Што значыць быць "прарасійскім" у 2020 годзе?

Палітыка

Што значыць быць "прарасійскім" у 2020 годзе?

У 1789 годзе ў Варшаву, дзе адбываўся тады Чатырохгадовы сойм, прыйшла інфармацыя, што ва Украіне казакі рыхтуюць бунт, а зброяй іх забяспечвае Кацярына ІІ праз мясцовых праваслаўных святароў. Разбірацца з сітуацыяй накіравалі аднаго з буйнейшых магнатаў Рэчы Паспалітай  Станіслава  Шчаснага Патоцкага.

Станіслаў Шчасны Патоцкі

Вярнуўшыся з Украіны, Патоцкі пасмяяўся з палахлівых паслоў і запэўніў, што ніякай пагрозы няма і бунт ніхто не збіраецца падымаць. Праз 3 гады Станіслаў Патоцкі  стаўся адным з чатырох заснавальнікаў Таргавіцкай канфедэрацыі, якая прывяла на нашыя землі расійскія войскі і спрычынілася да канчатковых падзелаў Рэчы Паспалітай. Ні ўкраінскія, ні беларускія праваслаўныя ніяк на гэтыя падзеі не адрэагавалі і ніякай прыхаванай зброі з-пад лаваў не дасталі.

Вось жа, прарасійскі фактар выплыў зусім не там, дзе яго чакалі. Хаця ўсё было відавочным - Патоцкі і процьма іншых шляхцічаў у той перыяд сядзелі на “заробках” ад расійскага пасла і не хавалі гэтага.

Пытанне “што значыць быць прарасійскім?” над нашымі землямі вісіць ужо некалькі стагоддзяў. Адпачатку яно фармулявалася натуральней: “што значыць быць рускім?”

Напрыклад, Еўфрасіння Полацкая - руская ці найперш палачанка?
Наваградак - рускі ці літоўскі горад?
Францыск Скарына - рускі, палачанін ці літвін?

Але дзесьці з XV ст. пытанне рускасці паступова перарастае ў пытанне прамаскоўскасці/ прарускасці і застывае ў развілцы двух значэнняў:
- быць адданым агульнарускай культурнай традыцыі;
- разглядаць Маскву (прыход Масквы) у фармаце кар’ернай перспектывы, якія адкрываюцца ў цені Крамля для праваслаўнага чалавека.

У кагосьці гэтыя фактары супадалі, так як у Сімяона Полацкага, але ў большасці ўваходзілі ў канфлікт, як, напрыклад, у Канстанціна Астрожскага.

Аднак, відавочна, угляданне на Маскву як на захавальніцу, хай сабе скажонай, але рускай (тутэйшай) традыцыі і як на крыніцу магчымасцяў, існавала ў вялікай часткі ўсходніх беларусаў і ўкраінцаў здаўна. Не ў 2014, 1917 і нават не ў 1654 годзе ўзнікла гэтая звычка, якая амаль заўсёды прыводзіла да страшных вынікаў, але ўсё адно прыцягвала немалыя масы людзей.

У Беларусі 1990-ых гадоў на пэўны час склалася сітуацыя, калі ўсе сэнсы прарасійскасці аб’ядналіся ў адзін “прадукт”. У той час быць прарасійскім азначала адначасова хацець максімальнага збліжэння з Масквой, настойваць на татальнай русіфікацыі наваколля, не прымаць усё “нярускае” і шукаць магчымасць збегчы ў белакаменную, дзе спектар кар’ерных перспектыў рэзка вырастаў.
І ў гэтай пазіцыі ў 1990-ых было мінімум адхіленняў, бо мяжа паміж прарасійскасцюі і праеўрапейскасцю пралягала па досыць канкрэтных маркерах.

Але час ідзе, мы жывем зараз у 2020 годзе і раптам выявілася, што абсалютная большасць аналітыкаў і публіцыстаў цяпер выкарыстоўваюць тэрмін “прарасійскі” па звычцы, як у 1990-ых і ніяк не спрабуюць яго пераасэнсаваць. Але ж прайшло ўжо больш за 20 год!

