Наша ўспрыняцце гісторыі імкліва змяняецца.
Новае пакаленне вырасла з дапамогай Гугла і сацыяльных сетак, яго не цікавяць тоўстыя талмуды і сур’ёзныя барадатыя дзядзькі.
І гэта праблема востра адчуваецца ва ўсім свеце, што прывяло да з’яўлення публічнай гісторыі – асаблівай сферы, дзе гістарычная веда перакрыжоўваецца з практыкай расповеду гісторыі грамадству. З’яўляюцца новыя ўнікальныя феномены, якія цяжка ўявіць сабе было раней: пра Халакост распавядаецца з дапамогай блога ў Інстаграме, а віртуальная рэальнасць знаёміць вас з допытамі і турэмным зняволеннем.
Таму зусім не дзівіць паяўленне відэароліка “Як беларусы сталі народам”, створанага грамадскай кампаніяй “Годна”, мэтавая аўдыторыя якога – “моладзь інстаграму і ютубу” (цытую тут Франака Вячорку).
Гэта фармат, даступны моладзі – кароткі забаўляльны ролік, напоўнены музыкай і прыгожымі карцінкамі.
У нашыя часы за 10 хвілін можна дазнацца пра ўсю гісторыю Рымскай імперыі, для беларускай жа гісторыі дастаткова і 3,5 хвілін.
Але першая рэакцыя на ролік была неадназначнай, асабліва сярод прафесійных гісторыкаў – чаму?
Напрошваецца адразу ж адказ, што прафесіяналы, якія звыкліся да цяжкавеснай аргументацыі і складанасцей інтэрпрэтацыі, не могуць ацаніць такі лёгкі і забаўляльны фармат.
А можа тут зайздрасць – не запрасілі ў кансультанты?
Але, на маю думку, прычыны крытыкі і нават адмаўлення значна больш глыбейшыя.
Калі мы пачынаем займацца публічнай гісторыяй, то мусім несці і адпаведную адказнасць за тое, як мы працуем з гістарычным мінулым і якія каштоўнасці мы хочам даць аўдыторыі.
У адпаведнасці з лозунгам кампаніі “Годна” націск робіцца на годнасць, гонар, веліч, якімі перапаўняецца айчынная гісторыя.
Гэта традыцыйная схема ультрапатрыятызму, паводле якой нашы продкі ўсіх пераўзыходзілі ў сваёй мудрасці, захоплівалі як мага большыя тэрыторыі і толькі нейкімі падступнымі захадамі суседзяў былі спыненыя на шляху апанавання ўсім светам.
Балючы і трагічны досвед Першай сусветнай вайны прадэманстраваў з максімальнай празрыстасцю – ТАК НЕЛЬГА РАСКАЗВАЦЬ ГІСТОРЫЮ.
Бо такая патрыятычная пыха вучыць нас знявазе да суседзяў, тэрытарыяльным амбіцыям і прывучае слухацца “правадыроў”.
Так і ў роліку пакутуюць ад абструкцыі найперш за ўсё суседзі – “троліцца” Масква, выкрэсліваюцца з гісторыі ВКЛ літоўцы, забываюцца на палякаў. І робіцца гэта настолькі груба, што інакш як адмысловым скажэннем гістарычнага мінулага гэта нельга назваць.
Ясна, што ў гісторыі Вялікага Княства Літоўскага месца для літоўцаў няма – пры гэтым сам ролік пачынаецца з рэканструкцыі сярэднявечнай Вільні, зробленай літоўскай фірмай “Metalo Forma”. То бок, літоўцаў у нашай гісторыі няма, але зробленыя імі візуальныя прадукты можна смела “пазычаць”? Адразу адзначу, што закіды “а літоўцы самі з вусамі” не прыймаюцца, трэба рабіць сумленна і шчыра, а не красці гісторыю ў суседзяў.
Памкненне да максімальнай нацыяналізацыі мінулага вядзе нават да сцверджання, што з ХІІІ (!!!) стагоддзя “усе дзяржаўныя дакументы пішуцца на (стара)беларускай мове”.
Пры гэтым дужа цікава было б убачыць хоць адзін дакумент ХІІІ стагоддзя на старабеларускай мове.
Няма іх?
А можа лаціна – гэта таксама дыялект старабеларускай мовы?
Невядома, у якую далечыню можа завесці прага прыватызацыі мінулага.
Выкрэсліваюцца з нашай гісторыі і палякі – “войска ВКЛ перамагае Тэўтонскі ордэн у Грунвальдскай бітве”. Польскае войска deleted.
Але найбольш у роліку акцэнтуюцца два эпізоды, якім надаецца адмысловае значэнне – гэта гістарычнае значэнне Статутаў і заморскія калоніі ВКЛ.
