У прадчуванні брутальнасці: Лукашэнка дагэтуль не запрасіў міжнародных назіральнікаў за прэзідэнцкімі выбарамі

Палітыка

У прадчуванні брутальнасці: Лукашэнка дагэтуль не запрасіў міжнародных назіральнікаў за прэзідэнцкімі выбарамі

У маім папярэднім артыкуле я даводзіў, што

“бамбавік Лукашэнка ўжо выйшаў на баявы курс. Цэль – чарговая “элегантная” перамога. Усе элементы гэтага курса (татальная фальсіфікацыя выбараў, гвалт у дачыненні да ўдзельнікаў вулічных пратэстаў і максімальныя перашкоды іх самаарганізацыі) відаць ужо цяпер”.

У гэтым артыкуле я паказваю, што курс Лукашэнкі на максімальна жорсткае “завінчванне гаек” пачаў фармавацца літаральна на наступны дзень пасля абвяшчэння выбараў, і што менавіта таму выбары 2020 года могуць стаць першымі прэзідэнцкімі выбарамі ў Беларусі, на якіх не будзе назіральнікаў БДІПЧ.

У мяне ёсць і добрая навіна: свята непаслухмянасці, якое ахапіла Беларусь у траўні і выклікала жорсткую рэакцыю ўладаў, было недарэмным.

Частка першая. Выбары і міжнародныя назіральнікі: навошта

Рэгулярныя прэзідэнцкія выбары – асноўны механізм легітымацыі ўлады Лукашэнкі як у краіне, так і за мяжой. Найбольш трывалую легітымацыю забяспечвае перамога ў выбарах, якія былі свабоднымі і справядлівымі.

Хто ж вырашае, ці былі яны такімі, акрамя самога Лукашэнкі?

Па законе, гэта Цэнтральная выбарчая камісія. Яшчэ ёсць пракуратура і суды, у якія можна паскардзіцца на парушэнні. Cклалася так, што ЦВК, пракуратура і суды заўжды становяцца на бок Лукашэнкі і пацвярджаюць: выбары былі свабоднымі і справядлівымі, а парушэнняў Канстытуцыі і Выбарчага кодэксу адзначана не было .

Унутраная і міжнародная легітымацыя выбараў адбываецца пры дапамозе незалежнага назірання. Ключавое слова тут – “незалежнае”.

І калі ўнутры Беларусі назіральнікаў кампаніі “Праваабаронцы за свабодныя выбары” можна абвінаваціць у ангажаванасці, то такую прэтэнзію да міжнародных назіральнікаў прад’явіць значна складаней, асабліва ў дачыненні да тых, хто прадстаўляе разгалінаваную міжнародную арганізацыю, якая не толькі стварае стандарты выбараў, але і прафесійна і рэгулярна назірае за выбарамі ў краінах-удзельніцах.

У дачыненні да Беларусі гаворка вядзецца пра Арганізацыю по бяспецы і супрацоўніцтве ў Еўропе (АБСЕ) і яе Бюро па дэмакратычных інстытутах і правах чалавека (БДІПЧ). Па запрашэнні краін, у якіх праводзяцца выбары, БДІПЧ накіроўвае місіі па назіранні, якія, як зразумела з іх назвы, назіраюць за працэсам выбараў і робяць свае высновы наконт адпаведнасці выбараў міжнародным стандартам.

Да сённяшняга дня ніводныя прэзідэнцкія выбары ў Беларусі без назіральнікаў БДІПЧ не абыходзіліся – нягледзячы на тое, што за выключэннем выбараў 1994 года, БДІПЧ не прызнала ніводныя з іх адпавядаючымі стандартам свабодных і справядлівых выбараў.

Частка другая. Што не так з міжнародным назіраннем за выбарамі 2020 года

Калі мы хочам зразумець, што не так з міжнародным назіраннем за прэзідэнцкімі выбарамі 2020 года, пачнём з наступнай параўнальнай табліцы:

Год

Дзень, калі былі назначаныя выбары

Дзень, калі былі запрошаныя  назіральнікі БДІПЧ

Дзень прыбыцця ацэначнай місіі БДІПЧ

Дзень прыбыцця місіі БДІПЧ па назіранні за выбарамі

Дзень выбараў

2001

7 чэрвеня – за 93 дні да дня выбараў

Напрыканцы ліпеня або на пачатку жніўня – за 35-40 дзён да дня выбараў

Ацэначная місія была немагчымай па часе, і БДІПЧ здолела даслаць толькі Місію па абмежаваным назіранні: 17 жніўня – за 22 дні да дня выбараў

9 верасня

2006

16 снежня 2005 года – за 92 дні да дня выбараў

19 студзеня 2005 года – за 58 дзён да дня выбараў

24 студзеня – за 53 дні да дня выбараў

7 лютага – за

39 дзён да дня выбараў

19 красавіка

2010

14 верасня – за 95 дзён да дня выбараў

16 верасня – за 93 дні да дня выбараў

27 верасня – за 82 дні да дня выбараў

15 лістапада – за 33 дні да дня выбараў

19 снежня

2015

30 чэрвеня – за 102 дні да дня выбараў

2 ліпеня – за 100 дзён да дня выбараў

15 ліпеня – за 88 дзён да дня выбараў

26 жніўня – за 45 дзён да дня выбараў

11 кастрычніка

2020

8 траўня – за 92 дні да дня выбараў

???

