Вірусны выклік сістэме адукацыі: хто лепш спраўляецца?

Грамадзтва

Вірусны выклік сістэме адукацыі: хто лепш спраўляецца?

Эпідэмія каронавіруса падняла ў Беларусі шэраг праблем, якія даўно выспявалі, але прыхоўваліся прыгожымі словамі чыноўнікаў і маўчаннем дзяржаўнай прэсы.

І ці не самай гарачай тэмай пасля самога каронавіруса прагучала праблема адукацыі ў Беларусі. Міністэрства адукацыі спачатку адмовілася абвесціць канікулы на тыдзень раней, пасля запатрабавала вярнуць дзяцей у школы ў самы разгар эпідэміі. Міністар Карпенка, які ў гэты месяц вымушаны ўсё часцей з’яўляцца на экранах ТБ, шмат разоў казаў пра неідэальнасць дыстанцыйнай адукацыі, але ў выніку ў сярэдзіне красавіка завёў гутарку аб распрацоўцы адзінай онлайн платформы. Хаця зразумела, што да канца навучальнага года ўжо нічога ўвесці будзе немагчыма. І ўсё гэта адбываецца на фоне няўдалай медыйнай палітыкі, калі ўсё міністэрства вуснамі маладога публіцыста сварыцца з паважанай настаўніцай і папулярнай пісьменніцай і чакана прайграе па ўсіх франтах.

У параўнанні з Беларуссю ў Расіі і ва Украіне дыскусіі вакол дыстанцыйнага навучання праходзяць значна спакайней. 21 сакавіка, калі былі закрытыя ўсе маскоўскія школы, Міністэрства асветы Расіі, якое таксама не мае сваёй адзінай онлайн пляцоўкі, проста вывесіла на сайце спіс рэкамендаваных рэсурсаў для дыстанцыйнай адукацыі. З 20 сайтаў толькі 2 дзяржаўных праекта. І гэта нікога не збянтэжыла. Арганізацыя дыстанцыйнага навучання застаецца галоўнай прэрагатывай міністэрства і цяпер, у канцы красавіка. Відавочна, не ўсё праходзіць гладка, але наяўнасць зразумелага накірунку дзейнасці спрыяе канструктыўнасці тых дыскусій, якія ўзнікаюць.

Сайт Міністэрства асветы Расіі

Сайт Міністэрства асветы РФ

Ва Украіне пайшлі найбольш простым, эфектыўным і відовішчным шляхам (гэта ўжо можна назваць пазнавальным стылем прэзідэнта Зяленскага): з пачатку красавіка ў краіне рэалізуецца праект Усеўкраінская школа онлайн, дзе 40 лепшых кіеўскіх настаўнікаў запісваюць урокі па сваіх прадметах, якія пасля транслююцца на самых папулярных платформах інтэрнэта, а таксама па ТБ.

Паралельна Міністэрства асветы Украіны стварыла асобны сайт http://mon-covid19.info/, дзе сабрала ўсе рашэнні, дакументы і інструкцыі, звязаныя з навучаннем падчас каранціну. А такіх рашэнняў за месяц было прынята некалькі дзясяткаў.

Сайт Міністэрства асветы Украіны

На фоне бліжэйшых суседзяў Міністэрства адукацыі Беларусі выглядае катастрафічна некампетэнтна. У сітуацыі, калі ўсе краіны разглядаюць дыстанцыйнае як дадзенасць і абмяркоўваецца толькі эфектыўнасць сродкаў і магчымасць/немагчымасць пераносу канца навучальнага года, у Беларусі афіцыйна заяўляецца, што дыстанцыйнай формы навучання афіцына не існуе і прапагандуецца выхад на суботнік.

Нават параўнанне першай старонкі сайта Міністэрства адукацыі Беларусі з суседзямі выглядае камічна:

Сайт Міністэрства адукацыі Беларусі

У еўрапейскіх краінах пераход на онлайн навучанне таксама не стаў праблемай. Усе краіны перайшлі на яго амаль што адразу. Розняцца толькі падыходы і формы дэлегавання арганізацыі працэса розным навучальным установам.


Нават адзначаецца пазітыўны эфект экстраннай сітуацыі:

“Паглядзім таксама, наколькі гэта грамадства мабільнае і здольнае да інавацый. Раптоўная неабходнасць праводзіць навучанне ў дыстанцыйным фармаце - найлепшы таму прыклад. Узніклую праблему прыйшлося вырашаць за лічаныя дні. І, як мы бачым, удалося наладзіць тое, што ў мірны час мы не змаглі б вырашыць і пасля шматгадовай падрыхтоўкі і бясконцых дыскусій”.

З артыкула Пала Самбаці Új Szó

Але наступнай праблемай, з якой сутыкнулася Еўропа, аказалася сацыяльна-эканамічная:

У часы захопленых размоў наконт дыстанцыйнага навучання ў цень сышоў адзін вельмі важны фактар: больш чым траціне вучняў заняткі такога роду нічога не дадуць - бо ў іх дома альбо няма кампутара, альбо адсутнічае падлучэнне да інтэрнэту.

Гісторык Эрнэста Галі дэла Лоджыа. Corriere della Sera

Менавіта дыскусія аб няроўнасці дасягу да сучасных сродкаў камунікацыі сталася цэнтральнай у еўрапейскай прэсе пры абмеркаванні праблем адукацыі ў час пандэміі. Еўрапейская сітуацыя, канешне ж, ускладняецца вялікай колькасцю мігрантаў, якія напраўду не заўсёды маюць магчымасць падлучыцца да Zoom ці youtube і не заўсёды маюць дастаткова дысцыплінаванасці, каб рабіць гэта сістэмна.

Беларускія настаўнікі таксама жаліліся на гэту праблему, калі міністэрства зрабіла спробу “перасяліць” усіх на адукацыйную сістэму Moodle. Але спроба тая была недоўгатэрміновая, а таму і праблема сацыяльнай няроўнасці таксама вярнулася ў скрынку будучых праблем.

Каронавірус паставіў сістэму адукацыі перад вельмі сур'ёзным выпрабаваннем. І розныя краіны па-рознаму вырашаюць гэту праблему. Якія падыходы акажуцца больш паспяховымі можна будзе абмяркоўваць толькі ў канцы года. Але ўжо цяпер бачна, што беларускае Міністэрства адукацыі прайграе суседнімі і па хуткасці рэагавання на праблему і пра кампетэнтнасці прыняцця рашэнняў.

Падрыхтаваў Віктар Кардаш

 

Сачыце за дзейнасцю выдавецтва і газэты ARCHE ў TELEGRAM
ДАЛУЧАЙЦЕСЯ!


Больш беларускіх навінаў на нашым канале на ЯНДЭКС ДЗЭН
ПАДПІСВАЙЦЕСЯ!

Вам можа спадабацца