Дзве стратэгіі кадыфікацыі мовы, або Паляванне на ведзьмаў як панацэя ад усіх бедаў

Меркаваньні

Дзве стратэгіі кадыфікацыі мовы, або Паляванне на ведзьмаў як панацэя ад усіх бедаў

8 траўня 2020 а 15:34

Юры Пацюпа

Часта людзі, якія любяць беларускую мову, адзін аднога люта ненавідзяць і, само сабою, падазраюць ува ўсіх смяротных грахох. І нават… у нелюбові «да нашай бацькавай спрадвечнай мовы».

Як так магло стацца? Адкуль такая варажнеча? Вядома, можна было б спісаць на наш звадлівы нацыянальны характар… Але характар характарам, а як толькі пачынаецца моўная спрэчка, жарсці распаляюцца… Можна было б растлумачыць і так: вайна з «ерэтыкамі» заўжды была больш жорсткая, чым вайна з «нявернымі», але… адкуль тыя «ерэтыкі»? Вось у гэтым тут і штука!

Беларуская літаратурная мова, хочам мы таго ці не хочам, траўмаваная яшчэ пры родах. «Зліццё моў…», «збліжэнне з рускаю»… падзел на заходнюю і ўсходнюю Беларусь… шалёная русіфікацыя… і не толькі ў сацыяльнай сферы, але і ў граматычнай, у лексікаграфічнай… Хіба гэтага мала? У каго з нашых суседзяў асіміляцыя дасягала такіх маштабаў?

Можна, ведама, зрабіць выгляд, што ўсё нармальна. Аднак родавыя траўмы так проста не зжываюцца. Зрабіць выгляд, што з кадыфікацыяй ніколі не было праблем ці яны разышліся як тое заечае сала – такая самая ўтопія, як і вера, што ўсё можна аднавіць. Для адной стараны жупел – «русіфікацыя», для другой жупел – «разбурэнне нормаў»… І кожнаму здаецца, от заб’ю яго, гада, і беларуская мова акрыяе. Праўда, у наш час нязгодных фізічна не забіваюць. Дубіна стала віртуальнаю, а ў прынцыпе… прынцып той самы: раструшчыць галаву кожнага, хто не разумее, у чым панацэя.

Фактычна, у нас склаліся дзве стратэгіі кадыфікацыі беларускае мовы ці, калі хочаце, спосабы яе выжывання на сучасным этапе. Я б нават сказаў – магістральныя стратэгіі, бо ёсць яшчэ шмат прыватных шляхоў і спосабаў. Але дзеля эканоміі месца далей буду ўжываць карацейшы тэрмін.

Стратэгія першая – актыўная – палягае ў як мага глыбейшым пазнанні законаў беларускае граматыкі, традыцыяў і сістэмы лексікі, каб выбар таго ці іншага варыянту не залежаў ад выпадку, суб’ектыўнай волі і прымаўся згодна з гэтымі законамі і традыцыямі.

Стратэгія другая – пасіўная – зводзіцца да выбару канону і некрытычнага, сляпога падпарадкавання аўтарытэту і канону, асвечанаму аўтарытэтам, нават тады, калі той не ў згодзе з сістэмаю мовы, яе традыцыяй і сучасным узусам.

Вось жа, з аднаго боку – сістэмнасць і традыцыя, з другога – канон і аўтарытэт. Адну стратэгію можна назваць еўрапейскай, рацыяналістычнай, крэатыўнай, а другую – еўразійскай, дагматычнай, бюракратычнай.

Абедзве стратэгіі скіраваныя на тое, каб пазбыцца суб’ектывізму, аднак першая выбар варыянтаў спраўджвае праз выпрацоўванне алгарытмаў, а другая імкнецца давесці ўсякі выбар да аўтаматызму. Першая вымагае думаць, а другая – самастойнае думанне ўспрымае як замах на аўтарытэт. Якія ж вытокі гэтых стратэгіяў?

Першая стратэгія традыцыйная, як для беларускай мовы, так і ўсякай іншай, якая зведвае вонкавы ціск. Сярод айцоў-стваральнікаў беларускай мовы заўжды вылучалася група асобаў, якія найбольш рупіліся пра яе дасканаласць і чысціню. Умоўна назавем іх пасіянарамі. Імёны гэтых асобаў вядомыя, іх можна выпісаць чырвонымі літарамі:

Вацлаў Ластоўскі, Ян Станкевіч, Кузьма Чорны, Пятро Глебка, Максім Лужанін, Ян Скрыган, Антон Адамовіч, Фёдар Янкоўскі, Павел Сцяцко.