???

???

9 жніўня

Як бачым, дзень выбараў прэзідэнта кожны раз абвяшчаўся за тры месяцы да гэтай даты. Фармальна гэта робіць Палата прадстаўнікоў, але ўсе ведаюць, што дзень вызначае асабіста Лукашэнка. Такі кароткі выбарчы перыяд не супярэчыць дзеючаму заканадаўству, але, зразумела, выгаднейшы Лукашэнку.

Запрашэнне БДІПЧ назіраць за выбарамі (фармальна гэта робіць МЗС) накіроўвалася па-рознаму. Падчас выбараў 2010 і 2015 гадоў, гэта рабілася вельмі хутка – праз два дні пасля назначэння выбараў. У 2006 годзе з гэтым цягнулі больш за месяц, і запрасілі БДІПЧ менш чым за два месяцы да дня выбараў. Рэкордным быў 2001 год – МЗС цягнуў з запрашэннем сем тыдняў, нягледзячы на настойлівыя напамінанні АБСЕ, і запрасіў БДІПЧ крыху больш чым за месяц да дня выбараў.

Як мага ранейшае запрашэнне назіральнікаў БДІПЧ – гэта дэманстрацыя гатоўнасці максімальна спрыяць яму. Справа ў тым, што размяшчэнне місіі па назіранні за выбарамі патрабуе часу (рэкрутынг назіральнікаў і тэхнічнага персаналу, лагістыка). Звычайна, БДІПЧ спачатку накіроўвае ў краіну ацэначную місію, якая ацэньвае ўмовы для назірання. Калі ўмовы ёсць, разгортваецца падрыхтоўчая праца да размяшчэння ўласна місіі па назіранні за выбарамі. Як бачым, у 2010 і 2015 гадах БДІПЧ спатрэбілася 11-12 дзён, каб даслаць ацэначную місію. У 2006 годзе, ва ўмовах жорсткага цэйтноту, БДІПЧ накіравала ацэначную місію праз пяць дзён пасля запрашэння. У 2001 годзе часу на ацэначную місію ў БДІПЧ ужо не было. Калі паглядзець на час паміж запрашэннем назіральнікаў і прыбыццём місій па назіранні за выбарамі, то ў 2015 годзе ён быў роўны 55 дням, у 2010-м – 60 дням, 20 дням у 2006 годзе, і прыкладна двум тыдням – у 2001-м.

А што ж з выбарамі 2020 году? Іх дату, як заўжды, агучылі за тры месяцы, але потым нешта пайшло не так. Ні праз два дні, ні праз два тыдні, ні нават праз два месяцы пасля абвяшчэння выбараў запрашэння ад МЗС БДІПЧ так яшчэ і не атрымала. Што стаіць за гэтай беспрэцэдэнтнай затрымкай з запрашэннем, мы разгледзім у наступнай частцы гэтага артыкула. А зараз паглядзім, што адбывалася ўласна з запрашэннем.

Прэзідэнт яшчэ не вызначыўся

Першай магчымую дату запрашэння назіральнікаў БДІПЧ назваў не Макей, а Лідзія Ярмошына. Напрыканцы траўня ў інтэрв’ю Таццяне Каравянковай з БелаПАН, яна сказала літаральна наступнае:

"– Што будзе з міжнародным назіраннем?

– Пакуль гэтае пытанне не вырашана. Гэта павінен вызначыць кіраўнік дзяржавы. Як толькі ён вызначыцца, то адпаведныя запрашэнні будуць накіраваныя.

– А вы нейкія рэкамендацыі рабілі яму па гэтым пытанні?

– Не. Рэкамендацыі ў дачыненні да міжнародных назіральнікаў робіць Міністэрства замежных спраў.

– А на ваш погляд, ці трэба іх запрашаць?

– Усё залежыць ад сітуацыі ў краіне, я маю на ўвазе пандэмічнай. Калі скончыцца пандэмія, то, вядома, трэба, без пытанняў. Мы ніколі без назіральнікаў і выбары не праводзілі”.

Па меры паляпшэння сітуацыі

Дык вось, праз два тыдні пасля інтэрвью БелаПАН, 10 чэрвеня, пасля “нарады па актуальных грамадска-палітычных пытаннях” у Лукашэнкі, Ярмошына, згодна з БелТА, заявіла наступнае:

”Было прынята рашэнне, што па меры паляпшэння эпідэміялагічнага становішча ў краіне Міністэрствам замежных спраў будуць накіраваныя адпаведныя запрашэнні ў міжнародныя арганізацыі, якія традыцыйна назіраюць за нашымі выбарамі: гэта БДІПЧ АБСЕ і СНД. Аднак адбудзецца гэта, я думаю, па завяршэнні працэсу рэгістрацыі кандыдатаў у прэзідэнты”.

Ярмошына таксама выказала надзею, што да гэтага моманту (рэгістрацыя павінна быць завершанай да 14 ліпеня) эпідэміялагічная сітуацыя палепшыцца.

