«Ленина нет, а Януш Радзивилл Черный есть»

Меркаваньні

«Ленина нет, а Януш Радзивилл Черный есть»

Прывід камунізму лунае ў рэдакцыі «Беларуси сегодня»

1 траўня 2020 а 16:46

Аляксандр Кур’яновіч

Пачытаў чарговы опус аглядальніка «Беларуси сегодня» Андрэя Мукавозчыка прысвечаны 150-годдзю са дня нараджэння правадыра пралетарскай рэвалюцыі Ўладзіміра Ільіча Леніна.

Рэгулярныя тэксты Мукавозчыка адрозніваюцца катэгарычнасцю і выключнай агрэсіўнасцю ў дачыненні да апанентаў. Пры гэтым прыніжэнне апошніх у Мукавозчыка арганічна спалучаецца з фанатычным услаўленнем дзейнага кіраўніка краіны.

Адзін з «каронных» прыёмаў гэтага аўтара палягае ў пераходзе на асобы: прозвішча нялюбай асобы выкарыстоўваецца ў множным ліку і абавязкова пішацца з малой літары. Не грэбуе спадар Мукавозчык і заўвагамі наконт знешняга выгляду апанента, напрыклад, вядомага блогера Стася Карпава.

Таму нядзіўна, што пісанні Мукавозчыка шмат каго абураюць. Летась нават была створана электронная петыцыя (сабрала 287 галасоў), каб спыніць публікацыю «слабых в художественном отношении» тэкстаў Андрэя Мікалаевіча.

На гэты раз чарговым аб'ектам нападак актыўнага калумніста стаўся журналіст партала tut.by, кандыдат навук Дзяніс Марціновіч, дзе ён піша на гістарычную ды культурную тэматыку.

Невядома па якіх прычынах наратыў Марціновіча пра таварыша Леніна выклікаў у Мукавозчыка сапраўдную істэрыю.

Ды такую, што той нават не пераправерыў фактаў, выкладзеных у тэксце, не кажучы ўжо аб тым, каб надаць яму нейкую лагічную завершанасць.

Мукавозчык пачаў свой опус з паведамлення аб тым, што ў рэдакцыю патэлефанаваў абураны чытач, які задаўся пытаннем, чаму ў календары дзяржаўнага выдавецтва адсутнічае дзень нараджэння Уладзіміра Ільіча: «Ленина нет, а Януш Радзивилл Черный есть».

Быў ці не быў такі званок, пры ўсім жаданні паверыць немагчыма, але Мукавозчыку нагадаем: калі ўступаеш у дыскусію з гісторыкамі, дык падвучы матчастку.

Гэта да таго, што Януша Радзівіла Чорнага ніколі не існавала, а жыў-ды-быў Мікалай Радзівіл Чорны.

Прыкра, што рэдакцыя дзяржаўнага выдання, якое ўтрымліваецца за сродкі падаткаплатнікаў, дапускае такога кшталту недарэчнасці.

Калі журналіста «Беларуси сегодня» абурае, што ў календары, выпушчаным дзяржаўным выдавецтвам, адсутнічае дата народзінаў Ульянава-Леніна, ці не лагічна «па-ленінску» разабрацца з тым жа дзяржвыдавецтвам: атрымаць журналісцкае заданне, грошы, з’ездзіць на разбор  ў гэтае няшчаснае выдавецтва, а там і глядзіш, атрымаеш чарговую прэзідэнцкую падзяку за пільнасць.

Замест гэтага Мукавозчык накідваецца на аўтара недзяржаўнага выдання, які ачарняе светлую памяць пра Ільіча ў яго юбілей.

Баронячы Леніна, Мукавозчык выкарыстоўвае старыя нафталінавыя аргументы.

Чаго толькі варты сюжэт з тэлеграмай ураду БНР кайзеру!

Але ж добра вядома, што далёка не ўсе дзеячы БНР былі згодныя з гэтай ёй, і гэта стала прычынай сур’ёзнага ўрадовага крызісу.