І гэта толькі тыя, каго сярод нас ужо няма. Дый назваў я далёка не ўсіх, толькі найбольш ведамых. Часам гэтых людзей называюць пурыстымі, але я не згодзен з такім азначэннем. У нас не было пурызму, не да пурызму беларускай мове, калі трэба было проста выжываць. Пурыстычныя тэндэнцыі у пасіянараў абазначыліся больш выразна, чым у іншых, але на тым і годзе. Ну, хіба што Яна Станкевіча можна ўсё-ткі лічыць пурыстым, дый то – досыць лагодным.

Другая стратэгія… А вось тут і з радаводам і асобамі – праблема. Другая стратэгія мае больш заблытаны радавод. За ёй не стаіць ніводнай цвёрда вызначанай пазіцыі. Дый не магло быць. Хто быў ідэйным праціўнікам Ластоўскага, Глебкі, Скрыгана, Янкоўскага? Хіба што савецкія ідэалагічныя работнікі, ананімы. Ян Станкевіч лічыў русіфікатарам Іосіфа Ваўка-Левановіча, Павел Сцяцко гэтаксама выказваўся пра Міхаіла Судніка, часам як русіфікатараў называюць Рыгора Клюсава, Паўла Шубу, Аркадзя Жураўскага… Прынамсі, некаторыя публікацыі апошніх даюць падставы так думаць. Дрэнную памяць пакінуў па сабе паэт Андрэй Александровіч як рэдактар «Руска-беларускага слоўніка» (1937). Але ў масавай сведамасці вінаватым за ўсіх застаўся Кандрат Крапіва – не вельмі справядліва, хоць і не беспадстаўна. І ўсё ж ніводнага з іх нельга назваць пасіянарам, яны хутчэй канфармістыя. А ў наш час канфармізм перарос у лаялізм.

Першая стратэгія эвалюцыянавала ад перавагі традыцыі да перавагі сістэмнасці. Аднак тут няма змены вехаў, бо сістэмнасць – гэта і ёсць зразуметая і ўсвядомленая традыцыя. Праўда, не ўсё паддаецца рацыяналізацыі, але ў цэлым мова не была б моваю, каб яе законы не тлумачыліся. Сёння, калі чытаеш рэкамендацыі першых пасіянараў і пачынаеш аналізаваць, заглыбляцца ў законы беларускага словаўтварэння, гісторыі мовы, то бачыш, што ўсё супадае – калі не на 100%, то на 90% яны мелі рацыю.

У другой стратэгіі вельмі кантрасныя этапы станаўлення. Першы этап – актыўна русіфікацыйны, калі быў узяты курс на «зліццё моў», другі этапканфармісцкі, калі адказныя за мову асобы імкнуліся ўнікнуць адказнасці і не працівіцца асіміляцыйным працэсам, трэці этапкансерватыўны, можна сказаць, «ахоўніцкі», калі ўсе існыя вынікі былі асвечаныя як акадэмічныя, кананічныя, нарматыўныя, школьныя і г. д. Гэтак курс на беспасярэдняе вынішчэнне беларускай мовы перарос у заплюшчвання вачэй на яе вынішчэнне, а потым раптам пераўтварыўся ў панацэю ад усіх бедаў. Аднак заплюшчванне вачэй засталося, толькі цяпер ужо заплюшчваюцца вочы на нутраныя праблемы.

І ўсё ж, казаць, што заступнікі першай стратэгіі не сустракалі жаднага супраціву – было б няпраўдай. У Савецкай Беларусі быў канфлікт пісьменніка Кузьмы Чорнага і мовазнаўцы Пятра Бузука, аднак гэты канфлікт быў лакальны, датычыў дзеепрыметнікаў на -учы, -ючы, -ачы, -ячы. Як ні дзіўна, прыкладна ў гэты ж час у Заходняй Беларусі ў абарону дзеепрыметнікаў выступаў самы заўзяты «пурысты» Ян Станкевіч. І, як ні дзіўна, абодвух мовазнаўцаў перамог пісьменнік – цяпер тыя дзеепрыметнікі афіцыйна паўзабароненыя.

Быў яшчэ канфлікт Уладзімера Жылкі і Яна Станкевіча, аднак Жылку як паэта абурала абмежаванне свабоды, адрыў ад жывога маўлення, а не адступленне ад нормаў. Тут хутчэй наадварот, Станкевіч выступаў як нармалізатар, а Жылка як праціўнік нормаў. Нам сёння да абодвух далёка, дый розніца паміж імі, калі глядзець з пазіцый сучаснасці, не прынцыповая.

