Беларуская прастора ў Telegram: тузін каналаў пра культуру

Рознае

Беларуская прастора ў Telegram: тузін каналаў пра культуру

Колькасць карыстальнікаў мэсэнджэра Telegram расце з года ў год. Telegram стаўся не проста прыладай для перадачы паведамленняў, але і медыйнай платформай, дзе, як грыбы пасля дажджу, пачалі расці інфармацыйныя, адукацыйныя і забаўляльныя каналы.

Як падкрэсліваюць распрацоўшчыкі, мэсэнджэр гарантуе ананімнасць. Гэта справакавала з’яўленне цэлага спектру "інсайдарскіх" каналаў, якія аператыўна публікуюць закрытую ці маладасяжную інфармацыю.

І гэта, канешне, толькі дадало Telegram папулярнасці.

Агульная аўдыторыя беларускага Telegram складае больш за 1,5 мільёны чалавек, і гэтая лічба вырасла за апошні год дзесьці на траціну. А вось колькасць каналаў за гэты ж перыяд павялічылася ўдвая (напачатку года іх было больш за 700).

Удвая вырасла і колькасць тых, хто карыстаецца беларускамоўнай версіяй мэсэнджэра. Іх зараз каля 5000.

Самыя шматлікія ў каналы, зразумела, спецыялізуюцца на палітычнай тэматыцы. Далей ідуць грамадска-палітычныя, забаўляльныя, а цяпер яшчэ і “каронавірусныя” паблікі. Невялікую, але заўважную дзялянку беларускага Telegram займаюць культурніцкія праекты.

Найбуйнейшы беларускі канал (@nexta_tv) у Telegram мае амаль 300 тысяч падпісчыкаў. Наступная пяцёрка самых буйных каналаў мае аўдыторыю каля 100 тысяч кожны.

Самы вялікі Telegram канал у культурніцкай сферы мае каля 9 тысяч падпісчыкаў, таму можна з пэўнай доляй умоўнасці сказаць, што ў беларускім Telegram культурнай павесткай цікавяцца менш за 10% карыстальнікаў.

Ніжэй прапануем вам кароткі агляд самых вялікіх культурніцкіх каналаў Telegram з колькасцю падпісчыкаў больш за 1 тысячу чалавек.

Belarus history. 9.3 k

https://t.me/belarusian_history 

Канал прысвечаны гісторыі Беларусі. У асноўным публікуюцца старыя фотаздымкі і відэа, сярод якіх досыць шмат малавядомых.

Невядомя мова. 4 k

https://t.me/movaby

Асноўны змест канала гэта малавядомыя беларускія словы ( у тым ліку дыялектныя), іх тлумачэнне і прыклады выкарыстання ў літаратуры. Ёсць таксама перапост навінаў, апытанкі і моўныя загадкі.

Белліт. 2.9 k

https://t.me/bellitra

Тут публікуюцца актуальныя навіны беларускай літаратуры конкурсы, агляды новых кніг, інфармацыя пра  фестывалі. Актыўна праводзяцца розныя апытанкі і розыгрышы.

Беларускі піонэр. 2.3 k

https://t.me/belaruskipioner

Канал пра міжваенную Беларусь. Аўтар канала ці не напамяць ведае ўсе падшыўкі газет 1920-1930-ых гадоў, а таксама збірае ўсё, што публікуецца зараз па гэтай тэме ў прэсе.

Куда полез?! 2.3 k

https://t.me/kudapolezz

Канал пра архітэктуру Беларусі аўтар сам шмат вандруе, здымае тыя помнікі, якія трэба паспець убачыць, пакуль іх не знішчыў час; тут шмат цікавых фотазнаходак што датычна гісторыі нашых слынных храмаў, сядзібаў і палацаў. Таксама актыўна рэпосцяцца актуальныя навіны на архітэктурныя навіны.

Священный Белавуд. 1.7 k

https://t.me/holybelawood

Канал пра беларускую кінаіндустрыю. На канале збіраюцца навіны пра беларускае кіно, рэцэнзіі і аналітыка. Аўтар адсочвае інфармацыю пра конкурсы, фестывалі і іншыя падзеі ў гэтай сферы. Беларускае кіно, відавочна, выклікае ўсё большую ўвагу.

#заброшеннаябеларусь 1.7 k 

https://t.me/lostbuildings 

Канал падобны да @kudapolezz. Шмат фотаздымкаў занядбаных і забытых архітэктурных помнікаў з розных куткоў Беларусі. Усё ж спадчына ў руінах мае сваю прыцягальнасць, часам нават большую, чым адрэстаўраваная.

