Не трэба баяцца замены Лукашэнкі іншым прарасійскім лідарам

Палітыка

Не трэба баяцца замены Лукашэнкі іншым прарасійскім лідарам

Як выглядае на сённяшні дзень, галоўным альтэрнатыўным кандыдатам на сёлетніх прэзідэнцкіх выбарах у Беларусі будзе экс-банкір Віктар Бабарыка.

Можна ўжо сказаць, што не толькі альтэрнатыўным, але і апазіцыйным. Бо хоць праграма і ўвогуле палітычнае аблічча нядаўняга «чорціка з табакеркі» яшчэ да канца не зразумелыя, тое, што ён не спойлер улады – сцвярджаць ужо можна ўпэўнена.

Але заўважна, што да гэтага чалавека ставяцца як мінімум стрымана, а нярэдка і адкрыта варожа многія прадстаўнікі беларускага нацыянал-дэмакратычнага лагера.

Прычыны гэтага розныя, але асноўная, бадай, такая: шмат хто бачыць у Бабарыку кандыдата, за спінай якога маячыць Крэмль.

А значыць, ягоны прыход да ўлады нібыта нясе пагрозу незалежнасці Беларусі.

Толькі ці цалкам апраўданыя гэтыя фобіі? Умацаванню якіх, трэба прызнаць, непасрэдна спрыяе і сам кандыдат некаторымі зусім няўдалымі публічнымі выказванні на розныя важныя і нават балючыя для нас (сябе самога ад нацыянал-дэмакратаў ні ў якім разе не аддзяляю) тэмы.

Увогуле таго, што Бабарыка сапраўды ідзе на выбары пры пэўнай падтрымцы (не блытаць з поўнай залежнасцю) Масквы, я зусім не выключаю. Але ці сапраўды замена Лукашэнкі на такога «прамаскоўскага» лідара азначала б крах усяго таго, чым мы столькі гадоў жылі і за што столькі змагаліся? Я зусім не схільны да такога алармізму – і гэта дзеля таго спецыфічнага стану, у якім даўно знаходзяцца і беларуская дзяржава, і беларускае грамадства.

Масква адсюль і не выходзіла апошнюю чвэрць стагоддзя

Надта ўжо асцерагацца таго, што Бабарыка – кандыдат, за якім, магчыма, стаіць Расія, можна было б у тым выпадку, калі б цяперашняя ўлада, якая ў нас нязменна кіруе ўжо амаль 26 гадоў, прарасійскай не была.

Магчыма, нехта, паддаўшыся стакгольмскаму сіндрому, ужо схільны яе як такую і ўспрымаць. Але ж на самай справе відавочна тое, што, прыйшоўшы да ўлады ў 1994 годзе пад прарасійскімі лозунгамі, цягам наступнай чвэрці стагоддзя Лукашэнка паслядоўна ў расійскім фарватары і трымаўся.

Гэта зусім не азначае, што ён быў поўнай марыянеткай маскоўскіх кіраўнікоў і проста выконваў ды рэтрансляваў загады, якія паступалі яму з Крамля.

Не, Лукашэнка, як вядома, саюзнік наравісты і часам можа ўзбрыкнуць, пачаўшы весці ў нейкі адказны для Масквы момант сваю гульню. Прыклады ўсім вядомыя – устрыманне ад прызнання следам за Крамлём незалежнасці Паўднёвай Асеціі і Абхазіі, ухіленне ад адкрытай падтрымкі Расіі падчас яе вайны з Украінай і г. д. Ну і славутыя гандлёвыя войны ці па адных, ці па іншых таварах вядуцца рэгулярна, прытым у ходзе іх Лукашэнка можа і дапускаць выказванні, і нават рабіць пэўныя дзеянні на мяжы фола, ці нават і за гэтай мяжой.

Але пры гэтым паказальна тое, што практычна ўсе дзеянні Лукашэнкі, якія з пэўнымі агаворкамі можна лічыць антырасійскімі, належаць да знешнепалітычнай і знешнеэканамічнай сферы.

Унутраная ж палітыка заўсёды спрыяла таму, каб Беларусь заставалася ў арбіце Расіі і духоўна была арганічнай часткай т. зв. «рускага свету».

