Як лідскі фельдчар Павел Палейчык стаў зоркай байнэту дзякуючы свайму звальненню

Грамадзтва

Як лідскі фельдчар Павел Палейчык стаў зоркай байнэту дзякуючы свайму звальненню

У пачатку красавіка Газета «ARCHE» напісала пра супрацоўніцу Віцебскай абласной клінічнай бальніцы хуткай дапамогі Наталлю Ларыёнаву, якая праславілася на ўсю краіну, апавёўшы ў сацыяльных сетках пра катастрафічную сітуацыю ў Віцебску ў сувязі з эпідэміяй каранавірусу.

Допісы Ларыёнавай мелі вялікі рэзананс, аднак неўзабаве яе энтузіязм вычарпаўся.

Ва ўсялякім разе, пра яе сёння не чуваць. Што прымусіла яе змоўкнуць — вонкавы ціск ці ўласнае рашэнне — застаецца толькі здагадвацца.

Аднак не прайшло і пара месяцаў, як у іншым канцы краіны, у Лідзе, з’явіўся новы медыйны герой — фельдчар хуткай дапамогі Павел Палейчык.

Яго гісторыя таксама прагрымела на ўсю краіну.

Сабе на бяду Павел наведаў сустрэчу з Сяргеем Ціханоўскім, зладжаную ў Лідзе каля помніку князю Гедзіміну, дзе эмацыянальна апавёў арыштаванаму неўзабаве блогеру пра мясцовую сітуацыю з каранавірусам і становішча лідскіх медыкаў увогуле.

Сяргей Ціханоўскі і Павел Палейчык падчас сустрэчы.

Тым самым Палейчык «зарабіў» сабе ажно сем сутак адміністрацыйнага арышту.

На гэтым, праўда, прыгоды Палейчыка не скончыліся: пасля адседкі яго перавялі з рэанімацыйнай брыгады ў звычайную, а пасля ўвогуле папярэдзілі, што кантракт праз месяц будзе з ім скасаваны.

У адказ на гэта фельдчар 9 чэрвеня звярнуўся па падтрымку (па ўласнай ініцыятыве, ці хто параіў — невядома) на платформу  MolaMola.

І стаў зоркай Байнэту: за пару дзён Палейчык разбагацеў на 20 360 руб., што раўняецца практычна двум яго гадавым зарплатам.

Колькасць — 1440 — плацяжоў гаворыць пра тое, што дапамогу Палейчыку аказалі сапраўдныя людзі, а не падстаўныя асобы.

Акрамя істотных матэрыяльных дабротаў лідскі фельдчар зарабіў і прыемныя маральныя бонусы ў выглядзе 385 рэпостаў і 498 каментароў у сваю падтрымку.

У звальненні Палейчыка няма нічога дзіўнага: ні для каго не сакрэт, што адным з улюбёных прыёмаў расправы дзяржавы з іншадумцамі з’яўляецца звальненне з працы і фактычная забарона на прафесію.

У гэтым кантэксце лідскі фельдчар Палейчык не з’яўляецца ні першым, ні, на жаль, апошнім.

Сітуацыю Палейчыка вылучае тое, што яна набыла публічнасць. Чаму троху паспрыяла сама дзяржава, якая не пазбавілася ад Палейчыка за лічаныя дні, а расцягнула гэта на цэлы месяц.

Гэтая гісторыя дазваляе зрабіць пэўныя назіранні наконт настрояў у беларускім грамадстве, канстатаваць у ім новыя трэнды, якія раней здаваліся нязначнымі, і чый уплыў сёння няўхільна расце.

Аднак перад тым, як паразважаць пра высокія матэрыі, хацелася б адзначыць цікавыя моманты памянёнай размовы фельдшара і блогера 22 красавіка ў Лідзе).

І вось першы нюанс.

Павел наракае на гаротнае становішча мясцовых дактароў, вартае жалю матэрыяльна-тэхнічнае забеспячэнне бальніц, аднак пры гэтым добра адгукаецца (1:00:053) пра чалавека, які неўзабаве звольніць яго, — галоўнага ўрача Лідскай цэнтральнай раённай бальніцы Вадзіма Трубчыка: «Не местный, но хороший мужик».

Чаму?

Няўжо для падстрахоўкі?