За 3,5 хвіліны пра гэтыя эпізоды распавядаецца двойчы, паводле структурацыі роліка – гэта самае важнае ў нашай гісторыі.
Пры тым, што ніхто не будзе спрачацца, што Статуты – гэта вельмі значнае дасягненне юрыдычнай думкі, гісторыкі насамрэч дыскутуюць, ці надаваць ім канстытуцыйны статус. Але што нам іх спрэчкі, яны не для інстаграма і ютуба.
Важней раздзьмуць веліч да чарговых фантастычных вышынь – гэта першая еўрапейскай канстытуцыя і правобраз Канстытуцыі ЗША.
Пры гэтым “першыя канстытуцыі” напладзіла кожная ўсходнееўрапейская краіна (не адны ж беларусы ласыя фантазаваць), ды ніводнага сведчання, што “бацькі-заснавальнікі” ЗША цікавіліся нашымі Статутамі, вы не знойдзеце. Але навошта доказы, аргументацыі – і тым больш сумневы?
Для раздзьмування гонару за сваю Айчыну гэта ўсё толькі замінае!
Але рэальны боль выклікае туга па заморскіх калоніях у стваральнікаў роліка. Здавалася б, у сучасным свеце, дзе жывуць юзэры інстаграма і ютуба, даўно агульнавядома, што каланіялізм – гэта дрэнна. Праекты курляндскага герцага таксама мелі мэтай узбагачэнне за кошт гандлю рабамі і жорсткай эксплуатацыі тубыльскага насельніцтва. Размова пра гэтыя калоніі была запазычана ў палякаў (у якіх у міжваенны час дужа свярбела, што Польшча не мела калоній) і заўжды ўспрымалася на ўзроўні гістарычнага кур’ёзу. У адмысловых гістарычных даследаваннях даказана, што Вялікае Княства Літоўскае ніякага практычнага дачынення да гэтых ініцыятыў свайго фармальнага васала не мела.
І раптам атрымайце – мы былі каланіяльнай дзяржавай!
Навошта нам “прымазвацца” да адной з самых ганебных старонак сусветнай гісторыі, навошта нам ганарыцца гандлем рабамі? Навошта USAID спансіруе праслаўленне каланіялізму (нават у такой прымроенай версіі), таксама даўмецца цяжка.
Агулам беларуская гісторыя паўстае пералікам перамогаў, войнаў і заваяванняў. І зусім падступнымі і незразумелымі ў такой перспектыве становяцца падзелы Рэчы Паспалітай.
Але логіка і тлумачэнні замінаюць прадукаванню гонару за здзяйсненні продкаў.
Немагчыма абмінуць новую “мову” відэароліка. Ён працяты лексікай гарадской моладзі, палачане “тусуюцца” з вікінгамі, Еўфрасіння Полацкая “муціць” у Полацку культурны цэнтр, лічы, крэатыўную прастору” і г.д. Хай сабе, кожнаму пакаленню – сваю мову, у стваральнікаў роліка тут свая рацыя.
Але ці няма за гэтай “навамовай” таксама жадання перарабіць гісторыю ў выгодным для сябе ключы? Ці можна прыпісваць Еўфрасінні Полацкай жаночы актывізм з-за паломніцтва ў Ерусалім?
Пры гэтым жаданне распавесці пра гісторыю крыху інакш і для іншай аўдыторыі часам дае цікавыя вынікі. Напрыклад, тое, што Статуты замацоўваюць прававую дзяржаву і рэлігійную талерантнасць – гэта мы ўжо даўно і добра ведаем, а вось словы пра правы жанчын і нормы аховы экалогіі гучаць свежа. І сапраўды, можа мае сэнс паглядзець на нашу гісторыю з іншых пазіцый, дзе ёсць месца жанчынам, дзе ёсць месца экалагічным праблемам? І гэты заклік можна толькі вітаць.
Але гэта амаль адзіны светлы момант за ўвесь ролік, ды і дзе ў чарадзе вайсковых змаганняў месца жанчынам – і тым больш экалагічным праблемам, таму надалей інтанацыі зноў пераключаюцца на патрыятычную мабілізацыю.
І самае горкае – у роліку абсалютна няма гумару і іроніі, якія так упрыгожвалі мультыплікацыйную гісторыю Беларусі ў роліку ад “Будзьмы”. Без іроніі тут не прадыхнуць, суровыя галасы дыктараў загадваюць нам з усіх сілаў раздзьмуваць свой Гонар і як мага хутчэй шыхтавацца для барацьбы за Веліч Айчыны.
Але ці ўспрыме пакаленне Інстаграму такі тэмбр, таталітарны па сваёй сутнасці?