Уладзімір Някляеў: пісьменнік, палітык, эмігрант

Рознае

Уладзімір Някляеў: пісьменнік, палітык, эмігрант

Выданне, якое абмяркоўваецца ў аглядзе:

Някляеў. Незавершаная аўтабіяграфія / Сяргей Шапран. — Смаленск: Інбелкульт, 2018. — 428 с., [48] л. іл. : іл. Цвёрдая вокладка.

У інтэрв’ю «Нашай ніве» выдавец Андрэй Янушкевіч выказаў жаль, што дагэтуль няма ніводнай рэцэнзіі на «фундаментальную пяцісотстаронкавую» кнігу вядомага беларускага журналіста Сяргея Шапрана пад назвай «Уладзімір Някляеў. Незавершаная біяграфія».

У гэтых словах можна адчуць нават дакор: выданне, якое з’явілася на свет амаль два гады таму, заслугоўвае большай увагі.

Але ці з’яўляецца наяўнасць рэцэнзіяў індыкатарам папулярнасці твора? Тым больш, што сам выдавец у сваім інтэрв’ю найбольш заклапочаны правільным маркетынгам і рэалізацыяй кніжнага тавару.

Як бы там ні было, мы паспрабуем зліквідаваць гэты прабел. Аднак перад тым як прапанаваць свой погляд на гэтае выданне, адзначым наступнае. Рэцэнзуючы падобны твор, сутыкаешся з цяжкасцямі, бо ўласна аўтарскі тэкст чаргуецца з вялікімі цытатамі з дакументаў, дзённікаў, лістоў і ўспамінаў галоўнага героя кнігі.

У кнізе, напрыклад, падаюцца цэлыя рэцэнзіі на някляеўскі рукапісны зборнік вершаў «Крыло» і паэму «Наскрозь».

Гэта ні ў якім разе не крытыка на адрас аўтара, які абраў такую стратэгію. Арганічнае спалучэнне аўтарскага і няаўтарскага тэкстаў аднаўляе той непаўторны фон эпохі, у якой жыў і працаваў Уладзімір Пракопавіч Някляеў.

Перад намі прыадчыняецца заслона літаратурнай кухні БССР з яе норавамі і завядзёнкамі, стасункамі з высокімі цэкоўскімі чыноўнікамі і куратарамі КДБ. Ва ўмовах абсалютнай недаступнасці многіх важных, у першую чаргу, партыйных архіўных дакументаў 1960-1980-х гадоў гэта дазваляе нам лепей зразумець нашу блізкую гісторыю.

Каштоўнасць маюць і занатаваныя ў выданні калялітаратурныя сюжэты (як, напрыклад, жартоўны пошук Някляевым і Караткевічам міфічнага лецішча апошняга).

Асабіста мне, як гісторыку, імпануе, што галоўны герой кнігі не імкнецца выкрасліць пласты сваёй памяці: напрыклад, ён не саромеецца чарговы раз успомніць пра будаўніцтва шматпакутнай Байкала-Амурскай магістралі.

Тым, хто бачыць у Маскве страшную небяспеку для нашай незалежнасці, не будзе даспадобы пазіцыя Някляева ў адносінах да Расіі.

Аднак тут, на наш погляд, пісьменнік вытрымлівае прымальную для большасці пазіцыю: выступае супраць саюзу з вялікай усходняй суседкай, але і за добрасуседскія адносіны.

Таму факту, што бацька Някляева — з Волгі, здзівіўся нават (так вынікае з выдання) і сам прэзідэнт Лукашэнка.

Дарэчы, Някляеву падчас драматычнай прэзідэнцкай кампаніі 2010 г. моцна даставалася за сваю «прарасійскасць».

У «Аўтабіяграфіі» пачэснае месца адводзіцца часопісу «Крыніца», які галоўны герой кнігі доўгі час рэдагаваў.

“Крыніца” не была чыста літаратурным часопісам. Выданне мела даволі смелую грамадзянскую пазіцыю. Яно недвухсэнсоўна асудзіла брутуальны разгон шэсця ў Мінску 30 кастрычніка 1988 года, прысвечанага дню памяці продкаў («Дзяды»). Застаецца толькі здзіўляцца, што для Някляева тады гэта не мела вялікіх наступстваў (у сувязі з гэтым прыгадаем, што ў 1991 годзе вядомы журналіст Аляксандр Класкоўскі за сваю актыўную грамадзянскую пазіцыю не быў зацверджаны на пасадзе галоўнага рэдактара «Знамя юности», дзе Някляеў рабіў сваю сатырычную «Пятніцу»).

У 1990 годзе «Крыніца» стала адзіным выданнем (за выключэннем недаступнага для шараговага чытача бюлетэня паседжання сесій Вярхоўнага Савета 12 склікання), якое ў нумары №11-12 надрукавала праект Дэкларацыі аб незалежнасці Беларусі, распрацаваны дэпутацкай групай БНФ, і які быў вялікім крокам наперад у параўнанні з памяркоўнай (па словах аднаго тагачаснага журналіста, «бяззубай») Дэкларацыяй аб дзяржаўным суверэнітэце БССР, зацверджанай 27 ліпеня 1990 года.

Аднак што да асвятлення 1990-х у кнізе ўзнікаюць пытанні. Напрыклад, сцвярджаецца, што ў 1990 годзе Някляеў стаў даверанай асобай кандыдата ў народныя дэпутаты СССР Алеся Адамовіча, да яшчэ перад гэтым яго “завербаваў” Васіль Быкаў.

Насамрэч, выбары народных дэпутатаў СССР адбыліся ў 1989 годзе.

