«Мы фашистов победили, победим и эту тварь», або Пра ідэалагічнае пасланне ўладаў напярэдадні выбараў

Грамадзтва

«Мы фашистов победили, победим и эту тварь», або Пра ідэалагічнае пасланне ўладаў напярэдадні выбараў

Нягледзячы на размах эпідэміі каранавіруса, афіцыйныя ўлады не спыняюць падрыхтоўкі да адзначэння 75-годдзя перамогі над нацысцкай Германіяй.

Як і 75 гадоў назад, знешнім і ўнутраным ворагам / пагрозам стабільнасці будзе нанесены сакрушальны ўдар.

У безагаворачнай перамозе над COVID-19 запэўніваюць трэшавыя спевы гродзенскіх школьнікаў з класа міністэрства па надзвычайных сітуацыях «мы фашистов победили, победим и эту тварь». Ім утаруе карэспандэнт СТБ Рыгор Азаронак (сын сумнавядомага Юрыя Азаронка) пра тое, што Беларусь — не істэрычная паненка-падлетак, якая схавала твар пад маскай, а гордая рэспубліка-партызанка.

Рыгор Азаронак.

Гэтыя выказванні – не проста чыстая прапаганда, гэта элемент падрыхтоўкі грамадства да «цвіка» праграмы — вайсковага параду і выбараў.

Да гэтай гульні падключыліся прафесійныя гісторыкі. 9 красавіка адбылася прэсавая канферэнцыя «Аб дзейнасці беларускай гістарычнай навукі напярэдадні 75-годдзя Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне» з удзелам дырэктара Інстытута гісторыі Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі Вячаслава Даніловіча, загадчыка аддзела ваеннай гісторыі гэтага інстытута Аляксея Літвіна і яго двух супрацоўнікаў.

На канферэнцыі было сказана, што ў апошнія гады Інстытутам гісторыі была зроблена вялікая праца па вывучэнні праблематыкі Другой сусветнай і Вялікай Айчыннай войнаў і лёсу Беларусі ў гэты перыяд. Супрацоўнікі інстытуту бралі ўдзел у міжнародных навуковых канферэнцыях, сімпозіумах, выпускалі манаграфіі, публікавалі артыкулы.

Праўда, выглядае, што гэтая інфармацыя была прэлюдыяй да цалкам ідэалагічнага паслання: Савецкі Саюз нібыта не мае аніякага дачынення да развязвання Другой сусветнай вайны, і ўвогуле ў 1939-1945 гадоў быў самай прагрэсіўнай сілай.

Акурат з такога акцэнту распачаў свой выступ журналіст «Советской Белоруссии» Максім Осіпаў. Той наракаў на тое, што ў апошнія дзесяцігоддзі «печальным трендом» нібыта стала перапісванне гісторыі вайны, фальсіфікацыя на карысць тых ці іншых палітычных сілаў — ярых праціўнікаў савецкай спадчыны.

Максім Осіпаў.

У адказ Даніловіч згадзіўся: так фальсіфікацыі існуюць і змагацца з імі трэба агульнымі намаганнямі уладаў, навукоўцаў, настаўнікаў і г.д. Закрануў Даніловіч і такую канкрэтную праблему, як напад гітлераўскай Германіі на СССР:

«…Например, пытаются поставить на одну доску Германию и Советский Союз, обвинив их обоих в развязывании Второй мировой войны… Решение Гитлера напасть на Польшу было принято задолго до того, как был подписан германо-советский договор о ненападении. Причем Советский Союз был последней из европейских стран, подписавших такой договор с Германией, другие страны это сделали гораздо раньше».

Можна заўважыць, што спадар Даніловіч па гэтым пытанні амаль слова ў слова паўтарыў адпаведную ацэнку Уладзіміра Пуціна на вялікай прэсавай канферэнцыі апошняга 19 снежня 2019 года.

Вячаслаў Даніловіч.

Падобныя сцвярджэнні цалкам паўтараюць штампы савецкай гістарыяграфіі. Розніца толькі ў тым, што Пуцін, хай і адным словам, згадаў пра Сакрэтны дадатковы пратакол да пакту, а Даніловіч гэтага не зрабіў.

Між тым, ніхто з прафесійных гісторыкаў не адмаўляе факт галоўнай віны гітлераўскай Германіі ў развязванні Другой сусветнай вайны і нападу на СССР. Насамрэч, дакументы аб намеры СССР першым напасці на Германію адсутнічаюць. Няма іх і ў нашумелай у свой час кнізе савецкага разведчыка-перабежчыка Віктара Суворава.

Пытанне ў іншым: якую ролю адыграў СССР у распальванні вайны.

І тут узнікаюць нюансы.

Даніловіч, напрыклад, звяртае ўвагу на тое, што з еўрапейскіх краінаў СССР апошнім падпісаў пакт з Германіяй. Аднак існуюць сведчанні, што СССР і Германія яшчэ з 1937 года зандавалі глебу для падпісання такога пакта. Прамова Сталіна на XVIII з’ездзе партыі 10 сакавіка 1939 года пра тое, што Англія і Францыя жадаюць пасварыць СССР і Германію і яго наступны крок — звальненне праз пару месяца яўрэя і англафіла Максіма Літвінава з пасады народнага камісара замежных справаў і прызначэнне Вячаслава Молатава могуць сведчыць пра тое, што Сталін задумаў збліжэнне з Гітлерам.