Да гэтай нарады і гэтай заявы Ярмошынай мы яшчэ вернемся, а пакуль адзначым, што 10 чэрвеня – гэта акурат два месяцы да дня выбараў. Ярмошына, якая арганізоўвае выбары апошнія 20 гадоў, ведае, што БДІПЧ, вобразна кажучы, ужо б’е капытам і чакае запрашэння, нервова паглядваючы на гадзіннік (гл. табліцу вышэй). Ярмошына як ніхто разумее, што запрашэнне на “пасля 14 ліпеня” азначае фактычны зрыў паўнавартаснага міжнароднага назірання.

Настойлівы БДІПЧ і ўніклівы МЗС

Дваццатага чэрвеня прэс-скаратар БДІПЧ Каця Андруш паведаміла ТАСС, што БДІПЧ ўсё яшчэ чакае своечасовага запрашэнне ад беларускіх уладаў, “каб мы маглі добра падрыхтавацца да назірання ўсіх аспектаў маючых адбыцца выбараў”.

Адмоўчвацца далей у МЗСу не было ніякай магчымасці, і 24 чэрвеня адбылася тэлефонная размова намесніка міністра Краўчанкі з дырэктаркай БДІПЧ Гісладоцір. Як лапідарна паведаміў МЗС, “cуразмоўцы абмеркавалі пытанні, звязаныя з арганізацыяй міжнароднага назірання па лініі БДІПЧ за бягучай прэзідэнцкай кампаніяй у Беларусі”. У адсутнасць афіцыйнага запрашэння, пераклад гэтага прэс-рэлізу з дыпламатычнай мовы на чалавечую можа быць толькі адзін: сп. Краўчанка так і не змог уцямна паведаміць настойлівай дырэктарцы, калі будзе накіравана запрашэнне.

Яшчэ праз два дня тлумачэнні давялося даваць міністру Макею. На пытанне жураліста, ці будзе Беларусь запрашаць міжнародных назіральнікаў на выбары, ён адказаў:

”Так, будзем. Мы запыталі ў Міністэрстве аховы здароўя іх меркаванне адносна эпідэміялагічнай сітуацыі, пра тое, як нам дзейнічаць у выпадку прыезду замежных назіральнікаў на выбары. На падставе гэтай інфармацыі будзем затым фармуляваць нашы прапановы”.

Гэта проста цудоўна: Макей запытаў меркаванне па палітычна важным пытанні ў міністэрства, якое ў кантэксце COVID-19 старанна пазбягае якіх-небудзь меркаванняў увогуле! Дый нават калі Мінздароўя дасць нейкія рэкамендацыі, МЗС будзе толькі ўносіць прапановы Лукашэнку. На той момант з дня абвяшчэння выбараў прайшло ўжо сем тыдняў, так што Макей ушчыльную наблізіўся да рэкорда свайго папярэдніка Хвастова, які ў 2001 годзе мурыжыў БДІПЧ больш за 50 дзён.

Першага ліпеня Гісладоцір піша ў Твітары, што БДІПЧ усё яшчэ не атрымала запрашэння, і што “поўная ацэнка выбарчага працэса залежыць ад таго, ці зможам мы накіраваць назіральнікаў дастаткова рана”. Гісладоцір дыпламатычна змякчае: насамрэч, усе нармальныя тэрміны ўжо сышлі, да дня выбараў – усяго 40 дзён. У 2001 годзе за такі тэрмін удалося даслаць толькі абмежаваную місію. Магчыма, дырэктарка БДІПЧ не губляе надзеі таму, што ў яе ёсць Аляксандр Шлык.

Беларус Шлык – зорка БДІПЧ, самы малады кіраўнік ключавога дэпартамента Бюро за ўсю гісторыю існавання апошняга. Пра фенаменальныя арганізацыйныя здольнасці Аляксандра ведаюць усе, хто ў тэме. На пытанні пра выбары у Беларусі ён піша ў Фэйсбуку, што як міжнародны чыноўнік не можа каментаваць іх. Дыпламатычнае маўчанне Шлыка не падманвае МЗС: яны ведаюць, што гэты выпускнік ліцэя БДУ ўсё яшчэ можа зрабіць практычна немагчымае: паспець арганізаваць місію.

COVID ні пры чым

Прывязка запрашэння да COVID-19 была штучнай з самага пачатку, бо пандэмія была і ёсць праблемай назіральнікаў, а не запрашаючага боку. Пандэмія не зашкодзіла Лукашэнку абвясціць выбары; краіна з самага пачатку пандэміі застаецца адкрытай для ўезду замежнікаў.

Але калі нават уявіць, што запрашаючы бок дбае пра БДІПЧ больш за само БДІПЧ, і сапраўды не адчувае за сабой маральнага права накіроўваць запрашэнне, пакуль пандэмія не ўтаймавалася, бачна, што за перыяд з 10 чэрвеня, калі Ярмошына першы раз узгадала COVID, да 29 чэрвеня, калі Лукашэнка абвясціў аб перамозе над COVID, колькасць новых выпадкаў заражэння за суткі знізілася з 801 да 315. Дзе ж запрашэнне?

