Бамбавік Лукашэнка

Меркаваньні

Бамбавік Лукашэнка

У знакамітым рамане Джозефа Хэлера “Catch-22” ёсць добрае апісанне жаху, які ахопліваў пілотаў амерыканскіх бамбавікоў, калі тыя выходзілі на баявы курс.

Баявы курс – гэта прадказальны рух па прамой, як неабходны, каб скінуць бомбы дакладна на цэль. Гэта курс, які супрацьпаветраная абарона можа вылічыць і прыцэльна скіраваць свой агонь.

Далей будзе лонгрыд, прыдуманы асабіста мною; любыя супадзенні імёнаў, дат, геаграфічных назваў і ацэначных меркаванняў выключна выпадковыя. Рэзюмэ для нецярплівых:

Бамбавік Лукашэнка ўжо выйшаў на баявы курс. Цэль – чарговая “элегантная” перамога. Усе элементы гэтага курса (татальная фальсіфікацыя выбараў, гвалт у дачыненні да ўдзельнікаў вулічных пратэстаў і максімальныя перашкоды іх самаарганізацыі) відаць ужо цяпер. Яны застануцца нязменнымі наступныя шэсць тыдняў. Таму развіццё падзеяў ёсць крыштальна ясным ужо зараз. Увечары 9 жніўня Ярмошына аб’явіць пра чарговыя 83 адсоткі. Потым будзе Плошча 2020. Што б ні рабілі да вечара 9 жніўня штабы кандыдатаў, “старая” апазіцыя і пасіянарныя інфлюэнсеры, адкрытымі застаюцца, у сутнасці, толькі два пытанні: ці будзе Плошча вялікай, і ці будзе ў жонкі Нікалюка мегафон.

А зараз уласна лонгрыд.

Тое, што Лукашэнка – гранічна шчыры чалавек, не адзначаў толькі лянівы. Аб сваім намеры не аддаваць уладу нікому, і аб сваёй рашучай гатоўнасці бараніць яе да апошняга (з празрыстым намекам на падзеі ў Андыжане) ён заявіў публічна яшчэ ў траўні. Але калі б нават ён маўчаў, курс можна было б разлічыць з ягоных дзеянняў.

Што будзе

Першае: выбары будуць цынічна сфальсіфікаваныя гэтак жа, як і ў папярэднія гады. Ці зарэгіструюць Бабарыку, ці пакінуць у спісе кандыдатаў Ціханоўскую, Канапацкую або Дзмітрыева – не істотна. Будзе 83 адсоткі – чые б імёны не былі ў выбарчым бюлетэні.

Бабарыку, канешне, не зарэгіструюць – хутчэй за усё, па нейкіх фармальных зачэпках (кшталту дробнай памылкі ў дэкларацыі). Судовыя перспектывы апеляцыі – ніжэйшыя за нуль. Салідарнае самазняццё зарэгістраваных кандыдатаў (кагосьці ж трэба пакінуць) – і так скрайне малаверагоднае, гледзячы на іх асобы – прадухілена прафілактычным “узяццем за геніталіі” некаторых з іх. Нечаканае рашэньне Гайдукевіча не быць скотам палітычным сэкс-працаўніком і раптоўна зняцца з выбараў, наўрад ці самастойнае, паказала, як гэта працуе. А вось магчымасць пранізліва зазірнуць у вочы тых, каго Ярмошына дапусціць для кандыдацтва, і хто не знімецца сам, у нас хутка будзе.

Далей будзе масавае датэрміновае галасаванне, настаўніцкія кумпякі вакол сталоў з бюлетэнямі, выдаленне назіральнікаў і лічбы ў пратаколах, якія да старшынь выбарчых камісій ужо даведзеныя: усім, акрамя гаранта – па 500 тры адсоткі. Чаму па тры? Па-першае, гэта прыгожа: “хто таракан – тры адсоткі? Сам ты – тры адсоткі!” І няма чего апеляваць да сумлення чальцоў камісій: па-першае, яны ўжо прайшлі адпаведную мічурынскую селекцыю, а-па другое – як мінімум з 2010 году сувязі паміж зместам і колькасцю бюлетэняў у урнах і лічбамі ў пратаколах, якія ўпісваюць старшыні – ужо няма. Так што настаўнік, які сумленна лічыць свой стосік бюлетэняў – не такі ўжо і аксюмарон. Толькі вось выніковыя лічбы – усё тыя ж.

