Веліч як праблема. Ці можна перамагчы “победобесие”

Меркаваньні

Веліч як праблема. Ці можна перамагчы “победобесие”

16 траўня 2020 а 12:33

Цімафей Акудовіч

Адгрымела салютамі чарговая гадавіна Дня Перамогі. Падсумоўваючы святкаванне, зноўку хочацца раздзяліць яго на 2 скрайнія плыні. Першая - шматлікія чорна-белыя фотакарткі ўсмешлівых і не вельмі мужчын у вайсковай форме, якія пазіраюць на нас з сярэдзіны ХХ стагоддзя. І гісторыі, бясконцыя гісторыі, хто дзе быў, дзе ваяваў, чаму выжыў і як пражыў.

Другая плынь - стужка навінаў, забітая нейкімі неверагоднымі падзеямі з розных куткоў былога СССР, якія адразу хочацца перавесці ў раздзел мемаў, каб забыцца пра іх рэальнасць. Гэта ў першую чаргу расійская глыбінка, якая падае найбольш інфармацыйных нагодаў: у Арле вадалазы прайшлі па дну ракі Акі з партрэтамі ветэранаў, у Екацерынбургу 11-гадовая дзяўчынка 75 хвілін прастаяла на цвіках у гонар Перамогі, у рэспубліцы Комі зноўку на плакаце замест савецкага салдата паставілі фінскага, з аленем. З такіх абразлівых памылак  на плакатах апошніх гадоў можна ўжо рабіць выставу. Журналісты працягваюць спаборнічаць, хто зловіць на фота найбольш абвешанага медалямі псеўдаветэрана, каб пасля смеючыся вылічваць, маршалам і адміралам адначасова якіх франтоў той дзед быў падчас вайны.

Па выніку, у Расіі апошнім часам паўнавартасным тэрмінам стала слова “победобесие”, якое пасля кожнага святкавання напаўняецца новымі і новымі фактамі, фота і відэа.


Беларусь у гэтым годзе таксама адзначылася, прычым, маштабна. Правядзенне парада ў час эпідэміі каронавіруса прыцягнула ўвагу ўсяго свету да нашай краіны. А сімвалам гэтага дзейства нечакана стала бландзінка ў медалях, чыё фота проста ўзарвала інтэрнэт.  Аднак відавочна, што нашая стужка навінаў на 9 мая моцна саступае расійскай: вадалазы з партрэтамі ў нас на дно Нарачы не спускаюцца і школьнікі на цвіках не стаяць.

Але ёсць адна рэч, якая аб’ядноўвае і вадалазаў, і фінскіх аленяў, і бландзінку, і непазбежнасць параду, і характарызуе ўсю стылістыку святкавання 9 мая ва ўсіх постсавецкіх краінах. Гэта абавязковы, завышаны ўзровень пафаснасці. 

Калі ўскладаць кветкі, то абавязкова са схіленымі галовамі, а лепей яшчэ і ўкленчыць, калі казаць прамову, то абавязкова суровым голасам і са шклянымі вачыма, калі святкаваць, то абавязкова з парадам. Ускладняе сітуацыю тое, што пафас гэты ідзе не знізу (як, напрыклад, у варшавякаў з Варшаўскім паўстаннем), але ў большай сваёй частцы - зверху.

Для прыкладу можна проста пагартаць
тэлеграм-канал Міністэрства адукацыі, які апошні тыдзень мільгаціць бясконцымі шаблоннымі відэаролікамі, дзе студэнты і школьнікі досыць няшчыра дзякуюць дзядам (хаця якія ўжо дзяды, там прапрадзяды) за чыстае неба над галавой.

І тут шмат хто можа запярэчыць, што пра тую страшную вайну толькі так і трэба ўзгадваць, але неадпаведнасць узятага звышсуровага тона актуальнай сітуацыі даўно ўжо мірнага, дзякуй Богу, неба моцна кідаецца ў вочы.

У змаганні з “пабедобесіем” шмат хто прапаноўвае замяніць слова “Перамога” на слова “Памяць”. Не дзень Перамогі, а дзень Памяці. Гэта добры варыянт, але зразумела, што на яго далёка не ўсе гатовыя пайсці. І да таго ж вялікая частка праблемы схавалася ў іншым слове, на якое не ўсе звяртаюць увагу.