СНД таксама не будзе

Другога ліпеня не вытрымаў нават выканаўчы сакратар СНД Лебедзеў:

“мы ведаем пра гатоўнасць кіраўніцтва Беларусі запрасіць назіральнікаў ад СНД і БДІПЧ АБСЕ на будучыя выбары. Пра гэта было сказана. Але мы разумеем, што рашэнне цяпер цяжка прыняць ва ўмовах пандэміі... Таму Выканкам СНД паставіцца з разуменнем да любых варыянтаў рашэння гэтай праблемы”.

Магчыма, Лебедзеву ўжо намякнулі, што запрашэння чакаць не варта, і што афіцыйнай адмазкай будзе той самы COVID. Канешне, МЗС было б не супраць запрасіць толькі СНДшнікаў, бо гэтага гарантавала поўнае кампліментаў заключэнне аб выбарах. Але ж запрашэнне БДІПЧ і СНД заўжды накіроўваюцца адначасова, і таму выглядае, што з-за БДІПЧ у Лукашэнкі будзе адной сяброўскай назіральніцкай плюшкай менш.

Зразумела што, але чаму?

Стратэгія ў дачыненні да БДІПЧ відавочная: адцягваць запрашэнне да апошняга, пажадана да таго моманту, калі Бюро само скажа, што паўнафарматнае назіранне немагчымае з тэхнічных прычынаў. І калі нават нейкая абмежаваная місія па назіранні такі прыедзе ў самы апошні момант, пабачыць яна няшмат, дый аспрэчваць яе вывады будзе значна лягчэй.

Яшчэ напрыканцы траўня Ярмошына сказала, што “мы никогда без наблюдателей и выборы-то не проводили”.

Сапраўды, самыя разгромныя заключэнні і заявы БДІПЧ не перашкаджалі раз за разам запрашаць іх на наступныя выбары.

Гэтым разам не было нічога прасцейшага, чым перакласці цяжар рашэння аб накіраванні місіі і яе арганізацыі ва ўмовах пандэміі на БДІПЧ, і паглядзець, ці паедуць далікатныя замежнікі ў краіну, кіраўніцтва якой адмаўляла пандэмію як з’яву. Што ж такога адбылося, што прысутнасць назіральнікаў стала непажаданай да такой ступені? Каб разабрацца ў гэтым, мы павінны вярнуцца ў красавік гэтага года.

Частка 3. Як Лукашэнка вызначаўся, што рабіць са святам непаслухмянасці

Нішто не прадвяшчала бяды

Мяркую, што вырашыўшы не адкладаць выбары з-за пандэміі (г.зн. правесці іх да 30 жніўня), Лукашэнка зыходзіў з таго, што яны пройдуць па шаблоне 2015 года, толькі што да традыцыйнага Гайдукевіча дадасца якаясь інкарнацыя Караткевіч, а ўзамен Улаховіча падбяруць іншага зручнага фрыка. На праваслаўны Вялікдзень, 19 красавіка, Лукашэнка заявіў пастве, што “чарговыя выбары ў нашай краіне пройдуць абсалютна чэсна і прыстойна“. Тым самым грамадству быў дадзены ясны сігнал: “маё пераабранне – пад надзейным кантролем”. Дзень выбараў, 9 жніўня, і дата іх абвяшчэння, 8 траўня, таксама былі вызначаныя загадзя, як мінімум да пачатку траўня, каб можна было спакойна сканцэнтравацца на падрыхтоўцы парада.

Першы званок

Першы званок, што нешта ідзе не так, які, магчыма, быў пачуты не адразу, прагучаў яшчэ за два дні да абвяшчэння выбараў: аб сваім намеры ўдзельнічаць заявіў Сяргей Ціханоўскі. Ён зрабіў гэта з турэмнай камеры, як бы падкрэсліўшы, што кратаў не баіцца. Не ведаю, калі Лукашэнка запытаўся: “а гэта ўвогуле хто”, але, думаю, досыць хутка азнаёміўся з дасье на Ціханоўскага. Там ён убачыў новага ўлюбёнца народных мас, якія, аказваецца, ліпнуць да яго ютуб-каналу гэтак жа, як савецкія грамадзяне ліплі да тэлевізара з Кашпіроўскім. Сорак гадоў, вусаты, добра прамаўляе. Апяць жа, магілёвец.

Другі званок

Другі званок пагучаў восьмага траўня, акурат у дзень абвяшчэння выбараў. Гэтым разам аб сваім намеры змагацца за пасаду Прэзідэнта абвясціў Цапкала.

А заўтра быў парад...

На гэтым я пераходжу да нудна-суконнага аналізу адбыўшыхся падзей. Адразу падкрэслю, што ніякіх зліваў я ні ад кога не атрымліваў, гэтаксама як не маю ніякага доступа да службовай ці іншым чынам канфідэнцыйнай інфармацыі. Усё вышэй- і ніжэйвыкладзенае базуецца на адкрытых крыніцах і з’яўляецца плодам маёй уласнай кемлівасці і праніклівасці.

Знак бяды

Як я адзначаў вышэй, у 2010 і 2015 гадах МЗС дасылаў запрашэнне міжнародным назіральнікам літаральна праз два дні пасля абвяшчэння прэзідэнцкіх выбараў. Дзявятага і дзясятага траўня былі выходныя, так што запрашэнне БДІПЧ і СНД павінна было быць адпраўлена 11 ці 12 траўня, ці цягам таго самага тыдня.