Гэтая неадпаведнасць і нават неадэкватнасць сітуацыі найлепш бачная на прыкладзе новых медыйных персонаў: Віктара Бабарыкі, Валерыя Цапкалы і Сяргея Ціханоўскага.

Амаль што ў кожным тэксце пра іх прысутнічае ўзгадка, што гэта прарасійскія кандыдаты ці яшчэ пагрозлівей, што гэта кандыдаты “нават больш прарасійскія, чым Лукашэнка”. Прычым, ні адзін аўтар не ўдакладняе, што мае на ўвазе пад словам “прарасійскі”, так нібыта гэта ўсім зразумела.

Але ж не зразумела!  Бо пры мінімальным, павярхоўным аналізе можа выдзеліць тры розныя пазіцыі (становішчы), якія кладуцца ў тэрмін “прарасійскі” і яны абсалютна розныя. Быць “прарасійскім” можа абазначаць:

  • быць прыхільнікам незалежнай Беларусі, але адмаўляць беларускамоўнай культуры ў праве на нейкія дзяржаўныя прэферэнцыі ў змаганні за “жыццёвую прастору”; 

  • выступаць за палітычнае аб’яднанне з Расіяй;

  • па розных прычынах “сядзець на кручку” у расійскіх спецслужбаў, буйных дзяржкарпацый ці алігархаў і падпарадкоўвацца іх загадам.

Зразумела, што гэтыя катэгорыі можна драбіць і камбінаваць. Таксама зразумела, што і зараз у Беларусі існуе пэўная колькасць людзей, якая сумяшчае ў сабе ўсе тры характарыстыкі. Але ж мы маем незалежнасць ужо 30 год. Беларуская палітычная прастора стала моцна стракатай і ўсе гэтыя нюансы набываць важны сэнс.

Калі Бабарыку ці Цапкалу называюць прарасійскімі фігурамі, часцей за ўсё проста не зразумела, што маецца на ўвазе: што яны прамыя агенты Крамля/ФСБ/ГРУ (гэта дзярж. злачынства)? Што яны па сваіх перакананнях выступаюць за збліжэнне з Расіяй і ў выпадку перамогі пацягнуць Беларусь у абдымкі Масквы? Ці што яны проста мала ўвагі надаюць пытанню беларускай культуры і не будуць аб ёй клапаціцца?

Згадзіцеся, вельмі розныя атрымліваюцца інтэрпрэтацыі. Па-сутнасці, таямнічасць і няўлоўнасць “прарасійскасці” новых кандыдатаў грунутуецца якраз на тым, што ніхто не спрабуе даць канкрэтнае абазначэнне гэтаму тэрміну.

У час інтэрнэту і вялікіх плыняў інфармацыі можна атрымаць адказ амаль што на любое пытанне, але толькі калі яно дакладна сфармуляванае. Шматлікія правалы рэальных агентаў Крамля ў розных краінах апошніх гадоў надзейна пра гэта сведчаць. 

Падсумоўваючы.

Шматлікія праблемы нашых продкаў былі звязаныя з нежаданнем удакладняць значэнне тэрміну “рускі”/“прарасійскі”. Большасць даследчыкаў пагаджаюцца, што адной з важных прычын дэградацыі Рэчы Паспалітай сталася неадэкватная ацэнка рускага фактара ў дзяржаве.

Не ўдакладняць значэнне тэрміна “прарасійскі” у 2020 годзе  - гэта неэтычна. Бо такім чынам  чалавек адначасова абвінавачваецца ў тым, што  ён дзяржаўны злачынца і ў тым, што ён хоча, каб ягоныя дзеці вучылі ў школе Пушкіна і Тургенева. 

Не ўдакладняць значэнне тэрміна “прарасійскі” у 2020 годзе  - гэта небяспечна. Бо не паставіўшы канкрэтных пытанняў, можна не атрымаць вельмі патрэбных для нас у гэтым годзе адказаў.

Вам можа спадабацца