Пра што могуць распавесці сайты кандыдатаў

Палітыка

Пра што могуць распавесці сайты кандыдатаў

У сучасным лічбавым свеце інтэрнэт-сайты выглядаюць у некаторым сэнсе анахранізмам, асабліва ў такіх дынамічных працэсах як палітычныя выбары, бо моцна саступаюць у інтэрактыве і хуткасці камунікацый шматлікім сацыяльным сеткам і мэсэнджэрам.

Але ў сітуацыі, калі стужкі фэйсбук-старонак прэтэндэнтаў у кандыдаты выглядаюць досыць падобна, менавіта афіцыйныя сайты даюць разуменне таго, як верагодныя кандыдаты ўяўляюць сябе ў перадвыбарчай кампаніі і распавядаюць пра іх нават болей, чым яны самі хочуць.

Мы прааналізавалі сайты 5 прэтэндэнтаў у кандыдаты, чые ініцыятыўныя групы большыя за 500 чалавек.

 

Аляксандр Лукашэнка. 11480 членаў ініцыятыўнай групы.

http://president.gov.by/

Сайт Аляксандра Лукашэнкі, зразумела, функцыянуе даўно. Выглядае ён не дужа сучасна і адаптыўна, але ў межах прыстойнасці. Біяграфія "кандыдата", відавочна, прысутнічае, падзеі з ягонага жыцця фіксуюцца штодзённа. Верагоднасць з’яўлення асобнага сайта Аляксандра Лукашэнкі як кандыдата ў прэзідэнты знаходзіцца ў раёне нуля.

Ды і на асноўным сайце пра выбары 2020 пакуль што ані слова. 15 мая, калі была зарэгістраваная ініцыятыўная група прэзідэнта, на рэсурсе стаіць навіна Рабочая поездка в Витебский район. Пры жаданні і навіну і фота пад ёй можна ўспрыняць як яшчэ адну знявагу выбарчага працэсу, якіх з боку "кандыдата №1” хапае.

 

Віктар Бабарыка. 8904 членаў ініцыятыўнай групы.

https://babariko.by/

Сайт Віктара Бабарыкі выглядае, напэўна, найбольш сучасна. Ён просты, але адаптыўны. На старонцы публікуюцца ў асноўным навіны збору подпісаў, месцы размяшчэння пікетаў і графік паездак кандыдата па Беларусі. Ёсць падрабязная інструкцыя для чальцоў ініцыятыўнай групы як збіраць подпісы і асобная старонка пра "Дэкларацыю чэсных выбараў" - самы значны пакуль што крок Віктара Бабарыкі як кандыдата.

 

Андрэй Дмітрыеў. 2399 членаў ініцыятыўнай групы.

http://dzmitryeu.by/

Сайт Андрэя Дзмітрыева створаны па сучасных шаблонах звычайнага аднастаронкавага landing. Але ў параўнанні з сайтам Бабарыкі шаблоннасць тут заўважная значна больш.

Навіны на сайце ўяўляюць з сябе перадрукоўкі з іншых СМІ пра кампанію кандыдата.

Інструкцыі для зборшчыкаў подпісаў на сайце няма, але ёсць запрашэнне далучыцца да ініцыятыўнай групы ці паставіць подпіс. Цікава, што сувязь з арганізацыяй "Гавары Праўду", ад імя якой высоўваецца Дзмітрыеў, прасочваецца досыць эпізадычна, літаральна ў пары месцах. На сайце ж самой арганізацыі пра ініцыятыву кіраўніка зусім не ўзгадваюць. 

Андрэй Дзмітрыеў афіцына збірае на сайце грошы на сваю кампанію.

 

Ганна Канапацкая. 1314 членаў ініцыятыўнай групы.

https://www.facebook.com/anna.kanopatskaya/

У Ганны Канапацкай, кандыдата з чацвёртай па велічыні ініцыятыўнай групай, сайта няма. Яна прысутнічае ва ўсіх сацсетках з колькасцю падпісантаў каля 1,5-2,5 тысяч чалавек. Асноўная платформа камунікацыі - старонка ў фэйсбуку, дзе ў спадарыні Канапацкай крыху больш за 7 тысяч падпісантаў.

Месца, дзе можна было б у адным месцы прачытаць біяграфію кандыдаткі, даведацца як далучыцца да яе кампаніі, ці адсочваць навіны гэтай кампаніі, няма.

Агулам для знешняга назіральніка незразумела, як Ганна Канапацкая назбірала такую немалую ініцыятыўную групу і вядзе з ёй камунікацыю. Бо адзіны пост, прысвечаны гэтай тэме, адносіцца да 13 мая: “Дорогие друзья! Я благодарю вас за поддержку и предлагаю всем присоединиться к моей инициативной группе... (далей спасылка на гугл форму)”

 

Сяргей Чэрачэнь. 1127 членаў ініцыятыўнай групы.

https://cherechen.by/

Сяргей Чэрачэнь ідзе на выбары ад партыі БСДГ. Ягоны сайт, напэўна, самы прэзентабельны і сур’ёзны з усіх сайтаў кандыдатаў. Ён сучасны і разгалінаваны, і гэта адзіны перадвыбарчы рэсурс, які добра індэксуецца пашуковікам GOOGLE.