Што ж такого адбылося з 11 па 15 траўня, што загадзя спланаванае і, у сутнасці, руціннае запрашэнне міжнародных назіральнікаў было адкладзенае – не на наступны тыдзнь, а на нявызначаны тэрмін?

Знак бяды з’явіўся 12 траўня, калі аб сваім удзеле ў выбарах нечакана абвясціў Віктар Бабарыка.

Лукашэнка ведае, што такія рэчы заўжды плануюцца загадзя – значыць, было не выключана, што гэта план Крамля. Бо якая яшчэ матывацыя – акрамя празмерна завышанага адчування ўласнай важнасці – можа быць у газпрамаўскага банкіра, які дваццаць год роўна адседзеў на грашовай, прэстыжнай і адносна незалежнай ад тутэйшых уладаў пасадзе, і які не можа не ведаць правілаў палітычнай гульні, у прыватнасці, гісторыю Казуліна і іншых адступнікаў?

Далей – болей. Да раніцы 14 траўня ў ініцыятыўную групу Бабарыкі запісалася больш за чатыры тысячы чалавек – пры тым, што на раніцу 13 траўня іх было толькі 500. Як ні круці, гэта можа азначаць толькі дзве рэчы, абедзве аднолькава непрыемныя: альбо сапраўдны электаральны зрух, альбо зламысны план. А магчыма, і тое і іншае разам. Да таго ж цягам тыдня як з мяха ў ЦВК пасыпаліся заявы ад іншых прэтэндэнтаў у кандыдаты.

Нечаканасць ≠ разгубленасць

Пятнаццатага траўня Ярмошына шчыра прызнала, што ў зацверджаным сцэнары выбараў не выключаныя некаторыя карэктывы:

«честно говоря, я думала, что у нас эти выборы будут очень вялые. Не потому, что случилась у нас эпидемия, как и везде в мире, а потому что, собственно говоря, когда был политический сезон (зима, весна), то наши политики вели себя очень неактивно, не заявлялись особо. Поэтому я не думала, что их будет так много».

Упэўнены, што гэта стала нечаканасцю і для Лукашэнкі.

Некаторым палітычным назіральнікам магло падацца, што падчас пандэміі COVID-19 Лукашэнка страціў палітычны нюх – так, як хворыя на COVID страчваюць нюх фізічны – і што ён ўжо на адчувае краіны пад сабой.

Лепшым доказам таму, што гэта не так, і што Лукашэнка з самага пачатку ўспрыняў усё вельмі сур’ёзна, сведчыць яго імгненная каманда МЗСу адкласці запрашэнне міжнародных назіральнікаў.

Каманда, якая не адмененая да сённяшняга дня.

Часовую і досыць кароткую нявызначанасць Лукашэнкі наконт таго, што рабіць з гэтым святам непаслухмянасці, некаторыя інтэрпрэтавалі як паніку і прыкмету магчымай капітуляцыі. Вялічэзныя чэргі да падпісных сталоў, дэсакралізацыя і дэгуманізацыя Лукашэнкі “тараканам” і тапкамі, усюдыісныя “3%” у інтэрнэт-апытаннях, якія хутка сталі ўлюбёным мемам “дзевяностасяміадсоткавых”, і ўскосныя ацэнкі, якія сведчаць пра тое, што рэальны электаральны рэйтынг Лукашэнкі складае 30-40 адсоткаў (гл. добры артыкул Дракахруста аб гэтым на tut.by) падсілкоўвалі надзеі тых, хто быў рады падманвацца сам.

Словы і справы

Лукашэнка – не той чалавек, які будзе маўчаць, калі бачыць пагрозу сваёй уладзе. Ён амаль адразу ж пачаў бэсціць апанентаў. Нехта мог падумаць, што інвектывы Лукашэнкі – гэта няўклюдная спроба дыскрэдытацыі сапернікаў у вачах выбарцаў. Дарма! Як быццам нехта збіраўся даць выбарцам шанец на вольнае волевыяўленне. Насамрэч, Лукашэнка проста пачаў прагаворваць услых тое, што да нейкага моманту трымаў у галаве.

Зараз патрэбна невялікае адступленне пра прыроду аўтарытарнага кіравання. Яно не можа не быць не публічным. Вялікія нарады і з’езды, якія ладзяцца аўтарытарнымі кіраўнікамі, на якіх абвяшчаюцца і досыць адкрыта абмяркоўваюцца нейкія стратэгічныя пытанні – гэта своеасаблівая легітымацыя прынятых аўтакратамі рашэнняў. Толькі замест выбарцаў – кіруючая эліта.

Як і ў выпадку выбараў, сапраўдныя думкі ўдзельнікаў нарад і нават іх нязгода – пакуль яна не выражаная публічна, і пакуль выкананне загадаў застаецца бездакорным – не маюць значэння. Акрамя таго, на нарадах удакладяюцца і абгаворваюцца дэталі запланаваных мер і міжгаліновая каардынацыя.