Прынцыповая адмова ад рэальнай і дзейнай падтрымкі нацыянальнай мовы і культуры, захаванне агульнай інфармацыйнай і культурнай прасторы з Расіяй, культываванне савецкіх практык у галіне гістарычнай памяці, у тым ліку і праз сістэму адукацыі – усё гэта не спынялася ў лукашэнкаўскай Беларусі ні на хвіліну.

Вынікам усяго гэтага ёсць парадаксальная сітуацыя: нягледзячы на тое, што ў наступным годзе мае адзначацца 30-годдзе беларускай незалежнасці – пройдзена амаль тры чвэрці з 40 біблейскіх гадоў! – да сёння няма адназначнага адказу на пытанне, ці ўспрымаюць беларусы ў сваёй масе яе як каштоўнасць і ці будуць актыўна бараніць у выпадку, калі над суверэнітэтам навісне рэальная пагроза?

Больш таго – не ўспрымаецца як зусім неверагодны нават сцэнар, што тыя ж беларусы ў зусім крытычнай сітуацыі добраахвотна абмяняюць свой суверэнітэт на сыцейшы кавалак з расійскага катла.

Ды і эканоміка пабудавана Лукашэнкам такім чынам, што крытычна залежыць ад падтрымкі з боку Расіі. І гэта трымае нас у яе абдымках ніяк не менш, чым антынацыянальная культурна-адукацыйная палітыка. Прытым адно з другім цесна ўзаемазвязана.

За эканамічныя прэферэнцыі, патрэбныя для ўтрымання рэжыму аднаасобнай улады цягам такога працяглага перыяду, Лукашэнка плаціць русіфікацыяй грамадства.

Не прыносячы ніякай асабістай ахвяры, бо гэта цалкам адпавядае і ягоным уласным поглядам.

Большага ж расійскім уладам і расійскаму грамадству, па сутнасці, ніколі і не было патрэбна. Хацелі б яны рэальнай інкарпарацыі любой цаной – то за 25 гадоў нешта ўжо яўна прыдумалі б, каб яе правесці. Аднак падаецца, што такая фармальна суверэнная, але на самай справе духоўна амаль цалкам руская «Белоруссия», якая існуе пры Лукашэнку, іх у асноўным задавальняе. Натуральна, калі б гаворка ішла пра тое, што суверэнная Беларусь можа ў выніку змены ўлады рэальна выйсці са сферы ўплыву Расіі, то рэакцыя Масквы магла б быць падкрэслена агрэсіўнай, аж да паўтарэння ўкраінскага сцэнарыя. Пагроза суверэнітэту ў такім выпадку была б цалкам рэальная. Але ў нашым выпадку пра прынцыповую змену геапалітычнай арыентацыі гаворка не вядзецца. Усё больш сур’ёзна ставіцца пытанне толькі пра змену ўлады.

Прарасійскі лідар – непазбежнасць

У сувязі з тым, якую ўнутраную палітыку праводзіў усе гэтыя гады Лукашэнка і якое грамадства дзякуючы ёй мы сёння маем, паўстае хоць і непрыемнае, але цалкам заканамернае пытанне: а ці можа ў сучаснай Беларусі, такой як яна ёсць, а не існуе ў нашых марах, прыйсці да ўлады не падтрыманы Масквой лідар у прынцыпе? Тое, што ўсе гэтыя гады краіна заставалася ў культурным і інфармацыйным расійскім полі, дарма не прайшло: не толькі старэйшыя пакаленні, але і маладзейшыя беларусы, узгадаваныя ўжо за часамі незалежнасці, збольшага не ўспрымаюць Расію як сапраўднае замежжа і не адчуваюць да яе варожасці.

Гэта той рэсурс, на які Масква заўсёды можа абаперціся дзеля захавання сваіх уплываў. І разлічваць на тое, што сітуацыя ў агляднай перспектыве зменіцца, не выпадае.

Мы можам справядліва ганарыцца тым, што ў зусім неспрыяльных умовах здолелі не толькі захаваць беларускую мову і іншыя нацыянальныя каштоўнасці, але нават надаць ім пэўны прэстыж. Але будзем шчырымі: на большасць грамадства мы выхаду сёння не маем, яно жыве сваім жыццём. І нават самыя папулярныя ў нашых колах асобы, з’явы і падзеі па-за іх межамі могуць мець у лепшым выпадку вельмі слабы, а часцей і ніякага рэзанансу.