Тагачаснае заканадаўства не перашкодзіла б Някляеву працаваць на абодвух кандыдатаў: ва ўсялякім разе гэта адпаведным законам ад 1 снежня 1988 года не забаранялася. Тым больш, абодва вядомыя ваенныя літаратары абіраліся ад розных грамадскіх арганізацый: Васіль Быкаў — ад Саюза пісьменнікаў, Алесь Адамовіч — ад Саюза кінематаграфістаў.

Патрабуе ўдакладнення і гісторыя, звязаная з удзелам у выбарах дэпутатаў Вярхоўнага Савета БССР 12 склікання 1990 года самога Някляева.

У кнізе апавядаецца, што адзін з тагачасных партыйных сталічных кіраўнікоў Пётр Краўчанка прапанаваў Някляеву вылучацца ў той мінскай акрузе, ад якой у парламент ішоў кіраўнік выдавецтва “Беларуская энцыклапедыя” і фактычна кандыдат ад БНФ Міхась Ткачоў. Але, Някляеў, як вынікае з выдання, адмовіўся і выбраў акругу №13, дзе нібыта вылучаўся пісьменнік Алесь Емяльянаў.

Справа ў тым, што Ткачоў вылучаўся менавіта ад 13-й (Лермантаўскай акругі), дзе перамогу атрымаў будучы вядомы праўладны прапагандыст Яўген Новікаў.

Што да Емяльянава і Някляева, дык яны вылучаліся па сталічнай Цімашэнкаўскай выбарчай акрузе №45.

Дарэчы, у кнізе сцвярджаецца, што Емяльянаў, які ў 1990 годзе працаваў літаратурным кансультантам у Саюзе пісьменнікаў, пабудаваў сваю перадвыбарную кампанію на прызнанні, што быў «стукачом».

Між тым, пра вярбоўку з боку КДБ Алесь Емяльянаў абвясціў у «Свободных новостях» праз год пасля выбараў – у 1991 г.

А за год да выбараў, 24 сакавіка 1989 года, падчас кампаніі па выбарах народных дэпутатаў СССР у кабінеце Емельянава праваахоўнікі зладзілі ператрус і канфіскавалі 10 тыс. асобнікаў «Навінаў БНФ».

Праўрадавая прэса пісала, што для гэтых матэрыялаў характэрны

«декларативность, наличие противоречий, ставка на волевые, командно-принудительные методы решения социально-экономических задач и языково-культурных проблем».

Да таго ж Емяльянаў пазіцыянаваў сябе нацыянальным радыкалам, лічыў БНФ «занадта рыхлым», і неўзабаве заснаваў Нацыянальна-дэмакратычную партыю Беларусі, члены якой у абавязковым парадку павінны былі валодаць беларускай мовай.

У «Аўтабіяграфіі» сцвярджаецца, што Някляеў не стаў дэпутатам, таму што не прыкладаў вялікіх высілкаў і пасля першай жа сустрэчы з выбаршчыкамі з’ехаў з Мінска.

А што кажа сухая статыстыка?

З 20495 жыхароў акругі, якія ўзялі ўдзел у галасаванні, Някляева падтрымала найменшая колькасць — 1587.

Што гэта: выпадак, калі ўспаміны пацвярджаюцца архіўным матэрыялам, ці падгонка ўспамінаў, якія пішуцца пазней, пад рэальныя лічбы, сказаць цяжка.

Што ні дзіўна: падобныя выданні маюць на мэце не крытыку, а «ўслаўленне» асобаў, якім яны прысвечаны.

У гэтым святле зразумелая і аўтарская выснова наконт таго, чаму Някляеў канчаткова разышоўся з уладамі: гэта быў публічны пратэст супраць дамовы, падпісанай 25 снежня 1998 года беларускім і расійскім кіраўнікамі.

Дарэчы, вядомы ў 1990-я гады журналіст і дэпутат Вярхоўнага Савета Іван Герасюк у сваёй кнізе «Рулетка власти» сцвярджаў, што любімай песняй Вячаслава Кебіча быў незбыўны шлягер на словы Някляева «Гуляць дык гуляць!».

А пра яго стасункі з адным з самых уплывовых у другой палове 1990-х гадоў лукашэнкаўскім ідэолагам Уладзімірам Замяталіным можна пачытаць у самой кнізе.

… За свае памылкі і аблуды Уладзімір Пракопавіч заплаціў поўную цану тым драматычным вечарам 19 снежня 2010 года.

А таксама вымушанай эміграцыяй…

Гэтыя ўдакладненні (дарэчы, сярод пералічаных Някляевым у кнізе важных гістарычных падзеяў для нашай краіны прыняцце Беларусі ў ААН датуецца чамусьці 1947 годам) не ставяць пад сумнеў каштоўнасці выдання. Заўсёды знойдуцца «добразычліўцы», якія праз такія вось дробныя хібы могуць рабіць вельмі далёкасяжныя высновы. Дастаткова ўспомніць,  як паказытаў Вадзім Гігін нервы стваральнікам «Гродназнаўства» сваёй рэцэнзіяй. Прычым некаторыя гігінскія заўвагі, хаця і былі пададзеныя ў некарэктнай манеры, былі слушнымі.

Таму пажадаем дуэту Някляеў-Шапран не спыняцца на дасягнутым. А мы, са свайго боку, гарантуем да іх новых твораў крытычны інтарэс.

Сяргей Шапран і Ўладзімір Някляеў.

.

Сачыце за дзейнасцю выдавецтва і газэты ARCHE ў TELEGRAM
ДАЛУЧАЙЦЕСЯ!


Больш беларускіх навінаў на нашым канале на ЯНДЭКС ДЗЭН
ПАДПІСВАЙЦЕСЯ!