Адсюль гэтая бясконцая чарада лукашэнкаўскіх нарад з ківаючымі галовамі ў розных камбінацыях.

Колькасць удзельнікаў нарады звычайна з’яўляецца паказчыкам яе важнасці: чым менш удзельнікаў, тым больш сур'ёзнае пытанне абмяркоўваецца, і тым больш там месца для рэальнай дыскусіі і цвярозых меркаванняў.

Мачыць усіх

Дык вось, першай прыкметай таго, што прынцыповае рашэнне “мачыць усіх” не толькі прынятае, але і ўжо пачало ажыццяўляцца, стала нарада “па актуальных сацыяльна-эканамічных і палітычных пытаннях” 25 траўня. На нарадзе прысутнічала вузкае кола самых набліжаных да Лукашэнкі асобаў: глава АП Ігар Сяргеенка, глава Савета Рэспублікі Наталля Качанава, кіраўнік справамі Прэзідэнта Віктар Шэйман, і прымкнуўшы да іх старшыня ФПБ Міхаіл Орда.

Змест нарады, згодна са справаздачай на сайце АП: COVID, збор подпісаў і адстаўка ўрада. Калі гэта ўсё, аб чым вялася размова, то што там рабіў Шэйман? Ні да каардынацыі барацьбы з COVID-19 (Качанава), ні да перафарматавання ўраду (Сяргеенка), ні да збору подпісаў (Орда) ён дачынення не мае.

Я ўпэўнены, што ў нарады была непублічная частка, на якой абмяркоўвалася галоўнае: далікатныя арганізацыйныя пытанні, звязаныя з выбарамі: затрыманне і пераслед найбольш небяспечных з тых, хто “нечакана выскачыў з-пад плінтуса” (пачынаючы з нахабніка Ціханоўскага), жорсткі разгон вулічных акцый, а таксама накаторыя кадравыя пытанні. Вось па гэтых пытаннях меркаванне Шэймана і было важкім.

“Я не магу быць прастытуткай”

На наступны пасля нарады дзень з выбараў зняўся Алег Гайдукевіч, які падкрэсліў, што прыняў такое рашэнне ў дзень нарады.

Дзеянні патомнага спарынг-партнёра Лукашэнкі на выбарах заслугоўваюць увагі. У маім папярэднім артыкуле я выказаў меркаванне, што Гайдукевіч зняўся па камандзе. Думаю, я памыляўся. Хутчэй за ўсё, Гайдукевіч зняўся сам – калі даведаўся, нават у агульных рысах, пра рашэнні, прынятыя на непублічнай частцы нарады 25 траўня.

Яшчэ адно цікавае супадзенне: вышэйзгаданае інтэрв’ю Каравянковай з Ярмошынай таксама выйшла 25 траўня, хаця, вядома, бралася раней. То бок яшчэ да нарады было зразумела, што пра запрашэнне міжнародных назіральнікаў размовы быць не можа: наперадзе жорсткае “закручванне гаек”, якое не скончыцца нават з выбарамі.

“Сігнал з Ціханоўскім”

“Сігнал з Ціханоўскім”, які падаў Лукашэнка падчас нарады 25 траўня, спрацаваў да канца тыдня – пры тым, што быў патрэбен час на падрыхтоўку “прыемнай дзяўчыны пышных форм” і іншых удзельнікаў харэаграфічнай кампазіцыі “удараны міліцыянт” у Горадні.

Надзейныя і адданыя людзі

Трэцяга чэрвеня – нарада ў Лукашэнкі “па абмеркаванні прапаноў па новым складзе ўрада”. Вынікі: прэм’ер-міністр – Раман Галоўчанка, галава Камітэта дзяржкантроля – Іван Церцель. Былі і іншыя назначэнні, але значэнне маюць толькі гэтыя два; астатнія – гэта аперацыя прыкрыцця. КДК увогуле ў склад урада не ўваходізць і падначалены непасрэдна Лукашэнку.

Навошта было мяняць прэм’ера напярэдадні выбараў? Аналітыкі ўжо адзначалі, што Канстытуцыя не прымушае рабіць гэта, і Лукашэнка не заўсёды гэта рабіў. Адказ просты: фармальна Румас быў другой асобай у дзяржаве. Не выключаю, што яго прыбралі з пасады  таму, што гэты прадстаўнік ліберальна-банкірскага лобі мог даць нагоду ўсумніцца ў яго лаяльнасці – кшталту неасцярожных словаў на абмеркаванні “што будзем рабіць з Белгазпрамбанкам”.

Галоўчанка, верагодна, валодае шмат якімі дзелавымі якасцямі, патрэбнымі прэм’ер-міністру. Але галоўная яго цнота, якая аказалася запатрабаваная ў канкрэтны гістарычны момант – гэта тое, што ён “надзейны чалавек, якому можна давяраць”. І хаця працяг панегірыка Лукашэнкі новаму прэм’еру прагучаў крыху двухсэнсоўна (“для нас вельмі важна зараз, каб да улады прыйшлі патрыёты і прафесіяналы” – як быццам папярэдні ўрад складаўся выключна з касмапалітычных аматараў), усе ўсё выдатна зразумелі.

