Прэзідэнцкія выбары — не «фабрыка зорак», або Чаму Бабарыка сёлета не зменіць Лукашэнку

Палітыка

Прэзідэнцкія выбары — не «фабрыка зорак», або Чаму Бабарыка сёлета не зменіць Лукашэнку

Пятру Кузняцову адказвае Аляксандр Кур’яновіч

Тая частка беларускага электарату, якая істотна прытамілася ад працяглага кіравання Аляксандра Лукашэнкі, цяпер знаходзіцца ў стане пэўнай эйфарыі: нарэшце знайшлася асоба, якая зможа скласці сур’ёзную канкурэнцыю дзейнаму прэзідэнту на выбарах 9 жніўня.

Аб гэтым хаця б сведчаць разважанні заснавальніка гомельскага сайту «Сильные новости» Пятра Кузняцова, якія растыражаваў сайт «Нашай нівы».

Гаворка, канешне, ідзе пра былога кіраўніка «Белгазпромбанка» Віктара Бабарыку. У актыў яму запісваецца беспрэцэдэнтная па беларускіх мерках колькасць членаў ініцыятыўнай групы, а таксама яўная сімпатыя карыстальнікаў сацыяльных сетак.

З пункту гледжання жыццёвага вопыту і сацыяльнага статусу з Бабарыкам наўрад ці можа цягацца эпатажны блогер Сяргей Ціханоўскі, чые відэасюжэты прыцягваюць людзей, але чые палітычныя амбіцыі аналітыкамі не ўспрымаюцца сур’ёзна.

Мяркуецца, што Валерый Цапкала, які таксама даволі гучна пачаў сваю кампанію, хай і ў маштабах беларускай медыяпрасторы, наўрад ці будзе зацікаўлены ў сапраўднай барацьбе.

Перспектывы астатніх прэтэндэнтаў (Андрэй Дзмітрыеў, Ганна Канапацкая, Алег Гайдукевіч і Сяргей Чэрачэнь) амаль ніхто пакуль у разлік не бярэ.

Чаму ж шанцы Бабарыкі марныя?

Пётр Кузняцоў пачынае свой пост аптымістычна: “есть все предпосылки для того, чтобы он стал серьезным кандидатом и сменил Лукашенко”.

То-бок, тое, што не змагла ажыццявіць апазіцыя і грамадзянская супольнасць на працягу двух з гакам дзесяццігоддзяў – перамагчы не каго-небудзь, а Лукашэнку з яго моцнай бюракратычнай сістэмай і сілавой машынай – адстаўны банкір зможа зрабіць за некалькі месяцаў.

Адразу хочацца запярэчыць спадару Кузняцову:

палітычныя лідары, здольныя захапіць уладу, не з’яўляюцца на палітычнай сцэне за два-тры месяцы да гэтага "захопу".

Бальшавікі і нацысты ішлі да ўлады пятнаццаць-дваццаць гадоў, лідары аксамітавых рэвалюцый Вацлаў Гавел і Лех Валенса з’явіліся не за адзін дзень.

У Беларусі немагчымы і румынскі варыянт (хаця на гэтую тэму піша, напрыклад, «Хартыя-97»), а Павел Севярынец пакуль не падобны да Ласла Цёкеша.

Ды і сам Лукашэнка рыхтаваў сваё прэзідэнцтва чатыры гады дзякуючы парламенцкаму мікрафону і адносна вольным сродкам масавай інфармацыі.

А што Бабарыка? Ён запомніўся хіба што некалькімі крытычнымі інтэрв’ю ды прыватнымі пастамі ў сацыяльных сетках.

Далей Пётр Кузняцоў развівае свой галоўны тэзіс: Бабарыка будзе мабілізаваць не пратэстных выбаршчыкаў, а гуляць на электаральным полі Лукашэнкі. А калі банкір будзе гаварыць яснай і даступнай мовай і весці сваю кампанію адэкватна, то зможна прэтэндаваць ажно на 80% галасоў:

Это может не нравиться 20% населения, которые 26 лет живут, ненавидя Лукашенко, но это направлено на то, чтобы включить в свою избирательную кампанию, в свой электорат 80% остальных избирателей.

То-бок, паводле Кузняцова, Беларусь саспела да электаральнай рэвалюцыі, асабліва ва ўмовах эканамічнага крызісу, пандэміі ды звадак з Расіяй. Пры такім раскладзе, працягвае Кузняцоў, улады наўрад ці наважацца фальсіфікаваць выбары:

И месседж Бабарико, с которым он стартовал в избирательной кампании о том, что "народное голосование нельзя подделать", то, как он набирал инициативную группу - это крайней степени мобилизационный месседж о том, что надо всем, всем без исключения пойти на избирательные участки, проголосовать за него, а потом уж мы (впервые в истории) посмотрим, как они осмелятся подделать результаты выборов на 100% или 80%.

