Цэнтральная і Усходняя Еўропа. Межы рухаюцца, людзі застаюцца (мапы Філіпа Рэкацэвіча)

Палітыка

Цэнтральная і Усходняя Еўропа. Межы рухаюцца, людзі застаюцца (мапы Філіпа Рэкацэвіча)

22 красавіка 2013 а 11:44

Уваходжанне краін Цэнтральнай і Усходняй Еўропы ў Еўрапейскі Саюз у 2004 годзе і паступовае сціранне памежных бар'ераў павінны былі аслабіць нацыяналістычныя тэндэнцыі, што назіраліся ў пачатку 1990-х гадоў. Аднак у Венгрыі і Славакіі, а таксама па іншы бок "шэнгенскага мура", ва Украіне, народы дагэтуль застаюцца закладнікамі палітычных стратэгій, якія эксплуатуюць пытанні нацыянальнай ідэнтычнасці. У гэтай частцы Еўропы працэс нацыянальнага будаўніцтва, які інтэнсіфікаваўся падчас Першай сусветнай вайны, далёка не завершаны. З чатырох цэнтральных імперый, што спаборнічалі ў ХІХ стагоддзі, засталося толькі тры напярэдадні вайны 1914 года. Асманская імперыя амаль цалкам развалілася, але не на карысць звышдзяржаў (Расіі ці Аўстра-Венгрыі), а стварыўшы новыя дробныя дзяржаўныя ўтварэнні. "Версальскі мір", а менавіта пяць пагадненняў, падпісаныя ў 1919 і 1920 гг., афіцыйна зацвярджае знікненне Аўстра-Венгерскай імперыі і дазваляе незалежнасць малых і сярэдніх нацый побач са звышдзяржавамі. Гэта першая цэнтральнаеўрапейская "нацыянальная фрагментацыя" ў ХХ стагоддзі. Са з'яўленнем СССР, Расія, чые межы былі адсунутыя на ўсход, губляе ўплыў, які яна аказвала на большую частку тэрыторый Цэнтральнай Еўропы, ад Хельсінкі да Кішынёва.Новая, цалкам перабудаваная, Еўропа ўзнікае ў выніку канферэнцый у Ялце і Патсдаме па заканчэнні Другой сусветнай вайны ў 1945 годзе, без мірнага пагаднення з пераможанай Германіяй (гэта трэцяя гістарычная імперыя, якой наканавана было знікнуць). Еўрапейскія межы, абвешчаныя "непарушнымі", будуць зацверджаныя падчас Хельсінскай канферэнцыі ў 1975 годзе. СССР распачаў наступ на Захад, вяртаючы ці анэксуючы значную частку тэрыторый, што былі страчаныя ў 1920 годзе, робячы сваімі "сатэлітамі" дзяржавы, што ўзніклі ў выніку падзелу былых імперый. Усходні ўскраек Еўропы - гэта цяпер "жалезная заслона". У 1991 годзе Савецкі Саюз, чацвёртая і апошняя "выжыўшая імперыя" Еўропы, развальваецца. Савецкія рэспублікі, а таксама ўсходнееўрапейскія былыя сацыялістычныя краіны, атрымоўваюць поўную незалежнасць. Расія зноў адкідваецца на ўсход...Калі накласці на адну мапу лініі ўсіх дзяржаўных межаў, што праходзілі праз Цэнтральную Еўропу, то адразу бачна, наколькі раздробненыя і пакрамсаныя гэтыя тэрыторыі. Але адначасова можна ўбачыць контуры некаторых сучасных дзяржаў.Мапы: Філіп Рэкацэвіч