Логіка прызначэньня Церцеля таксама відавочная: крэпкі служака, які пачынаў у памежных войсках (Лукашэнка любіць такіх). Асабіста сціплы, не заўважаны ў схемах. Папрацаваў у КДБ, г.зн. зможа працаваць у добрай звязцы з ім. Курыраваў эканамічныя пытанні – таксама добра, бо пакаваць Бабарыку давядзецца по эканамічных артыкулах. У рэшце рэшт, гэта кар’ерны рост і шанец ўсяго жыцця, за які Церцель не можа не ўхапіцца. Разлік аказался дакладным: усяго за тыдзень Церцель давёў справу Бабарыкі да ключавой фазы – вобшукаў і арыштаў у “Белгазпрамбанку” (да вечара 12 чэрвеня былі затрыманыя не менш за 15 чалавек), і па-бультэр’ерску рыкнуў на заходніх паслоў так, што, па неправераных чутках, нават бывалы Макей закалдобіўся.

Прызначэнне Церцеля цікавае тым, што ўскосна паказвае: рашэнне “пакаваць” Бабарыку было прынятае яшчэ ў траўні. Па-першае, быў патрэбен час, каб бюракратычна аформіць прызначэнне Церцеля і заглянуць яму ў вочы перад гэтым. А да таго быў патрэбен час, каб высветліць, што надзейны і правераны Анфімаў справу Бабарыкі не цягне.

Як яны не будуць аддаваць краіну

Вішанькай на новаспечаным урадавым торце стала прамова Лукашэнкі 4 чэрвеня і яго ўласны no pasarán! – “краіну яны не атрымаюць!

Праз пяць дзён, 9 чэрвеня, адбылася нарада “па пытаннях дзейнасці дзяржорганаў сістэмы забеспячэння нацыянальнай бяспекі”. За сталом – пятнаццаць чалавек: сілавікі і тыя, хто іх курыруе. Ну, тут усё проста: ніякай літасці да “зпадплінтусных”, бо яны ператвараюць збор подпісаў у ”несанкцыянаваныя мітынгі і масавыя мерапрыемствы з парушэннем законаў і норм маралі”, а потым, глядзіш, “сфармуюць каманды і групы баевікоў, якія, не выключана, захочуць арганізаваць пабоішча на плошчы”.

“Мы прывядзём усіх у прытомнасць”

Выбачаюся перад стомленым чытачом, але яго чакае яшчэ адна нарада – “па актуальных грамадска-палітычных пытаннях”, якая адбылася 10 чэрвеня. Склад удзельнікаў – той жа самы, што і 25 траўня: Сяргеенка, Качанава і Шэйман. Орды няма, затое ёсць Ярмошына, якая, як выглядае, прысутнічала на нарадзе не ўвесь час.

Адно з абмеркаваных пытанняў – выбары. У прыватнасці, Лукашэнка, папрасіў Ярмошыну “не перажываць” і паабяцаў прывесці неназваных асобаў у прытомнасць “у пэўны час і ў пэўным месцы”. Цікава, што ў справаздачы аб нарадзе, размешчанай на сайце АП, няма ні слова пра тое, што распавяла Ярмошына медыям. А распавяла яна наступнае.

Міжнародных назіральнікаў не будзе

Па-першае, што міжнародных назіральнікаў раней за 14 ліпеня не запросяць, таму што COVID. І хаця Ярмошына ўжыла безаблічную фармулёўку “было прынятае рашэнне”, з папярэдняга яе інтэрвію зразумела, што гэта рашэнне асабіста Лукашэнкі, які не мог не разумець яго наступствы, апісаныя ў другой частцы артыкула.

Ужо 10 чэрвеня Лукашэнка вырашыў, што гэтым разам лепш абысціся без міжнародных назіральнікаў увогуле, бо могуць пабачыць лішняе.

Уважлівая праца выбарчых камісій

Па-другое,

“асаблівае пажаданне кіраўніка дзяржавы – каб усе кандыдаты, якія на гэты момант прэтэндэнты, і тыя, што збіраюць подпісы, каб яны змаглі ўсё ж такі сабраць неабходную колькасць подпісаў і каб нашы выбарчыя камісіі ўважліва працавалі, не адмаўляючы і не прызнаючы подпісы несапраўднымі і не прызнаючы несапраўднымі па нейкіх абсалютна нефармальных падставах”.

Гледзячы на вынікі праверкі і прыёма подпісаў Бабарыкі і Цапкалы, можа здацца, што Ярмошына праігнаравала гэтае асаблівае пажаданне кіраўніка дзяржавы.

Маўляў, якія вам яшчэ трэба доказы незалежнасці ЦВК і мясцовых выбарчых камісій?

А калі сур’ёзна, то пажаданне Лукашэнкі, агучанае Ярмошынай, трэба разумець у кантэксце той сітуацыі са зборам подпісаў, якая склалася на 10 чэрвеня. У адрозненне ад папярэдніх гадоў, калі большасць кандыдатаў проста рабілі выгляд, што сабралі 100 000 подпісаў, і не пярэчылі Ярмошынай, якая рабіла выгляд, што 100 000 подпісаў рэальна пададзеныя, гэтым разам як мінімум тры кандыдаты ў кандыдаты мелі рэальныя шанцы сапраўды сабраць 100 000 подпісаў.

