Ці карысна саромецца сваёй гісторыі?

Меркаваньні

Ці карысна саромецца сваёй гісторыі?

20 красавіка 2020 а 14:59

Цімафей Акудовіч

На мінулым тыдні здарылася 2 падзеі, якія прымусілі ўзяцца за складаную тэму, якая даўно турбавала.

Па-першае, розгаласу нарабіў артыкул на сайце citydog.by пад назвай “Стыд какой!.. 7 фактов из истории Минска и Беларуси, которые лучше не знать”.

Аўтар гэтых радкоў быў запрошаны як адзін са “знатакоў”, якія мусілі прапанаваць такія факты. І вось адразу было зразумела, што паважаны citydog.by узяўся за вельмі складаную тэму, раскрыць якую ў звычайным артыкуле будзе няпроста. Бо кожны з “экспертаў” па-свойму зразумеў, што такое “гістарычны сорам”, кожны напісаў пра сваё і ў выніку атрымалася пярэстая мяшанка фактаў.

Абмяркоўваючы артыкул у фэйсбуку, ніхто не заўважыў, што гэты тэкст, здаецца, першая, крыху спантанная, спроба пашукаць у нашай гісторыі тыя падзеі, якімі мы не ганарымся, а за якія нам сорамна.

І гэта вельмі важны крок.

Калі сярэднестатыстычнага беларуса спытацца чым мы, беларусы, мусім ганарыцца ў нашай гісторыі, то ён досыць проста накідае паўтузіна фактаў (у залежнасці ад сваёй падрыхтоўкі і ідэалагічнай накіраванасці): Вялікая айчынная, Скарына, рэлігійная талерантнасць, бітва пад Оршай, партызаны... ну і так далей.

Пры гэтым, калі спытацца чаго беларусы (у гістарычным кантэсце) мусяць саромецца, то тут спатыкнецца нават абазнаны чалавек. Бо, па-першае, пра такія рэчы ніхто ня думае і не гаворыць. А, па-другое, трэба яшчэ зразумець, як гэта – адчуваць сорам за мінулае. Калі нам кажуць, што мы мусім ганарыцца Оршай/партызанамі, то мы прымаем гэта як дадзенасць, але ўявіце, калі раптам нехта скажа, што мы мусім адчуваць сорам за нейкі гістарычны факт, то мы адразу пачнем супраціўляцца.

І не ў дачыненні да таго факта, а ў дачыненні да самой эмоцыі.

Глабальна ж, выцягванне на публіку нейкіх мінулых паразаў успрымаецца негатыўна яшчэ і таму, што гэта лічыцца небяспечным.

Нібыта веданне намі самімі “непрыгожых” бакоў сваёй гісторыі робіць нас слабымі і нясе пагрозу страты ідэнтычнасці.

З іншага боку, размовы пра гістарычны гонар (і адпаведна сорам) моцна злуюць прафесійных гісторыкаў. Бо сама ідэя таго, што сучасныя людзі мусяць чымсьці ганарыцца ў мінулым, да якога яны асабіста ні маюць ніякага дачынення, выклікае моцнае раздражненне ў тых, хто наўпрост працуе з гістарычнымі фактамі.

І сапраўды, чаму чалавек ХХІ стагоддзя мусіць ганарыцца перамогай пад Грунвальдам так, нібыта сам у ёй удзельнічаў.

Але “нацягванне” мінулага на сённяшні дзень заўсёды было і будзе непазбежнай функцыяй гісторыі, як сацыяльнай з’явы. Нам патрэбныя гістарычныя метафары (і самая простая з іх “мы ганарымся”), бо дзякуючы ім мы робім высновы, на падставе якіх ствараем нешта новае.

Для людзей, не звязаных з навукай, метафары застаюцца адзінай формай успрыняцця мінулага.

І гэтая прафанацыя непазбежная.

Вось жа, аналіз такіх прафанных канструкцый застаецца ў зоне адказнасці прафесіяналаў ад гісторыі. Бо, нягледзячы на тое, што гэтыя метафары найчасцей вырастаюць самі па сабе з нейкай зоны “падсвядомага”, на іх можна ўплываць і выраўнаваць, каб трымаць баланс адэкватнасці ўспрыняцця мінулага. Адсюль і вынікае крыху дзіўная выснова, што адной з важных задач сённяшняга мацавання нацыянальнай свядомасці беларусаў ёсць ураўнаважанне ўмоўнай падборкі “ганарлівых фактаў” фактамі “сарамлівымі”.

