Жана Д’арк наэлектрызаванага грамадства

Грамадзтва

Жана Д’арк наэлектрызаванага грамадства

Феномен віцебскай доктаркі Наталлі Ларыёнавай

У сітуацыі з СOVID-19 у Беларусі, якая вылучаецца наяўнасцю супярэчлівай інфармацыі, а таксама цыркуляцыяй плётак і чутак, сапраўднай сенсацыяй стаў зварот віцебскай доктаркі Наталлі Ларыёнавай, апублікаваны на яе старонках ў сацыяльных сетках «У кантакце» і «Фейсбук» 30 сакавіка і пазней растыражаваны інтэрнэт-парталамі. У звароце Ларыёнава рашуча заявіла, што сітуацыя з каранавірусам у Віцебску выйшла з-пад кантролю, а мясцовыя дактары, некаторыя з якіх самі зляглі з пнеўманіяй, неўзабаве не дадуць рады наплыву хворых. Ларыёнава таксама запэўніла, што лічбы па каранавірусе, якія афіцыйныя беларускія ўлады падаюць у СААЗ, абсалютна міфічныя: г.зн. выпадкаў захворванняў на каранавірус і летальных зыходаў ад яго значна больш.

Найбольш крытычныя карыстальнікі палічылі такі зварот банальным фэйкам, на што Ларыёнава была вымушаная размясціць у сацыяльных сетках уласныя фатаграфіі з месца працы і копіі дакументаў, у прыватнасці, медыцынскага пасведчання ды выпіску з працоўнай кніжкі.

Пасведчанне Наталлі Ларыёнавай.

Наталля Ларыёнава на працоўным месцы.

Дзякуючы гэтаму звароту амаль нікому дагэтуль не вядомая супрацоўніца лабараторнай дыягностыкі Віцебскай абласной клінічнай бальніцы хуткай дапамогі трапіла ў цэнтр грамадскай увагі. Алею ў агонь падліла віцебская пракуратура, выклікаўшы Ларыёнаву для дачы тлумачэнняў. У вачах пэўнай, пераважна інтэрнэтаўскай публікі гэта толькі замацавала за Ларыёнавай імідж пакутніцы: маўляў, слабая жанчына ў белым халаце супрацьстаіць дзяржаўнай машыне, імкнучыся данесці праўдзівую інфармацыю аб страшэнным вірусе. Ужо прагучалі першыя параўнанні Ларыёнавай з яе непасрэдным шэфам — Уладзімірам Каранікам. Натуральна, не на карысць міністра аховы здароўя.

Крытычныя стрэлы на адрас Ларыёнавай таксама прагучалі, але тычацца яны ў асноўным таго, што адважная доктарка ўпарта ігнаруе афіцыйную назву нашай краіны і мянуе яе не іначай як «Белоруссия».

Наталлі Ларыёнавай характэрна любоў да Расійскай дзяржавы.

Сама ж Ларыёнава не хавае сваіх прарасійскіх поглядаў (напрыклад, у апошнім пасце «В контакте» ад 8 красавіка яна заявіла, што «русского человека спасет только юмор»), а выкарыстанне назвы «Белоруссия» патлумачыла тым, што яна родам з СССР («мы были великой страной») і што была такая песня «Родина моя — Белоруссия».

Допісы з асабістай старонкі Наталлі Ларыёнавай у сацыяльнай сетцы «В контакте».

Допісы з асабістай старонкі Наталлі Ларыёнавай у сацыяльнай сетцы «В контакте».

Ларыёнава не цураецца посціць такія старонкі як, напрыклад, «Здоровая Русь: Россия, Украина, Беларусь».

Наталля Леанідаўна ў акружэнні сімвалаў беларускага суверэнітэту.

Брэсцкі журналіст Аляксей Голікаў, спаслаўшыся на быццам бы ненармальную зацікаўленасць Ларыёнавай старажытнаўсходнімі вучэннямі і рэлігіямі, увогуле назваў яе авантурысткай і ледзьве не псіхічна хворай, якую ні ў якім разе нельга дапускаць да працы ў якасці медыка.