На самой справе шматлікія перагібы ў святкаванні 9 мая правакуе не слова “Перамога”, але слова “Вялікая”: Вялікая Айчынная вайна скончылася Вялікай Перамогай, Вялікая Перамога спарадзіла свята Вялікай Перамогі, якое мы адзначылі вось ужо ў 75 раз. 

Фота з сайта www.lves.by

Мы ўсе: і прыхільнікі святочнага пафасу, і ягоныя крытыкі, гаворым, што “ніколі больш” і “мірнае неба”, але на самой справе, калі перамога была Вялікая, то ў яе хочацца вярнуцца. Гэта псіхалагічны, а не гістарычны эфект. Заўсёды хочацца паўтарыць тое, што было велічным. Менавіта ад слова “Вялікая” вырастае самы брудны мем 9 мая “можам паўтарыць”. І ён не проста так з’явіўся, ён закладзены ў самой назве свята.

І тут мы патрапляем у замкнёнае кола. Шмат для каго адмовіцца ад слова (і ад логікі) Вялікай перамогі - гэта здрадзіць ветэранам і памяці пра вайну. Але менавіта прапаганда велічнасці Перамогі прадукуе шматлікія неадэкватныя рэакцыі, бо людзі хочуць вярнуцца ў тую веліч і ў выніку робяць глупствы. А глупствы гэтыя сваім цяжарам ціснуць на ўсё свята цалкам.

Менавіта слова Вялікая патрабуе высокага тону пафаснасці на 9 мая. Менавіта з-за гэтага слова немагчыма на дзень Перамогі адмовіцца ад парада, бо велічнасць свята - гэта і ёсць тое, што мы святкуем.

У мінулым годзе ў Мінску каля Сляпянскага водаканала па вуліцы Філімонава, недалёка ад вуліцы Кедышкі, на чарговую гадавіну раённыя ўлады пасадзілі дрэва, абгарадзілі яго невялікімі елачкамі, і побач паставілі камень з таблічкай, што гэта “Дрэва перамогі”. Такое звычайнае, але абсалютна бессэнсоўнае дзеянне. 

Між тым, побач праходзіць вуліца Колі Кедышкі, двадцацігадовага мінчука, які ў час вайны стварыў ці не самую вялікую эфектыўную дыверсійную групу ў нашым горадзе і загінуў у 1943 годзе. І хаця мы маем ў ягоны гонар
вуліцу і цэлае ПТУ, але з упэўненасцю можам сказаць, што большасць мінчукоў нават блізка не ўяўляе, хто гэта такі. Дык вось дрэва на свята пасадзілі не ў гонар канкрэтнага Кедышкі, чыё забыццё несумненна з’яўляецца праблемай для сучаснага горада Мінска, але ў гонар абстрактнай Вялікай Перамогі.



Гэта маленькі прыватны прыклад, але такіх - безліч. Пафаснасць свята вымывае з яго сэнс, робячы надзьмутым шарыкам. Так зручней, бо можна з года ў год карыстацца распрацаванымі шаблонамі і ня лезці ў “бруд” рэальнасці. Па выніку пафаснасць афіцыйнага святкавання, паступова прыходзячы на месца паміраючых сведкаў вайны, сталася часткай, у тым ліку, “нізавога” свята. Калі пачытаць нават звычайныя, людскія віншаванні з 9 мая ў фэйсбуку, то добра заўважна, што пафасу там заўсёды крыху больш, чым трэба. Самыя звычайныя людзі пачынаюць гаварыць нібыта не сваімі галасамі: “склоним головы”, “преклоним колени”, “чистое небо на головой”. У такіх віншаваннях лёгка адчуць брак сваіх словаў, якія замяняюцца навязлівымі шаблонамі, каб з’імітаваць абавязковы пафасны надрыў. І робіцца гэта не спецыяльна, гэта ўжо ўплецена ў сюжэт святкавання.

У змаганні з пафаснасцю ёсць адзін просты, але радыкальны варыянт: варта толькі замяніць слова “Вялікая” словам “Страшная” (якой яна і была на самой справе) і прамовіць “Свята Страшнай Перамогі”,  і ўся кароста “победобесія” абвальваецца сама сабой.  Адпадаюць усе вадалазы, знікаюць псеўдаветэраны, ачалавечваюцца словы віншавання. Можаце паэксперыментаваць у думках. Працуе.

Але на жаль, далей за гэты артыкул і вашыя думкі гэтая правакацыйная фармулёўка не пойдзе. Таму замкнутае кола працягвае круціцца, а шарык - надзьмувацца.

Вам можа спадабацца