25 чэрвеня споўнілася 25 год руху Бум-Бам-Літ.
Нават у неспрыяльных умовах у нас узнікаюць значныя з’явы.
Бум-Бам-Літ запомніўся не рэвалюцыйнасцю, а літаратурай без лідарства і межаў.
А яшчэ “афрыканізацыяй” літаратуры.
Пятро Васючэнка ў прадмове да “Штабкавага Там-Таму”, першай кнігі Змітра Вішнёва (1998), трапна адзначыў, што бум-бам-літаўская “афрыканізацыя” была яркім дадаткам да “анемічнай” беларускай літаратуры.
Экзатычнасць бум-бам-літаўцы набывалі праз незабыўныя выступы ў трох гальштуках, чытанні “пра яблыкі і акварыюмы”, заклікі “не рабіць кар’еру” і не вырошчваць у сабе прагматызму.
Пры гэтым у сваёй эпатажнасці бум-бам-літаўцы не перасягалі пэўных эстэтычных межаў. Напрыклад, падчас іх выступаў не гучала ненарматыўнай лексікі.
Трэба падкрэсліць і урбаністычнасць Бум-Бам-Літу. Яго тварылі тыповыя гараджане. Чаго варты толькі псеўданім Мінскевіч.
Бум-бам-літаўцаў вылучала наватарства. Віктар Жыбуль ствараў паліндромныя паэмы, цяпер ужо класічныя (“Кацёл клёцак”).
Шэрагі ББЛ утваралі сапраўдную вітрыну беларускасці. Тут Туровіч, Барысевіч, Акудовіч і Бахарэвіч суседнічалі з Васанскай, Патаранскім і Кавалеўскім і дапаўняліся Морт, Сінам, Башурам і Гарачкам.
Бум-Бам-Літ заявіў аб сабе ў 1995 г., але сваю першую супольную кніжку “Тазік беларускі” выдаў толькі ў 1998 г.
У 1995-1997 г. Бум-Бам-Літ паспяхова працаваў з аўдыторыяй. Але калектыўныя выступы на Дзень Незалежнасці (тады яшчэ 27 ліпеня) і ў ВНУ перад будучымі настаўнікамі, сам факт “моцнай звязкі паміж абсалютна рознымі па стылі аўтарамі” хутка сталі насцярожваць неасавецкіх ідэолагаў. Газета “ЛіМ” пісала пра іх:
“Нечаканасцю для крытыкаў з’яўляецца той факт, што скандальная, эксперыментальная, эпатажная тусоўка маладых літаратараў пачала заяўляць пра сябе як пра трывалую структуру”.
Калі з першых выступаў Бум-Бам-Літу ў 1995 г. газета “Культура” пазітыўна пісала “Зачапілі, хлопцы”, адзначаючы ўзрост іх папулярнасці, авангардызм і таленты, калі на пачатку ў планах руху быў семінар пад адкрытым небам па тэорыі літаратуры, ажыццяўленне шэрагу “эстэтычных праектаў” сумесна з мастакамі, музыкамі і нават тэатральнымі калектывамі, то з 1998 г. у прэсе ўжо адзначалася, што публіка пачала ставіцца да Бум-Бам-Літу як да “здзеку з літаратуры” і ўспрымае яго ўдзельнікаў як “сюррэалістычных псіхаў”.

У рамане “Замак, пабудаваны з крапівы” (2008) Зміцер Вішнёў піша пра адказнасць літаратара “за наш сінявокі край”, а таксама ўзгадвае прыклады такога стаўлення: “Іждзівенцы! Авангардысты чортавы!”.
На бум-бам-літаўцаў, дадае Вішнёў, “навешвалі ліпкія шыльды”, а яны ўсцяж проста хацелі “курынага супу, гарачай печанай вясны і грандыёзнай свабоды”.
Яны палі смерцю храбрых. Цяпер іх можна прэпараваць.
Кожны не вельмі абазнаны ў нашых рэаліях культуразнаўца мог бы выявіць у іх калектыўным трупе ідыятызм, радыкалізм, экстрэмізм і іншыя грамадскія хваробы. Пустыя клопаты. Адсутнасць ведаў.
Дастаткова глянуць на інтэрвію бум-бам-літаўцаў – іх заўсёды пераследавала пытанне – “Калі ж будзем ствараць добрае і адвечнае?”
Дух Бум-Бам-Літу адлюстроўвае дух незалежных творчых асяроддзяў пачатку 1990-х: маніфесты, масавасць і актыўнасць.
Ідэйны крызіс напаткаў Бум-Бам-Літ паралельна з крызісам у грамадстве. Бум-Бам-Літ незаўважна пераўтварыўся ў суполку пратэстна настроеных беларускамоўных творцаў з лёгкім германскім ухілам.
Яны сталі закладнікамі контркультурніцкага постмадэрнізму пад назвай “Schmerzwerk”, пачалі замест вольнасці ўвасабляць пакуты, рыгаючы таматным сокам і абгортваючыся акрываўленымі бінтамі “Тэатру псіхічнай неўраўнаважанасці”.
Іх сцяг парвалі ў 1998 г., пакамечаны тазік заслужана здалі ў музей.