І толькі канфлікт паміж Іванам Лепешавым і Паўлам Сцяцко, які адбываўся ў Гарадзенскім універсітэце ў 90-я гг., нечым нагадвае альтэрнатыву, якую я маюся акрэсліць. Сцяцко і Лепешаў былі роўнавялікія асобы, абодва вядомыя мовазнаўцы, абодва шчыра адданыя беларускай мове. Я шмат гадоў назіраў іх спрэчку знутры, шмат разважаў, і таму для мяне больш-менш зразумелыя абедзве стараны. Так сталася, што з Іванам Якаўлевічам у мяне склаліся больш цёплыя адносіны, а з Паўлам Уладзіміравічам была пэўная дыстанцыя, але ідэйна мне бліжэйшая пазіцыя апошняга, а з Іванам Якаўлевічам час ад часу спрачаліся. І толькі ўзаемная сімпатыя засцерагала ад асабовых канфліктаў.

Калі сцісла, то Лепешаў лічыў, па-першае, што Сцяцко стварае «новую рэдакцыю» беларускай мовы, па-другое, што ў цяперашніх умовах гэта падрывае давер да беларускай мовы. Сёння, чытаючы выступы супраць «пурыстых», не магу пазбыцца адчування дэжавю.

Паміж дзвюма названымі стратэгіямі ёсць адно цікавае адрозненне. Заступнікі актыўнай стратэгіі зазвычай крытыкуюць барбарызмы, хібы ў мове, хібы слоўнікаў і граматык, але рэдка калі пераходзяць на асобы, а калі і выказваюцца пра каго крытычна, то не бачаць у апанентах прычыну ўсіх праблем і бедаў беларускай мовы, не выходзяць за межы звычайнай палемікі. Заступнікі пасіўнай традыцыі, наадварот, крытыкуюць пераважна асобаў – заступнікаў першай стратэгіі, і амаль не цікавяцца зместам працаў сваіх апанентаў, іх довадамі. І, само сабою, прычынаю ўсіх бедаў лічаць перадусім «пурыстых», «разбуральнікаў нормаў» і г. д. Але пра які антынарматывізм можна гаварыць, калі кнігі Сцяцко называліся «Праблемы нормы, культуры мовы», «Праблемы лексічнага нармавання беларускай мовы»? Мабыць, не ў нормах тут праблема, а ў розным падыходзе да нормаў.

Спрэчкі паміж заступнікамі абедзвюх стратэгіяў доўжацца не адно дзесяцігоддзе, выкладваюцца такія козыры, пасля якіх ужо няма чым крыць, але чамусьці ніхто нікога не можа пераканаць. Не раўнуючы, як тыя эліны з юдэямі ў Александрыі, адны – узброіўшыся логікай, другія – канонам. Рэч у тым, што з ідэі ніхто і не павінен нікога пераканаць, бо абедзве стараны выкарыстоўваюць аргументацыю, якая не мае пунктаў перасячэння.

Пасіянары – апелююць да сістэмнай (нутраной) аргументацыі: логікі, законаў мовы, гісторыі мовы, адным слова – да граматыкі.

Лаялістыя – апелююць да кантэкставай (вонкавай) аргументацыі: агульназразумеласці, грамадскай згоды, сярэднестатыстычных носьбітаў, адным словам – да соцыўму.

Адны змагаюцца супраць нутраной русіфікацыі, другія апусцілі рукі, на нутраную русіфікацыю ўжо не зважаюць. Іх не цікавіць наколькі беларуская мова беларуская, дакладней, яны гатовыя здаволіцца мінімумам, тым што засталося, што не паспелі вынішчыць за саветамі. А некаторыя і на мінімум махнулі рукой, адзінае, чаго яны дабіваюцца – гэта пашырэння ўплыву беларускай мовы ў грамадстве. Ну хоць за гэта ім і дзякуй!

Лаялістыя перакананыя, што менавіта іх рэцэпт спрыяе папулярызацыі беларускай мовы, а дзеянні іх апанентаў цалкам згубныя. Неяк я назваў іх сацыёлагамі, а пасіянараў граматыкамі, але мне адразу ж запярэчылі, што пасіянары ніколі не былі абыякавыя да папулярызацыі беларускай мовы ў грамадстве. І праўда, у кожнай плыні – свая сацыялогія.