Там ёсць падрабязная біяграфія кандыдата з timeline (у іншых не больш за 3 кароткія абзацы), навіны збору подпісаў, тураў па рэгіёнах, спасылкі на публікацыі ў СМІ. Ёсць нават праграма, хаця гэта, здаецца, пакуль што забаронена заканадаўствам (відаць, Сяргей Чэрачэнь можа спаслацца на тое, што гэта праграма партыі).

У спадара Чэрачэня на сайце прысутнічае продаж мерчу (кубкаў, ручак і іншых рэчаў з атрыбутыкай кампаніі), размешчаны гімн кампаніі (!), спецыяльна распрацаваныя сцікеры для тэлеграма, ёсць прыкладанне для андройда. Такога набору выбарчых “забавак” няма пакуль што ні ў каго.

Дарэчы, продаж мерчу на сайце чамусьці называецца краўдфандынгам.

Што цікава, на сайце спадара Чэрачэня няма ніякай інфармацыі пра працу ініцыятыўнай групы, апроч паездак самога кандыдата, затое Сяргей Чэрачэнь прапануе “бескантактны” варыянт збору подпісаў амаль што онлайн. Наколькі гэты варыянт апынецца прымальным - пакажа час. Пакуль што кандыдат дэкларуе больш за 40.000 подпісаў, а гэта - чацвертае месца пасля Лукашэнкі, Бабарыкі і Ціханоўскай.

   
Валеры Цапкала. 884 члены ініцыятыўнай групы

https://tsepkalo.by/

Перадвыбарчы сайт Валерыя Цапкалы не варта блытаць з сайтам http://tsepkalo.com/, дзе ён публікуе свае тэксты-разважанні пра зямельныя рэформы розных часоў. Відаць, гэтая тэма стваральніку ПВТ найбольш блізкая, бо ў іншых раздзелах сайта (прамысловасць, падаткі, мой горад) тэкстаў няма.

Сам жа перадвыбарчы сайт - добра збіты landing (аднастаронкавы сайт), дзе размешчана біяграфія кандыдата, карта пікетаў, запрашэнне стаць валанцёрам і спасылка на збор сродкаў для кампаніі.

І зусім няма навінаў. Па выніку, менавіта сайт http://tsepkalo.com/, а не галоўны перадвыбарчы становіцца асноўнай крыніцай інфармацыі пра кандыдата. А тэксты на тым рэсурсе паказваюць хутчэй блогера-калумніста, чым буйнога адміністратара, на што напірае сам спадар Цапкала.

  
Падсумоўваючы

Усе “буйныя” кандыдаты ўжо маюць свае сайты, апроч Ганны Канапацкай. Што выглядае дзіўна, бо спадарыня Канапцкая мае чацвертую па велічыні ініцыятыўную групу і дэкларуе неблагія поспехі ў зборы подпісаў.

Досыць характэрнымі выглядаюць загалоўныя фота на афіцыйных старонках кандыдатаў. Бо паказваюць, як бачаць сябе ці, дакладней, як хацелі б, каб іх бачылі будучыя выбаршчыкі. Бабарыка - з мікрафонам на ўзвышэнні, Дзмітрыеў - углядаецца ў вочы простага рабочага, Цапкала - бюст без фона, Чэрачэнь - у багатым інтэр’еры сур’ёзнага топ-мэнэджэра.

Самы “паліттэхналагічны” сайт у Сяргея Чэрачэня. Шмат навін, прыгожыя фота, мерч, тэлеграм-стыкеры, андройд-прыкладанні. Толькі няясна, ці будзе ва ўсім гэтым сэнс у полі беларускіх выбараў. Таксама па сайце спадара Чэрачэня бачна, што ён ідзе крыху па мяжы заканадаўства, бо публікуе на сваім сайце праграму і прапануе крыху незвычайны фармат збору подпісаў. 

Віктар Бабарыка выглядае найбольш асцярожным кандыдатам, бо ён адзіны, хто не абвесціў на сайце краўдфандынгавую кампанію, патлумачыўшы гэта магчымымі праблемамі з заканадаўствам.

Таксама вялікім плюсам кандыдата Бабарыкі застаецца тое, што ягоны сайт максімальна сфакусаваны на валанцёрах і зборшчыках подпісаў. Там прысутнічаюць падрабязныя інструкцыі па зборы подпісаў, навіны, перасцярогі і, нават, папярэджанні аб небяспецы. Гэта найлепшым чынам стварае ўражанне жывой кампаніі, у якой удзельнічае вялікая колькасць людзей.
Іншыя кандыдаты такім эфектам пахваліцца не могуць.

У агляд не патрапіла Святлана Ціханоўская. Яна мае толькі 247 чалавек у сваёй ініцыятыўнай групе, не мае сайта, амаль не прысутнічае ў сацыяльных сетках, але пры гэтым менавіта каля яе пікетаў збіраецца найбольш людзей. “Кейс” Ціханоўскіх настолькі незвычайны, што выпадае з гэтага агляду і патрабуе асобнага падыходу.

Падрыхтаваў Віктар Кардаш

Вам можа спадабацца