Другое: разгон любых вулічных акцый, затрыманні і збіццё іх удзельнікаў будуць працягвацца да дня выбараў. Ціхары, дубінкі, аўтазакі, суткі і крымінальныя справы з любой нагоды.

Тым, хто прыйдзе падтрымаць апеляцыю на нерэгістрацыю Бабарыкі будуць (пасля разгону) інкрымінаваць масавыя беспарадкі, ціск на суд і спробу зрыву выбараў.

Ці пасадзяць Бабарыку і Ціханоўскага – пытанне пакуль тэарэтычнае, але дзявятага жніўня яны дакладна сустрэнуць у СІЗА. А некалькі соцень – у катоўні на Акрэсціна.

І трэцяе: самаарганізацыя грамадства будзе блакавацца ўсімі сродкамі. У папярэднія часы было дастаткова мэтава адпрацаваць тысячу апазіцыянераў з алоўкавага ўліку КДБ, і час ад часу засылаць праўдзівых казачкоў. Зараз удар па апазіцыйных штабах не тое што не эфектыўны – ён супрацьпрадуктыўны для рэжыму, бо падтрымлівае ілюзію кіраванасці народнага пратэсту. Па колькасці ўжывання лукашыстамі тэрміну “лялькаводы” бачна, што гэтай ілюзіі яны яшчэ не пазбавіліся. Ну што ж, тым горш для іх. Паказальна, што Бабарыка, які нечакана для сябе асядлаў электаральную прыліўную хвалю, таксама дзякаваў у першую чаргу свайму штабу, а не 400 000 падпісаўшыхся за яго. Такія вось ментальныя наступствы чвэрцьвекавога ручнога кіравання краінай, дзе толькі сонца ўзыходзіць не па камандзе, і тое часова.

Сацыяльныя сеткі разам з ютубам і тэлеграм-каналамі – гэта тыя сённяшнія аналагі пошты і тэлеграфу 1917 г., якія Лукашэнка будзе тэрмінова браць пад кантроль. Ён, дарэчы, ужо робіць гэта звычнымі для яго метадамі – затрыманнямі блогераў і стрымераў, і перахопам кантролю над анлайнавымі каналамі. Недзе раніцай 9 жніўня смурныя дзядзькі з ААЦ даложаць Лукашэнку, што гэта не дапамагае, і што вечарам трэба ўводзіць у дзеянне план Б: адключыць электрычнасць, мабільную сувязь, стацыянарныя тэлефоны і Інтэрнэт, спыніць грамадскі транспарт і перакрыць цэнтральныя вуліцы, і можа нават яшчэ раз прадэзінфікаваць ваду ў кранах.

Удакладняю: ніводзін патрыёт пад прыкрыццём дэталі плана Б мне, на жаль, не зліў; таму даводзіцца рэканструяваць гэтага тыраназаўра ўсяго па некалькіх костках. Рэдактар кажа, што выглядае неверагодна. А мне дык здаецца, што такія разудалыя гіпербалкі адлюстроўваюць думкі Лукашэнкі і яго атачэння ня горш за “Давайпака” Пілецкага.

Але пагаджуся, усю электрычнасць не адключаць – бо тады Ярмошына ня зможа раздрукаваць паперку з “83%” і даслаць яе факсам у БелТА.

Чаму ён не адверне

Ёсць дзве прычыны, чаму курс бамбавіка Лукашэнкі застанецца нязменным.