Сацыяльнай базай пасіянараў заўжды былі і застаюцца найбольш актыўныя і неабыякавыя грамадзяне, тыя каго раней называлі адраджэнцамі, тыя, хто ў 80–90-я называў сябе «свядомымі беларусамі» і хто ў наш час носіць гэта як кляйно, як мянушку, але не зракаецца ідэалаў.

Сацыяльная база лаялістых – гэта, збольшага, пасіўныя носьбіты беларускай мовы, тыя, хто карыстаецца ёю толькі на службе, дый то не кожны раз, хто не хоча тлуміць галавы моўнымі праблемамі, каму «і так добра».

Часам лаялістыя заяўляюць пасіянарам: «Які б натоўп вы ні назбіралі, ён ніколі не будзе такім, каб пераламаць сітуацыю!» Гэта даволі цынічная заява, тое самае кідаюць «свядомым» у вочы беларусафобы. І што ж? Актыўных людзей заўсёды менш, а актыўных беларусаў і пагатоў.

Лаялістыя пераканалі сябе, што за імі большасць, што з імі «народ». Але гэтая «большасць» ненадзейная. Калі гэта настаўнікі беларускай мовы, то тыя, якіх больш цікавіць прысядзібная гаспадарка, чым беларуская мова. Калі гэта вучні, то акурат тыя, якім абы збыць надакучлівую дысцыпліну. Калі гэта работнікі ўстаноў, то тыя, якія праводзяць мерапрыемствы з беларускай мовай дзеля «птушачкі». Гэта тая аўдыторыя, якая першая «здасць» сваіх жа заступнікаў.

У роспачным шуканні вінаватых лаялістыя ўва ўсіх бедах беларускай мовы вінавацяць пасіянараў, маўляў, апошнія так расшаталі сітуацыю, што мова страціла папулярнасць. Гэта мне нагадвае стары анекдот.

Два ўкраінцы спазніліся на цягнік, беглі, беглі, а цягнік паказаў хвост і знік за паваротам. Тады адзін паварочваецца да другога – хрась па мардасах.

Другі агаломшана:

– Микола, ти шо?!!

А той:

– А шо робити!

Шуканне вінаватых сярод сабе падобных, сярод беларускамоўных – гэта першая адзнака слабасці, бездапаможнасці і капітуляцыі перад антыбеларускімі сіламі.

Лаялістыя лічаць сябе паспяховымі сацыёлагамі, думаюць, што спакойнае зубрэнне школьных правілаў – аснова цікавасці да беларускай мовы, што хаджэнне пад лінеечку стымулюе творчыя здольнасці, што вучань, які не задае пытанняў – найлепшы вучань. Няўжо яны не ведаюць, што ўсё «абавязковае» выклікае адваротную рэакцыю?

Лаялістыя кажуць, маўляў, моўныя дыскусіі адварочваюць ад беларускай мовы. А я перакананы, усё дакладна наадварот, менавіта ў 90-я гг., калі ў кожнай газеце ішлі дыскусіі, «як лепш сказаць па-беларуску», – конкурс на беларускі філфак перавышаў конкурс на юрыдычны факультэт. Менавіта ў 90-я гг., калі масавыя газеты пісаліся амаль элітарнаю выкшталцонаю моваю, іх наклад дасягаў такіх лічбаў, якія ў наш час немажлівыя. А сёння на філфакі бяруць людзей з такімі атэстатамі, што і ў ПТВ з лепшымі трапляюць.

У тыя ж 90-я, калі даходзіла да спрэчкі, я казаў:

– Іван Якаўлевіч, Вы памыляецеся. Удасканальванне мовы не адштурхоўвае ад яе, а наадварот, прываблівае. Вывучэнне мовы набывае рамантычны, прыгодніцкі арэол і ўжо не асацыюецца з нудным школьным зубрэннем, а робіць чалавека дэміургам, удзельнікам небывалай гістарычнай падзеі. Ён цяпер не аб’ект муштры, а суб’ект адраджэння роднай мовы.

Сёння, азіраючыся назад, магу сказаць, я сам прыйшоў да беларускай мовы з надзеяй зрабіць яе больш дасканалаю, больш аўтэнтычнаю, і пачаў з таго, што ўзяўся купляць і чытаць з алоўкам дыялектныя слоўнікі, творы нашаніўцаў, пісьменнікаў XIX ст., хоць я мог бы гэтага і не рабіць, бо ведаў беларускую мову з маленства. І тое, што я вычытваў у абодвух Станкевічаў, што я знаходзіў у даўнейшых тэкстах, – усё пацвярджалася роднаю мне гаворкаю. Чытаючы класікаў, я перажываў сустрэчу з маленствам.