Распаўсюджваецца гэта і на палітыку: людзі, здольныя здабыць сімпатыі ў нацыянал-дэмакратаў, найхутчэй сустрэнуць вельмі стрыманы прыём у звычайных беларусаў.

Але калі так, рэзонна запытаюцца многія, то які сэнс мяняць шыла на мыла? Калі прарасійскі кандыдат на гэтым этапе непазбежны, то хай ужо і далей кіруе Лукашэнка. Бо, як некалі крылата сказаў адзін з прэзідэнтаў ЗША пра іншага дыктатара, гэта «сукін сын, але наш сукін сын». Лукашэнку нам любіць няма за што, але за столькі гадоў пры ўладзе незалежнасць краіны ён не здаў, у склад Расіі ў якасці новай рэспублікі ці нават шасці абласцей не ўключыў. А ўсё дзеля таго, што ён хоць і вядомы ненавіснік нацыянальных каштоўнасцяў, але бароніць Беларусь як уласную вотчыну, у якой ён паўнаўладны гаспадар і вяршыцель лёсаў. Таму, што б ні казаў і ні рабіў, не здасць гэтую незалежнасць і далей, тым больш што палітык ён «з яйцамі» і супрацьстаяць ціску з боку Масквы, калі яна пагражае ягоным уласным інтарэсам, умее. Што неаднаразова даказваў.

А што ж будзе, калі на яго месца прыйдзе іншы прарасійскі палітык, але не такі брутальна-«ненахіляемы», а вонкава мяккацелы інтэлігент накшталт Бабарыкі? Ці не падпіша ён адразу ўсе інтэграцыйныя дарожныя карты, уключаючы фатальную 31-ю, як таго патрабуе Масква, і не падвядзе тым самым пад незалежнасцю Беларусі рысу? А калі фармальны суверэнітэт і захаваецца, то ці не будзе новы лідар проста паслухмяна выконваць усе крамлёўскія інструкцыі, а галоўнае – распрадаваць расійскім алігархам усё-ўсенькае наша «фамільнае срэбра», якое яшчэ не прададзена раней? У выніку чаго ад беларускага суверэнітэту застануцца рожкі ды ножкі?

Што ж, пасля 2014 года сцвярджаць, што пагрозы паглынання Беларусі Расіяй не існуе ў прынцыпе – занадта рызыкоўна. Я гэтага рабіць і не буду. Несумненна, што гэта сцэнарый не зусім фантастычны, і небяспека ёсць. Але ў той жа час не думаю, што гэта прадвызначана і з’яўляецца, прынамсі на дадзены момант, галоўнай мэтай расійскага кіраўніцтва. Хоць бы таму, што ў Расіі сёння зусім нямала і іншых праблем (якія дадаткова абвастрыла пандэмія каранавірусу), а ўсенародная эйфарыя шасцігадовай даўніны засталася ў мінулым. І не факт, што можна другі раз увайсці ў тую ж раку. Тым больш калі пра выхад Беларусі са сферы расійскага ўплыву, як згадвалася вышэй, гаворка ісці не будзе.

Рызыка, карацей, ёсць, але на яе безумоўна варта ісці, беручы на ўвазе не так нават сённяшні дзень (хоць і яго таксама), колькі перспектыву.

Сістэма як тормаз

Для мяне несумненна , што нават знаходзячыся ў сферы расійскага ўплыву, можна праводзіць зусім іншую ўнутраную і знешнюю палітыку, закліканую зрабіць беларускі суверэнітэт больш абароненым у перспектыве. Тое, што палітолагі называюць акуратным адбудоўваннем ад Масквы, не кідаючы ёй пры гэтым адкрытага выкліку, прынамсі да пары.