Далей — яшчэ цікавей. Напрыканцы другой хвіліны (1:02:46) размовы з Ціханоўскім Палейчык робіць такую заяву: «После этого видео — все, я лишен стопроцентно работы. Мне терять нечего, грубо говоря».

Аднак заканчвае на аптымістычнай ноце: «Найду работу, найду».

Але калі Палейчык атрымаў ад кіраўніцтва роднай бальніцы «чорную метку» — апавяшчэнне пра непрацягненне з ім кантракту, ён не толькі выставіў лісток з аўтографам Трубчыка на ўсеагульны агляд у Інтэрнэт, але абставіў яго гучнымі заявамі накшталт «мне вельмі крыўдна», «не разумею, што я зрабіў не так».

Згадзіцеся, яны гучаць пэўным дысанансам.

У сувязі з гэтым паўстае пытанне: ці сапраўды выступ падчас сустрэчы з Ціханоўскім з’яўляецца прычынай звальнення Палейчыка?

Можа, ён сам надумаў звольніцца або адчуваў, што будзе звольнены, а таму так смела пайшоў на кантакт з крамольным блогерам?

І вырашыў “упакаваць” гэта ў палітычны падтэкст: пацярпелыя за палітыку знаходзяць спачуванне ў грамадстве.

Але як бы там ні было, Павел здзейсніў мужны ўчынак. З’яўленне ў эфіры з чалавекам, які кінуў выклік самому Лукашэнку, вострыя выказванні наконт каранавірусу, сапраўды каштуе цяпер дорага.

Да таго ж не факт, што Палейчыка звольніў сам Трубчык. Аб гэтым хаця бы сведчыць поўнае ігнараванне пазіцыі некалькі дзясяткаў калегаў фельдчара, якія падпісалі заяву ў абарону звольненага.

"Хороший мужик" Вадзім Трубчык.

Як на мяне, гісторыя з Палейчыкам сведчыць і пра тое, што каранавірусная сітуацыя ў нас, нягледзячы на аптымітычныя заявы пра зніжэнне колькасці захворванняў, «плато» інш., застаецца звышскладанай.

Ларыёнаву, магчыма, выратавала тое, што яна належала да кваліфікаванага персанала і абмежавалася рэплікамі ў сацыяльных сетках.

З простым фельчарам, які не пабаяўся прыйсці на сустрэчу  з палітыкам, вырашылі не цырымоніцца: шукай цяпер сабе годную працу ў раённым цэнтры.

Але не толькі гэта выклікала абурэнне грамадства.

Улады не ўлічылі, што жонка Палейчыка — сама медык і да таго ж знаходзіцца ў дэкрэтным адпачынку.

Дый сам Палейчык не просты фельдчар, а рэаніматар, які выцягвае людзей з таго свету.

І калі Палейчык заклікаў да дапамогі, людзі без ваганняў падтрымалі яго.

Гісторыя з Палейчыкам (як з той жа Ларыёнавай) мае і адваротны, пазітыўны бок.

У сітуацыі эпідэміі каранавірусу сапраўднымі героямі з’яўляюцца не хакеісты, а медыкі.

Грамадства прыслухоўваецца да іх меркаванняў, бо высока цэніць іх працу.

Ёсць спадзяванне, што дзякуючы гэтаму «людзі ў белых халатах» сапраўды зоймуць належнае месца ў сацыяльнай іерархіі.

Вадзім Трубчык сярод калегаў.

І яшчэ пра адзін новы трэнд.

Апошнім часам рэальным складнікам грамадзянскай супольнасці становяцца … анлайнплатформы для збору грашовых ахвараванняў, як, напрыклад, вышэйзгаданая MolaMola. Пры належнай арганізацыі, планаванні і рэкламе з іх дапамогай можна ажыццявіць важныя праекты: выдаць кнігу пра Вінцэнта Дуніна-Марцінкевіча, альбо сабраць грошы на адваката для Уладзіміра Чудзянцова.

І дзяржава ўжо адчула гэтую новую небяспеку! 

У красавіку «Советская Белорусcия / Беларусь сегодня» праехалася па стваральніках сервісу MolaMola – вядомаму блогеру Антону Матольку і сыну патэнцыйнага кандыдата ў прэзідэнты Віктара Бабарыкі Эдуарду.

Таму не варта здзіўляцца, што і за гэты «астравок свабоды» давядзецца пазмагацца.

Вам можа спадабацца