Забарона ўжывання назвы “Беларусь” (1840 г.): жывучы міф, народжаны ў сталінскую эру

Гісторыя

Забарона ўжывання назвы “Беларусь” (1840 г.): жывучы міф, народжаны ў сталінскую эру

У кожнага народа, у тым ліку і ў беларусаў, ёсць свае міфы.

Міф пра забарону назвы “Беларусь” у часы Расійскай імперыі – у ліку найбольш устойлівых. Яго паўтарае ў адной са сваіх апошніх перадач гісторык Алесь Краўцэвіч.

Пра яго піша вядомы пісьменнік Уладзімір Арлоў у артыкуле, змешчаным 5 красавіка на сайце газеты “Новы час”, удакладняючы, што забарона адбылася ў 1840 годзе. Тым жа самым годам датуе гэтую "забарону" рускамоўная версія Вікіпедыі ды Нацыянальны прававы Інтэрнэт-партал Рэспублікі Беларусь, дадаючы, што адбылося гэта 18 чэрвеня.

Аднак, насамрэч, ніякай заканадаўчай забароны ўжывання назвы “Беларусь”, як і “Літва” не існавала.

З’яўленне міфа

У 1940 годзе ў Мінску быў выдадзены зборнік дакументаў, укладальнікі якога, супрацоўнікі інстытута гісторыі Акадэміі навук БССР, у лік сваіх задач залічылі, між іншым, адлюстраванне русіфікацыі, “наваднення Беларусі рускімі чыноўнікамі і папамі… аж да забароны назвы “Беларусь” і “Літва” (Дакументы і матэрыялы па гісторыі Беларусі. Том ІІ (1772-1903 гг.). Пад рэд. Н.М. Нікольскага, Д.А. Дудкова, І.Ф. Лочмеля, С. VIII). Пацверджаннем таму выступаў дакумент, надрукаваны праз 100 гадоў пасля свайго з’яўлення, і якому ўкладальнікі зборніка далі назву “Забарона царом Нікалаем І ужываць назвы Беларусь і Літва”.

.Дакумент пад назвай “Забарона царом Нікалаем І ужываць назвы Беларусь і Літва”.

Пры гэтым укладальнікі не бачылі ніякай супярэчнасці ў тым, што ўжо ў наступным па чарзе прадстаўленым дакуменце, датаваным 30 снежня 1842 года, узгадвалася Беларуская навучальная акруга. Акрамя таго ў зборніку былі апублікаваныя “Палажэнні 19 лютага 1861 года”, дзе ішла гаворка “аб пазямельным уладкаванні сялян у губернях Вялікарасійскіх, Наварасійскіх і Беларускіх” (с. 400).

У 1979 годзе “Забарона…” была перадрукавана ў новым зборніку дакументаў па гісторыі Беларусі – “Белоруссия в эпоху феодализма” (4 т.). Новы зборнік – новая назва. Цяпер гэта “Указ Сената о запрещении употребления терминов Белоруссия и Литва”, які адсюль патрапіў і ў падручнікі па гісторыі БССР.

Дакумент пад назвай "Указ Сената о запрещении употребления терминов Белоруссия и Литва (18.07.1840)".

Пасля з’яўлення незалежнай Беларусі ўзгадка пра забарону самой яе назвы ў часы Расійскай імперыі набыла яскравую антырасійскую афарбоўку.

Найбольш адыёзнае і супярэчлівае трактаванне гэтай падзеі прысутнічае ў творах Міхаіла Галдзянкова і Вадзіма Дзеружынскага.

Так галоўны рэдактар газеты “Секретные исследования” ў кнізе “Тайны беларуской истории” (Мінск, 2009) нават напісаў асобны раздзел пад назваю “Запрет термина «Беларусь»”.

Вадзім Дзеружынскі пра забарону назвы Беларусь.

Пры гэтым далей пішацца, што назву "Белоруссия" забараніў не Мікалай І, а Аляксандр ІІ .

Выява з кнігі Вадзіма Дзеружынскага.

Кропка адліку

18 ліпеня 1840 года ў Расійскай імперыі з’явіўся сенацкі ўказ “Аб найменні губерняў Беларускіх і Літоўскіх кожную асобна Віцебскаю, Магілёўскай, Віленскаю і Гродзенскаю”. Менавіта пад такой назвай ён змешчаны ў XV томе “Поўнага збора законаў Расійскай імперыі” за 1840 год.

Указ "Аб найменні губерняў Беларускіх і Літоўскіх кожную асобна Віцебскаю, Магілёўскай, Віленскаю і Гродзенскаю".

