Абрам Рыбікаў, амерыканскі міністр родам са Слоніма

Гісторыя

Абрам Рыбікаў, амерыканскі міністр родам са Слоніма

Алесь Петрашкевіч, вядомы беларускі драматург і функцыянер савецкага перыяду, у сваіх успамінах (выдадзеных у серыі “Беларускі кнігазбор”) узгадвае пра прыезд у Беларусь у 1978 годзе дэлегацыі сенатараў ЗША.

Па словах Петрашкевіча, Машэраў вельмі добра прыняў амерыканскіх дэлегатаў, чым канчаткова настроіў Маскву супраць сябе.

У архівах Associated Press захавалася караценькае відэа з афіцыйнай сустрэчы ў Мінску.

Самае цікавае, Петрашкевіч мімаходзь згадвае, што кіраўнік амерыканскай дэлегацыі "быў наш зямляк, родам са Слоніма".

Такая згадка інтрыгуе.

Пра амерыканскіх мастакоў, кінапрадусараў, актораў – выхадцаў з Беларусі мы чулі, а вось пра палітыкаў нешта не.

Загадку ўдалося  разгадаць дзякуючы таму ж відэа Associated Press. У яго апісанні пазначана, што ў дэлегацыю ўваходзіла 12 чалавек – 8 дэмакратаў і 4 рэспубліканцы. Кіраўніком групы быў сенатар-дэмакрат ад штату Канэкцікут Abraham A. Ribicoff.

Хто ж такі гэты Абрам Рыбікаў?

Прозвішча лёгка “гугліцца” ў інтэрнэце. Пра яго ёсць артыкулы больш чым на 10 мовах. У рускай вікіпедыі ён прапісаны як “Рибикофф”, у польскай – “Ribicoff”.

Гэта чалавек зрабіў выбітную палітычную кар’еру. Перад вайной ён меў у Канэкцікуце сваю юрыдычную практыку. У 1938 годзе Рыбікаў вырашыў паспрабаваць сябе ў палітыцы і быў выбраны ў Палату прадстаўнікоў штата Канэкцікут. А ўжо ў 1949 стаў чальцом Палаты прадстаўнікоў кангрэса ЗША.

Падчас працы ў кангрэсе Рыбікаў здзівіў усіх, выступіўшы супраць будаўніцтва ў сваім родным штаце плаціны і прапанаваўшы патраціць грошы (32 млн. даляраў) на “план Маршала”, г.зн. на дапамогу еўрапейскім краінам пасля Другой сусветнай вайны.

У 1955 годзе Абрагам Рыбікаў быў выбраны губернатарам штата Канэкцікут, аднаго з самых маленькіх і самых багатых штатаў ЗША. На гэтай пасадзе ён паспяхова працаваў да 1961 года.

У гэтым годзе яго ў Белы Дом паклікаў новы прэзідэнт Джон Кэнэдзі.

Джон Кэнэдзі і Абрам Рыбікаў.

Рыбікаў быў адным з першых публічных асобаў, хто падтрымаў Кэнэдзі пад час выбарчай кампаніі, таму новы прэзідэнт прапанаваў губернатару пасаду міністра (дзяржаўнага сакратара) аховы здароўя і асветы. Амаль два гады Абрам Рыбікаў працаваў на міністэрскай пасадзе, паспеў правесці некалькі важных законаў, але ўрэшце падаў у адстаўку і вярнуўся ў свой Канэкцікут, ад якога быў выбраны сенатарам ЗША.

Абрам Рыбікаў (глядзіць у камеру).

Рыбікаў выступаў супраць вайны ў В’етнаме, быў адным са стваральнікаў Нацыянальнай адміністрацыі бяспекі дарожнага руху, актыўна займаўся школьнай, падатковай рэформамі і абаронай правоў пакупнікоў. У 1981 годзе, ва ўзросце 70 год, ён сышоў з актыўнага палітычнага жыцця. Памёр Рыбікаў у 1998 годзе.

Ва ўсіх энцыклапедычных даведніках напісана, што Рыбікаў, які нарадзіўся ўжо ў Канэкцікуце (Новая Брытанія), паходзіў з сям’і ашкеназскіх яўрэяў, якія эмігравалі з Польшчы.

Але сам сенатар удакладняў, што ягоная сям’я прыехала з гораду Слоніма:

“Мае бацькі, Сэм Рыбікаў і Роза Заблоцкая (Sablotsky) са Слоніма, Польшча, былі часткай масавай хвалі яўрэйскіх польска-расійскіх імігрантаў, якія прыехалі ў ЗША ў першае дзесяцігоддзе 1900-х гадоў, спадзеючыся вырвацца з беднасці і антысемітызму”.

Ягоная старэйшая сястра Хільда яшчэ нарадзілася ў Слоніме. Бацька Сэмюэль выехаў у Штаты на заробкі ў 1905 годзе, а Роза з Хільдай далучыліся да яго ў 1909.

Рыбікаў не забыўся аб радзіме сваіх продкаў. І гісторыя павярнулася так, што яму ўдалося яе пабачыць.

У лістападзе 1978 года дэлегацыя амерыканскіх сенатараў наведала СССР. Магчыма, Рыбікаў ачоліў яе менавіта з прычыны сваёй сямейнай гісторыі. Галоўнай мэтай дэлегацыі была сустрэча з Брэжневым у Маскве, але перад гэтым іх чакала насычаная экскурсійная праграма.

Сустрэча з савецкімі афіцыйнымі асобамі. Рыбікаў – першы справа.

Першым пунктам быў Ленінград, другім – Мінск.

У Мінску амерыканцаў сустрэў Машэраў і павёў па стандартнай праграме: трактарны завод, калгасы-перадавікі, музей вайны.

Абрам Рыбікаў наведвае Хатынь (першы справа).

Але тут Рыбікаў звярнуўся з нечаканай просьбай – звазіць яго ў Слонім. 

Машэраў не адмовіў.

Петрашкевіч нічога не піша пра тое, колькі складаных гадзін давялося перажыць тады мінскаму і слонімскаму начальству.

Як пісаў часопіс “Soviet Life”,

“навіна пра прыезд сенатара Рыбікава хутка разляцелася па горадзе Слонім, і сотні ягоных жыхароў прыйшлі, каб наладзіць сенатару цёплую сустрэчу. “Галоўнае, каб не было вайны!” сказала жанчына сярэдніх гадоў, чый муж загінуў на вайне”.

Нескладана ўявіць, які ўзровень пярэпалаху быў у Слоніме ў той дзень і як улады інструктавалі тых людзей, якія прыйшлі на сустрэчу.

Слонім 1970-ых. Фота Сяргея Чыгрына.

Рыбікаў распытваўся пра сваякоў, але малаверагодна, каб ён знайшоў нейкія звесткі.

Мясцовая яўрэйская супольнасць пасля вайны спыніла сваё існаванне.

Абрам Рыбікаў, канешне, не ёсць героем гісторыі Слоніма ці ўсёй Беларусі. Але памяць пра гэтага чалавека, яго сям’ю і сваякоў дапамагае нам лепей зразумець наш учарашні і сённяшні дзень.

.

Сачыце за дзейнасцю выдавецтва і газэты ARCHE ў TELEGRAM
ДАЛУЧАЙЦЕСЯ!


Больш беларускіх навінаў на нашым канале на ЯНДЭКС ДЗЭН
ПАДПІСВАЙЦЕСЯ!

Вам можа спадабацца