёсць тэндэнцыя многае тлумачыць характарамі людзей і іх лёсамі. Вось гэты быў арыштаваны і сасланы – ён герой. А гэтыя, неарыштаваныя і несасланыя, напэўна, пісалі даносы, яны – негероі.

Нейк нядаўна ўспомнілі гісторыю пра тое, як Міхась Лынькоў у 1947 годзе крытычна сустрэў выхад першай аповесці маладога Івана Шамякіна. Розніца паміж імі была ў тым, што ў трыццатыя Лынькоў быў на скрыжаванні ідэалагічна-літаратурных боек, а Шамякін – не.

Успамінаючы на схіле жыцця гэтыя падзеі, Іван Пятровіч запісаў у дзённіку іранічна: дзіва, “як яны не перасадзілі яшчэ адзін аднога, а заадно і нас, маладых, пасля вайны?!”.
Вядома ж, людзі – кепскія... Вядома, “там” і “калісь” – гэта не “мы” і не “цяпер”. Мы так не рабілі б...

А пастаўма сябе на месца літаратурнага кіраўніка Лынькова ў сітуацыі 1938 года... Якімі аказаліся б мы? (Я ўжо не кажу пра тое, што асабіста я нічога асабліва дрэннага пра Лынькова гэтага ці іншага часу не ведаю.)

Апошнім часам давялося звярнуць увагу на пэўныя эпізоды супярэчак 1930-х.

У першым нумары за 1933 год часопіса аргкамітэта Саюза пісьменнікаў БССР “Заклік” былі апублікаваны некалькі сяброўскіх шаржаў і эпіграм, адрасаваных канкрэтным асобам.

Шарж на Лукаша Бэндэ.

Шарж на Сымона Баранавых.

Мне цікавая эпіграма на Кузьму Чорнага.

Яе напісаў Цішка Гартны. Той самы Гартны, Зміцер Жылуновіч, які ў кастрычніку 1929 года прайшоў чыстку ў ячэйцы камісарыята асветы. Той самы, які ў студзені 1931 года быў выключаны з партыі і пасланы на мінскія заводы на “перакоўку”. Вось што ён напісаў пра Чорнага.

         Нікому так не шанцавала...

         Судзьба законы мудра піша.

         Калі старое Ўзвышша пала,

         Ён ўзлез на новае Узвышша.

Выглядае даволі, калі не сказаць, проста жорстка.

“Старое Ўзвышша” – гэта літаратурнае згуртаванне, членам якога быў Чорны. Яно было з шумам распушчана ў 1931 годзе. Між іншым, ахвярамі гэтага роспуску сталі Уладзімір Дубоўка, Адам Бабарэка, Язэп Пушча, яны былі арыштаваны і сасланы. Чорны быў блізкі да таго, каб апынуцца ў гэтай кампаніі, але ж яму – “пашанцавала”... Можам не сумнявацца: шанцаванне было пэўным чынам аплочана...

Як лічыце: ці ў творы сфармуляваны намёк, што Чорны – ідэалагічны пярэварацень? Так? Не?

Як думаеце: а ці спадабалася гэта эпіграма Чорнаму? Адназначна – не, не і не!

Але ж Гартны. У канцы 20-х ён быў апанентам “Узвышша”, неаднойчы пісаў пра яго, найперш пра Дубоўку і Пушчу, крытычна. Чорнаму, дарэчы, сімпатызаваў. Здавалася б, Гартны меў бы сябе адчуваць вінаватым за тое, што здарылася ў 1931-м з “Узвышшам”?

Гэтага не бачым.

Здавалася б: у доме павешанага не гавары пра вяроўку, а былому сябру “Узвышша” не нагадвай у двухсэнсоўным кантэксце пра яго бытнасць там.

А Гартны гэта зрабіў! Драматычны паварот у лёсе Чорнага і згуртавання “Узвышша” стаў для Гартнага падставай для двухсэнсоўнай літаратурнай гульні.

Дык у літаратуры прынята забаўляцца, і добра, каб амбівалентна, хіба не? Верагодна, шмат каму з тагачасных чытачоў гэта вельмі зразумелая і двухсэнсоўная гульня на мяжы фолу спадабалася...

То якія ў нас могуць быць прэтэнзіі да Гартнага?

А вось як алягантна пакпілі А. і Б. з Баранавых, аўтара лірычнай імпрэсіі “Матчын сын”:

   “Матчын сын” –

         вядомай маткі.

   Але нам

         цікава ведаць:

   Чый ты ўнук,

         якога дзеда.

   І сынок

         якога таткі?

Быццё ў новазакладзеным Саюзе пісьменнікаў накладала пэўныя абавязкі па часці сацыяльнага паходжання...

А вось іншы эпізод з Гартным. Тут крытыкаваў ужо не ён. Крытыкавалі яго.

1934-ты год. Статус Гартнага ў гэты час ужо далёка не той, які быў у яго ў 1928 годзе. І нават не той, які быў у 1932-м. Стваралі ў 1932-м Саюз пісьменнікаў БССР, а Гартнага ў аргкамітэт не ўключылі. У апублікаваным дакладзе Я. Бранштэйна аб прозе на першым з’ездзе беларускіх пісьменнікаў у чэрвені 1934 года прозвішча Гартнага не называлася. Такога пісьменніка як бы і не існавала. На першы з’езд савецкіх пісьменнікаў у Маскве ў жніўні 1934 годзе яго не дэлегавалі.