Пасіянарным штуршком да паглыблення ў беларускую мову для мяне была рэцэнзія Пётры Садоўскага «Час одуму» на тлумачальны слоўнік , а таксама кампанія супраць рэакцыйнага артыкула Аркадзя Жураўскага «Беларускае савецкае мовазнаўства: здабыткі, праблемы, шляхі развіцця». Да дыскусіі з Жураўскім я далучыўся, будучы студэнтам другога курсу. І мяне не адштурхнулі, а натхнілі тыя баталіі, абудзілі жаданне дакапацца да праўды, дабіцца дасканаласці ў сваёй творчасці і перадаць здабытыя веды іншым. Дык чаму дыскусіі павінны адштурхоўваць? Як гістарычная праўда, так і тэарэтычная палеміка зазвычай палохае маральных гультаёў, яны проста шалеюць ад яе. І, калі гэта «народ», то скажу, перафразуючы Андрэя Платонава, – без пасіянараў народ не поўны.

Маючы перад вачыма беларускую мову як найцудоўнейшы твор, атрыманы ад продкаў, як найдасканалейшы інструмент для выказвання думак і пачуццяў, як бясконцую загадку, якую ніколі не стомішся разгадваць, як філігранную машыну, работа якой зачароўвае, я ўвесь час не мог зразумець, каму трэба было так яе вывалашыць, так зубожыць, так змарнаваць, так спустошыць, як гэта рабілася і робіцца дагэтуль. Вазьмеце афіцыйныя дакументы, вазьмеце тэрміналагічныя слоўнікі… Каму трэба гэты цень рускай мовы, каму трэба гэтае малпаванне да найдрабнейшых дэталяў? Каму патрэбен гэты ірацыянальны страх перад кожным незразумелым словам, нават калі яно на ўвесь тэкст адно, гэтыя рэпрэсіі ўсяго, што хоць крыху адступае ад афіцыйных слоўнікаў? Я шмат разоў задаваў сабе такое пытанне. У роспачы я прыходзіў да канспіралагічных высноў, што нехта зацікаўлены гэтак зубожыць беларускую мову, каб ад яе адвярнуліся самыя беларусы. Зрабіць яе такой нецікавай, несамастойнай, неарыгінальнай, каб у яе існаванні не стала ніякага сэнсу. А потым у мяне апускаліся рукі, і я нічога не разумеў, калі бачыў, што курс на зубожанне прымаецца дабравольна, і гэтыя дабравольцы мяне і маіх паплечнікаў метадычна цкуюць. І нават лічаць сябе абаронцамі беларускай мовы.

«Не нормы для мовы, а мова для нормаў!»

– жахлівы прынцып, але гэта тая «светлая будучына», тая яма, у якую нас заганяе лаялізм.

Разважаючы над тым, каму патрэбнае, каму выгаднае паднагляднае існаванне беларускай мовы, навошта гэта ўхваляецца на самых вярхох, я прыйшоў да высновы, што ўбогая і спустошаная беларуская мова патрэбная бюракратыі. Не проста «прадказальная», а прывязаная, як той рубель, да расейскай. Лепш сказаць, што яна ёй зусім не патрэбная, але, як нельга скасаваць, дык можна ператварыць яе ў рытуал, у бледную копію мовы суседзяў.

Зразумець логіку бюракрата мне не проста, для мяне гэта такая сама загадка, як галава зомбі, які ўсё нішчыць на сваім шляху. Зрэшты, і бюракрат наўрад ці зразумее мяне… Як казаў Мікалай Чарнышэўскі,

«мая галава змайстраваная інакш, чым у начальніка паліцыі».

Але я магу здагадвацца. У галаву зомбі закладзеная праграма ўсё на сваім шляху рабіць нежывым і прыходзіць у стан раз’юшанасці пры ўсякай праяве жыцця. Гэтаксама запраграмаваны і чыноўнік, ён не разважае, ён ненавідзіць, калі бачыць у беларускім тэксце хоць адну ясачку жыцця. І пісьменнік, і навуковец, у якім перамагае чыноўнік, паводзіць сябе, як зомбі. Што ж… Дай Божа, каб зомбі не перамог!

Калі бюракратычнае амярцвенне беларускай мовы ператвараецца ў афіцыйную моўную палітыку, то не можа замыкацца на канцылярскіх тэкстах. Наступны крок – бюракратызацыя даследаванняў мовы. У лепшым выпадку – гэта адрыў мовазнаўства ад штодзённых патрэбаў, а ў горшым – стварэнне эрзацаў: пседаграматыкі, псеўдафанетыкі, псеўдалексікаграфіі. І бессаромнае капіяванне расейскіх артэфактаў. Ці спрабаваў хто разабрацца, колькі ў беларускай культуры – яшчэ з савецкіх часоў – копіяў з расейскага? Не? Ну тады і не будзем пра гэта.