Першая: ён не адверне, бо гэта гарантавана прывядзе да бясслаўнага палітычнага канца. Любыя змены ў адкатаным выбарчым спектаклі – гэта набліжэнне да свабодных выбараў, вельмі верагоднага другога тура і гэтак далей. А Лукашэнка яшчэ ў 1994 годзе жалезна засвоіў урок Кебіча: што бывае, калі дазваляеш народцу свободныя выбары. Тое ж самае тычыцца і свабоды сходаў: не разгоніш людей сёння – атрымаеш Майдан і Растоў-на-Доне заўтра.

Другая: экіпаж бамбавіка Лукашэнкі развучыўся лётаць не па прамой. Ніякай гібкасці, ніякіх дэкаратыўных аслабленняў, бо сістэма так не працуе, бо яны не ўмеюць імправізаваць. Усё, што патрабуецца ад лукашэнкаўскага актыва – “найвышэйшая выканаўчая дысцыпліна” (вось тут сапраўдны аксюмарон).

І яшчэ вельмі важны момант. Вядомы анекдот пра Лукашэнку, які перабірае бульбу па тэлефоне, смешны, але ўводзіць у зман. Эфектыўна кіраваць такім чынам можна толькі ў патрыярхальнай сям’і альбо невялікім племені. Нават саўгас “Гарадзец” з’яўляецца завялікай сістэмай: усіх трактарыстаў асабіста не адлупцуеш. Ягоныя падначаленыя – адабраныя па прыкмеце асабістай лаяльнасці і гатоўнасці выконваць любыя загады – могуць надзейна выконваць толькі найпрасцейшыя каманды. Таму асабіста кіраваць разгонам акцый пратэста прыязджаюць вялікія міліцэйскія начальнікі – каб упэўніцца, што нескладаная ўстаноўка “вязаць усіх” выконваецца дакладна. Устаноўка “падтрымліваць грамадскі парадак у  адпаведнасці з законам” – занадта складаная і таму практычна невыканальная. Бо незразумела – каго вязаць і калі. Калі адразу і ўсіх, то чаму так адразу і не скамандаваць, а калі “па абставінах”, то да кожнага “касманаўта” па Караеву не прыставіш.

Таму – толькі адразу і толькі ўсіх.

Яшчэ некалькі слоў пра “раскол кіруючай эліты” – яшчэ адной фікцыі, у якую шмат каму хочацца верыць. Гэтая “эліта” зараз – у тым самым бамбавіку, і Лукашэнка нагадвае ім пры кожнай нагодзе, што парашутаў няма. Гэтыя людзі калісьці пачыналі мянтамі на выбарчых участках, а зараз кіруюць нацыянальным тэлебачаннем і бачаць пагрозу ў чарзе да крамы “Сымбаль.бай”. Гэта людзі-крамяні, людзі-цвікі, людзі-нелюдзі. Асобныя сілавікі могуць колькі заўгодна посціць у сацыяльных сетках свае контуры і заблюраныя пасведчанні разам з “Мы - 97%”, але гэта ня значыць увогуле нічога. Яны выйдуць бараніць Лукашэнку, як міленькія, шчыльнымі радамі.

Пра жах і гвалт

А зараз пра жах. Лукашэнка і яго памагатыя баяцца не толькі страціць уладу і звязаныя з ёю даброты – яны таксама баяцца фізічнага гвалту. Можа ўпершыню Лукашэнка цікавіцца лаяльнасцю вайсковых. Не столькі, как падперці імі шыхты АМАПу на Плошчы 9 жніўня, а каб ведаць – на чый бок яны стануць, калі АМАП праліе першую кроў, і калі пачнецца гвалт у адказ.

