"Ліберальна-дэмакратычная" дынастыя, або Чаму Валерый Цапкала паставіў крыж на прэзідэнцкіх амбіцыях Алега Гайдукевіча

Палітыка

"Ліберальна-дэмакратычная" дынастыя, або Чаму Валерый Цапкала паставіў крыж на прэзідэнцкіх амбіцыях Алега Гайдукевіча

Ледзьве Палата прадстаўнікоў прызначыла датай прэзідэнцкіх выбараў 9 жніўня, як пра свой удзел у іх абвясціў лідар Ліберальна-дэмакратычнай партыі Алег Гайдукевіч.

Што было, у прынцыпе, даволі прадказальна: лідар ЛДПБ не аднойчы агучваў свае амбіцыі, а ў прэзідэнцкую кампанію 2015 года нават удзельнічаў у дэбатах з Таццянай Караткевіч і Мікалаем Улаховічам замест свайго бацькі.

З пункту погляду шараговага абывацеля ў Гайдукевіча-малодшага ёсць неблагая стартавая пляцоўка: хай сабе і не з першай спробы, але ж усё ж такі летась быў здабыты дэпутацкі мандат. У Палаце Алег Гайдукевіч заняў пасаду намесніка старшыні пастаяннай камісіі па міжнародных справах. На старонцы самога будучага кандыдата ў Фэйсбуку, так і на афіцыйным сайце Палаты прадстаўнікоў раз-пораз з’яўляюцца піяраўскія фатаздымкі, якія маюць на мэце надаць вагу выбарчым амібіцыям наваспечанага парламентарыя: ён то ўскладае кветкі да сталічнага манумента Перамогі, то прыймае грамадзян па асабістых пытаннях.

Для Гайдукевіча-малодшага ўвогуле характэрна яўная любоў да публічнасці: ён ахвотна дае інтэрв’ю. Быў нават час, калі спадар Алег вёў уласны блог на сайце «Беларускі партызан». У апошні час Гайдукевіч стаў частым госцем праграмы «Клуб рэдактараў», дзе пад выглядам фармальных дыскусіяў праводзіцца правільная дзяржаўна-ідэалагічная лінія.

Моцным козырам Алега Гайдукевіча лічыцца Ліберальна-дэмакратычная партыя Беларусі.

Як вядома, ЛДПБ — самая шматлікая палітычная партыя, якая дзейнічае больш за два дзесяцігоддзі.

І сапраўды: на афіцыйным сайце ЛДПБ сцвярджаецца, што яе сяброў сягае за 45 тысячаў, што праверыць, аднак, цяжка: міністэрства юстыцыі, у сферу кампетэнцыі якога ўваходзіць рэгістрацыя палітычных партыяў, не вядзе ўліку колькасці іх членаў. Узнікае заканамернае пытанне: чаму такая шматлікая праўладная партыя так слаба прадстаўлена ў выбарных органах улады? Гайдукевічы ва ўсім вінавацяць мажарытарную сістэму. Маўляў, калі б парламенцкія выбары праводзіліся па партыйных спісах, то ЛДПБ бы іх выйграла.

Праграма ЛДПБ зводзіцца да набору — прычым без асаблівай канкрэтыкі — эклектычных штампаў, у якіх спалучаюцца як рынкавыя, так і дзяржаўна-патэрналісцкія лозунгі і матывы. Таму пад імі можа многа хто падпісацца.

Члены ЛДПБ рэгулярна становяцца фігурантамі крымінальнай хронікі. Сам Алег Гайдукевіч у адным з інтэрв’ю патрабаваў расстраляць аднапартыйца за тое, што той распаўсюджваў парнаграфічныя здымкі ўласнай дачкі.

Калі нават дапусціць, што лічба ў 47473 члены партыі — завышаная, то ўсё роўна падобна на тое, што ў Гайдукевіча-малодшага ёсць магчымасць сабраць не менш 100 тыс. подпісаў для вылучэння кандыдатам у прэзідэнты.

Тым больш, што ліберал-дэмакраты падрыхтаваліся загадзя: яшчэ ў лютым яны заявілі пра фармаванне ініцыятыўнай групы ў 3500 чалавек.

А тое, што 100 тыс. подпісаў будуць непад’ёмнымі для многіх жадаючых заняць прэзідэнцкае крэсла, ясна ўжо цяпер. Разумее гэта і Лідзія Ярмошына, якая яшчэ два гады таму казала пра магчымасць і нават неабходнасць зніжэння колькасці подпісаў да 70 тыс. 

У актыў Гайдукевічу можна запісаць яго палітычны стыль, манеру выступленняў, для якіх характэрна наступальнасць з лёгкім налётам агрэсіўнасці да апанентаў, што нагадвае (асабліва ранніх) Лукашэнку і Жырыноўскага.