Нават кумір Мукавозчыка Аляксандр Лукашэнка ў свой час больш адэкватна ацаніў гісторыю з тэлеграмай:

«Но я просил бы не судить их строго, потому что нас там не было и мы это не переживали психологически, не понимаем, что тогда происходило».

Аднак Мукавозчыку задамо пытанне: з кім як не з кайзерам Леніна сеў у 1918 годзе за стол перамоваў, каб захаваць уладу?

Не з Ісусам жа Хрыстом, якога Мукавозчык чамусьці ў сваім загалоўку недарэчна ставіць на адну дошку з Леніным:

«Объективно: за последние три тысячи лет на человечество в целом сильнее всего повлияли Иисус Христос и Владимир Ильич Ленин».

Вы гэта там сур’ёзна?

Прайшло сто гадоў, і вы ўжо забыліся пра тэрор, развязаны савецкай уладай да прадстаўнікоў усіх хрысціянскіх канфесій?

Самае цікавае, што ў сваім запале Мукавозчык пачынае на старонках дзяржаўнай прэсы апраўдваць бальшавіцкую класавую барацьбу. На заўвагу Марціновіча пра тое, што «в число противников советской власти априори записывали людей других классов — только на основании того, что они не входили в партию большевиков или не представляли пролетариат», Мукавозчык адказве коратка і проста: «И о чем тут стонать? Это и называется классовая борьба».

Можа тады прызнаць расстрэл царскай сям’і ўключна з Мікалаем II, кананізаваным праваслаўнай царквою, усяго толькі малазначным эпізодам гэтай класавай барацьбы?

У дадатак таварыш Мукавозчык не цураецца ганебнага ў адносінах да прыбалтыйскіх краін і Фінляндыі тэрміна «лімітрофы» і лье кракадзілавы слёзы наконт таго, што Антанта «часто физически душила большевиков».

Аб тым, што бальшавікі ўзвялі тэрор у ранг дзяржаўнай палітыкі і практыкавалі яго да насельніцтва сваёй краіны не адзін дзясятак гадоў, натуральна, не пішацца.

Чарговы дакор Марціновічу сфармуляваны так: адвучыўся «в системе всенародного образования, с нуля созданную еще при Ленине».

Удакладнім, што Ленін марыў пра стварэнне ўсенароднай пачатковай адкацыі, а ў першай у свеце сацыялістычнай дзяржаве як сярэдняя, так і вышэйшая адукацыя ў 1940-1956 гадах была платнай.

Ад заўвагі аб «академической науке, которая в ленинские времена начала расцветать» няясна, ці смяяцца, ці плакаць.

Некаторыя прэтэнзіі Мукавозчыка да Марціновіча ўвогуле экстравагантныя. Паводле Мукавозчыка, калі Марціновіч сядзіць у імпартным крэсле, а не ў крэсле беларускай вытворчасці, ён — не партыёт, не абараняе «интересы тысяч рабочих и крестьян (они, если надо красноармейцы)».

У канцы Андрэй Мукавозчык выказаў надзею на тое, што «белорусы в массе своей не отстанут» ад фінаў, якія ўдзячныя Леніну за сваю незалежнасць. Фіны добра паказалі сваю ўдзячнасць падчас савецка-фінскай вайны 1939-1940 г.

Не выключана, што і беларусам давядзецца паказаць яе так ці інакш.

Ну і апошняе. Мы можам не падзяляць прынцыпаў рэдакцыйнай палітыкі «Беларуси сегодня»/«Советской Белоруссии», але маем поўнае права патрабаваць ад першага дзяржаўнага выдання краіны сапраўднай журналістыкі замест падобных недарэчных пісанняў.

.

Сачыце за дзейнасцю выдавецтва і газэты ARCHE ў TELEGRAM
ДАЛУЧАЙЦЕСЯ!


Больш беларускіх навінаў на нашым канале на ЯНДЭКС ДЗЭН
ПАДПІСВАЙЦЕСЯ!

Вам можа спадабацца