Гэта – яго, Цішку Гартнага, Змітра Жылуновіча, хто ў 1928 годзе ўслед за Купалам і Коласам мог атрымаць годнасць “народнага пісьменніка”!

І вось летам 1934 года на пленуме праўлення саюза пісьменнікаў разглядаецца пытанне “перабудовы” Гартнага.

Публічнае абмеркаванне “перабудовы” таго або іншага пісьменніка – гэта пэўны літаратурны эквівалент прынятых тады ў партыйным асяроддзі “чыстак”. Дакладчык – Кандрат Крапіва. З ліку былых узвышаўцаў. Між іншым, тагачасны галоўны рэдактар часопіса “Полымя” – часопіса, які ў 20-я ўзначальваў Гартны.

Так, канстатаваў Крапіва, за апошнія пяць гадоў Гартны перабудоўваўся. Але недастаткова. Значную частку даклада Крапіва прысвяціў разгляду мовы апошніх твораў Гартнага, яна атрымала толькі адмоўную ацэнку.

Паводле Крапівы ад мовы Гартнага “павявае глыбокай правінцыяльнасцю”. Найбольшую крытыку Крапівы выклікалі словы, якія былі “ўтвораны самім аўтарам ад самых звычайных, вядомых усім слоў, але ўтвораныя, не гледзячы ні на якія моўныя законы”. Гэтыя словы былі груба названы дакладчыкам “цішкізмамі”.

Мне ўжо прыходзілася крытычна пісаць пра гэты даклад будучага акадэміка, дакладней пра апублікаваны на яго аснове артыкул. Але цяпер хачу трохі “здаць назад”.

Вось што звярнула ўвагу.

Нягледзячы на фон пленума праўлення Саюза пісьменнікаў, атмасферу разгляду “персанальнай справы” і ідэалагічнай “прапрацоўкі”, Гартны здолеў прыняць крытыку Крапівы на свой адрас даволі канструктыўна. Мова яго наступнага вялікага твора, рамана “Перагуды”, можа лічыцца лепшай параўнальна з папярэднімі.

Па-першае, Гартны паважна паставіўся да заўваг Крапівы наконт няўклюднай пабудовы сказаў і недарэчнага выкарыстання бытавых слоў у пераносных значэннях пры апісанні розных інтэлектуальных станаў і паняццяў. Магчыма, сітуацыю палягчала тая акалічнасць, што раман “Перагуды” быў прысвечаны калгаснай тэматыцы, а апісанне побыту і псіхалогіі селяніна ў тагачаснай беларускай літаратуры мела многа большы вопыт, чым у апісанні псіхалогіі рабочага, інжынера ці партыйнага работніка.

Па-другое, Гартны толькі часткова ўспрыняў закіды Крапівы наконт вялікай колькасці дыялектызмаў у яго творах. Як былі ў яго ранейшых творах крытыкаваныя Крапівой словы займаздароў, заграбяшыць, мерскануць, упічышча, так яны сустракаюцца і ў новым. У рамане “Перагуды” ўжываецца нямала і іншых адметных народных слоў тыпу агойтацца, агораць, адсапціся, апрастаць, ашчэднасць, бушнець, бываляшні, вобмаль, гардліва, гардлівы, гэст, дадзяваць, дакляраваць, дапамінак, дапомніць, замлосніць, занедаўміцца, запліска, засаб, захлупіць, зашамшэць, збаёдаваны, знібыткавацца, зорыць, каразлівы, картофлі, котла, крышон, кудэю, надазаляць,  наздрочваць, нарасхлест, наўда, папруціна, перапяты, перасцігаць, повей, подзерг, покуцьны, праказаць, пранозлівы, прымха,  радняцкі, разгорнены, растапнець, спанраўна, справавацца, сцерп, узорыцца, узрок, цырбунок, чаўпсціся, шорпат і інш.

Калі да крапівоўскай крытыкі Гартны быў фактычна неўтаймоўны ў пошуку новых моўных сродкаў, то ў новым творы ў моўным пошуку ён трохі сябе паўстрымаў. У гэтым сэнсе можна сказаць, што крытыка Крапівы, нягледзячы на яе непрывабныя якасці, аказалася эфектыўнай. Аказваецца, у кантэксце 30-х гадоў яго крытыка не абавязкова магла выглядаць дарэшты адыёзнай і “дырэктыўнай”, якой яна бачыцца цяпер. Усё ж у гэты час Крапіва яшчэ далёка не меў той рэпутацыі кваліфікаванага і даволі “грознага” мовазнаўца, якая ў яго была ў 1960—1970-я гады. Ды і Гартны, аказваецца, быў не такі падатлівы на аглабельную па форме крытыку. У некаторых рэчах ён быў прынцыповы і ўмеў трымаць удар.

Такія якасці не пашкодзяць ніколі. Хоць бы і ў трагічныя трыццатыя гады.

Вам можа спадабацца