Так сталася, што з часоў СССР гаспадарства – дзяржава – не спрыяла беларускай мове, а калі і спрыяла, то вельмі ў малой ступені. І тая самая рука, якая закрывала беларускія школы, тая самая рука, якая чыніла русіфікацыю беларускай мовы, тая самая рука, якая стрымвала дэрусіфікацыю ў 90-я гады, якая касавала ўсё, дасягнутае ў тыя ж 90-я – тая самая рука зацвярджае нормы. І не проста зацвярджае, а робіць іх жалезабетоннымі. У 90-я гг., спрачаючыся з Лепешавым, я казаў:

– Іван Якаўлевіч, вось Вы супраць рэформаў у беларускай мове, супраць таго, што прапануе Павел Уладзіміравіч… але ж і ворагі беларускай мовы супраць рэформаў, і самыя зацятыя русіфікатары – супраць, і самыя абыякавыя да беларускай мовы – супраць. І ці не здаецца Вам, што калі б рэформы шкодзілі мове, то ўсе яе ворагі былі б «за», а яны чамусьці ўсе – «супраць».

Што мне адказваў Лепешаў? Што мы апошнія, хто гаворыць па-беларуску. Што хай будзе як ёсць, каб не было горш. Прыкладна тое самае сёння кажуць лаялістыя. Думаю, гэта глыбокая абмыла.

Лаялістыя бядуюць: «А як жа школьнікі!» «А як жа тэставанне!»

К чорту тэсты! К чорту чыноўнікаў! Гэта што? Тое, да чаго ішла беларуская мова 1000 гадоў? Варта было нашым продкам класці жыццё за мову, каб мы сёння пакланіліся яго высокасці Тэсту, яго вялікасці Сталу і ім пад ногі кінулі беларускую мову?

Сёння лаялістыя могуць цкаваць пасіянараў, бо сама грамадская атмасфера насычаная страхамі і табу. Не заўжды ёсць мажлівасць выказацца напоўніцу, назваць рэчы сваімі імёнамі, а лаялістыя гэтым бессаромна карыстаюцца, ведаючы, што ў пасіянараў часта звязаныя рукі. Мабыць, як тыя фанатыкі, нават не заўважаюць гэтага за сабой. Як бы там ні было, лаялістыя гуляюць у небяспечныя гульні з адміністрацыйным рэсурсам, не маючы пры гэтым адміністрацыйных правоў. Што ж… Час такі. Сам лаялізм – народжаны мутным часам, ён мутны як і яго ідэалогія, супярэчлівы, непаслядоўны…

Лаялістыя вінавацяць пасіянараў у непавазе да слоўнікаў і нормаў. Што на гэта адказаць? Перадусім гэта няпраўда. Пасіянары звяртаюцца да слоўнікаў і разумеюць каштоўнасць літаратурных нормаў не ў меншай ступені, чым лаялістыя. Толькі слоўнікі – не аб’екты пашаны, а практычныя даведнікі. На іх не маліцца трэба, а чэрпаць адтуль інфармацыю. Пасіянары крытычна ставяцца да ўсякай літаратуры, як і мусіць быць у навуцы. Ну як уталкаваць чалавеку з азіяцкім кодэксам пашаны, што палеміка, крытычнае стаўленне – гэта і ёсць еўрапейскі знак павагі. Што рэчы не вартыя не крытыкуюцца, а ігнаруюцца, а калі і «крытыкуюцца», то ў форме памфлета, без палемікі.

Лаялістыя апелююць да школьнай практыкі, да таго, што крытыцызм падрывае давер і да нормаў, і да самой мовы. На гэта я ўжо адказаў, не буду паўтарацца, дадам толькі тое, што адна з каштоўнасцяў, якая мусіць выхоўвацца ў школьнікаў – крытыцызм. Некрытычнае, стаўленне да ўсяго на свеце – гэта выхоўванне той самай азіятчыны на грунце мовы. Не дзіва, што азіяцкі прынцып вымагае рэкрутавання новых суб’ектаў. Калі лаялістыя заяўляюць, быццам пасіянары вучаць «забудзьцеся ўсё, чаму вас вучылі ў школе», то і гэта бессаромная хлусня. Па-першае, далёка не ўсё, па-другое, не «забудзьцеся», а задумайцеся.