Называць Ларыёнаву вар’яткай, мы, канешне ж, не маем права. Яе з’яўленне — феномен, у якім адлюстраваўся як моцны недавер беларусаў да афіцыйнай медыцынскай статыстыкі (які могуць толькі распальваць спецыфічныя разважанні Аляксандра Лукашэнкі пра ахвяраў COVID-19 і спосабы лячэння ад яго), так і прага людзей да праўдзівай інфармацыі.

Іншымі словамі, калі б Ларыёнавай не існавала, яе варта было б выдумаць.

У выніку з’яўленне новай гераіні, гэткай Жаны Д’арк, займела ў наэлектрызаваным грамадстве эфект выбухлай бомбы.

Ці лічыць сябе Ларыёнава месіяй, здольнай выратаваць сваіх суайчыннікаў? На гэтае пытанне можа адказаць толькі яна сама. Аднак некаторыя высновы можна зрабіць пры аналізе асабістых старонак Ларыёнавай у сацыяльных сетках («Одноклассники», «В контакте», «Фейсбук»).

У вочы кідаюцца прынамсі дзве рэчы. Па-першае, крайняя рэлігійнасць Ларыёнавай, якая ў якасці галоўнага сродку супраць каранавірусу называе малітвы і веру ў Богу («на тонущем корабле сто процентов людей становятся верующими»).

Допісы з асабістай старонкі Наталлі Ларыёнавай у сацыяльнай сетцы «В контакте».

Допісы з асабістай старонкі Наталлі Ларыёнавай у сацыяльнай сетцы «В контакте».

Пры гэтым спадарыня Ларыёнава акцэнтуе асаблівую ўвагу на моц агульнай малітвы і абавязкова па маскоўскім часе (хаця Беларусь і расійская сталіца, як вядома, існуюць у аднолькавым часавым поясе). Па-другое, крайняя эклектычнасць гэтай самай рэлігійнасці, імкненне спалучыць некалькі абсалютна розных вучэнняў. На старонках Ларыёнавай прысутнічае і класічнае праваслаўе, і Аюрведа, і вучэнне Крышны (у абліччы вядомага расійскага псіхолага, крышнаіта па веравызнанні Алега Гадзецкага).

Ці пойдзе Ларыёнава далей, ці абмяжуецца памянёным вышэй зваротам? Яе апошнія запісы ў сацыяльных сетках сведчаць пра другі варыянт. Як сцвярджала Ларыёнава, яе старонкі ў сацсетках неаднойчы блакаваліся, а сама яна «не питает иллюзий, что ее не прослушивают».

Допісы з асабістай старонкі Наталлі Ларыёнавай у сацыяльнай сетцы «В контакте».

Аднак у напружанай сітуацыі ўлады вырашылі не выкарыстоўваць рэпрэсіі накшталт звальнення з працы, і Ларыёнава атрымала толькі адлуп ад непасрэднага начальства і пракуратуры. Да таго ж «ахілесавай пятою» звароту з’яўляецца эмацыйнасць і адсутнасць доказаў у выглядзе лічбаў і г.д. Пры жаданні гэта можна павярнуць супраць яе і наўпрост абвінаваціць у паклёпе, як гэта здарылася, напрыклад, з маёрам расійскага МУС Аляксеем Дымоўскім: у 2009 годзе той адважыўся данесці да Пуціна інафармацыю пра бяспраўе ў расійскім сілавым ведамстве.

Больш за тое, у адным з пастоў доктарка дапусціла, што магла памыліцца наконт сітуацыі з СOVID-19 у Віцебску («пусть это будет самая страшная ошибка в моей жизни»).

Допісы з асабістай старонкі Наталлі Ларыёнавай у сацыяльнай сетцы «В контакте».

Мы ў сваю чаргу пажадаем ёй канчаткова вызначыцца, ці памылялася яна ў гэтым пытанні, і незалежна ад гэтага – плённай працы над пераадоленнем гэтай хворобы ў Віцебску і ваколіцах.

Вам можа спадабацца