Тут я, магчыма, несправядліва пакрыўджу сп. Варанецкага, які прыгожа выказаўся супраць гвалту падчас выбараў. Некаторыя маглі падумаць, што ён дыпламатычна пратэстуе супраць цяперашняга міліцэйскага гвалту. Мне ж здаецца, што сп. Варанецкі дапамагае Лукашэнку як можа, адгаворваючы ад гвалту тых, хто ніколі не пачне яго першым – будучых удзельнікаў Плошчы. Бо праслужыўшы Лукашэнку верай і праўдай чвэрць стагоддзя, ён не можа не ведаць дакладна: той перад гвалтам 9 жніўня дакладна не спыніцца і пачне яго першым. Будзьце пільныя, людзі: лукашысты, што камлаюць пра недапушчальнасць гвалту, маюць на ўвазе толькі гвалт у дачыненні да іх саміх. Гвалт да пратэстоўцаў, якія яны ўжывалі, ужываюць і будуць ужываць – заўжды першымі – не ёсць для іх гвалтам, бо гэта толькі “падтрыманне грамадскага парадку” і “забеспячэнне палітычнай стабільнасці”.

Што рабіць зараз

Падумаеш, біном Ньютона, скажа той, хто пачаў сачыць за палітычным жыццём краіны не з моманту камінг-аўта Бабарыкі, а крыху раней. Э-э-э не, шаноўныя, насамрэч – гэта вельмі добрая навіна для тых, хто хоча актыўна паўдзельнічаць у гэтым жыцці тут і цяпер. Бо планаваныя дзеянні Лукашэнкі – як на далоні. Вы знаеце, што будзе рабіць ён, і можаце зрабіць нешта насуперак.

Мацкевіча я ўключаць не буду і скажу проста: што Лукашэнку раздражняе – тое і рабіце. Крытэр карыснасці тут адзін – раздражненне Лукашэнкі, добра бачнае з яго выступаў. У працяг вайскова-паветранай аналоіі, назавём гэта загараджальным агнём. Бамбавік вы, хутчэй за ўсё, не саб’яце, але дзірак у крылах і фюзеляжы наробіце.

Пры гэтым катэгарычна нельга забываць, што срэбная зенітная куля для Лукашэнкі толькі адна, і гэта – не падача апеляцыі Бабарыкі трохсоттысячным натоўпам. Гэта Плошча. Плошча не толькі ў Мінску, але і ў кожным абласным цэнтры, у кожным стотысячніку, у кожным пяцідзесяцітысячніку і нават у райцэнтры-героі Ганцавічах.

Цікава, што Плошча, магчымасць і мадальнасці якой абмяркоўваліся з самага пачатку выбарчых кампаній 2006 і 2010 гадоў, у сённяшнім палітычным наратыве практычна адсутная. Зразумела, што ўсіх “баламутаў” рэжым спакаваў загадзя, і што яшчэ не спакаваныя грамадскія дзеячы і інфлюэнсеры абгрунтавана асцярожнічаюць. Клікаць людзей на Плошчу зараз – справа рызыкоўная і няўдзячная, ды ў сутнасці і не патрэбная. Плошча 2020 адбудзецца ў любым выпадку – аб гэтым далей. Пытанне толькі ў тым, якой яна будзе.

Тым жа, каму цікава, раю прыгледзецца да тых, хто пачне размовы пра тое, што Плошча не патрэбная, што можна без яе абысціся, што час плошчаў прайшоў, і што яна ўвогуле шкодная. Па гэтых пладах вы пазнаеце людзей альбо недалёкіх, альбо простых сяброў Лукашэнкі.

Шанцы Плошчы на поспех

Як казаў Напалеон, “Бог на баку вялікіх батальёнаў”. Лукашэнкаўскія “вялікія батальёны” (AAЦ, КДБ, МУС, пракуратура, суды, выканкамы, выбаркамы, “Белая Русь” і БРСМ) ужо пашыхтаваныя і пераведзеныя ў рэжым поўнай баявой гатоўнасці. Перамагчы іх могуць толькі “батальёны” яшчэ большыя – як гэта здарылася ў 1813 годзе пад Лейпцыгам і ў 1815 годзе пад Ватэрлоа.

