Чаму Ціханоўскага затрымалі ўчора ў Гродне?

Палітыка

Чаму Ціханоўскага затрымалі ўчора ў Гродне?

Зранку 29 мая ў Гродне  нішто не прадвяшчала, што ўвечары тут адбудзецца арышт прадстаўнікоў ініцыятыўнай групу па зборы подпісаў для вылучэння ў прэзідэнты Святланы Ціханоўскай, у тым ліку самога Сяргея Ціханоўскага.

Тут не было тысячных натоўпаў, як у Мінску ці Гомелі.

Усяго некалькі соцень чалавек на лапіку Савецкай плошчы, заціснутым паміж зонай адпачынку і скверыкам на месцы ўзарванай савецкімі ўладамі Фары Вітаўта.

Затое каля блогера Сяргея Ціханоўскага, быццам каля рок-зоркі, разрасталася кола гарадзенцаў, нават калі ён намагаўся проста папіць кавы ды перавесці дых.

Сяргей Ціханоўскі (у цэнтры, п'е з папяровага кубачка).

Прысутныя ў большасці сваёй не выглядалі на нейкіх апантаных прыхільнікаў блогера, які калом стаў да дзеючай улады. Пераважна былі людзі, якія прыйшлі засведчыць, што яны супраць “а мо так і трэба”: адныя – запісам у падпісным лісце, другія – у дадатак яшчэ і словам.

Сяргей Ціханоўскі здолеў за апошні год выбудаваць вобраз якраз такога чалавека, якому можна выказацца пра набалелае, пераадолеўшы ў сабе генетычна засвоены страх.

Падчас збору подпісаў ён некалькі разоў падкрэсліваў, што ён не “беларускі Навальны”, а “беларускі Ціханоўскі”.

Быццам легендарны Усяслаў Чарадзей, ён змог паказаць неверагодную да таго для айчынных палітыкаў мабільнасць: за суткі ён падняў на вушы два абласныя цэнтры, размешчаныя на супрацьлеглых баках краіны.

Дык чаму ж менавіта цяпер было прынята рашэнне затрымаць Сяргея Ціханоўскага?

Ды не падчас пераезду паміж гарадамі, далей ад непатрэбных вачэй, а публічна, з розгаласам, у выніку адкрыта ажыццёўленай правакацыі з прыцягненнем жанчын (своеасаблівы тролінг Ціханоўскага за яго жаночы антыамап), якую занатавалі шматлікія здымкі?

Дзякуючы ім не цяжка вызначыць асобаў як правакатарак, так і тых, хто “паклаў” міліцыянера.

Але чаму менавіта ў Гродне, дзе акцыю наведала значна менш людзей, чым тое было ў гарадах Усходняй Беларусі?

Відавочна, што гэта не з ласкі на пацеху прынятае рашэнне, а прадуманая акцыя, замацаваная кантрольнымі стрэламі – рэпартажам у навінах ды ўзгадкамі ў “Клубе рэдактараў”.

Толькі ці не запозна сталі "падпілоўваць рогі", увогуле дапусціўшы сям’ю Ціханоўскіх у выбарчую кампанію?

Прычына ўчарашняга арышту Ціханоўскага крыецца ў рэакцыі расійскіх СМІ.

Адна справа, калі палітыка прасоўваюць недзяржаўныя беларускія СМІ, і зусім іншая, калі да іх ліку далучаюцца сапраўдныя медыягіганты нашага галоўнага саюзніка, прыкладу, выданне “Коммерсант”, уплыў якіх на беларускую аўдыторыю цяжка пераацаніць. Відавочна таму ўдзельнікі праграмы “Клуб рэдактараў” прайшліся па матэрыяле з інтэрв’ю Ціханоўскага, а Дзмітрый Жук падкрэслена адзначыў: “Усіх сваіх спалілі”.

Адна справа прадставіць “Расію” ў нядобрай якасці ў ходзе кампаніі 2015-га года і вайны ва Украіне, і зусім іншая зрабіць гэта ва ўмовах, калі сусед пасля каранавіруснай ямы пачне ўздымацца “з кален”, узяўшы за кропку адліку 24 чэрвеня (парад на Чырвонай плошчы) і рыхтавацца да будучага рэферэндума.

Адна справа ў краіне з арыентаваным на Расію культурна насельніцтвам, рабіць ворагаў з празаходніх “грантасосаў”, чые дзеянні было лёгка выстаўляць у негатыўным святле. І зусім іншая – зрабіць гэта ва ўмовах супрацьстаяння з Расіяй супраць такіх кандыдатаў, якія адкрыта заяўляюць, што “мы не супраць Расіі” як прадпрымальнік і блогер Ціханоўскі, пра магчымасць прыняцця 31-й карты паглыбленай інтэграцыі, як колішні банкір і мільянер Бабарыка, якога “Московский комсомолец” назваў рэальным сапернікам” Лукашэнкі, ці як дыпламат і стваральнік ПВТ Цапкала, які адкрыта прызнае “культурную блізкасць” з Расіяй.

У сувязі з арыштам Ціханоўскага варта прыгадаць ідэю аналітыка tut.by Арцёма Шрайбмана пра памылку, якая можа зруйнаваць усю сістэму.

Тое, што здарылася ў Гродне 29 мая 2020 года можа быць якраз такой несвядома зробленай памылкай.

Цяперашні этап выбарчай кампаніі паказвае, што "прарасійскую альтэрнатыву" Лукашэнкі не знішчыць правакацыямі і арыштамі, бо ёсць адпаведны грамадскі запыт і інфармацыйная палітыка буйных расійскіх СМІ.

Што ж да самога Сяргея Ціханоўскага і ўсёй яго віртуальнай папулярнасці, адлюстраванай у лічбах падпісантаў яго ютуб-канала, то застаецца пытанне наконт таго, з каго ж складаецца яго база падтрымкі. Гэтая база, на маю думку, шмат у чым залежыць ад таго, калі іншыя краіны адчыняць з Беларуссю межы пасля завяршэння каранціну, і прысутнасці ў Беларусі тых, хто звычайна зарабляе грошы за мяжой.

Аднак ужо сёння відавочна, што арышт Ціханоўскага стаў лепшай "рэкламай" і прывёў да месцаў збору подпісаў за Святлану Ціханоўскую многіх людзей на знак элементарнай салідарнасці. Нават іншыя "прэтэндэнты ў кандыдаты" – Цапкала, Бабарыка і Дзмітрыеў – выказаліся ў падтрымку вядомага блогера. Наўрад ці менавіта гэтага дамагаліся тыя, хто спланаваў правакацыю ў Гродне, якая ўжо адгукнулася ў шэрагу іншых гарадоў.

Вам можа спадабацца