Лаялістыя вінавацяць пасіянараў у пладжэнні бандаў неафітаў, якія «псуюць» мову. Маўляў, калі Сцяцко, Вячорка нешта пераглядаюць, то і «мне можна». І гэта няпраўда. Толькі ў лаялісцкай галаве, дзе альтэрнатывай «аўтарытэту» ўяўляецца «непавага», магла нарадзіцца такая ідэя. Свой артыкул я пачаў якраз з таго, што альтэрнатыва аўтарытэту – закон, сістэма і традыцыя, што гэта зусім іншы прынцып, а «павага – непавага» – катэгорыі этычныя і не павінны прымешвацца ў гнасеалагічную сферу. Хутчэй лаялістыя сваім кансерватызмам падгарашчваюць саматужных рэфарматараў. Дарэчы, лаялізм – гэта склад мыслення, таму ён не абавязкова завязаны на афіцыйную лексікаграфічную прадукцыю, я сустракаў людзей, якія гатовыя былі ўзвесці ў статус канону і працы Яна Станкевіча. Або нават так: РБС, БРС, ТСБМ + Ян Станкевіч. Абы канон быў!

З боку лаялістых я не раз чуў меркаванне аб усталяванні шкалы рангаў, згодна з якой «неафіты» не мецімуць права голасу ў моўных пытаннях. Цікава, як гэта яны сабе ўяўляюць практычна? У наш час, калі інтэрнэт увасобіў у практыку Дземянцеў прынцып «кто как хаціт, так і гаварыт», калі ў грамадскай сферы спраўдзілася постмадэрнісцкая выснова, што ні адно меркаванне не можа стаць паноўным, – у наш час рангаванне носьбітаў мовы нічога апрача смеху не выкліча. Тут якраз і праяўляецца дыктатарская аснова лаялісцкай логікі.

Між іншым, лаялістыя не вынаходнікі панятку «неафіты» ў дачыненні да беларускай мовы. Задоўга да таго, як лаялістыя запаланілі сацыяльныя сеткі, ён быў ужыты ў маім артыкуле «Дарасці да мовы» (2007, рэдакцыйная версія – «Правапісны сіндром моўнай хваробы»). Аднак пад дарастаннем да мовы я даўнімаў пазнанне яе законаў, далучэнне да традыцыі. І менавіта ў тым артыкуле я перасцерагаў ад падмены ведаў «джэнтэльменскім наборам», моднымі «значкамі», словамі-маркёрамі як сведчаннем «далучанасці» да «правільнай» мовы. Мой прынцып «дарастання» – гэта шлях пазнання. Няўжо лаялістыя прапануюць нешта новае і больш эфектыўнае? Не, адно з двух: або яны прапануюць той самы шлях пазнання і заглыблення, або яны ўсё хочуць звесці да тых самых «значкоў» беларускасці, толькі «модныя» замяніць на нямодныя, «джэнтэльменскі набор» на «пачатковы мінімум». Шкадую, што я ў свой час ужыў слова неафіт. За апошнія гады стараннямі лаялістых яно стала абразай. І што б цяпер ні даводзілі, быццам гэта нейтральнае слова, ад абразлівай канатацыі яго ўжо не адчысціць.

Лаялістыя ствараюць у беларускай грамадзе сітуацыю перманентнай сваркі, моўных «разборак». Яны лічаць, што пасіянары ўносяць хаос у слоўніцтва і граматыку, не разумеючы, што гэта не «хаос», а плённыя творчыя дыскусіі, што гэта і ёсць адзіны шлях пазнання, што без дыскусіяў пазнанне немажлівае ў прынцыпе. Затое яны гэтыя дыскусіі ператвараюць у разборкі, бо пераносяць у асабовую плашчыню, дзе пазнанне сканчаецца і пачынаецца высвятленне, «Хто вінаваты?», «Хто добры, а хто дрэнны?», «Навошта гэта трэба?» і г. д. Калі ж моўнае пытанне ставіцца рубам, то лаялістыя заўжды гатовыя перайсці на сцёб, тролінг, блазнаванне і да т. п. Ёсць адна асоба, якая сэнс сваёй «лінгвістычнай місіі» бачыць у сістэматычнай дыскрэдытацыі сваіх апанентаў, перакручванні і прафанаванні ўсяго, што гэтай асобе недаспадобы. Зрэшты, не буду ўспамінаць проці ночы!..