Дарагі спадар Кузняцоў, улады не толькі наважацца, але і зробяць, калі будзе трэба! Сцвярджаць адваротнае, значыць або не разумець беларускіх рэаліяў, або знаходзіцца ў палоне інфантыльнага аптымізму.

І не трэба забывацца пра датэрміновае галасаванне.

Да таго ж з’явілася першая ластаўка: маладзёжная палата пры Мінскім гарадскім Савеце дэпутатаў заявіла, што ў выніку сацыялагічнага апытання актыўнай сталічнай моладзі Бабарыка атрымаў усяго 4%. Можна не сумнявацца, што лічба задае арыенцір таго, ШТО будзе намалявана банкіру па факце выбараў (праўда, у выніку будзе на некалькі адсоткаў менш). І гэта толькі тады, калі яго ўвогуле зарэгіструюць кандыдатам у прэзідэнты.

Калі дапусціць фантастычны варыянт, што дзясяткі тысячаў прыхільнікаў Віктара Бабарыкі выйдуць на пратэсты, каб абараніць свой выбар, то Бабарыку на чале іх уявіць проста немагчыма.

Ён не вулічны палітык.

Але маштабныя фальсіфікацыі могуць спатрэбіцца, калі кандыдат медыйна раскручаны. Для раскруткі Бабарыкі за такі кароткі тэрмін усіх разам узятых недзяржаўных СМІ недастаткова. Што да дзяржаўных СМІ, то добра вядома, калі і ў якім аб’ёме кандыдатам у прэзідэнты даецца эфірны час.

Таму надзвычай малаверагодна, што Бабарыка за кароткі час здолее займець у вачах усяго грамадства імідж верагоднай альтэрнатывы Лукашэнку.

Пад канец Пётр Кузняцоў зазначае: калі за Бабарыкай не стаіць Расія, альбо кампраміс Расіі і Захаду, то шанцаў у банкіра няма:

вариантов остается не так и много: или сам (но тогда это и несерьезно, и невменяемо); или Россия; или консенсус России и Запада.

Гэты тэзіс увогуле супярэчлівы і разбурае ўсю тэорыю электаральнай рэвалюцыі. З яго вынікае, што калі нейкі кандыдат кідае выклік Лукашэнку без падтрымкі Захаду ці Расіі, то ён папросту неадэкватны.

Спадар Кузняцоў піша, што ў Лукашэнкі “обнажился очень сильно в условиях пандемии коронавируса … недостаток [вменяемости]”, намякаючы на пазіцыю афіцыйнага Мінску да Covid-19. Рызыкну сцвердзіць, што большасць працаздольнага насельніцтва, найперш бюджэтнікі, падтрымала рашэнне беларускіх уладаў не абвяшчаць татальны каранцін. Яны выдатна разумеюць, што пры цяперашніх эканамічных умовах дзяржава не ў стане аплачваць ім вымушаны адпачынак. Напрыклад, у багацейшай рэсурсамі Расіі ўлады ўвялі малазразумелы з юрыдычнага пункту погляду рэжым самаізаляцыі, каб нічога не плаціць за вымушаны прастой. У параўнанні з Расіяй, дзе ўжо пачаліся галодныя мітынгі (Уладзікаўказ) супраць рэжыму самаізаляцыі, Беларусь выглядае выйгрышна.

Падсумуем: на сёлетніх выбарах не зможа перамагчы той кандыдат, які літаральна зваліўся з неба. Прэзідэнцкія выбары – не «фабрыка зорак». Сапраўдны лідар выспявае гадамі. Для таго, каб ён ачоліў дзяржаву, павінен скласціся агульнанацыянальны кансэнсус.

Беларусь не сустрэне 10 жніўня з новым прэзідэнтам, які выплыў на яву за пару месяцаў да гэтай даты. Аднак гісторыя на гэтым не закончыцца: перамагчы ў новых выбарах зможа той, хто зрабіў правільныя высновы са сваіх ці чужых памылак на выбарах мінулых.

.

Сачыце за дзейнасцю выдавецтва і газэты ARCHE ў TELEGRAM
ДАЛУЧАЙЦЕСЯ!


Больш беларускіх навінаў на нашым канале на ЯНДЭКС ДЗЭН
ПАДПІСВАЙЦЕСЯ!

Вам можа спадабацца