Станам на 10 чэрвеня Бабарыка заявіў аб сабраных 167 000 подпісах, а Цапкала – аб 119 000, і ўсё выглядала на тое, што гэтыя подпісы – рэальныя.

Дык няўжо Лукашэнка хацеў абараніць гэтыя подпісы ад бязлітаснай ярмошынскай выбракоўкі?

Канешне, не.

Прывядзенне ў прытомнасць Бабарыкі (крымінальная справа) і Цапкалы (нерэгістрацыя) была ў той час пытаннем ужо вырашаным, і калі я памыляюся, гэта будзе адна з маіх найшчаслівейшых памылак. Я ўпэўнены, што асаблівае пажаданне Лукашэнкі, данесенае Ярмошынай, было сігналам астатнім кандыдатам у кандыдаты: рабіце выгляд, што 100 000 подпісаў у вас ёсць, але не барзейце, і ўсё будзе добра.

Гледзячы на фокусы з залічэннем галасоў Канапацкай, Дзмітрыева і Чэрачня, я разумею, што лукашэнкаўскае пажаданне “ўсё ж такі сабраць неабходную колькасць подпісаў” Ярмошына выканала бездакорна.

Бо нехта ж павінен у рэшце рэшт застацца ў выбарчым бюлетэні.

N.B. У даным выпадку на ўвазе маецца не толькі ярмошынскі ЦВК, але і ніжэйстаячыя выбарчыя камісіі, бо ўласна яны і праводзілі праверку подпісаў. Як было сказана на нарадзе, Адміністрацыя Прэзідэнта і Ўпраўленне справамі заўсёды аказваюць ім неабходную падтрымку.

Маскі сарваныя

Што было далей, вядома ўсім: арышт Бабарыкі з сынам, новыя затрыманні, першыя ластаўкі выбарчай эміграцыі, камедыя з праверкай подпісаў, і г.д.

Дзевятнаццатага чэрвеня Лукашэнка заявіў: «маскі сарваныя з пэўных не толькі лялек, якія ў нас тут былі, але і лялькаводаў, якія сядзяць за межамі Беларусі». У кантэксце пандэміі гэта прагучала ўдвая пагрозліва.

Да пачатку ліпеня “зрыванне масак” стала настолькі энергічным, што расперазаныя зрывальшчыкі канчаткова паскідалі маскі і з сябе. Яны яшчэ раз паказалі суграмадзянам і ўсяму свету, што свабодным і справядлівым выбарам у гэтай краіне пакуль не месца. Паказалі настолькі пераканаўча, што замежнікі ўбачаць гэта нават без назіральнай місіі БДІПЧ.

Частка чацвёртая, заключная

У шахматыстаў ёсць вельмі добрае прыслоўе: няма нічога складанейшага за перамогу ва ўжо выйгранай партыі. Іншымі словамі, нават калі ў аднаго з гульцоў ёсць матэрыяльная перавага (больш фігур), якая павінна прынесці перамогу, партыю ўсё яшчэ трэба дагуляць да канца, і можа здарыцца ўсякае – калі толькі сапернік на здасца адразу.

Дык вось, Лукашэшка яшчэ не выйграў. Маючы каласальную фору на пачатку партыі, ён нарабіў памылак у дэбюце і нават зараз, захаваўшы каласальную матэрыяльную перавагу, ён не здольны заматаць саперніка, а метадычна збівае пешку за пешкай і адганяе ад стала тых, хто сочыць за партыяй.  Дык ці варта дагульваць партыю?

Для тых, каму не падабаюцца спартовыя аналогіі, у мяне ёсць яшчэ адна, тэатральная.

Прэзідэнцкія выбары, як яны праводзяцца ў Беларусі – гэта вельмі дрэнны спектакль. Некаторым акцёрам сорамна, гледачоў ужо ванітуе, але Карабас-Барабас з бізуном нікуды не падзеўся і з залы нікога не выпускае – бо гледачы самі ўдзельнічаюць у пастаноўцы. Карабас хоча працягу відовішча на наступныя пяць гадоў з перспектывай яшчэ пяці гадоў, і яшчэ пяці і яшчэ. Некаторыя гледачы мараць, каб хоць на адну з пастановак не прыйшоў увогуле ніхто.

Дык вось, мы цяпер знаходзімся прыкладна ў сярэдзіне п'есы. Дагледзець яе, ці ўстаць і выйсці на плошчу, ведаючы, што спектакль, хутчэй за ўсё, гэтым не перарвецца і будзе працягвацца? Ці заставацца ў зале?

Не ведаю. І выбачаюся перад тымі чытачамі майго папярэдняга артыкула, хто падумаў, што я клічу людзей на Плошчу.

Па-першае, хто я такі, каб клікаць кагосьці пад лукашэнкаўскія дубінкі?

Па-другое, я свята веру ў свабоду маральнага выбару. Які – у адрозненне аб выбару фізічнага – заўжды ёсць.

Я проста імкнуся даць спажыву для роздуму тым, каму яшчэ давядзецца рабіць маральны выбар цягам наступных пяці тыдняў.

(Працяг будзе.)

Вам можа спадабацца