А я за вас не галасавала ніколі

Рознае

А я за вас не галасавала ніколі

Гэты верш смалявіцкая настаўніца Ганна Севярынец апублікавала ў сваім профілі сацыяльнай сеткі Фэйсбук 5 чэрвеня. І ўсяго праз некалькі дзён стала вядома аб яе звальненні.

А я за вас не галасавала ніколі.
Увогуле вы для мяне заўсёды былі – тата Колі.
Як працуеш у школе, людзей вымяраеш дзецьмі і татамі.
Бачыш, якім быў чалавек, калі шчэ сядзеў за партаю,
Бачыш у кожным ягоных бацьку і матку,
Ці, часам бывае, што і ў адваротным парадку.
Таты такія не часта, але ж бываюць,
З тых, хто думае, што лепей за ўсіх і усё знае,
Прыйдзе на бацькоўскі сход – і давай вучыць, як вучыцца,
Якім часам ўставаць на заняткі, лячыцца альбо не лячыцца,
Хто дурны, хто разумны, якой даўжыні спадніца
Павінна быць у русіцы і ў беларусіцы,
Карацей, ён ведае ўсё, шчэ лепей за матку,
Бо тая сядзіць дома і сочыць у іх за парадкам.
Паспрабуй не заўваж Колю такога таты.
Ды ён і сам нагадае, бо вучыцца сапраўды выдатна,
Ён не можа быць не ўзорным, і ён насамрэч ўзорны,
Паспрабуй быць іншым, як трапіш у такія жорны.
Кожны тата мае ўладу над уласным сынам.
Нават калі таты няма – адсутнасць ягоная ў спіне стыне.
Татаў лёс кладзецца на сына гарчэй за праклёны,
Альбо лягчэй за крылы – гэта ўжо хто на што здольны.
Усё, што ты робіш, і добрае, і асабліва благое,
Здарыцца ў сыне гарачым агнём ці апошняй агоніяй.
Асабліва калі не адпусціш яго, не аддасі ўлады –
Ён і пасля цябе будзе раздаваць даўгі тваіх перамог і здрадаў.
І калі ты, напрыклад, у жаху альбо асляпленні
Будуеш турмы і ставіш паўсюд ачапленні,
Вырашаеш за іншых, як ім жыць і куды збірацца,
Дык першым пакутуе сын, бо толькі яму і не ўратавацца.
І калі – хай бы хто мне сказаў, што такога не будзе –
Гэты тата аддасць загады страляць па людзях,
Я б сказала яму – для сябе мне не страшна болю –
Не думай пра мяне, страляй. Але думай пра Колю.

Ганна Севярынец.