Не ведаю, наколькі вялікімі павінны быць нашы батальёны. Некаторыя дзеячы вераць, што перамогу забяспечыць пяцідзесяці- ці статысячны натоўп на Кастрычніцкай альбо Незалежнасці. Мне катэгарычна не падабаюцца такія разлікі. Па-першае, яны выключна гіпатэтычныя і спекулятыўныя; па-другое, яны паражэнчыя. Яны не толькі патыхаюць элітарысцкай фанаберыяй (“гісторыю робіць пасіянарная меншасць”), але й падказваюць адмазку тым, хто спадзяецца, што на Плошчы ўжо неяк справяцца і без яго ці яе, што ўсё вырашаецца выключна ў Мінску, а правінцыі застаецца толькі чакаць.

Калі ад 1,3 мільёна выбарцаў у Менску адкінуць чвэрць сімпатыкаў Лукашэнкі, застаецца прыкладна мільён паўналетніх менчукоў. Ёсць 400 000 выбарцаў, якія падпісаліся за вылучэнне Бабарыкі. Есць сотні тысяч, якія падпісаліся за іншых кандыдатаў. У якой колькасці гэтыя людзі выйдуць на Плошчу ўвечары 9 жніўня, і ці выйдуць яны не толькі ў Менску, але і ў іншых гарадах – апошняя і галоўная інтрыга выбараў 2020.

Усё астатняе – мене, тэкел, фарэс.

Таму няма сэнсу абмяркоўваць зараз, ці годны кандыдат Бабарыка, ці дастаткова прабеларускім ёсць Цапкала, ці зможа кіраваць краінай Ціханоўская. Бо гэтыя пытанні ёсць рэлевантнымі толькі падчас свабодных выбараў, якія адбудуцца пасля Плошчы – калі яна адбудзецца і калі яна будзе вялікай.

Тут павінен быць аналітычны пасаж, які растлумачыць настроі электаральнай большасці ў дачыненні да Плошчы. Я не змог яго адолець, гэтая задача чакае сапраўдных тытанаў палітычнай думкі. Як па мне, дык “электаральная большасць” – гэта ўвогуле рэч у сабе, якая бачная толькі пад час свабоднага волевыяўлення выбарцаў, або праз якасную і незалежую сацыялогію. У сённяшняй Беларусі, на жаль, няма ні таго ні другога.

Я ж абапіраюся толькі на ўласныя пачуцці, якія, канешне, можна лёгка спісаць на ідыятызм атачэння, на гэтыя ўсюдыісныя “хопіць баяцца” у фэйсбучнай стужцы, на гэтую бясконцую Ніну Андрэеву ў выкананні Інгі Хрушчовай. Мне здаецца, што веліч і прыцягальнасць сённяшняга палітычнага моманта ў тым, што да вечара дзявятага жніўня яшчэ нічога не вырашана.

Адпаведна, галоўнае і адзінае пытанне для кожнага з “97 адсоткаў”, дзе б яны не жылі, зараз толькі адно: ці выйдзе на Плошчу асабіста ён ці яна. Якой будзе Плошча, якім будзе сукупны вынік тысяч асабістых выбараў “ці ісці” – адзіных выбараў, што пакінуў выбарцам Лукашэнка – мы даведаемся толькі дзявятага жніўня.

Пра ролю асобы ў гісторыі

А што ж рабіць штабам кандыдатаў? Быць гатовымі ўзначаліць працэс, калі Плошча адбудзецца. Вобразна кажучы, вырашаць, хто будзе ўмоўнай жонкай Нікалюка.

Плошча 2020 – гэта, магчыма, апошні шанец і зорны час для “старой” апазіцыі, якая, у адрозненне ад “новых нябітых”, мае адпаведны вопыт і навыкі.

Пасля аднаго інтэрвію Бабарыкі, у менскіх кнігарнях знікла “Паўстанне мас” Артэгі-і-Гасэта. А што там у Менску з мегафонамі?

Бо, паўтаруся, лёс Плошчы 2020 залежыць, у рэшце рэшт, толькі ад дзвюх рэчаў: колькасці людзей, што выйдуць на яе 9 жніўня, і ці будзе ва ўмоўнай жонкі Нікалюка мегафон.

Толькі ад гэтага залежыць, ці даляціць бамбавік Лукашэнка да цэлі.

Вам можа спадабацца