З арыгінальнага дакумента вынікае, што імператар Мікалай І загадаў замест абагульняючых назваў “Беларускія і Літоўскія губерні” ўжываць найменне кожнай адміністратыўна-тэрытарыяльнай адзінкі пааасобку, а г.зн. Віцебскай, Магілёўскай, Віленскай і Гродзенскай.

Было гэта зроблена для пазбаўлення ад блытаніны, якая ўзнікала ў дачыненні да дадзенага рэгіёна, перш за ўсё – Мінскай губерні, якую проста маглі “забываць” пазначыць у афіцыйных дакументах, прапісаўшы толькі “Беларускія і Літоўскія губерні”.

Але ні пра якую заканадаўчую забарону гэтых назваў, ці тым больш “Беларусь” і “Літва”, альбо “беларускі” і “літоўскі” тут гаворка не ішла. Як і пра тое, што гэты рэгіён мусіць называцца “Паўночна-Заходнім краем”.

Назвы “Беларускія губерні” або “Беларуска-Літоўскія” працягвалі трапляць ва ўрадавыя дакументы, як тое сведчыць указ таго ж 1840 года, датаваны 3 снежня.

Указ ад 3 снежня 1840 года.

Гісторыкі Яўген і Наталля Новік, Ігар Качалаў у падручніку “История Беларуси. С древнейших времен до 2010 г.” увогуле адзначаюць: “Можна назваць больш 10 урадавых распараджэнняў, выдадзеных у 40-80-я гады ХІХ ст., у якіх выкарыстоўваецца назва Беларускія і Літоўскія губерні” (с. 191). Яны ж адзначаюць існаванне 7-га гусарскага Беларускага палка ў складзе войска Расійскай імперыі.

Галаўны ўбор палкоўніка Беларускага гусарскага палка. Крыніца: https://be.wikipedia.org/

У заканадаўчых актах прысутнічаюць шматлікія згадкі пра пераводы, прызначэнні і звальненні афіцэраў Беларускага гусарскага палка, а адпаведна і найменніка “беларускі”.

Узгадка пра перавод афіцэраў Беларускага гусарскага палка за 1858 год.

Акрамя таго, у разнастайных урадавых дакументах маюцца звесткі пра дабраўпарадкаванне Беларускага тракта, які вёў з Пецярбурга ў Вільню. Напрыклад, пад 1845 годзе ён узгадваецца ў зборніку заканадаўчых актаў.

Узгадка пра Беларускі тракт (1845 год).

Найбольш істотна ж для падтрымання існавання назвы “Беларусь”, а тым больш як фактара пашырэння тэрыторыі, замацаванай за ёй, было заснаванне у 1829 годзе Беларускай навучальнай акругі, створанай з Віцебскай і Магілёўскай губерняў. У 1831 годзе ў яе склад увайшла яшчэ Мінская, а ў маі 1832 года далучаныя Віленская і Гродзенская губерні, а таксама Беластоцкая вобласць. Такім чынам, Беларуская навучальная акруга ахапіла ўсю тэрыторыю сучаснай Рэспублікі Беларусь. Менавіта ў склад гэтай акругі ўваходзіла Свіслацкая гімназія, у якой навучаўся Кастусь Каліноўскі, адзін з кіраўнікоў паўстання 1863-1864 гадоў. Яго імя пазначана сярод вучняў Беларускай навучальнай акругі за 1847-1848 навучальны год, дзе ён запісаны як “Калиновский Константин Семенов сын”.

Тытульны ліст адной са спраў Беларускай навучальнай акругі, дзе прысутнічае імя Кастуся Каліноўскага.

Назва “Беларусь” прадстаўлена і ў назвах працаў гісторыкаў Міхала Без-Карніловіча (“Исторические сведения о примечательнейших местах в Белоруссии с присовокуплением других сведений к ней же относящихся”, 1855) і Восіпа Турчыновіча (“Обозрении истории Белоруссии с древнейших времен”, 1857).

Такім чынам, відавочна, што нават прыведзеныя прыклады дазваляюць паказаць, што назва “Беларусь”, “беларускі” працягвала выкарыстоўвацца і пасля 1840 года.

.

Сачыце за дзейнасцю выдавецтва і газэты ARCHE ў TELEGRAM
ДАЛУЧАЙЦЕСЯ!


Больш беларускіх навінаў на нашым канале на ЯНДЭКС ДЗЭН
ПАДПІСВАЙЦЕСЯ!

Вам можа спадабацца