Праўда, з выгляду бясстрашны, але ўнутрана прагматычны Алег Сяргеевіч не рызыкуе перайсці палітычны рубікон. Варта ўспомніць хаця б гісторыю з бел-чырвона-белым сцягам, калі ЛДПБ заклікала надаць яму статус матэрыяльна-культурнай каштоўнасці. Але неўзабаве Алег Гайдукевіч фактычна дэзавуяваў заяву партыі і адзначыў, што з такім флагам насіліся здраднікі. Альбо: ЛДПБ настойвае на замене мажарытарнай сістэмы на прапарцыйную, але ніколі не ставіць пад сумненне падлік галасоў з боку ЦВК на чале з Лідзіяй Ярмошынай.

Тым не менш, Алегу Гайдукевічу на гэтых выбарах асабліва нічога не свеціць. Ён увогуле можа быць не зарэгістраваны, нават сабраўшы запаветныя 100 тыс. подпісаў.

Як вядома, сын за бацьку не адказвае, але ў палітычнай гісторыі сучаснай Беларусі гэтае правіла дзейнічае дакладна наадварот. Справа ў тым, што пасля прыняцця Канстытуцыі Беларусі ў далёкім 1994 годзе “Народны рух Беларусі”, ачолены Сяргеем Гайдукевічам, заявіў, што падтрымае Лукашэнку на прэзідэнцкіх выбарах. Аднак ужо неўзабаве (відаць, пад ціскам уладаў) “Народны рух” у адмысловай заяве (апублікаванай 27 красавіка 1994 года ў пракамуністычнай газеце «Мы и время») адмовіўся ад падтрымкі Аляксандра Лукашэнкі на выбарах. Сваю пазіцыю "Народны рух" патлумачыў у тым ліку наяўнасцю ў камандзе Лукашэнкі Валерыя Цапкалы, будучага кіраўніка Парка высокіх тэхналогіяў, які днямі нарабіў шмат шуму сваёй заявай ісці ў прэзідэнты. Тады “Народны рух” ахарактарызаваў Цапкалу як

«решительного сторонника введения в республике национальной валюты и колонизации белорусской экономики западными ТНК».

У адказ Лукашэнка ў сваёй характэрнай манеры 28 красавіка 1994 года на нечарговай 14-й сесіі Вярхоўнага 12 склікання назваў Сяргея Гайдукевіча чалавекам, які «из четырех букв делает семь ошибок».

Хоць 12 ліпеня 1994 года, пасля першага тура выбараў, “Народны рух” заявіў пра падтрымку Лукашэнкі (было ясна, што перамога за ім), новаабраны прэзідэнт так і не дараваў гэтых “выкрутасаў”. Толькі адносна нядаўна Гайдукевічу-старэйшаму было дазволена стаць членам Савета Рэспублікі, а яго сыну — дэпутатам Палаты.

Але дапусцім, што Гайдукевіча-малодшага ўсё-такі зарэгіструюць.

Наўрад ці рэальныя выбаршчыкі пазітыўна ўспрымуць яго міліцэйскае мінулае. Алег Гайдукевіч, дарэчы, быў не простым праваахоўнікам, а пэўны час узначальваў Фрунзенскі РАУС сталіцы. Дэмакратычныя актывісты вінавацілі Алега Гайдукевіча ў выкарыстанні сілы ў адносінах да апазіцыі і ўдзельнікаў мітынгаў, у прыватнасці, «маўклівай» акцыі пратэсту ў Мінску 6 ліпеня 2011 года. Найбольш моцнае абвінавачванне Алегу Гайдукевічу ў свой час выставіла кіраўніца грамадзянскай ініцыятывы «Наш дом» Вольга Карач, заявіўшы, што Алег Гайдукевіч выкарыстоўвае ў Фрунзенскім РАУС г. Мінска метады гестапа.

Але сапраўднай «ахілесавай пятою» Гайдукевіча малодшага застаецца яго бацька. Нягледзячы ні на якія апраўданні, большасць назіральнікаў упэўненая ў тым, што сваёй партыйнай кар’ерай Гайдукевіч-малодшы абавязаны Гайдукевічу-старэйшаму, а сама партыя з’яўляецца свайго роду іх прыватнай вотчынай.

І апошняя заўвага. За Сяргеем Гайдукевічам нейкі час замацаваўся імідж своеасаблівага Лукашэнкавага спарынг-партнёра на прэзідэнцкіх выбарах – прадказальнага і згаворлівага.

Алегу Гайдукевічу нават і марыць не выпадае, каб скарыстацца гэтым іміджам – ён прадстаўнік іншага пакалення, з іншай біяграфіяй, і для гэтай мэты дзейнай улады не будзе выкарыстаны ніколі.

Таму на выбары ідзе палітык без іміджу, і ці створаць яму гэтыя выбары нейкі імідж – пытанне адкрытае.

Вам можа спадабацца