І тут пра другую падзею мінулага тыдня: каманда БНР100 абвесціла аб пачатку кампаніі “Годна”, якая ставіць сваёй задачай фармаванне нацыянальнай ідэнтычнасці.

Гэта несумненна важнае і патрэбнае пачынанне. Назіраючы эфектыўнасць каманды БНР100, можна спадзявацца, што запуск новай кампаніі стане ці не самай гучнай культурнай, а шмат у чым і палітычнай, падзеяй гэтага года (ужо дакладна больш важнай, чым апазіцыйныя праймерыз).

Што важна адзначыць, у сваім маніфесце арганізатары кампаніі, кажучы пра фармаванне нацыянальнай ідэнтычнасці, нідзе не сказалі шаблонную фразу пра “гонар за сваё мінулае” ні ў адной з яе варыяцый.

Але гэта праблема, якую яны не змогуць абысці, калі сапраўды ўвяжуцца ў сур’ёзны разбор нацыянальнай ідэнтычнасці.

Бо ёсць 2 рэчы, якія трэба зрабіць пачынаючы гэту размову: “прэпарацыя” існуючага шаблона падборкі фактаў пад умоўнай назвай “гонар за продкаў” і спроба фармавання спісу фактаў “сорам за продкаў”.

І ў дачыненні да апошняга важны не столькі вынік колькі сам працэс. Гледзячы на падрыхтоўку да чарговай гадавіны айчыннай вайны, добра бачна, што грамадству трэба вучыцца спакойна гаварыць пра непрыгожыя старонкі свайго мінулага. А размовы пра гісторыю мусяць стаць не столькі адукацыйнымі, колькі псіхатэрапеўтычнымі мерапрыемствамі.

Уладзімір Някляеў, адгукаючыся на смерць Быкава, у свой час напісаў:

“Дзіўную даў нам Бог краіну. Усё ў ёй нібыта ёсць …., а ладу беларускага … няма і няма. І спрадвеку ў тым нехта вінаваты – то рускія, то палякі, то жыды… Толькі не мы самі, о не! Дзесяць мільёнаў не вінаватых у тым, што жывуць у айчыне без Айчыны, на таямнічай зямлі з цьмянай, нібыта чужой, гісторыяй і замглёнай, нібыта не сваёй, будучыняй.

Але былі і ёсць людзі, якія жылі і паміралі, адчуваючы сябе ў тым вінаватымі. За сябе і за ўсё. Бо жылі, каб жыла Айчына, былі, каб была будучыня. Якая, як вядома, пачынаецца з мінулага - але не з цьмянага і незамглёнага. І не з чужога, а са свайго.

Менавіта па такіх людзях, па іх абрысах паціху-паціху распазнае сама ў сабе Беларусь”.

У гэтым пафасным тэксце Уладзімер Някляеў, як падаецца, абазначыў вельмі важную рэч: пачуццё віны гэта магутны стымул для дзеяння і, што асабліва важна, для самааналізу.

Досыць банальная думка на ўзроўні аднаго чалавека, але на ўзроўні нацыі, прыкладаючы да беларускіх рэалій, вельмі свежая.

Бо мы ўсё яшчэ жывем у катэгорыях ХХ ст., калі лічылася, што толькі выпячванне сваіх дасягненняў і затойванне сваіх паразаў, прычым не толькі перад чужымі, а і перад самімі сабой, дае магчымасць выжыць у гэтым свеце.

Але ў ХХІ ст. працуюць іншыя законы. Тут не з’ядаюць імгненна слабейшых, а выйграюць тыя, хто ўважлівей прапрацаваў памылкі мінулага.

І вось ці гатовыя мы пакласці Беларусь у кушэтку “гістарычнага псіхатэрапеўта”?

.

Сачыце за дзейнасцю выдавецтва і газэты ARCHE ў TELEGRAM
ДАЛУЧАЙЦЕСЯ!


Больш беларускіх навінаў на нашым канале на ЯНДЭКС ДЗЭН
ПАДПІСВАЙЦЕСЯ!

Вам можа спадабацца