Кайфаломка. 1.7 k 

https://t.me/movabigmistake 

На канале збіраюцца памылкі, зробленыя на беларускамоўных шыльдах, выявах, помніках, а таксама ў інтэрнэце. Прычым у стужку часам патрапляюць нават аўтарытэтныя, базава беларускамоўныя рэсурсы. На жаль, пакуль у канала з кантэнтам праблем няма.

Go to Belarus. 1.5 k
https://t.me/gotobelarus 

Гэта канал онлайн-праекта 34travel. Але апроч перапостаў артыкулаў з сайта, канал мае таксама і арыгінальны кантэнт цікавыя фота і замалёўкі з падарожжаў па Беларусі.

Архіў Беларускай гісторыі. 1.4 k
https://t.me/HistoryBY 

Канал падобны да @belarusian_history. Старыя фота- і відэакадры па гісторыі Беларусі.

Беларуское мнение. 1.4 k 

https://t.me/belmne 

Яшчэ адзін канал пра беларускую гісторыю, але, у адрозненне ад папярэдніх, ён публікуе больш тэкстаў, а не фота і канцэнтруецца на каляндарным фармаце каротка піша пра найважнейшыя падзеі, якія адбыліся ў гэты дзень у мінулым.

Арт Сядзіба. 1.3k

https://t.me/artsiadziba

Арт Сядзіба анансуе на канале свае культурніцкія мерапрыемствы, а таксама збірае інфармацыю пра іншыя ініцыятывы ў сферы пашырэння беларускамоўнай прасторы.

Adukacyja. 1.1 k

https://t.me/adukacyja

Асноўны накірунак рэсурса адсочванне разнастайных грантавых праграм і конкурсаў. Але апроч гэтага на канале збіраюцца абвесткі пра розныя культурныя мерапрыемствы.



У суме выйшла 13 каналаў.

У катэгорыі “менш за тысячу падпісчыкаў” актыўна развіваецца яшчэ каля 20 каналаў, прысвечаных музыцы, гісторыі, мове ці іншым аспектам беларускай культуры. Гледзячы на дынаміку, каталог вялікіх культурніцкіх каналаў досыць хутка можна будзе дапоўніць, бо сярод невялікіх пляцовак ёсць цікавыя праекты. 

Прыведзены спіс добра ілюструе тое, што цяпер цікава беларускаму грамадству.

Па-першае, як і ва ўсёй тэлеграм-прасторы, хутка “выстрэльваюць” гістарычныя праекты, завязаныя на публікацыю старых фота. У нашым спісе іх 3. Апошнія некалькі год аб’ём архіўных фота ў інтэрнэце павялічваецца з неверагоднай хуткасцю, уся медыяпрастора ўсё шчыльней завязваецца на візуальны кантэнт, таму нядзіва, што такія праекты карыстаюцца папулярнасцю.

Па-другое, у беларускім сегменце Telegram шмат (прапарцыйна больш, чым, напрыклад, у расійскім) каналаў пра мову і пра помнікі. І гэта чарговы раз пацвярджае, што дзве гэтыя тэмы застаюцца актуальным і “нервовымі” ў беларускім грамадстве.

У “топавым” спісе няма ніводнага канала, прысвечанага беларускаму мастацтву ці музыцы, што таксама можна назваць сімптаматычным. Хаця пару музычных каналаў ужо падбіраюцца знізу і маюць амаль па 9 сотняў падпісчыкаў. А вось канал пра беларускае мастацтва, выглядае на тое, не вельмі хутка пераадолее тысячную мяжу.

З прыведзенага спісу 5 каналаў вядуцца па-беларуску, а астатнія па-руску. Прычым добра заўважна, што каналы пра беларускую мову прыхільна ўспрымаюцца чытачамі, а вось у каналаў на іншыя тэмы, беларуская мова хутчэй тармозіць павелічэнне падпісчыкаў.

Таксама звяртае на сябе ўвагу невялікая колькасць аўтарскага кантэнту. Сярод грамадскіх і палітычных каналаў ёсць нямала досыць буйных, дзе аўтары пішуць ад свайго імя і выказваюць сваё бачанне сітуацыі. Вось жа, прыватная “скарастрэльная” аналітыка гэта акурат і ёсць тое, па што людзі ідуць у Telegram.

На жаль, у культурніцкіх Telegram-каналах такой аналітыкі не стае.  Тут пераважаюць навіны і візуальны складнік. 

Але беларускі Telegram расце вельмі хутка, і каранавірус толькі дадаў драйву гэтаму працэсу. Таму надзея на павелічэнне якасных і рознабаковых культурніцкіх каналаў ёсць.


Сачыце за дзейнасцю выдавецтва і газэты ARCHE ў TELEGRAM
ДАЛУЧАЙЦЕСЯ!


Больш беларускіх навінаў на нашым канале на ЯНДЭКС ДЗЭН
ПАДПІСВАЙЦЕСЯ!