Вялікая сярмяжная праўда

Гісторыя

Вялікая сярмяжная праўда

8 траўня 2020 а 17:14

Алесь Белы

Уся наша гісторыя пад Расійскай імперыяй, здаецца, прайшла пад знакам гэтага слова, гэтага вобразу.

Сярмяга.

Простае, вясковае, самаробнае, грубае сукно, часцей за ўсё нефарбаванае, і даўгаполая верхняя вопратка з яго, ці то плашч ці то паліто. Якая афіцыйна называлася сукмана, але нефармальна – гэтак жа сама, сярмяга. Амаль што ўніформа сялянства і дробнай шляхты, якую менавіта таму і называлі “шарачковай” – бо натуральны колер сярмягі шэра-карычняваты.

У “Дзённіках квестара” Ігнацыя Ходзькі шарачковая шляхта, з’ехаўшыся са сваіх аколіцаў ва Ўшачы на сеймік у нейкім 178* годзе – рэдкая магчымасць пад’есці-папіць уволю, “патусавацца” з моцнымі гэтага свету, адчуць сваю нібыта запатрабаванасць – затанна прадаць галасы – пераапранаецца не некалькі дзён у мундзіры са складу пана ваяводы.

Каб потым ізноў вярнуцца ў штодзённы, шарачковы, сярмяжны свет.

А потым для Рэчы Паспалітай надыйдуць судныя дні, і яе моцныя і багатыя людзі будуць сутаргава спяшацца, спрабаваць нешта зрабіць, каб выратаваць ад агоніі дзяржаўны арганізм, і рэдкі сумленны і абачлівы чалавек сярод іх, абыякавы да раскошы, пераапранаецца ў сярмягу, каб здабыць прыхільнасць ўсёй той агромністай шматмільённай шарачковай масы.

Хаця было ўжо позна, Касцюшка прайграў.

Сярмяга Тадэвуша Касцюшкі. Крыніца: http://muzea.malopolska.pl/obiekty/-/a/26885/1117272 

І наступныя 125 гадоў пройдуць у змаганні былой і новай дзяржаўных элітаў за давер і сімпатыі Сярмягі. Хто больше пераканаўча сыграе ролю сімвалічнага Сярмяжніка, той і сарве “куш”, той і атрымае, у рэшце рэшт, пажаданую ўладу. Звароты да сярмяжнасці будуць рабіцца ўсё больш частымі і ўсё больш палымянымі, хаця, здаецца, так шчыра і таленавіта як Касцюшка, гэтую ролю не сыграе больш ніхто.

Каліноўскі ў “Лістах з-пад шыбеніцы”, заклікаючы да шэрай штодзённай арганічнай працы, напіша:

“Работа тут сярмяжна, для таго каб была скутэчна, павінна быць так шчыра і проста, як тое сэрца, што б'е пад сярмягай, як той розум мужыцкі, што не перабірае, калі рабіць трэба". 

Дарэчы, адна з мянушак Каліноўскага была Васіль Світка.

Права на яе ён заслужыў, калі "хадзіў у народ" у 1861-1862 гадах, калі, .па падліках Васіля Герасімчыка, ён больш за паўгоду вандраваў па наднямонскіх вёсках Гарадзеншчыны, перабіваючыся рознай выпадковай працай, імкнучыся зразумець калектыўную сялянскую душу.

Світка або сярмяга. д. Гошча Івацэвіцкага р-на. Фота М. Мельнікава. Крыніца: https://minsknews.by/wp-content/uploads/2018/04/08_d-e1524132728444.jpg

А “світка” – гэта фактычна сінонім “сярмягі”.

Пасля вызвалення ад прыгону і імклівага развіцця прамысловасці люд паспаліты ўсё менш насіў тую сярмягу, але ідэолагі народнасці як быццам таго не заўважалі. Чым далей, тым болей зварот да Сярмягі як да сакральнага вобразу рабіўся ўсё больш палымяным і прытым ўсё больш двухсэнсоўным. Рытуальная “сярмяжнасць” дасягнула найбольшага накалу ў перадрэвалюцыйных вершах Янкі Купалы, які спрэс атаясамлівае сябе з “сярмяжным народам”:

Цёмны народ мы сярмяжны.

Б'ёмся, працуем слёзна, крывава,

Едзе па карку нам кажны…

І яшчэ:

Глянь на нашы хаты, вёскi 
На шнуры, на край, 
На народ зiрнi сярмяжны, 
І тады пытай. 
Столькi тэй крывi чырвонай, 
Столькi слёзных рэк 
Разышлося, разлiлося, 
Крыўда з веку ў век. 

А ў славутай п’есе “Тутэйшыя”  “сярмяжны народ” адназначна ўжо робіцца крыніцай найвышэйшай улады (застаецца толькі спрачацца, каму ён даверыць ажыццяўляць сваю бязлітасную волю):  “Ідзе народ, беларускі сярмяжны народ ідзе, а ён вашаму руска-ісцінаму рэгістратарству саб'е рогі”. 

І гэта пры тым, што Купала на ўсіх вядомых нам фота выглядае даволі такі модным шляхцюком, быццам настойваючы, што сярмяжнасць – гэта не вопратка, але стан душы.

І ўсё-такі здаецца, што самай шчырай і сумленнай з усіх нашых літаратурна-публіцыстычных сярмягаў была менавіта сціплая, і рэальная сярмяга Касцюшкі. Апранутая ў патрэбны момант без лішняй рыторыкі і пафаснага надрыву. А па меры ўзрастання накалу сярмяжных жарсцяў мы толькі аддаляліся ад гэтага простага і арганічнага ідэалу. Пры больш спрыяльнай эканамічнай і палітычнай кан’юнктуры ўжо бацьку Каліноўскага, фабрыканту, у сэнсе – ягонаму пакаленню, удалося б цалкам пераапрануць люд паспаліты ў фабрычнае адзенне, як гэта і адбылося на Захадзе. А так атрымалася, што момант трыумфу “Сярмягі” сімвалічнай супаў са знікненнем сярмягі фізічнай. І наступны крок распаду састарэлага сэнсу, які зрабіўся агульным месца у прамовах дэмагогаў – гэта ўжо “вялікая сярмяжная праўда” псеўда-інтэлігента Васісуалія Лаханкіна.

Вам можа спадабацца