Са шматлікіх дакументаў, якія засталіся з даваенных часоў і час ад часу выстаўляюцца ў музейных экспазіцыях ці выкладаюцца на інтэрнэт-аўкцыёнах, заўважана адна цікавая акалічнасць. А менавіта тое, што ў БССР у 1920-я і нават на пачатку 1930-х гадоў адначасова прытрымліваліся розных традыцый напісання імя па бацьку па-беларуску, як у друку, так і ў афіцыйных дакументах. Да прыкладу, захавалася шмат універсітэцкіх заліковых кніжак, сяброўскіх білетаў розных савецкіх арганізацый і ганаровых грамат, дзе было выкарыстана нязвычнае для нас сёння напісанне імя па бацьку праз канчатак –аў/еў, -ава/-ева: Апалёнія Язэпава, Бэрта Абрамава, Ляксей Міхасёў, Пётр Барысаў, Рыгор Тарасаў, Максім Янкаў, Антон Рыгораў.

Гарэцкага Максіма Янкавага, 1927 год (фота ЦНБ НАН Беларусі).


Дыплом аб заканчэнні БДУ Левіт Нэхам Саўлавай, 1930 год (фота Бібліятэка БДУ).




Тарасавага, 1927 год (фота з аўкцыёна ay.by).


Але, здаецца, асаблівай сістэмы ў тым, як пісаць імя па бацьку тады не было. Да прыкладу, на старонках кнігі 1927 года выдання “Кароткі нарыс гісторыі міліцыі Беларусі” былі размешчаны партрэты розных кіраўнікоў БССР. Так, напрыклад, старшыня ЦВК БССР Алесь Чарвякоў быў падпісаны Рыгоравічам, а старшыня СНК БССР Мікалай Галадзед ужо як Мацьвееў. А наркам унутраных спраў Алесь Сташэўскі увогуле ішоў у подпісе без імя па бацьку.



Яшчэ адзін варыянт напісання імя па бацьку можна пабачыць у адным з першых афіцыйных актаў Савецкай Беларусі. У “Хаўруснай рабоча-сялянскай умове паміж ССРБ і РСФСР” ад 16 студзеня 1921 года поўныя імёны падпісантаў дамовы былі напісаны такім чынам: намеснік старшыні ЦВК ССРБ і камісар па вайсковых справах Язэп Аляксееў сын Адамовіч і намеснік наркама загранічных спраў Леў Міхайлавіча сын Карахан.

У рускай мове таксама назіралася варыянтнасць у напісанні імя па бацьку. Ужо падчас СССР працэс уніфікацыі завяршыўся раней агульным пераходам да формы з канчаткамі –ович/-овна. З узмацненнем палітыкі русіфікацыі ў пачатку 1930-х і з правядзеннем агульнасавецкай уніфікацыі імя па бацьку і ў БССР стала пераважна пісацца праз –авіч/-аўна. Але перыядычна ў дакументах сярэдзіны 1930-х яшчэ можна было пабачыць альтэрнатыўную форму напісання.

