Мерачоўшчына: маленькі музей вялікага героя

Меркаваньні

Мерачоўшчына: маленькі музей вялікага героя

У маі месяцы ў сацсетках хваляй прайшла ўзгадка аб добрай і важнай ініцыятыве, якая паспяхова была рэалізаваная 2 гады таму - у Мерачоўшчыне  Тадэвушу Касцюшку паставілі помнік. Грошы пад кіраўніцтвам актывіста Глеба Лабадзенкі збіралі ўсім мірам, скульптуру рабіў вядомы майстар Генік Лойка, дзяржава нечакана актыўна спрыяла тым, што не ўмешвалася ў справу.

Касцюшка ў выкананні Геніка Лойкі атрымаўся! З аднаго боку невялікі, можна нават сказаць утульны, добра ўпісаны ў навакольны пастаральны ландшафт, але ў той жа час узвышаны, годны, засяроджаны.

Фота з сайта www.fotobel.by 

Вось жа помнік Касцюшку каля сядзібы ў Мерачоўшчыне візуальна завершыў вобраз гэтага месца, зрабіў яго такім, якім ён увойдзе ў школьныя падручнікі і ідэалагічныя карт-схемы будучых беларусаў. Стварылася ўражанне, што пытанне з ушанаваннем Тадэвуша Касцюшкі мы закрылі. Але, калі прыглядзецца ўважлівей, то хутчэй здарылася адваротнае: помнік паставіў пад пагрозу спакой гэтага месца, бо спарадзіў няўтульнасць.

Няўтульнасць была і раней. Тыя, хто ўсведамляў маштаб асобы Касцюшкі павінныя былі яе заўважыць,  але цяпер, пасля ўсталявання помніка, яна стала асабліва яскравай.

Цяпер, пры падыходзе да драўлянай сядзібы нас сустракае нацыянальны герой трох (ці чатырох?) краін, ганаровы грамадзянін Францыі, брыгадны генерал амерыканскай арміі, змагар з няроўнасцю і прыгнётам на двух кантынентах, сябар Томаса Джэферсана, непрыяцель Напалеона Банапарта.

Але калі мы пераступаем парог музея, то бачым гаршкі, глякі, лыжкі, крэслы, шафы... Чатыры пакоі рэчаў дробнашляхецкага  і сялянскага побыту супраць аднаго пакою мемарыяльнай выставы, прысвечанай жыццёвага шляху героя.

Але ці ж Касцюшка быў чалавекам побыту? Не! Наадварот! Усё ягонае жыццё - гэта віхура падзей, якую ніяк не могуць адлюстраваць шматлікія прадметы гардэробу і посуду. 

І чым больш кружляеш па гэтых трох пакоях, тым больш нарастае адчуванне неадэкватнасці сітуацыі. Чалавек, які скраў гетманскую дачку, будаваў і абараняў фарты ў далёкай Амерыцы, прымаў прысягу перад усім народам Рэчы Паспалітай на цэнтральнай плошчы Кракава, сябраваў і варагаваў з імператарамі і прэзідэнтамі ў розных частках свету, прэзентуецца печкай, крэсламі, самаварам (яго, праўда, прыбралі нядаўна) і магніцікамі з зубрамі на ўваходзе.

І мемарыяльны пакой, які нібыта мусіць адказваць за прэзентацыю гераічнай часткі жыцця Касцюшкі, наадварот толькі яшчэ больш падкрэслівае задушлівасць усёй сітуацыі. Бо запхнутая ў адзін пакой маштабная біяграфія Андрэя Тадэвуша Банавентуры Касцюшкі патрабуе выйсця. Не змяшчацца ён там!

Менавіта ў гэтым пакоі прыходзіць разуменне, што Касцюшка патрабуе вялікага музея. Музея, дзе можна было б пабачыць вялікую панараму бітвы пад Рацлавіцамі і пачуць грукат гармат бітвы пад Саратогай, пабываць у парыжскім парламенце крывавага 1793 года, паспрачацца з Томасам Джэферсанам пра неабходнасць яшчэ аднаго пункта ў Дэкларацыі ад Незалежнасці ЗША, напісаць ліст Напалеону, ці Аляксандру І, узважыць і прымерыць ланцугі Петрапаўлаўскай крэпасці з Пецярбурга і, урэшце, пазнаёміцца з асаблівасцямі гаспадарчай дзейнасці ліцвінскага шляхціца на Берасцейшчыне ў канцы XVIII ст. (апошняе вельмі цікава будзе глядзецца на кантрасце).

Касцюшка - гэта фантастычна маштабны прыгодніцкі сюжэт у нашай гісторыі. Падобных да яго проста няма. Шматлікія бітвы, раненні, інтрыгі, праекты і дыспуты, неверагодныя знаёмствы ці не з усімі важнейшымі асобамі свайго часу...

У гэтым сэнсе Касцюшка - гэта маркер, які максімальная яскрава прэзентуе час злому вялікі эпох, напаўзабытае ў нас XVIII стагоддзе. І ў той жа час паказвае адзін з вобразаў перспектыўнай будучыні, кім хацелі стаць нашыя продкі, кім маглі б стаць, але кім ня сталі.

Але ёсць яшчэ больш важная рэч.  У грамадскай свядомасці гэты чалавек часцей за ўсё паўстае як кіраўнік паўстання, абаронца незалежнасці спачатку несваёй, а пасля і сваёй дзяржавы. Але ў сусветным маштабе Касцюшка - гэта найперш бездакорны барацьбіт за справядлівасць.   Ён верыў у роўнасць людзей, тады, калі гэта яшчэ не было нормай. І праз усё жыццё адстойваў гэтыя ідэалы: змагаўся ў бітвах, пісаў праекты, на практыцы прымяняў гэтыя ідэі ў сваіх гаспадарках. Апошняе выглядае асабліва выразна: Касцюшка, здаецца, - адзіны чалавек сваёй эпохі, які ўмудрыўся даць волю і сваім амерыканскім рабам, і сваім беларускім прыгонным, такім чынам паспрабаваўшы падарыць персанальную свабоду людзям у такіх далёкіх кропках Зямлі.  

Джордж Вашынгтон уручае Касцюшку ордэн Цынцынаці. Малюнак Міхала Стаховіча канца XVIII ст. 


Як вырашыць праблему неадпаведнасці маштабу асобы Касцюшкі маленькаму музею, трэба яшчэ думаць. Прыгожым выйсцем было б аддаць ладны кавалак адноўленага палаца Пуслоўскіх пад новы музей “Эпоха Касцюшкі”. Да таго ж, у нейкім сэнсе, ён такім і планаваўся самімі Пуслоўскімі. Не проста ж так яны ўзвялі на гары свой сярэднявечны замак, з вокнаў якога бачны сціплы дамок нацыянальнага героя 2 кантынентаў.  

Але як яно там будзе, невядома. Пакуль што ў музеі Касцюшкі нас сустракае няўтульнасць, у якой, зразумела, аніяк не вінаватыя ні супрацоўнікі, ні распрацоўшчыкі канцэпцыі. Проста Касцюшка для нас пакуль завялікі.