Галоўная ж праблема сёння, якая ставіць пад пытанне светлую будучыню незалежнай Беларусі – гэта нават не расійскі імперыялізм як такі. Найбольш аслабляе нашу краіну тое, што цяперашнія эканамічная і палітычная сістэмы ў ёй зусім не адпавядаюць выклікам сучаснасці. Аўтарытарызм беларускага тыпу – гэта, на жаль, ніякі не прыклад «асвечанага» аўтарытарызму, а якраз наадварот.

Нават калі браць адну эканоміку – яна ў цяперашнім стане фактычна вычарпала свае магчымасці, а каб удыхнуць у яе новае жыццё, патрэбныя рэформы. Прытым рэформы грунтоўныя, сістэмныя. У Лукашэнкі было шмат магчымасцяў для таго, каб іх нарэшце запусціць, шмат трывожных званочкаў, што далей жыць як раней не атрымаецца – але ён заўсёды ўсё гэта ігнараваў. Часткова з-за прыроднага кансерватызму, але ў асноўным з-за боязі ўласнаручна падкласці бомбу пад збудаваную сістэму. І нішто не сведчыць пра тое, што пасля таго, як яму ўдасца праўдамі і няпраўдамі працягнуць свой мандат на наступную пяцігодку, нешта можа прынцыпова ў гэтым плане змяніцца.

Базавая праблема, у якую ўсё ўпіраецца – што Лукашэнка хоча мець не проста ўладу, а абсалютную ўладу. Такую, якую ён мае ў Беларусі ўжо амаль чвэрць стагоддзя, з лістапада 1996 года. З правам аднаасобна, паводле свайго не заўсёды кампетэнтнага асабістага разумення вырашаць любыя праблемы. З правам умешвацца куды заўгодна і ў любы момант, робячы так, як самому хочацца, а не як вымагаюць логіка і здаровы сэнс.

Беларусь – краіна, якая не мае ўласных сур’ёзных прыродных рэсурсаў, ад экспарту якіх магла б атрымліваць звышпрыбыткі, што дазвалялі б затыкаць дзіркі, выкліканыя неэфектыўным кіраваннем. А таму такая форма ўлады можа тут доўга існаваць без рэформаў толькі пры моцнай падтрымцы звонку. У нашых канкрэтных умовах фундатарам рэжыму ў такім выглядзе можа быць толькі Расія. Але апошнія гады яскрава засведчылі, што ранейшыя схемы падтрымкі беларускага рэжыму «за пацалункі» Крэмль больш не цікавяць.

Таму не трэба мець ілюзій, што прыходзячы цяпер на дапамогу Лукашэнку ці прынамсі маўкліва пагаджаючыся на яго як на «меншае зло», мы працуем на карысць беларускага суверэнітэту. Якраз наадварот – захаванне статус-кво гарантуе тое, што небяспека яго страты не перастане над ім вісець дамоклавым мячом і надалей. І з кожным годам, а то і месяцам будзе ўзмацняцца – па меры выбівання з рук Лукашэнкі ўсё новых і новых козыраў.

Новы рэжым будзе іншым

Такім чынам, іншы, хай сабе і прарасійскі лідар патрэбен краіне для таго, каб нарэшце ў ёй скончыўся застой і быў запушчаны працэс даўно наспелых зменаў. І, думаю, зусім не варта баяцца таго, што на практыцы можа змяніцца толькі асоба на самым версе, а сама сістэма застанецца ранейшай. Часта заўважаю, што пры абмеркаванні гіпатэтычнай будучыні постлукашэнкаўскай Беларусі многія інерцыйна мысляць у такім рэчышчы: што вось прыйдзе новы лідар і ўсё адразу здасць Расіі з вантробамі. Нібыта новы лідар возьме ў свае рукі ўсе паўнамоцтвы цяперашняга, і адпаведна лёс краіны будзе надалей залежаць выключна ад волі аднаго чалавека, у якога бог ведае што ў галаве.

Не варта забывацца пра тое, што Лукашэнкаў рэжым – выразна персаналісцкі. Цяперашняя сістэма ўлады, дзе кіруе адзін чалавек, а ўсе астатнія, нават на высокіх пасадах, мусяць яму безагаворачна падпарадкавацца, збудаваная ім самім і пад самога сябе. Аўтарытарызм можа быць розны, але многія крайнасці і асаблівасці нашага – у тым ліку і няздольнасць да прынцыповай эвалюцыі – тлумачацца перадусім асабістымі якасцямі лідара.