Спадару Даніловічу, напэўна, не трэба гаварыць пра Сакрэтны дадатковы пратакол, які прадвызначыў акупацыю Польшчы і прыбалтыйскіх краін. Толькі нагадаем, што пасля абнародавання пратакола, знойдзенага камісіяй Аляксандра Якаўлева, падчас працы I з’езда народных дэпутатаў СССР у маі 1989 года, савецкае грамадства перажыло сапраўдны шок. А выяўленне гэтага дакумента дала легальную магчымасць прыбалтыйскім рэспублікам распачаць выхад са складу Савецкага Саюза.

Варта ўспомніць і гандлёвыя пагадненні СССР і Германіі (жнівень 1939 і люты 1940 гадоў), паводле якіх СССР наўзамен грашовых крэдытаў пастаўляў у Берлін каштоўную сыравіну і паліва.

І таму нічога няма дзіўнага ў тым, што раніцай 22 чэрвеня 1941 года нямецкія самалёты, запраўленыя савецкім авіякерасінам, пачалі бамбіць савецкія гарады, а нямецкія танкі, запраўленыя савецкім бензінам, парушылі савецкую мяжу.

Колькі слоў сказаў спадар Даніловіч і пра заходніх саюзнікаў СССР: маўляў, СССР адзіны вытрымаў увесь цяжар вайны. Аднак тут трэба гаварыць не столькі аб другім сухапутным фронце, але і пра тое, што саюзнікі ўзялі на сябе вайну на моры, а таксама аказвалі матэрыяльна-тэхнічную дапамогу, вядомую як ленд-ліз. Заходнія пастаўкі мелі для СССР важнае, а па некаторых пазіцыях (вагоны, грузавыя аўтамабілі, сродкі сувязі, медыкаменты і інш.) — вырашальнае значэнне.

Надзейны «студэбекер» здабыў заслужаную падчас вайны, і выкарыстоўваўся яшчэ доўга пасляе яе. І Беларусь у 1944 вызвалялі не толькі легендарныя «Т-34», але і амерыканскія «шэрманы».

Галоўны козыр афіцыйнай прапаганды — партызанскі рух — таксама патрабуе больш аб’ектыўнага вывучэння. Бравада лічбамі (370 тыс. партызанаў) не перадае ўсёй карціны. Афіцыйнай навуцы дагэтуль забаронена вывучаць канфлікты сярод удзельнікаў партызанскага руху. Да таго ж, у пэўнай часткі грамадства існуе устойлівае перакананне ў тым, што карныя нацысцкія аперацыі ажыццяўляліся ў партызанскіх зонах, у адказ на партызанскія напады на немцаў ці іх прыслужнікаў.

Калі спадар Даніловіч кажа пра тое, што партызанскі рух на Беларусі не мае аналагаў у сусветнай гісторыі, то ён прыніжае размах руху супраціву на тэрыторыі былой Югаславіі.

Трэба заўважыць, што менавіта аб’ектыўныя прыродныя (лясы і балоты ў Беларусі, горы ў Югаславіі) умовы спрыялі існаванню вялікай колькасці невялікіх ці сярэдніх мабільных партызанскіх атрадаў. Напрыклад, на Украіне такое было немагчыма з-за наяўнасці вялікай стэпавай зоны.

І, нарэшце, пра рэпліку паважанага прафесара Літвіна ў сувязі са знакамітай рэзалюцыяй Еўрапарламента ад 19 верасня 2019 года «Аб важкасці еўрапейскай памяці для будучыні Еўропы», паводле якой вайна была справакавана і знешнепалітычнай дзейнасцю СССР:

«И когда сегодня где-то принимаются иные решения, по сути, речь можно вести о том, что идет попытка пересмотра решений Нюрнберга. А за этим потянется целая цепочка различных последствий. Современные политики, понимая это или не понимая, затрагивают темы, которые являются весьма опасными».

Паважаны Аляксей Міхайлавіч! Як гісторык, вы павінны зразумець, што гістарычная карціна і памяць могуць кардынальна змяніцца пры з’яўленні новых гістарычных крыніцаў накшталт сакрэтнага дадатковага пратакола да савецка-нямецкага мірнага пакту.

Аляксей Літвін.

Вы, дарэчы, не можаце не ведаць, што савецкі абвінаваўца на Нюрнбергскім працэсе Мікалай Зора пайшоў з жыцця на наступны дзень пасля таго, як Іахім Рыбентроп пад прысягай абнародаваў дэталі гэтага пратакола, уключна з пунктамі аб падзеле Ўсходняй Еўропы.

А ў цэлым, на жаль, прэсавая канферэнцыя нагадала гульню ў адны вароты. Гісторыкі прыйшлі туды, каб чарговага разу пераказаць пазіцыю адной вядомай асобы. Дзеля гэтага СССР і партызанскі рух падчас апошняй вайны яны прэзентавалі ў ідылічным святле. Аднак задача гістарычнай навукі крыецца не ў ідэалагічнай барацьбе з фальсіфікацыямі/канкурэнтнымі наратывамі/апанентамі, а ў аб’ектыўных і не зааганжаваных палітычнай кан’юнктурай даследаваннях.

Вам можа спадабацца