Адна з самых крыклівых супярэчнасцяў лаялізму ў тым, што фанатычна паверыўшы ў сваю ідэю-фікс «выратавання» беларускай мовы праз «канон» і «аўтарытэт», ён глыбока не паважае асноўную сацыяльную базу адраджэння беларускай мовы. Для лаялістых усе, хто чытае з алоўкам Яна і Станіслава Станкевічаў, Паўла Сцяцка, хто прыслухоўваецца да парад Вінцука Вячоркі, хто ходзіць на курсы «Мова нанова» – гэта «неафіты», «натоўп». Яны не разумеюць, што без гэтага «натоўпу» яны застануцца з «вандэяй» (не ў Адамовічавым, а ў першасным значэнні слова), застануцца з пасіўнымі і абыякавымі «носьбітамі мовы». Яны не разумеюць, што сваёй пагардай нічога не зменяць, а толькі адштурхнуць ад сябе і зб’юць з тропу тых, хто паверыць ім. Заміж таго, каб вучыць, адукоўваць сваю нешматлікую аўдыторыю (далёка не «натоўп») яны яе наэлектрызоўваюць, робяць яшчэ больш радыкальнай насуперак сваім жаданням. Трэба не на асобы скіроўваць крытыку, не ахаць, як дэвоткі, не пшыкаць, як каты па завуголлях, а тлумачыць сістэму мовы, расказваць пра традыцыю. Аднак, каб нечаму вучыць у мове, трэба самому мець граматычныя і лексікаграфічныя ідэі, а не голы імпэт «не пушчаць». Пакажэце, што вашы ідэі больш пераканаўчыя і прывабныя! А калі ідэі пасіянараў нічога не вартыя, то яны самыя сабой адпадуць.

Цікава, што пасіянараў няшмат, а лаялістых – яшчэ менш. Куды больш канфармістых, але канфармістыя на тое і канфармістыя, каб «не лезці ў пекла», каб маўчаць і вычэкваць. Сам жа статус лаялістага – супярэчлівы, гэта актыўная асоба, якая выступае за пасіўнае стаўленне да мовы, таму іх так і мала. А раз і тых і другіх мала, то ці не лепш шукаць шляхі да кампрамісу? Шчыра прызнаюся, не люблю кампрамісаў, не люблю «залатой сярэдзіны», бо заміж дзвюх дасканалых (хоць і праціўных) ідэй маем у выніку адну недасканалую. Аднак што да беларускай мовы, то кампраміс не мы выбіраем, – гэта ён нас выбірае. Зрэшты, кампраміс лепш, чым вайна паводле Свіфта – тупаканцавікоў і востраканцавікоў. Збоку такія спрэчкі нагадваюць спрэчкі вар’ятаў.

Ніколі нам не ўдасца адрадзіць беларускую мову ў тым выглядзе, у якім яе бачылі айцы-пасіянары, але рэфармавання беларускай літаратурнай мовы ў тым ці іншым выглядзе таксама не ўнікнуць. Колькі саветы і ні стрымвалі натуральны працэс кадыфікацыі, ён вырваўся, як толькі дазволілі галоснасць. І вырывацца будзе зноў і зноў, якія б плаціны ні ўзводзілі лаялістыя. Дыскусіі павінны адгучаць самыя сабой, як яны адгучалі ў іншых народаў. І ўсе нешматлікія сілы павінны быць кінутыя на тое, каб змены не пайшлі ў бок яўнай ці схаванай русіфікацыі (ці паланізацыі, а цяпер яшчэ і ўкраінізацыі), каб не прывялі да адрыву ад традыцыі, не пайшлі ў бок авантурнай мадэрнізацыі. Лаялістыя могуць здаволіцца тым, што змены, якіх яны так баяцца, – гэта не пабудова новага гмаху, а ўсяго толькі рэстаўрацыйныя работы. На большае сучасныя пасіянары даўно ўжо не замахваюцца – кампраміс жа…

На жаль, ні кансервацыя, ні рэстаўрацыя не могуць спыніць дэградацыю беларускай мовы – сёння ўжо творы савецкіх пісьменнікаў выглядаюць як недасяжны ідэал. Я не раз пісаў, што дэградацыя нутраная, глыбінная (сінтаксічная і семантычная) часта адбываецца пад флёрам вонкавага (лексічнага) удасканальвання. І, колькі б мы ні кідаліся адзін у аднаго гнілымі памідорамі, трэба прызнаць, што ніводзін метад не ёсць панацэяй ад дэградацыйнага працэсу. Але, каб зусім не ўпасці на дно, трэба браць планку крыху вышэйшую, чым тая, якой сягнем.

Вам можа спадабацца