І тое, што рэжым Лукашэнкі збудаваны пад асаблівасці адной асобы, амаль гарантуе тое, што пасля змены гэтай самай асобы ён мусіць грунтоўна змяняцца. Сумнеўна, што ў канструкцыю, якая не ў апошняй ступені трымаецца на асабістай харызме лідара, можна проста ўкруціць іншую фігуру, як замест перагарэлай лямпачкі новую – і яна працягне дзейнічаць па ранейшых схемах як нічога не было. Да таго ж спрабаваць усё ж укручваць можна тады, калі ўлада перадаецца самім дыктатарам у спадчыну пераемніку, пра што ў дадзеным выпадку гаворкі зусім не вядзецца.

Прыйсці да ўлады ў цяперашняй сітуацыі іначай, як скалануўшы асновы ўсёй сістэмы кіравання, старонняму чалавеку проста немагчыма: усе магчымасці для гэтага былі абсечаныя яшчэ ў 1996 годзе. Ну, а новыя правілы гульні ў змененых умовах яўна таксама ніхто не змог бы фармаваць аднаасобна. Патрэбна было б прынамсі напачатку ўлічваць інтарэсы розных груп грамадства і яго элітаў. Што вымагала б стварэння сістэмы нават калі б не зусім дэмакратычнай, то яўна куды больш канкурэнтнай, чым мы маем сёння.

Не ўлада, але акно магчымасцяў

Акурат гэтым адкрывалася б акно магчымасцяў і для беларускага нацыянал-дэмакратычнага руху. Які, на жаль, сёння знаходзіцца ў відавочным не толькі кадравым, але і ідэйным крызісе. Узяць уладу ў свае рукі на сённяшні дзень для яго нерэальна – няма ні свежых ідэй, ні адпаведных выклікам часу лідараў, ні належнай падтрымкі ў грамадстве.

Але пры змене агульнай сістэмы можна атрымаць магчымасці хоць для нейкага ўплыву на сітуацыю ў краіне.

Непазбежнае ажыўленне грамадска-палітычнага жыцця, больш шырокія магчымасці для закладання партый і грамадскіх арганізацый, удзел у хай нават не цалкам свабодных, але ўсё ж канкурэнтных выбарах з перспектывай пры ўмове сапраўды паспяховай кампаніі абрання ў парламент ці хоць бы ў органы мясцовага самакіравання мусіць удыхнуць у гэты рух новае жыццё. Бо сёння адна з галоўных праблем нашай палітычнай апазіцыі – катастрафічны адрыў ад рэчаіснасці, замыканне ва ўласным гета, мысленне ўтапічнымі катэгорыямі.

Тады будзе куды прасцей супрацьстаяць і пагрозам нашай незалежнасці.

Колькі цяпер у Беларусі людзей, якія маглі б пры нармальным палітычным жыцці стаць апорай нацыянальных сілаў? Калі нават працэнтаў з 15—20, то гэта ўжо сіла, з якой нават ва ўмовах адноснай дэмакратыі трэба лічыцца. Тым больш што, як правіла, гэта традыцыйна людзі грамадска больш актыўныя за асноўную масу, што дае ім дадатковую перавагу…

Мне відавочна запярэчаць: добра, але дзе гарантыя, што ўсё будзе менавіта так, і што мы зможам новыя магчымасці скарыстаць? Гарантыі няма ніякай. Новыя магчымасці – гэта і новыя рызыкі, ды і ўвогуле, як казалі мудрыя людзі, не дай бог жыць у эпоху зменаў. Але што зробіш – проста сядзець на беразе і чакаць, пакуль міма праплыве труп ворага, тактыка таксама сумнеўная. Праплыць ён можа і праплыве, але ці будзе з гэтага для цябе, пасіўнага, карысць – не факт.

Таму трэба рызыкаваць! Тым больш што яўнае абуджэнне грамадства, якое мы цяпер назіраем, не дае нам асаблівага выбару. Калі змены адбудуцца без нас і тым больш насуперак нам, то гэта тым больш не будзе несці нам і нашым ідэям бліскучых перспектыў.

Вам можа спадабацца